За сталом пад дрэвам збіраюцца мужыкі. Для творчага настрою выпіваюць, гуляюць у даміно і разыходзяцца па дварах. Тады вясковыя вуліцы замаўкаюць. Час тут ідзе цыклічна — новае жыццё не пачынаецца з раніцы. Ёсць 300 рублёў (калі пашанцуе знайсці працу) і гаспадарка. Побач з вёскай — скарбы гліны і пяску, з якіх мог бы жыць увесь поўдзень.
Читать на OnlínerЛюдзі ў Гарадной не разумеюць, чаму натуральнаму заробку сціскаюць аорту. Старыя махаюць рукой: такое ўжо было — сорак год таму тут ужо зводзілі ганчарныя таленты. Рэанімаваць рамяство пазней ніхто так і не сабраўся.
Трыццаць кіламетраў на захад ад Століна, памежная зона. Злева ад брукаванкі стаіць торфпрадпрыемства. Побач пасвяцца каровы. Радыё ловіць украінскую хвалю.
— Вашы дакуменцікі.
Пагранічнікі пытаюць «хто і навошта», углядаюцца ў твар, уздымаюць шлагбаум. За паказальнікам — Гарадная.
Каб зразумець, як выглядае вёска, варта ўявіць карту Беларусі. Ад Мінска дарогі разыходзяцца ва ўсе бакі. З плошчай у Гарадной тая ж гісторыя: кожная вуліца бярэ пачатак тут і расцягваецца ўглыб незлічонымі дварамі. Вакол пуста і ціха. Раз-пораз грукаюць дзверы прадуктовай крамы ды самотная бабуля шаркае дахаты.
Справа — сельсавет, насупраць — крама, злева — царква і могілкі, пасярод — драўляныя фігуркі. І бясконцыя адліўныя жбаны на платах. На фоне агульнага запусцення яны выглядаюць штучна, але Гарадная без іх немагчымая.
Гісторыю вёскі цяпер увасабляюць толькі два чалавекі — Васіль Казачок і 77-гадовы Іосіфавіч. Быў трэці, Іван, але «знайшоў сабе дзеўку і з’ехаў у Мінск». Васіль кіруе цэнтрам ганчарства, Іосіфавіч завітвае сюды папрацаваць. Ён нікуды не з’едзе — «яго баба тут».
— У нашай школе ўсяго 53 вучні. У 1970-я было каля 700, — распавядае Васіль, калі мы сустракаемся на плошчы. — У цэнтры займаюцца 18 дзетак. Адразу ходзяць, потым перастаюць. Бацькі іх то ў лес, то ў ягады забіраюць. Майстрамі становяцца адзінкі.
Жыхароў у вёсцы — больш за тысячу, амаль усе пажылыя. Учора тут быў канцэрт, то на плошчу прыйшло шмат народу. Сёння яна пустая: халодна. З заўважнага толькі помнік савецкім салдатам — з чырвонай зоркай наверсе, з праваслаўным крыжам унізе. Васіль мінае яго, крочыць далей.
— Усе з’язджаюць. Хто з моладзі застаецца, той шукае спосабу жыць. Поўных ставак няма нідзе. Людзі ідуць на палову, бо трэба дажыць да пенсіі. У працаўнікоў культуры — 400 рублёў, у настаўнікаў — па 300—350, — вызначае ён мясцовыя заробкі. — Каму з іх зараз па 40 год, тут і не даробяць. Школа зачыніцца — няма каго вучыць.
Раней у вёсцы быў калгас. Там працавалі ўсе, спрабавалі быць шчаслівымі. Потым калгас аб’ядналі з суседнім, спецыялістаў накіравалі яшчэ далей. Гарадная засталася амаль без людзей і без працы. У моладзі самае простае выйсце — з’язджаць. Больш здольныя рвуцца ў гарады, астатнія спрабуюць існаваць тут — «шабашку ніхто не адмяняў». Жывуць, часам мараць: маладыя — пра новы паркет, старыя — пра большыя пенсіі.
