«На „гламурную кісу“ я не крыўджуся». Навошта хостэс сталічнага казіно патраціла 4000 долараў на беларускамоўны рэп

Источник: Мікіта Мелказёраў. Фото: Максім Маліноўскі
26 августа 2019 в 8:00

Барбара Гузарэвіч — насамрэч Варвара, але ў дзяўчыны ёсць план наведацца ў пашпартны стол і змяніць імя афіцыйна. На мінулым тыдні па байнэце распаўсюджвалася невялічкае відэа, тызер яе сольнага рэп-праекта. Прыгожая дзяўчына з класічным інставобразам вяртаецца з шопінгу, пасля чаго пачынае зачытваць пра 25-гадовых хлопцаў, якія працягваюць жыць са сваімі мамкамі. Мы бачылі шмат чаго падобнага, але гэта быў беларускамоўны флоў. Нечаканасць крышачку зламала мозг. Мы сустрэліся з Барбарай, каб паразмаўляць пра рэакцыю на беларускамоўную кісу, стэрэатыпы і грошы. Безумоўна, пытанне карэктнага перакладу рускага слова «инстатёлочка» абмяркоўваецца.

Читать на Onlíner

Вось спасылка на поўны трэк.

Вось тызер, пра які напісана вышэй.

— Як усё пачалося?

— Мы размаўлялі з мужам. Так, я замужам.

— Максім, хопіць рабіць фоткі, пайшлі дахаты.

— Ну паслухайце мяне яшчэ крышачку (усміхаецца). Дык вось, у нас была размова з мужам. Выйшлі на тэму Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якая была надрукавана на старабеларускай мове. Да таго ж яна была першай у Еўропе. Раней я асабліва не цікавілася гісторыяй Беларусі. І, канечне, была ў шоку ад гэтага факта. Пачала гугліць, чытаць нешта, амаль што зноўку вучыць гісторыю нашай краіны. Таму што асабіста мне ў школе гэта было нецікава: ні мова, ні літаратура, ні гісторыя… Гэтыя прадметы, як і фізіка з хіміяй, прайшлі дзесьці там.

— А якія прайшлі дзесьці тут?

— Матэматыка, руская мова, англійская… Таму пасля школы я паступіла на факультэт бізнесу БДУ, спецыяльнасць «Лагіст-эканаміст».

Дык вось, пасля размовы з мужам я вельмі зацікавілася і пачала ўсё перачытваць. Калі вучылася ва ўніверы, пісала шмат работ па эканоміцы. І без ведаў гісторыі пазл у мяне не складваўся доўгі час. Чаму мы пайшлі гэтым шляхам, прымалі тыя ці іншыя рашэнні, калі можна было абраць іншыя? Але ж урэшце рэшт пазл гэты склаўся.

Пачала разважаць, што я магу зрабіць дзеля таго, каб штосьці змяніць. Глабальна, канечне, усе мы можам сядзець на канапе і тлумачыць, чаму вакол усё кепска. І я ў сваіх думках прыйшла да высновы, што калі ты будзеш неяк штурхаць, прымушаць беларуса, навязваць яму нешта, нічога не будзе. Гэта не працуе. Мне здаецца, нашыя людзі, наадварот, пачынаюць закрывацца ў такіх умовах. Трэба па-іншаму, мякка.

«Была з тых беларусаў, для якіх мова — штосьці такое „ну хай на ёй у вёсцы размаўляюць, а ў нас тут Мінск, сталіца“»

Зразумела, я дзяўчына, якой 23 гады, мне няма сэнсу нешта тлумачыць людзям, якія старэйшыя і разумнейшыя за мяне. Я магу на роўных размаўляць з моладдзю. Вось я ўсё і думала, што можна зрабіць такога цікавага, каб моладзь мела магчымасць пачуць нашу мову з іншага боку.

— І калі вы вырашылі ўжываць беларускую мову штодзённа?

— Я чытала гісторыю, пра той перыяд, калі краіна стала часткай Расійскай імперыі, пра русіфікацыю, якая потым пачалася. Слухайце, можна пісаць навуковыя працы, разважаючы наконт натуральнасці рускай мовы для беларусаў, і мне будзе надта складана растлумачыць сваю думку ў інтэрв’ю пра рэп. Але ж асабіста я нарэшце вырашыла размаўляць на матчынай мове.

Я яе амаль не ведала, ну вельмі слаба. Была з тых беларусаў, для якіх мова — штосьці такое «ну хай на ёй у вёсцы размаўляюць, а ў нас тут Мінск, сталіца». Кшталту руская мова — гэта больш сучасна і прыгожа. А беларуская — гэта нейкі калгас. Жудасныя стэрэатыпы. Зразумела гэта, калі ўключыла сваю галаву.

