Пакуль штучны інтэлект вучыўся апрацоўваць фотаздымкі ў стылі студыі Гіблі і рабіць з нас «лялек у пластыкавых скрынках», журналістка Паліна Трохаўцава паспрабавала сябе ў якасці аматарскага касплэера знакамітых беларускіх дзеячаў. Паглядзіце, якія фотаздымкі атрымаліся.
— Я ніводным разам не мадэль, хаця з ростам 178 сантыметраў магла б у свой час паспрабаваць гэты накірунак. Аднак што мяне сапраўды даўно цікавіць, дык гэта беларуская культура, нашыя суайчыннікі і суайчынніцы. Я падумала, што было б класна паўтарыць іхнія самыя знакамітыя здымкі і хоць на пару хвілін дакрануцца да чужога таленту.
У выніку выбрала восем фотаздымкаў разнапланавых дзеячаў беларускай культуры, мужчын і жанчын, ды напісала знаёмай фатографцы з прапановай узнавіць гэтыя здымкі ў Беларусі 2025 года. Мы не імкнуліся да стоадсоткавага падабенства, але стараліся перадаць дух і настрой кожнай асобы.
Здымае па Беларусі, аб’ядноўвае святло з цемрай.
«Гэтая фотаздымка — сапраўдны дотык да нашай культуры. Не ведаю, каб хтосьці такое рабіў, а я люблю ўсё новае і незвычайнае».
Напэўна, самы знакаміты беларускі фотаздымак — гэта Уладзімір Караткевіч з кацянятамі. Кадр зрабіў фотакарэспандэнт часопіса «Маладосць» Валянцін Ждановіч у 1980 годзе. Пазней з’явіўся ідэнтычны партрэт пісьменніка, а таксама прынт на футболках, значках і нават ёлачных цацках.
У пошуках маленькіх котамадэляў мы прыехалі да Юлі, якая дапамагае дзікім птушкам, што патрапілі ў бяду. Так сталася, што, акрамя птушак, цяпер яна дапамагае і чатыром чорна-белым кацянятам. Юля кажа, гэта самая распаўсюджаная для нашых коцікаў афарбоўка, таму разбіраюць нехутка. Я выграбла з кошыка дваіх, і ў нас атрымалася такое фота, пакуль малыя не пачалі надта актыўна махаць лапкамі ў паветры.
Фігуры Янкі Купалы і Якуба Коласа часта знаходзяцца побач як у падручніках, так і ў нашай падсвядомасці. Таму я абрала фота, якое зрабіў савецкі фатограф Анатоль Гаранін у 1938 годзе ў Мінску, дзе Купала з Коласам апынуліся побач, сімвалізуючы адзінства двух заснавальнікаў класікі беларускай літаратуры.
Зняць Купалу з Коласам доўга не атрымлівалася. Я шукала «напарніцу», з якой мы б злавілі агульную хвалю і выглядалі гарманічна разам. Але аднойчы я напісала знаёмай дзяўчыне Юлі, якая не толькі пагадзілася на здымку, але і дазволіла здымаць у сябе дома. Таксама Юля дастала аднекуль найстылёвейшую камізэльку, якую я адразу і начапіла на сябе, і дала мне томік Купалы для аўтэнтычнасці, сказаўшы, што сябе больш адчувае Коласам.
Нягледзячы на тое, што мы шмат хіхікалі перад аб’ектывам, даволі хутка ў нас атрымаліся патрэбныя кадры. Пасля здымкі падумваю набыць сабе касцюм-тройку.
З фотаздымкамі Васіля Быкава прыйшлося няпроста: у пісьменніка даволі цяжкі позірк і суворы выраз твару. Напэўна, каб паўтарыць такое, трэба прайсці нямала выпрабаванняў у жыцці. Алеся ж заўважыла, што Быкава яна здымала з найбольшым захапленнем, бо было цікава ўвасобіць суворы нораў пісьменніка ў «хупавай жаночай фігуры». Я цяпер так і буду рэкамендавацца.
Перабраўшы шэраг партрэтаў, вырашылі паўтарыць фотаздымак на плошчы Перамогі, зроблены прыкладна ў 1980-я гады. Паспрабавалі прасякнуцца атмасферай гэтага месца ды ваеннымі творамі Быкава, не зважаючы на натоўп турыстаў, што з’явіўся аднекуль, і бясконцую плынь машын. Я зноў апранула зборны касцюм. Дзякуй тату за гальштук.
У пошуку асоб для гэтага эксперыменту я не магла абмінуць сваю амаль што цёзку Паўліну Мядзёлку. Педагог, культурны дзеяч, муза Янкі Купалы і тая самая першая сцэнічная Паўлінка — у гэтым спісе імпануе ўсё.
Для нашай задумкі спыніліся на пастановачным фота Мядзёлкі, зробленым у Санкт-Пецярбургу ў 1913 годзе. Менавіта ў той перыяд актрыса атрымала прызнанне за ролю Паўлінкі.