— Бо грошы ўкладаюць куды не трэба. Інвестары з-за мяжы сюды ехаць баяцца. Па-высокаму называюць абстаноўку «непрадказальнай». Абяцалі ж, што пачнуць будаваць завод. Далі надзею. А потым што? Ляжыць той пясок, і ўсё, — распавядае нам мужчына на ровары і едзе далей.
Такія планы сапраўды былі. За тры кіламетры ад вёскі пачалі будаваць дарогу. З будучага шклозаводу па ёй планавалі вазіць прадукцыю. Мары ўзрушанай моладзі скасавала рэчаіснасць — нешта пайшло не так.
— У нас пясочак белы-белы — аж вочы слепіць. Прасіліся: дайце дзе працаваць. То і людзі б пазаставаліся. Але хто цябе слухаць будзе, — каментуе Васіль.
У Гарадной зарабіць можна. Проста гэтыя спосабы не змяняюцца з часоў узнікнення вёскі — грыбы, ягады, натуральная гаспадарка. Хто ўмее — абыходзіцца з глінай, з яе і жыве. Попыт на тавар ёсць — «ганчароў добрых няма». Таму і справа гіне. Пра гэта Васіль кажа, калі мы падыходзім да весніц.
Завітваем у першы двор — да Сяргея — і просім пагутарыць з намі за жыццё. Сяргей саромеецца, сцвярджае: выглядае «непрыгожа, як такім людзям паказвацца?» Просіць пачакаць жонку Таццяну, вось яна — іншая справа. Ад мужчыны дабіваемся аднаго: адсюль ён з’язджаць не думае.
— Таня ж у вёску прыехала з Міншчыны — то навошта зноў пераязджаць? — кажа ён і лашчыць падрослага шчанюка.
Унутраная міграцыя для Гарадной увогуле не характэрна — тут гэта рэдкасць. Але так склалася: іх з Таццянай гісторыя — глеба для рамана Шамякіна. Калісьці Сяргей пабачыў у вёсцы новую дзяўчыну і зразумеў: без яе больш ніяк. Але тое было потым. Да гэтага — першая жонка і выніковае «не атрымалася». Ад шлюбу засталося трое дзяцей.
Акурат у гэты момант гутаркі прыходзіць Таццяна. І дадае:
— Я прыехала сюды з Вілейскага раёна. Толькі з іншым мужчынам. Проста мяне перахапіў Сяргей, — пасміхаецца яна.
Цяпер у пары тры свае дзяўчынкі і вялікая гаспадарка. Бадзяжныя жывёлы пастаянна пруцца ў двор. Збіраецца іх плойма: тры коткі, два сабакі, куры, козы і кабылка. Яшчэ ёсць гарод на 50 сотак. Прыкладна так у вёсцы існуюць усе. Інакш — не выжывеш. Аднак Таццяну і Сяргея ўсё задавальняе.
— Я працую ў калгасе жывёлаводам. Летам пасу, узімку даглядаю, — працягвае Сяргей, калі праводзіць нас у дом. — Конік таксама ёсць — то схаджу да каго заару. Іншыя нават на працу не ходзяць. Чалавек дзесяць працуе — і то добра. Астатнія ў ягады бягуць. То ўвесь сезон толькі лес, лес, лес…
Гэта адзіны выпадак, калі ў тутэйшым кантэксце можна казаць, што мясцовым пашанцавала. За тыдзень на журавінах некаторыя зарабляюць па тысячы долараў. Гэта калі не лянуюцца і працуюць з ранку да вечара.
— А чым дрэнна? У Альманах ёсць фірмы, яны забіраюць тавар. Свету белага не бачыш, але атрымліваеш грошы. Хоць з гэтага дзеці жывуць, — тлумачыць Таццяна.