Насамрэч, калі я пачала размаўляць на беларускай мове, мне было вельмі некамфортна. Вакол мяне не разумелі. Памятаю, прыйшла я ў «Віталюр» на раёне. Думаю: «Трэба папрасіць вялікі пакет. І трэба папрасіць на беларускай мове». І для мяне гэта былі нейкія катаванні, суперстрашныя. І вось падышла мая чарга, я такая: «Вітаю». А сама трасуся. «І вялікі пакет». — «Что вы сказали?» — «І вялікі пакет». І так было кожны раз у кожнай краме.

Я не хачу сказаць, што ўсе вакол у Мінску такія дрэнныя і жудасныя. Але ўпэўнена, што амаль кожны беларускамоўны чалавек мае шмат успамінаў пра тое, як на яго неадэкватна рэагавалі. На жаль, гэта ёсць.

Потым я каву пачала ў горадзе прасіць па-беларуску. Псіхалагічна вельмі цяжка, калі ты не ведаеш, зразумее цябе чалавек альбо не. Што скажа, як адрэагуе. На рускай дык усё звычайна. А калі ты на беларускай размаўляеш, усе на цябе так глядзяць… Асабліва калі ў чарзе чакаеш. Выразы на тварах кшталту: «WTF! Беларуская мова?»

Спачатку я адчувала негатыў. Але потым стала лягчэй. Барысты ў кавярнях, напрыклад, заўсёды рэагавалі станоўча.

Гэта год таму было. Але ж толькі ў лістападзе я сур’ёзна вырашыла, што буду размаўляць па-беларуску. І ведаеце што?

— Што?

— Дагэтуль бывае даволі складана. Напрыклад, ехала я ў маршрутцы некалькі тыдняў таму. Трэба было выходзіць каля гандлёвага цэнтра «Тытан». Я кажу: «На наступным прыпынку, калі ласка». Кіроўца рэзка тармозіць. Паўза. Паварочваецца: «Што?» Я сяджу і не ведаю, што рабіць. Жыццёвая гісторыя. Болей ужо нічога гаварыць не хацелася. Пасажыры яму неяк пераклалі на рускую мову. Ну з усмешкай. Вырашылі пытанне.

«Калі я пачала пісаць па-беларуску ў Інсту, пасыпалася шмат пытанняў: „А чаму? А навошта?“ Гэта не быў нейкі негатыў. Проста зацікаўленасць»

Яшчэ, памятаю, прыйшла ў краму паглядзець касметыку. Пачала размаўляць на беларускай мове. А ў мяне той кансультант пытае: «А вы адкуль?» — «У якім сэнсе? Ну, сур’ёзна». Складана. У мяне яшчэ эмоцый даволі шмат. Таму для мяне гэта вельмі цяжка.

— Вядома, ужываць беларускую мову ў Беларусі не вельмі зручна.

— Ведаеце, калі я ў лістападзе прымала рашэнне размаўляць выключна па-беларуску, былі розныя думкі. Але я лічу, што гэта мая мэта. Таму не спыняюся. І ніводнага разу яшчэ не падумала, што трэба заканчваць.

Дарэчы, мне матуля нядаўна сказала вельмі крыўдную рэч: «Ты размаўляеш на беларускай мове толькі таму, што хочаш хайпу». Так балюча было. Атрымліваецца, што мы жывём у той час, калі беларус можа хайпіць, ужываючы беларускую мову. Што ў галовах? Трэба штосьці рабіць. Я вось пакуль што дзяцей не планую, але ў будучым яны ж з’явяцца, і я хачу, каб яны размаўлялі на беларускай мове і не адчувалі сябе так, як я адчуваю сябе зараз.

На мой погляд, беларуская мова для нас больш натуральная. Я адчула на сабе, калі пачала размаўляць, што мой голас гучыць зусім інакш, больш прыгожа. Мне часта робяць кампліменты. А на рускай, калі чую сябе з боку, мне складана слухаць зараз.

Як сродак камунікацыі — добра, але нічога роднага, нічога асаблівага для сябе ў рускай мове я ўжо не бачу.

— Вы ў сваёй тусоўцы адзіная беларускамоўная?

— Не, у мяне з’явілася чатыры беларускамоўных сябра. Але калі я пачынала ўжываць беларускую мову штодзённа, іх у маім жыцці, вядома, не было. Аднойчы згадала, што вучылася з беларускамоўнай дзяўчынкай у школе, напісала, зараз кантактуем. Іншыя з’явіліся ў маім жыцці праз Інстаграм, праз інтэрнэт.

