«У мяне пытаюцца, чаму мае паліто каштуюць 399 долараў». Як 20-гадовая Ангеліна адкрыла два бізнесы і марыць пра трэці

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максім Маліноўскі
20 марта 2019 в 8:00

Калі б беларусы пісалі Біблію, яны б дадалі адну запаведзь — казаць пра грошы альбо дрэнна, альбо нічога. Калісьці аднакласнікі Ангеліны Ляўковіч добра засвоілі гэтую ісціну і паспяхова яе прытрымліваліся: цкаванне дзяўчыны за дастатак яны лічылі добрай забавай. Ангеліна чула: «У цябе ж усё ёсць!» — і марыла пра сяброў, якіх не было. Пра дзіцячую адзіноту часова можна было не згадваць, калі забудзешся ў вучобе і працы. Ангеліна так і рабіла — і шчыравала далей. Цяпер у дзяўчыны ёсць месца ў ВНУ, два бізнесы, у планах яшчэ і трэці. Мы пагутарылі з ёй пра тое, з чаго пачаць маладому чалавеку, калі з капіталу ёсць толькі мары і кнігі Кіёсакі. І чаму бізнес-трэнінгі — апошняе, на што варта спадзявацца.

Читать на Onlíner

Ангеліне 20 гадоў. За гэты час яна паспела павучыцца ў Лондане, паступіць на вучобу ў Германію, адкрыць бізнес і разысціся з партнёрам. Апошняе бадай што самае непрыемнае — занадта рана давялося зразумець: шанаваць больш за цябе могуць толькі твае грошы. Калісьці дзяўчыне прапаноўвалі цёплае месца ў сябра бацькоў — там быў круты заробак, але гэты шлях стаў бы занадта лёгкім. А такое не для беларусаў. Ангеліна паставіла мэту зрабіць усё самастойна. Чытайце, што з гэтага атрымалася.

Журфак. Сувязі. Англія

Першы бізнес Ангеліны звязаны з продажам вандровак, другі — са стварэннем вопраткі. Прапішам спойлер раней за каментатараў: грошы на ўласную справу дзяўчыне далі бацькі. За развіццём астатняга яна сочыць сама.

— Мне ніхто не казаў: «Прадпрымальніцтва — гэта тваё, можаш не вучыцца». Добра кіруе справай толькі той, хто ўмее разбірацца ў кожным пытанні і быць разумнейшым за сваіх падначаленых. Любы нармальны бухгалтар можа пакінуць чалавека з носам. Калі ты не будзеш разбірацца ў эканоміцы, то не зможаш кіраваць бізнесам. Мая будучая вучоба ў Германіі якраз будзе скіраваная на фінансы, — кажа яна.

Ангеліна цалкам прапагандуе адукацыю. Калі б ёй далі волю, адпраўляла б усіх пагалоўна за дыпломам.

— Кажуць, што бізнесмену ўсё гэта не трэба. Я такіх людзей не слухаю. Чамусьці заўсёды згадваюць Сціва Джобса і яго Apple — маўляў, у яго дыплома не было, а вось поспеху ён дасягнуў, — гаворыць дзяўчына. — Забываюць, што ён навучаўся ў Reed College, але пасля кінуў. А каб туды паступіць, трэба зрабіць шмат. Цяпер у моладзі якая тэндэнцыя? Адкрыць бізнес — зарабіць грошы. Яны мяркуюць, што без ведаў дасягнуць гэтага лёгка. Часам такое здараецца, але гэта шчаслівы выпадак: ты можаш узляцець, але потым у адзін момант усё згубіць.

Таму Ангеліна настройваецца на максімум — спачатку беларускі журфак, потым замежныя ўніверсітэты. Дзяўчына раскрывае карты: у такой вучобы ёсць істотная прычына.

— Без дыплома за мяжой ніхто мяне ў буйныя фірмы не возьме. Перад табой нават дзверы не адчыняць. А ў маіх планах існуе верагоднасць таго, што я магу працаваць у іншай краіне, — тлумачыць яна.

— А не баішся, што да цябе застанецца стаўленне як да чужой?

— У мяне амаль няма акцэнту, таму прымаюць за сваю. Але разумею, што спатрэбіцца нашмат больш часу, каб мяне сталі паважаць. Жыццё ўвогуле складаная рэч, без выклікаў у ім было б сумна. Напэўна, я проста занадта люблю змаганне: 12 гадоў аддала тэнісу, цяпер хочацца чагосьці падобнага. А далей спаборніцтвы заўсёды будуць. Гэта толькі ў нас ёсць магчымасць трапіць на добрую працу па знаёмстве, у іншых умовах табе заўсёды прыйдзецца сябе адстойваць.

— Дык табе прапаноўвалі добрае месца, чаму не пайшла? Гэта ж жыццё на ізі.