Па Палессі моцна прайшоўся Чарнобыль. Раней з-за гэтага гараднянцам даплачвалі. Цяпер радыеактыўнасць знялі. Мясцовыя моцна сумняваюцца, што ў іх усё чыста. Але турбуе іншае — грошай цяпер не даюць. Дык што іх тут увогуле трымае?
— А які сэнс, што мы пераедзем? У Гарадной мая стаўка — 300 рублёў, у горадзе тыя ж заробкі. Па Беларусі яны ўсюды аднолькавыя. Тут ёсць свая гаспадарка: хутарок, кабылка. У тым жа Століне працы мала — уладкавацца складана. На 300 рублёў не пражыву. У вёсцы за гэтыя грошы і аліменты плаціў, і нават вокны новыя паставіў. Цяпер вось ламінат хачу пакласці, — кажа Сяргей і распавядае, як гэта правільна рабіць. Што можна не праводзіць ацяпленне і жыць як ёсць. Што галоўнае — «мір-лад» у сям’і. І ўвогуле — адчапіцеся са сваім горадам.
— Вы так глядзіце, быццам усё дрэнна. А ў нас таксама людзі жывуць — на заробкі мужыкі ездзяць. Адтуль жонак прывозяць — і нейкі рух з’яўляецца, — кажа Сяргей і пачынае пералічваць імёны. — Прозвішчы хоць змяняюць, а то ўсё адны і тыя ж.
Калі заканчваем размову, становіцца халодна — грубка перастала грэць. Ідзём глядзець гаспадарку. Кабылка бачыць незнаёмых і пачынае нервавацца.
Сяргей паспявае яе супакоіць і яшчэ кажа пра сваіх дзяцей:
— Дзяўчаткі ў нас слаўныя. Адна на валейбол ходзіць, вучыцца хораша.
— А ўвогуле пасля школы куды ў вас паступаюць?
— Да ў вучылішчы часцей. Шкада, што дзяцей тут няма. У маёй дачкі аднакласнікаў — шэсць чалавек. А нядаўна ў школе толькі адзін хлопчык у першы клас пайшоў. Потым перавёўся ў трэці. Але ж вы разумееце, што такая колькасць — мізер, — гаворыць мужчына і спрабуе перакрычаць зляканых курэй. Адганяе іх і дадае: — Ну то пра якую будучыню вёскі вы пытаецеся?
— Паспрабуй патрымаць, дзевачка. Што, ручкі памараць баішся?
Іосіфавіч сядзіць на зэдліку і ўпарта круціць рукамі гліну. Вялікая хуткасць патрабуе засяроджанасці. Іншая справа, калі займаешся чымсьці 66 год. Тады працу можна сумясціць з заляцаннем да дзяўчат.
— Я з гаршкоў сям’ю трымаю. Раней завозіў іх у вёскі. Нядзеляй забіраў грошы. Ото ж усё думаю, каб добрая форма атрымалася, — кажа ён і працягвае Васілю выраб на ацэнку.
— Нармальна, пойдзе.
Кемлівыя палешукі завялі тут капіталізм яшчэ ў XV стагоддзі. Сцямілі, што жывуць на запасах гліны. Такім не скарыстаецца толькі дурны. То ўзяліся за працу.
— Землі ў нас бедныя, ураджаю не давалі. Пракарміць сям’ю немагчыма. Ганчарствам займалася кожная сям’я. Гарадная стала самым буйным яго цэнтрам, — тлумачыць Васіль і абяцае правесці нас у нейкую залу. Адно замінае — для гэтага мы яшчэ не разумеем гараднянцаў. Дык трэба хутка з імі пазнаёміцца.
Возьмем за пункт адліку Столін. Адрэжам на ўсход сорак кіламетраў і трапім у Альшаны. Тут акаюць. Вернемся ў Столін і паедзем на захад — праз трыццаць кіламетраў Гарадная. У ёй будуць окаць. Розніца ў гаворках істотная. Больш відавочная яна ў побыце.