У працэсе падрыхтоўкі да здымкі я нават купіла сімпатычнае драўлянае крэсла і футравы каўнер. Сядзела перад аб’ектывам ды ўзгадвала самыя драматычныя моманты асабістага жыцця, і мы атрымалі рэзультат. Засталося прыдумаць, куды цяпер прыладзіць каўнер. А крэсла цудоўна ўпісалася ў інтэр’ер кватэры.
Нават калі вы не адразу ўзгадваеце, хто такі Май Данцыг, ягоная карціна «Мой горад старажытны, малады» з відам на Нямігу вам напэўна траплялася на вочы. Увогуле Данцыга лічаць мастаком-урбаністам, геніям месца, бо шмат ягоных прац прысвечаны Мінску.
Мы ў нейкім сэнсе падтрымалі гэтую канцэпцыю, бо здымалі партрэт у тыповым гарадскім месцы — у пад’ездзе звычайнай хрушчоўкі. Узялі здымак мастака аўтарства беларускага скульптара Яўгена Колчава, дзе на Данцыгу такі трэндавы апошнімі сезонамі чырвоны шалік.
Акуляры я знайшла дома ў шуфлядцы, а ў пошуках падобнага швэдара прыйшлося перакапаць не адну краму сэканд-хэнду. Падчас здымкі адчувала сябе не столькі таленавітым мастаком, колькі жанчынай, якіх граў Юры Стаянаў. Але вынік стаў для мяне адным з самых улюбёных фотакартак серыі. Бачу сябе на ім дужа крэатыўнай.
Дзядзька Рыгор заўжды падкрэсліваў сваю духоўную сувязь з беларускай вёскай. Мы не маглі гэта абмінуць. На арыгінальным фота, па ўсёй верагоднасці, Барадулін знаходзіцца ў родных Ушачах, каля дому маці. Так далёка мы вырашылі не ехаць, а выправіліся ў Азярцо, у Музей народнай архітэктуры і побыту.
Гэта быў першы дзень каляндарнай зімы 2025 года, вельмі цёплы. Наведвальнікаў амаль не было, і мы даволі хутка зрабілі патрэбны кадр. А вобраз складаць было няцяжка, адзінае, прыйшлося набыць чорны берэт. Цяпер у мяне іх два, бо яшчэ адзін спатрэбіўся для фота Караткевіча.
Беларуская паэтка і грамадская дзяячка Алаіза Пашкевіч паходзіла са шляхецкай сям’і і на ўсіх фотаздымках падае сябе з годнасцю. Для нашага эксперыменту мы абралі партрэт Цёткі, зроблены ў 1904 годзе, як мяркуецца, у Санкт-Пецярбургу, дзе Алаіза вучылася на настаўніцкіх курсах.
Здымка Цёткі атрымалася самай небюджэтнай з усёй серыі. Па-першае, трэба было знайсці сукенку, якая б адпавядала модзе XIX стагоддзя. Алеся падказала, што можна звярнуцца па арэнду ў касцюмерную «Беларусьфільма», што і было зроблена. Там і сапраўды атрымалася адшукаць падыходзячую сукенку ўсяго за 12 рублёў на дзень. Па-другое, прыйшлося вытрачацца на прычоску, спадзеючыся, што яна не разваліцца пад ветрам і дожджыкам, якія суправаждалі той здымачны дзень.
Хоць на фота і не бачна, я зноў узяла кнігу, звязаную з асобай, здымак якой мы рэканструявалі. Гэта раман «Крыж міласэрнасці» Валянціны Коўтун, дзе Алаіза Пашкевіч паказаная і як гістарычная асоба, і як жанчына.
Беларуская актрыса тэатра і кіно Стэфанія Міхайлаўна Станюта сыграла больш за 150 роляў, але шырокую вядомасць ёй прынеслі вобразы сталых жанчын. З гэтай нагоды мы выбралі адну з апошніх вядомых фатаграфій актрысы.
Для здымкі беларускай актрысы тэатра і кіно мы чамусьці вырашылі паехаць да Опернага тэатра, хаця Стэфанія Міхайлаўна служыла ў Купалаўскім. Справа адбывалася пасля 8 Сакавіка, на якое, дарэчы, я не атрымала ніводнай кветкі. Таму з радасцю набыла сабе ружу ў якасці рэквізіту, і потым кветка вельмі доўга стаяла ды радавала мяне сваім выглядам. Белы шалік знайшоўся ў бацькоў. Калісьці я забрала яго ў бабулі і нават паспела схадзіць у ім замуж.
У самой жа Стэфаніі Міхайлаўны было тры мужы, яна лічыла вельмі важным уменне захапляцца ды кахаць. Паводле меркавання актрысы, менавіта гэта дае моц і жаданне працаваць, жыць.
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by