— Так, была магчымасць трапіць у банк да знаёмага. Для гэтага патрабаваліся два крокі: паступіць на эканамічны факультэт і пачаць працаваць. Там усё было крута: першапачатковы даход прапаноўвалі такі, які я атрымліваю цяпер. Проста мне трэба было мець упэўненасць: я магу нешта зрабіць сама. Таму давялося пачакаць і зладзіць уласны бізнес. Спачатку было шмат касякоў, цяпер я вяду яго акуратна. Пакуль ты сам не пачнеш нешта рабіць, не зразумееш, як правільна.

З гэтага Ангеліна і пачала.

Мара. Расчараванне

Дзяўчына думала, што будзе карыснай на ўскраіне — і адкрыла офіс там. Мы здзіўляемся, яна апраўдваецца: была поўная ўпэўненасць, што ўратуе статус манапаліста — людзі адразу пацягнуцца. Але ўсё атрымалася не так.

— Ніхто не праяўляў увагі, — запэўнівае Ангеліна. — Нават арэндадаўца не даваў магчымасці нармальна працаваць: рамкі ставіліся нават на распаўсюд рэкламы. Цяпер я сваю памылку зразумела і пераязджаю ў цэнтр.

Сэнс гэтага яна тлумачыць так: у горадзе заўсёды ладзіцца шмат экскурсій. Але іх праводзяць недасканала, і краіну паказваюць не так хораша, як маглі б. Схема падрыхтоўкі тэкстаў праблемная: бяруць брашуры для замежнікаў і перакладаюць іх на дзяржаўную мову, пускаюць у ход «для сваіх». Дзяўчына кажа, з тым жа поспехам можна проста глядзець відэа. Вывад яна робіць просты: Беларусь трэба паказваць інакш.

— Я падумала, што класную краіну трэба не так адлюстроўваць. Пра Нясвіж і Мір усе даўно ведаюць, а пра цэнтр Сулу хто чуў? Паміж нашым і еўрапейскім абслугоўваннем каласальная розніца. У іх — круты інтэр’ер і імідж кампаніі. І там гэта сапраўды шмат каштуе. У нас такому надаюць мінімум увагі. Я хачу зрабіць інакш, — гаворыць Ангеліна.

— Давай паэтапна — што для гэтага трэба?

— Перш за ўсё напрацоўваць базу кліентаў за кошт сістэм зніжак. Не ўзняць кошт, а потым апусціць, як гэта робяць нашы кампаніі, а праз паток кліентаў і ўласны прыбытак. Гэта ж круцей: калі да цябе прыходзяць людзі, іх падкупаюць кошты і ўзровень абслугоўвання. Я хачу зрабіць нешта такое, каб у офісе хацелася застацца.

— Напрыклад?

— Мару быць бліжэй да чалавека. Ты заўсёды можаш прадумаць адметнасць, якая і цябе вылучыць, і будзе прыемнай для іншых. Я вось прыдумала кожнаму ананасавы сок наліваць — гэта небанальна. Да гэтага я дайшла потым. А спачатку мне давялося рабіць важкія ўкладанні, таму сама раздавала пуцёўкі каля метро 24/7. Ну і гэта даволі прыкольна: ты дырэктар, сам шукаеш кліентаў і з імі камунікуеш. Калі не баішся спрабаваць сябе ў новай ролі, тады ўсё атрымаецца. Для мяне гэта не праблема. Я лічу, што кожны павінен прайсці праз такую школу, перш чым нечым кіраваць.

Цяпер дзяўчына працуе штодня. У парадак дня дадаўся рамонт новага офіса, то трэба шчыраваць больш — варта зрабіць памяшканне, дзе будзе ўтульна. Гэта — асобныя выдаткі, і не толькі фізічныя.

— І як ты спраўляешся?

— Маральна вельмі цяжка. Бывала такое, што няма чым заплаціць за два месяцы арэнды. Бачыш тупік і не ведаеш, што рабіць. Часам я не знаходжу адказу нават у вачах бацькоў. Але потым разумею, што прайшла занадта шмат, каб крочыць назад. Асабліва калі ты ведаеш, што ў цябе працуюць людзі, якія чакаюць, што ты ім заплаціш, а іх сям’я не застанецца галоднай.

Дарэчы, пра персанал. Тры месяцы таму прыйшла дзяўчынка, якая ніколі пра турызм не чула — «на нулі». І навучылася за кароткі час спраўляцца з усім. Ангеліна кажа, запытаў на месца было шмат, і ўсе — ад дасведчаных людзей. Але дзяўчына лічыць так: часта на грошы прэтэндуе звыклы тыпаж людзей — яны хочуць хуткага прыбытку, але не церпяць укладанняў.

— Навошта такіх выпрабоўваць? Прасцей браць маладых і дзёрзкіх. І расціць іх пад сябе, — мяркуе яна.