Трыццаць год таму альшанцы прыязджалі ў Гарадную і ладзілі рынак з гуркамі — чакалі хуткага прыбытку. Але нешта ішло не так, тавар не бралі. Мясцовыя казалі: «То ж няспелыя» — і праходзілі міма. Прадаўцы нічога не разумелі, падхоплівалі рэчы і з’язджалі. Потым зноўку вярталіся, але з жоўтымі гуркамі. Тавар раскуплялі мігам — нарэшце завезлі «спелыя».
— А што вы хочаце? У нас нават цыбулі не вырошчвалі, адкуль ім было розніцу ведаць, — абураецца Васіль.
Тут мала памятаць, на якой зямлі ты гасцюеш. У палешукоў асаблівае светаўспрыманне. Да Гарадной жа дадаецца і зямельная адасобленасць. Адсюль — унікальнасць гаворкі і побыту.
Займацца ганчарствам — самае відавочнае і складанае, што маглі абраць для заробку гараднянцы. Колькасць укладзеных сіл ніколі не адпавядала кошту тавару. Але працу працягвалі — ці то каб захаваць традыцыі, ці то проста не ведаючы, чым яе можна замяніць.
Звычайна схема выглядала так: бралі гліну — выраблялі посуд — апальвалі — гатова. Далей вырабам можна было любавацца ці несці на продаж. Усё лёгка і зразумела, калі не заглыбляцца ў пытанне. Васіль распавядае нам па-простаму, што за чым ідзе.
1. Гліна. Ёсць худая — у ёй шмат пяску. Ёсць тлустая, у якой шмат жалеза. Паасобку яны марныя — будуць прапускаць ваду. Разам жа даюць плён. З сумесі 50/50 робіцца замес, які не баіцца агню і не трэскаецца. Далей з ім можна працаваць.
2. Каб замацаваць гліну, выраб трэба прагрэць на невялікім агні ў горне. Гэта выкладзеная з цэглы печ, у якую змяшчаюць чарапкі. Усё не так проста: пакінуў і пайшоў. Сачыць за працэсам трэба пастаянна. Робяць гэта па-свойску: плююць і глядзяць, калі закіпіць сліна. Закіпела — то можна падкладваць яшчэ дроў і зноў чакаць. Агулам атрымліваецца сем гадзін. Але выпальваецца посуд двойчы, разам — усе чатырнаццаць.
Што з гэтага вырабляюць? Раней рабілі скрынкі для захоўвання зерня. Засыпалі туды крупы і накрывалі — ні мышы, ні пацукі не маглі трапіць унутр. Форма і малюнак залежалі ад майстра, таму аднолькавымі вырабы ніколі не атрымліваліся. Цяпер у музеі стаяць і маленькія кілішкі, якія па форме нагадваюць чаркі, і велічэзныя катлы.
— Гэта каб зелле нейкае варыць ці што?
— А гэта цалкам верагодна. Па легендах на Палессі трапляюцца шаптухі.
3. Нарэшце наводзяць прыгажосць. Для гэтага ёсць дзве тэхнікі: можна зрабіць «паліву» (пераплавіць на агні свінец, змяшаць з глінай і вадой) ці глазураванне. Рэцэпт апошняга захавалі яўрэі — тыя жылі ў Гарадной да 1940-х, пакуль іх у вайну не вынішчылі. Цяпер гараднянцы зноў вярнуліся да свінца. Такія, як Іосіфавіч, спрабуюць захаваць гэты звычай. Адно дрэнна — іх толькі некалькі чалавек. Так у Гарадной было не заўсёды. Каб уратаваць ганчарства, людзі спрачаліся з уладай і ахвяравалі сабой. Гэта яны калісьці не дазволілі вёсцы згубіць сваё аблічча.