Калі я пачала пісаць па-беларуску ў Інсту, пасыпалася шмат пытанняў: «А чаму? А навошта?» Гэта не быў нейкі негатыў. Проста зацікаўленасць: «Як? Што? Чаму ты так вырашыла?» І зараз я атрымліваю шмат паведамленняў кшталту якая я класная, якая я крутая. Але калі прапаную людзям: «Дык паспрабуй таксама, што табе перашкаджае» — яны пачынаюць злівацца: «Я не ведаю, зусім не ведаю, нешта не хочацца».

«Мая аўдыторыя — гэта людзі, якія падпісаны на мяне ў Інстаграме. Усе свае, як і губы»

Ведаеце, я разумею, што ў мяне зусім не літаратурная мова, што яна падчас вельмі дрэнная (маю на ўвазе якасць і ўжыванне русізмаў), але я спрабую. У тым жа лістападзе ўсталявала на тэлефон Skarnik. І калі я штосьці не ведаю, чэкаю патрэбныя мне словы. Калі б я перажывала за свае памылкі, калі б мне было сорамна, я б ніколі не пачала размаўляць. І з вамі ў гэтым інтэрв’ю таксама.

Я вось, дарэчы, заўважыла, што людзі, як правіла, апраўдваюць сябе нежаданнем рабіць памылкі. Кшталту: «Я ж не ведаю літаратурнай беларускай мовы? То-бок не маю права на ёй размаўляць». А калі ўжываюць рускую, то ўсе як быццам Антон Паўлавіч Чэхаў. Гэта такое сабе.

— На якой мове вы думаеце?

— Скажу шчыра, што 50 на 50 — беларуская і руская. Таму што бываюць моманты, калі мне трэба размаўляць на рускай. А калі я цэлы дзень размаўляю на беларускай, то і думаю, натуральна, на беларускай.

— Па-руску вы размаўляеце на працы?

— Так, я працую ў казіно. Адміністратарам. Там няма ніякага сэнсу размаўляць па-беларуску. У нас і кіраўніцтва з Расіі, і амаль усе госці.

— Зразумела. Як вы пачаліся ў рэпе?

— Проста пачала разважаць: «І што мне рабіць са сваёй беларускай мовай? Калі я адна пачну размаўляць, нічога ж не зменіцца. Малаверагодна, што гэта дапаможа маім дзецям у будучыні». А потым вырашыла, што ў наш час музыка — найлепшы канал дыстрыбуцыі сваіх думак моладзі. Праз яе рэальна данесці пэўныя ідэі.

Безумоўна, хапае прыгожай музыкі на беларускай мове. Але ж мала хто ёй цікавіцца. Таму я зразумела, што трэба рабіць нешта моладзевае, нейкі хіп-хоп. Ну вось зрабіла. Словы я пішу сама.

— Абдумвалі свой вобраз?

— Ну я не адчуваю нейкі вобраз, я адчуваю сябе звычайнай дзяўчынай.

— Вам растлумачыць, як гэта выглядае збоку?

— Тлумачце.

— Знянацку класічная «інстадзяўчына» пачынае зачытваць рэп на беларускай мове. Ва ўсіх пачынаецца кагнітыўны дысананс. Рабілі разлік на гэта?

— Безумоўна. Гэта і ёсць хайп на сёння. Сама я слухаю амерыканскі рэп. Нікі Мінаж, Кардзі Бі. Гэта суперкрута. Дарэчы, ёсць некалькі рускіх выканаўцаў, якіх я магу паслухаць. Тыя ж Face, Pharaoh. Ведаеце, што Face запісаў сацыяльны альбом?

— Ага.

— Але перад тым як атрымаць магчымасць рабіць заявы, трэба было зрабіць трэкі кшталту «Бургер». То-бок я таксама не супраць карыстання сённяшнім вобразам «інстадзяўчыны», як вы кажаце, каб далей зрабіць нешта больш сур’ёзнае.

— Вы не крыўдзіцеся на «гламурную кісу» і «інстадзяўчыну»?

— Я не вельмі сур’ёзна стаўлюся да гэтага. Галоўнае для мяне — маё асабістае меркаванне і меркаванні маёй каманды. А што кажуць… Ну няхай. Не на ўсё ж трэба рэагаваць. Я ж у казіно працую! Ну сур’ёзна. Усміхаемся і крочым далей. Усё крута.

Я не лічу, што неяк падкрэсліваю гэты вобраз. Маю на ўвазе візуал. Тэкст — так. У тэксце ёсць пэўныя перагібы. У кліпе — не. Вы ж бачыце мяне, я аднолькавая і ў жыцці, і на відэа.