— Класны падыход, але ж працаўнікам трэба добра плаціць, каб яны не сышлі ў буйныя кампаніі.

— У нас уся моладзь і так ідзе за грашыма. Калі працягваць гэтую тэндэнцыю, грамадства будзе дэградаваць. У добрых спецыялістаў будуць добрыя продажы і заробкі. Я не згодна, што матывацыяй для працы павінны быць толькі грошы, ёсць і іншыя спосабы. Галоўнае, каб чалавек амбіцыйным быў.

— Але аднымі амбіцыямі сыты не будзеш.

— Так, але дзе гарантыі, што цябе возьмуць на 2—3 месяцы крутыя кампаніі, а потым не кінуць? Я з такім сутыкалася і ведаю, што людзі ўкладаюць у справу душу, усё ідзе добра, а праз паўгода іх кідаюць. Гэта частая практыка: тыя, хто абяцае залатыя горы, часта нічога не даюць. У мяне спосаб такі: трэба набіраць працаўнікоў і расці разам з імі.

— Калі я захачу пайсці да цябе, на які старт змагу прэтэндаваць?

— Усё залежыць ад працы. Я павінна быць упэўнена ў чалавеку, давяраць тым, хто знаходзіцца побач са мной. У дарослым жыцці праўда такая: цябе могуць кінуць на грошы і паквітацца. І нормай з’яўляецца хутчэй гэта, а не нармальныя адносіны. Так і зрабіў мой першы персанал: папярэдзілі мяне за два тыдні да сыходу. Я была ў шоку — не было ні часу, каб падумаць, ні досведу, што рабіць. Яшчэ ў мяне быў партнёр, з якім мы вельмі жорстка разышліся — велічэзны стрэс. Чалавек хацеў атрымаць грошы за мой кошт. А працавала толькі я. Такія сітуацыі здараюцца штодня, але яны загартоўваюць. Вось мне цяпер тэлефануе нехта, нейкая любоўная драма там. А ты слухаеш, і паступова даходзіць: усё гэта проста дробныя праблемы.

— У кожнага яны свае. Шмат для каго гэта істотныя перажыванні.

— Псіхалагічна складана, так. Але ніхто не памёр, на грошы цябе не кінулі. Такое перажываецца. Калі займаешся бізнесам, на гэта не звяртаеш увагі. Сыходзяць людзі, якія з табой працуюць, — ну, значыць, не твае. Так, яны сталі часткай жыцця, але сілы, нервы і здароўе ты ніколі не вернеш. Усе забываюць, што працаваць перш за ўсё трэба над маральным станам. А грошы зарабіць можна заўсёды.

Гэта цяпер Ангеліна вядзе спакойную гутарку пра выдаткі. А калісьці ўсё было не так ружова — яна ўклала 13 тысяч долараў і атрымала ў адказ абыякавасць пакупнікоў.

— І не хацелася ўсё кінуць?

— Гэта складана, бо я бачыла, як у астатніх растуць продажы. Потым супакоілася: рынак існуе даўно. Лагічна, што мне будзе цяжэй, чым тым, хто пачынаў раней. Калі ты першы, табе прасцей. А ўліцца ў паспяховую хвалю яшчэ трэба пастарацца. Калісьці мне стала зразумела: адступлю — упаду ва ўласных вачах.

— Ты ж ведаеш, што паўсюдна ідзе гаворка: бізнес у Беларусі немагчымы. Што скажаш?

— Няпраўда. У краіне вельмі шмат умоў для прадпрымальніцтва. Праблема не ў саміх магчымасцях, а ў пакупніцкіх здольнасцях. Цяпер крызіс: у адных людзей грошай становіцца больш, у другіх менш. Хтосьці на вярхах добра зарабляе, а сярэдні клас проста губляецца. Сядзіш прыдумляеш зніжкі і акцыі. Не дапамагае і гэта — калі ў людзей няма грошай, нікуды яны не паедуць. Што тычыцца ўціску, гэта вы яшчэ не ведаеце пра Лондан. Там я б ужо даўно зачынілася. Выжывальнасць малога і сярэдняга бізнесу ў Англіі каля 5,5 працэнта. Коўдру ў асноўным цягнуць на сябе гіганты кшталту Google і Bloomberg.

— А што з тваім другім бізнесам?

— Гэта Gelya Brand — ён тычыцца моды. У Лондане я пабачыла куртку з мехам. У Беларусі такога няма, то падумала: чаму б не зрабіць рэчы для людзей? У мяне ёсць магчымасці, ідэі і любоў да моды. Год разважала, як гэта будзе выглядаць. Робім мы ўсё ў Вільнюсе: па-першае, там танней, па-другое, туды зручней пастаўляць сыравіну з еўрапейскіх краін — няма размытнёўкі.

— А кошты на рэчы для людзей якія?