Сорак год таму мясцовых губілі разам з іх талентам — любую спробу вылучыцца прыціскала ўлада. Гараднянцы тлумачаць, што жывуць на балоце, і тутэйшая мясцовасць дае паратунак ад знешняга свету. У такія нетры ад ваўкоў збягаюць ласі. Адзін з іх адлюстраваны на гербе вёскі, толькі з залатымі рагамі — сімвалам дастатку. Гараднянцам таксама давялося ўцякаць ад «драпежнікаў» у балоты са сваім талентам — ён быў найважнейшым багаццем.
З гадамі хованкі ўвайшлі ў звычку — цяпер мясцовыя забываюць пра сваю адметнасць добраахвотна. Гісторыя развіваецца, як і чакалася — памятаюць пра асновы мастацтва адзінкі. Але так было не заўсёды.
Пагаворвалі, што калісьці Гарадная з’яўлялася цэнтрам удзельнага княства. Легенду пакуль не пацвердзілі — цяпер гэта не так істотна. Дакладна вядома іншае: вёска згадваецца яшчэ ў «Слове пра паход Ігаравы». Вядомай жа яна стала як мястэчка з магдэбургскім правам. У такіх зараблялі чым маглі — рабілі посуд і прадавалі яго ў суседнія вёскі. Адным словам, жылі, працавалі, прыносілі плён.
За пяць стагоддзяў тут змянілася няшмат: гэтаксама лепяць гаршкі, вязуць у нядзелю на рынак, добра прадаюць. Ёсць хіба адно адрозненне — тое бывае сёння настолькі рэдка, што лічыцца хутчэй выключэннем. Усе жаданні адрадзіць рамяство перакрываюцца зразумелым «трэба карміць сям’ю». Справу для душы замяняюць заробкамі за мяжой, усё тым жа зборам ягад ды простым пераездам.
Карані гэтых змен трэба шукаць у 1930-х. Дзяржава паставіла ўмовы: ганчарству — не, калгасам — так. Агульны курс на калектывізацыю. Майстры спрабавалі супраціўляцца: у вольны час збіраліся разам, нешта ляпілі. Некаторыя забывалі пра калгас, дзе плацілі капейкі, і шчыравалі з глінай. «Наверсе» гэта не спадабалася — працаваць на сябе дазволу не было. Выйсце адно: правучыць мужыкоў, каб іншым было непанадна. Прыязджалі і руйнавалі горны. Людзі рабілі іх зноў. І зноў глядзелі, як іх плён нішчаць на вачах. Падняцца супраць баяліся — за маўчанне ж не б’юць. Ішлі ў калгас.
Ціхая барацьба ішла пастаянна. Ганчарам не дазвалялі вазіць гаршкі на продаж і забіралі коней. Пакідалі іх толькі інвалідам. Жывёл хавалі ў лесе — прывязвалі, пакуль навала не сыдзе з вёскі. Інакш кажучы, змагаліся, колькі хапала сіл. Улада пабачыла неўміручую прагу да працы і пайшла на «саступкі» — пры цагляным заводзе арганізавала майстэрню. Ганчары павінны былі адбываць там тры дні на тыдзень. Гэтая супольнасць, створаная невядома для чаго, праіснавала два гады. І раскідалася: у працы на дзяржаву ніхто не быў зацікаўлены. Да ганчарства звярталіся ўсё радзей.
Час ішоў, маладыя людзі кінулі занятак зусім — з’явілася «шабашка», запахла грашыма. Тады за дзесяць гаршкоў зараблялі два з паловай рублі. З будоўлі ж прывозілі па тры-пяць тысяч. Істотная перавага брала сваё.