— Дакладна наш фармат. Дзевяцьсот каментарыяў зоймуць спрэчкі, свае ў вас вусны альбо не.

— Я гатовая да ўсяго. Гэта ж прыкольна. Хейт насамрэч — гэта таксама прагрэс.

— Можаце яго падцяпліць і дадаць, што вусны ў вас свае.

— Свае.

— Глядзіце. Вы маеце мэту — данесці мову да моладзі. Наколькі складана ўспрымацца ўсур’ёз з вашай знешнасцю?

— Не ведаю. Мая аўдыторыя — гэта людзі, якія падпісаны на мяне ў Інстаграме. Усе свае, як і губы (усміхаецца). Людзі бачаць мае пасты, мае сторыс, мае хайлайтсы. Я публікую не толькі фотаздымкі, але і свае думкі на розны густ. Мне здаецца, падпісчыкі ўспрымаюць мяне адэкватна і разумеюць, хто я такая.

«Адкуль час у людзей, якія пішуць мне паведамленні фармату А4 пра тое, што ім не спадабалася? І відэа кепскае, і песня, і ўсё астатняе»

І ўвогуле, я ніколі ў жыцці не сутыкалася з людзьмі, якія б не ўспрымалі мяне несур’ёзна.

— Але ж добры хайп — гэта публіка, шырэйшая за 10 тысяч вашых падпісчыкаў. 

— Можа, хтосьці мяне і не ўспрымае сур’ёзна, але гэта мяне ніяк не тычыцца. Вось так.

— Пэўная правакацыя абрана вашым творчым метадам. Гэта тычыцца і тэксту. 

— Ну, гэта мае думкі. Так, ёсць сарказм — калі я слухаю, заўсёды ўсміхаюся.

— Вы самі сябе пераслухоўваеце?

— Так, калі дэмка з’явілася, круціла яе некалькі дзён па 24 гадзіны. Мы пакуль што ідзём сінглам. Альбома яшчэ няма. І я не бачу сэнсу рэлізіць яго адразу. Мне вельмі пашанцавала знайсці каманду ў Маскве. Хутка зразумела, што ў Мінску няма патрэбнага мне прадакшэну. У Расіі варыянты цікавейшыя. Каманду я шукала вельмі доўга, але ўрэшце мне пашанцавала. Проста выпадкова пачула біт у Інсце, знайшла чалавека, звярнулася да яго і зразумела, што гэта мой выбар. Праз некалькі дзён я перавяла грошы. Саўндпрадзюсар пачаў працаваць.

І яшчэ наконт маёй каманды, хто робіць музыку для мяне: хацелася б, каб іх імёны прагучалі — OSA (slake) Сцяпан Озераў (мой саўндпрадзюсар) і Sensimiller Арсеній Свінцоў (гукарэжысёр і аўтар музыкі). Яны суперкрутыя хлопцы, без іх нічога не атрымалася б.

Па тызеры мы працавалі з беларусамі. Мне не вельмі спадабалася. Нядаўна пісала feat таксама ў беларускай студыі і яшчэ раз зразумела, што не.

— Колькі грошай вы ўжо выдаткавалі на праект?

— Усё цалкам — і песня, і відэа — абышлося ў 4000 долараў. Гэта грошы мае і маёй сям’і. Бацькі дапамагалі, усе дапамагалі. Грошы як бы ёсць, ёсць што патраціць на маю творчасць.

Ведаеце, мне цікава. Цікава рабіць музыку, цікава рабіць гэты праект, цікава чытаць каментарыі. Я дзіўлюся, адкуль час у людзей, якія пішуць мне паведамленні фармату А4 пра тое, што ім не спадабалася? І відэа кепскае, і песня, і ўсё астатняе А я проста сяджу і думаю: «Ну трэк жа пра тое і пісаўся. Там ёсць пэўная колькасць думак на тэму».

Хейту шмат было. Толькі прыкол у тым, што не на маіх старонках, а, напрыклад, у сацсетках хлопцаў з крамы symbal.by. Здавалася б, такая суполка беларускамоўная, патрыятычная. І там такі хейт канцэнтраваны пайшоў. Але ж яны хочуць зрабіць мне горш, а робяць лепш. Што рабіць? Усё добра. Я буду працягваць. Для мяне гэта важна.

— І тым не менш беларусы глабальна клёвыя?

— Усім нам трэба яшчэ крышачку над сабой папрацаваць.

помада-стик, стойкая, розовый цвет, матовый финиш
Снят с продажи

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by