29 155
06 июля 2025 в 7:00
Источник: Вадзім Шклярык. Фота і відэа: Раман Пастэрнак, Таццяна Паўлава. Фото: архив onliner.by
Гісторыі

Мы такога яшчэ не бачылі! Як на поўначы Беларусі святкуюць сапраўднае Купалле

Источник: Вадзім Шклярык. Фота і відэа: Раман Пастэрнак, Таццяна Паўлава. Фото: архив onliner.by

Ці можа сёння Купалле быць нечым большым за прывычны набор з вянкоў, вогнішча і карагода? Іншымі словамі, ці існуе цяпер магчымасць адчуць усю глыбіню старадаўняга свята нароўні з нашымі продкамі? Аўтэнтыку мы паспрабавалі знайсці ў геаграфічным цэнтры Еўропы — у вёсцы Шо Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, на беларускім Паазер’і. Менавіта тут, на аграсядзібе «Запаведны востраў», полацкі фальклорны гурт «Варган» ужо каторы год ладзіць святкаванне сапраўднага Купалля. Пабывалі там і дзелімся ўражаннямі.

Гэты артыкул ужо публікаваўся на Onlíner, і мы вырашылі зноў падзяліцца iм з вамі — бо гісторыі і падзеі, якія ён раскрывае, працягваюць заставацца важнымі і цікавымі.

У выпадку з традыцыйнымі народнымі абрадамі сёння звычайна кажуць пра рэканструкцыю. Аднак тое, што мы пабачылі і ў чым часткова паўдзельнічалі, назваць рэканструкцыяй не паварочваецца язык. І прычына тут, як думаецца, у сур’ёзным і адказным стаўленні арганізатараў да народных традыцый, у шчырым іх пражыванні, а не фармальным капіраванні. Напрыклад, ужо на пачатку падрыхтоўкі да свята, калі дзяўчаты ў строях, збіраючы кветкі на полі і ўзлеску, пачалі нязмушана спяваць купальскія песні, у нас з аператарам — двух дарослых мужыкоў — на вочы навярнуліся слёзы. Таямнічы вайб Купалля і магія традыцыйных народных спеваў? Так, ды яшчэ якія.

Купалле — старадаўняя абрадавая ўрачыстасць. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрапейскім народам. У старажытнасці было прымеркавана да летняга сонцастаяння, святкавалася ў гонар сонца, якое ў гэты час дасягала свайго апагею. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой.

З энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі»

Адметна таксама, што Купалле на аграсядзібе «Запаведны востраў» святкуецца так, як гэта было прынята менавіта тут, у гэтым куточку паўночнай Беларусі (у вёсках Шо, Хралы, Івесь Глыбоцкага раёна). Відаць, далёка не паўсюдна цяпер можна ўбачыць купальскае вогнішча, у сярэдзіне якога ўсталяваны шост з аплеценым кветкамі колам наверсе, што сімвалізуе сонца. Або дзе яшчэ ўдзельнікі свята сёння ладзяць абход суседняй вёскі з Купалкай — прыгожай дзяўчынай з вялікім вянком, запрашаючы мясцовых жыхароў (а згодна з даўнімі вераваннямі — і багоў) далучацца да святкавання.

Аўтэнтычнасці падзеі дадаюць і святочныя стравы, якія гатуюцца проста на месцы з прывезеных гасцямі прадуктаў і спажываюцца пасля ваджэння карагода. Акрамя сыру і кулагі паўналетнія ўдзельнікі свята маглі пачаставацца слабаалкагольным і духмяным крупнікам (мы пакаштавалі, годны напой). А вось шукаць папараць-кветку ў гэтай мясцовасці прынята не было, што, канешне, здзівіла. Падавалася, што гэта паўсюдная традыцыя, але нават у межах Беларусі ёсць (хутчэй, на жаль, былі) свае рэгіянальныя адрозненні ў святкаванні Купалля.

Ну а раніцай, перад самым узыходам сонца, мы нарэшце даведаліся, што стаіць за выразам «пія́ць баранý» (на паўночным захадзе Беларусі кажуць менавіта «піяць», а не «спяваць»). Так называюць унікальную мясцовую традыцыю, калі ўдзельніцы свята адначасова выконваюць розныя песні з гадавога каляндарнага цыкла — кожная сваю. Сэнс дзеі — у часовым стварэнні вакальнага і абрадавага хаосу (на Купалле можна ўсё), каб потым зноў вярнуцца да спрадвечнага парадку і гармоніі. Гучыць усё гэта сапраўды агаломшвальна і містычна.

Націсніце на банэры, каб прачытаць рэпартажы аб старадаўніх беларускіх абрадах цёплай пары года.

Выбор покупателей
камера для мгновенной печати F60 60 мм
беззеркальная камера, байонет Sony E, матрица APS-C (1.5 crop) 24.2 Мп, с объективом F3.5-5.6 16-50 мм, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by