Цяпер сітуацыя змянілася: займацца ганчарствам дазволена, атрымліваць грошы магчыма. Толькі не засталося спраўных майстроў — курс на вынішчэнне спрацаваў. Моладзь з’язджае: каб жыць у вёсцы, патрэбны стымул і ўмовы. Тут няма ні таго, ні другога. «Захоўваем традыцыі» — кажа шыльда на стэндзе тутэйшага музея. Адзінае пытанне — хто яшчэ здольны гэта рабіць?
Можна доўга маляваць тыповага прадстаўніка вёскі, а можна пазнаёміцца з ім самім.
Дзядзьку Мікалаю 70 год. Ён жыццялюб і аптыміст. Яшчэ ў яго ёсць ровар. Таму 33 гады. На ім мужчына кудысьці ад нас з’язджае, але абяцае вярнуцца. А мы вырашаем называць яго выкшталцона — Мікалай Сцяпанавіч.
— Бацька яго быў Рынька, — кажа наш экскурсавод Васіль.
— А што такое «рынька»?
— Гэта гаршчочак у нас такі быў. Як патэльня выглядаў.
— Дык а Рынька чаму?
— А я знаю? Мо, падобны быў.
Мы больш нічога не ўдакладняем — гэтую гаворку трэба адчуваць. Ідзём да двара Мікалая Сцяпанавіча і глядзім наўкол.
Няма сэнсу пытаць у мінакоў, як яны жывуць, — адказ будзе прыкладна аднолькавым. Вось гэтая прыгожая бабуля ўсё жыццё вазіла ў Растоў і Данецк журавіны — «дзе толькі ні была».
А гэтая заўсёды назапашвала гарбузы для гаспадаркі. Хутка іх прыедуць забіраць пакупнікі, да гэтага часу трэба скончыць перабор. Нават калі на вуліцы мінусавая тэмпература і ты не адчуваеш змерзлых рук.
Вуліцы Гарадной з часам падзяліліся па ўзросце. У адной частцы стаяць драўляныя хаткі, з другой выглядваюць цагляныя будынкі. Мы ідзём у першую, каб знайсці жывую памяць пра мінуўшчыну.
Яе тут сапраўды рэанімуюць. Перад намі мужчына спрабуе разгладзіць зморшчыны на твары старога будынка.
Пра знешні выгляд турбавацца сорамна, то «абхаджае» толькі вокны. Вецер не дзьме — і добра. Зіму перажывём.
— Такія хаты яшчэ прадаюць і купляюць. Ведаю, адну прадалі за 850 долараў мужчыне. Ён з жонкай развёўся і пераехаў сюды. І гэта яшчэ добры кошт. Некаторыя і не спадзяюцца калі-небудзь прадаць жыллё, бо каму гэтыя дошкі цяпер патрэбныя?
Мы вяртаемся ў двор Мікалая Сцяпанавіча і яго жонкі.
Соф’я Іванаўна пачынае гутарыць з намі на вечныя тэмы: хто з кім жанаты, колькі ў каго дзяцей і чаму сусед атрымлівае большую пенсію, хоць нічога не робіць. І яшчэ, зразумела, гаворым пра жаніцьбу. Агулам вырашаем, што ў Гарадную ехаць небяспечна, калі табе 19 і ты дзяўчына, — у кожным двары спрабуюць аддаць замуж за сына, пляменніка ці сябе.
Соф’я Іванаўна аказваецца на рэдкасць сучаснай жанчынай і адмахваецца: нашто яно трэба.
— От зараз моладзь пайшла! Дзеўкі кажуць: не пойдзем замуж — і ўсё, — Мікалай Сцяпанавіч застаецца намі незадаволены.
— То ж паразумнелі! — заступаецца Соф’я Іванаўна. — Павыходзяць замуж, народзяць дзесяць дзяцей, а тут ні працы, ні заробку. Гэта ж забойства!
— У нас у вёсцы так заведзена: абавязкова трэба жаніцца. І каб дзеўка не лянівая была. Вы не лянівая? — пытаецца Мікалай Сцяпанавіч.