— Спачатку яны пачыналіся ад 399 долараў. А потым мне пачалі пісаць... Не люблю, калі пытаюць, чаму так дорага, і кідаюць спасылку на кітайскі сайт. Кожнаму мусіш тлумачыць, што купляеш сыравіну ў Італіі, што абіраеш лепшае. Хочаце — шукайце, дзе танней. Да мяне якія пытанні?

— Чаканая рэакцыя — шмат для каго такі цэннік завоблачны.

— Гэта я потым зразумела. Таму і буду змяняць канцэпцыю. Скіну кошт да 220 долараў. Проста я не ведала, што ў нас усё яшчэ вераць у Кітай і бяруць «каб патанней». Зразумела ж, што выраб пасыплецца праз месяц. І што? Ці не лягчэй заплаціць і атрымліваць асалоду ад якасці? Адсюль я зрабіла наступныя высновы. Па-першае, у нашай краіне немагчыма данесці якасць — людзі не разумеюць, што ўсё, што яны носяць, робіцца не з суцэльнага футра, а з яго кавалкаў. Я адразу згадваю шапкі-гарбачоўкі, вось гэта тое ж самае.

Па-другое, заўсёды трэба змяняцца. Не хочаш падладжвацца — зачыняй бізнес. Ён усё роўна не выжыве, калі ты не зможаш знайсці выйсце. А для гэтага трэба шмат думаць.

Людзі проста не гатовыя плаціць. Ты можаш зменшыць кошт, але пакупнікі ўсё роўна будуць пытацца, чаму так дорага. Ну таму што якасна!

— І што, кожнаму гэта тлумачыш?

— Не, ужо стамілася.

Сям’я. Адукацыя. $7000

Ангеліна кажа, калісьці ў дзяцінстве яна навучылася не звяртаць ні на што ўвагі. Жыццё прымусіла не зважаць на адсутнасць сяброў і пастаянныя здзекі аднакласнікаў. Дзяўчына супакойвае сябе і нас: усе, хто праходзіць праз такое, становяцца моцнымі. Цяпер у Ангеліны ўзорная сям’я і добрае атачэнне. Сяброў яна стараецца матываваць сваім прыкладам. Гэты метад, дарэчы, яна лічыць нашмат больш эфектыўным за ўсялякія бізнес-трэнінгі і літаратуру.

— Кожны чалавек павінен быць адукаваным. Але я не веру ў выпампоўванне грошай. Ведаеце, на рынку два дурні: адзін прадае, другі купляе, — разважае дзяўчына. — Трэнінгі каштуюць неверагодных грошай, а сэнсу ў іх ніякага. Цяпер паўсюдна з’явіліся фэйкавыя бізнесмены. І ўсе аддаюць апошнія манеты на тое, каб паглядзець, які ён хлусліва круты. У майго сябра тры бізнесы, і я ніколі не бачыла, каб ён наведваў нейкія трэнінгі. Некалькі гадоў таму пачаўся варушняк з кальянамі, і ён проста трапіў у хвалю. У асноўным таленавітыя бізнесмены маюць адукацыю, для іх гэтага дастаткова. Яны ніколі не будуць раздаваць парады мільёнам людзей — ім гэта не трэба.

— Калі вы маленькі і недасведчаны, але хочаце быць у бізнесе, вам трэба ведаць тры рэчы. Яны банальныя і простыя, але менавіта пра іх забываюць напачатку. Перш за ўсё трэба быць падрыхтаваным да складанасцей, мець сувязі і стартавы капітал.

— Якраз тое, што падлетак наўрад ці знойдзе ў сваім арсенале.

— Ну хаця б першае нармальна пераносіць. Увогуле трэба ведаць шмат чаго і любіць сваю сферу. І напрацоўваць сувязі — іх сетка вельмі важная. Што тычыцца грошай, можна ўкласціся і ў 7000 долараў — гэта калі вельмі доўга шукаць добрае арэнднае месца. А потым чакаць. Я таксама шмат часу проста не брала сабе зарплату. Любы бізнес — гэта пра цярпенне. Усяго адразу не будзе. І параўноўваць сябе ні з кім не трэба. Толькі з сабой учарашнім.

— Які прыклад ідэальнага бізнесмена, на твой погляд?

— Я заўсёды раўняюся на сваю сям’ю — куміраў у мяне няма. Ну а калі браць знакамітасцей, гэта Шарапава і Сабчак. Ксенія нічога не баіцца, і я нічога не баюся. Але зноўку паўтару: ніводны чалавек не навучыць цябе бізнесу так, як уласная справа і твае памылкі. Бярэшся, падаеш, падымаешся і ідзеш далей.

автономный (портативный) кассовый аппарат, назначение: торговля/услуги, скорость печати: 6 строк/с, СКНО внутри корпуса
Нет в наличии

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by