Пакуль яшчэ не выдалі замуж, укліньваемся ў перапалку і просім сямейную пару распавесці пра жыццё без фанабэрыі. Жарты знікаюць.
— Я калі з арміі прыйшоў, працаваў на міжгароднім аўтобусе. Бацька казаў, каб я паехаў на заробкі, як усе. Там пяць тысяч долараў за паўгода прывозілі. Але я папрасіў працу тут. Мне адказалі: «Ідзі слесарам». Абяцалі, што праз паўгода на кран забяруць і кватэру дадуць. Проста я быў халасцяком, таму не далі. А без жонкі пра якую пасаду можна марыць?
Бацька Мікалая Сцяпанавіча быў ганчаром. І адным з тых, хто пацярпеў з-за свайго занятку. Калі ў вёсцы пачалі разварочваць горны, мужчыны паехалі на «шабашку». Вярнуліся — і атрымалі пакаранне: у калгасе ім не далі каня, каб заараць гарод. Сказалі: «Запрагайцеся самі». Тыя і запрагліся: разворвалі зямлю ўручную і цягнулі плуг замест жывёлы.
— З мяне ганчар, што з жонкі балерына, — выносіць уласны прысуд Мікалай Сцяпанавіч. — Я прасіў бацьку, каб мяне навучыў. А ён сказаў: «Не трэба». Гэтая справа вельмі цяжкая, а тады яшчэ і няўдзячнай была. Вось і дазабараняліся — нічога ад яе цяпер не засталося.
Соф’ю Іванаўну турбуе іншае: у Столінскім раёне зашмат людзей. Заробкі і пенсіі тут вельмі нізкія. Раней у калгас хадзілі на «адбывалава» — прыйсці, пастаяць з віламі, атрымаць капейкі. З таго часу нічога не змянілася.
— Мы хадзілі туды, дзе прымалі на працу. Я зарабіла на 400 рублёў пенсіі, Коля — на 200. У мяне 60 год стажу, а ён з 15 гадоў працуе. А больш варыянтаў не было. Ці жывеш, як усе, ці посуд робіш. На зямлі нашай нічога не расце — мы тут нічога і не саджалі, — дадае жанчына.
Мікалай Сцяпанавіч падтрымлівае:
— Я ездзіў на балоты, дзе раней быў палігон. Там выпрабоўвалі ядзерную зброю. Наразаў дровы, прывозіў іх цэлымі прычэпамі. Мяне ляснік спытаў: «А нашто ж ты возіш? Там жа радыяцыя немагчымая». То я іх спаліў. Але людзі і ягады, і дровы адтуль цягалі і прадавалі.
Па радыё гучаць старыя песні. Мікалай Сцяпанавіч прыпыняе сумную размову: «Ну, сыграем!» Уздымаецца, ідзе ў суседні пакой, прыносіць гармонік. Частуе гараднянскімі прыпеўкамі.
Нас праводзяць і яшчэ расказваюць пра чацвёра дзяцей і дзесяць унукаў. І што ў вёсцы ўсе самі па сабе — «капіталісты». І што гэта нармальна: хоць жывуць.
Ці існуюць — гледзячы якія адценні заўважаць. Даюць на дарожку пляшку гарэлкі — ідзіце з богам.
На зваротным шляху мы сустракаем мужчын. Яны нядаўна адзначылі ў гаражы «смаленне вепрука» і хістка крочаць адпачываць. Згадка пра твор Стральцова тут выпадковая. Але ці магла яна не з’явіцца ў гэтых мясцінах? Калісьці вёску неталенавіта закінулі ў цень, з якога яна дасюль спрабуе выйсці. Цяпер тут імкнуцца адрадзіць уласную непаўторнасць. Нават калі такіх людзей толькі двое, яны — сучасная інтэлігенцыя. Забытая інтэлігенцыя вёскі Гарадная.
Чытайце таксама:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by