531
12 июня 2025 в 12:37
Источник: Якаў Журбін. Фото: Максім Маліноўскі

Размова з легендай фолка Іванам Кірчуком — пра код продкаў, маленькіх дзетак і новы альбом

Источник: Якаў Журбін. Фото: Максім Маліноўскі

На выхадных у Дудутках пройдзе традыцыйны купальскі фолк-рок-фестываль «Свята сонца». Адным з хэдлайнераў івэнта стане галоўны маг і чараўнік беларускай этнамузыкі, выкладчык і пісьменнік Іван Кірчук. Мы скарысталіся нагодай і наведалі музыканта, каб пагаварыць пра планы, новы альбом, фальклор, а таксама пра тое, як гэта — быць маладым бацькам у 66 гадоў.

«Знакамітую шапку мне пашылі з ботаў сястры»

З Іванам Кірчуком мы сустракаемся... не, не ў музыкальнай студыі, а ў ягонай этналабараторыі, якая знаходзіцца ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ён даўно выкладае ў гэтай ВНУ і ў вялікім працоўным памяшканні змясціў многія экспанаты, што гадамі збіраў падчас экспедыцый і вандровак па Беларусі. Атрымалася экспазіцыя, прысвечаная народнаму побыту.

А пачалося ўсё напачатку 1980-х, калі, працуючы ў культасветвучылішчы, Іван Кірчук загарэўся ідэяй стварыць музейчык. З тых часоў ягоная калекцыя артэфактаў пачала папаўняцца ручнікамі, пасамі, куфрамі, адзеннем, гліняным посудам і другімі прадметамі традыцыйнага побыту. Некаторыя з іх з часам знасіліся, нешта, на жаль, скралі, аднак вялікая частка збору захавалася.

— Я нічога адмыслова збіраць не хацеў. Ручнікі, посцілкі — усё гэта з’явілася таму, што я ладзіў абрады разам са студэнтамі. А першы інструмент я атрымаў у 1995 годзе — гэта была капыльская дудка. Мне яе падарылі. Я паспрабаваў выканаць на ёй «Рэчаньку», «Купалінку» — і з гэтага ўсё пачалося, — прыгадвае суразмоўца. — А цяпер перад вамі калекцыя, якая дагэтуль папаўняецца. На сцяне можаце ўбачыць карту. На ёй адзначаны краіны, адкуль мае інструменты. Я наведаў больш за 100 фестываляў — ад Малайзіі да Чылі — і стараўся з кожнай паездкі прывозіць інструменты, на якіх пасля граў.

Што тычыцца самых буйных канцэртаў, у якіх я ўдзельнічаў разам з этнатрыа, дык гэта фестываль Пітэра Гэйбрыэла пад назвай World of Music, Arts an Dance (скарочана WOMAD — міжнародны фестываль музыкі, мастацтва і танца. — Заўв. Onlíner). Мы выступалі на ім у Англіі, Чылі, а таксама на «перадвомадзе» ў Расіі. Кажуць, калі пабываў там, можаш спакойна паміраць, лепш ужо не будзе. А мы былі там тройчы. Каб вы адчулі розніцу: на фестывалях Гэйбрыэла прысутнічала па 45 тысяч чалавек, а наша «Камяніца» калісьці максімальна збірала па 5—7 тысяч.

— Колькі вы плацілі грошай за свае інструменты?

— Я не лічыў. Штосьці каштавала даражэй, штосьці танней. Але магу сказаць дакладна: адна толькі ліра ў Беларусі зараз каштуе $950. Ці траціў я ўсе свае ганарары на інструменты? Так, такое было.

— Вы неяк сказалі, што самы музыкальны народ, які вам сустракаўся, гэта венгры. Чаму?

— Не ведаю. Мы былі ў Венгрыі на многіх фестывалях. Памятаю: разбураны замак, выходзіць спяваць нейкі дзядок — усе яму апладзіруюць. Пасля з’яўляецца рок-гурт — зноў апладысменты. Сыходзіш уніз, а тым выступае рок-бэнд накшталт нашага «Палаца». Калі бачыш такую разнастайнасць, у сэрцы шчэміць. І ты міжвольна задаеш сабе пытанне: а чаму ў нас такога няма? У нас так шмат фальклору. Столькі было гуртоў, калектываў...

Таксама ніколі не забудуся пра Іспанію. Перад адным з нашых выступаў гледачы пачалі адрывацца наўпрост падчас саўндчэка. Мы былі шакаваныя: яшчэ нічога не выконваем, а людзі ўжо танцуюць! У аднаго мужчыны збітая нага, але ён сядзіць, грукае, тупае. Беларуская музыка ўражвае замежнікаў — яна каранёвая, незвычайная.

Большасць інструментаў, прадстаўленых у этналабараторыі, Кірчук выкарыстоўваў падчас запісу альбомаў. Многія з гэтых прадметаў дагэтуль у цудоўным стане  ён сам гэта прадэманстраваў. Вось літаральна некалькі відэа.

Мы выйшлі з памяшкання, і наш герой вырашыў паказаць яшчэ адно цікавае месца — свой працоўны кабінет. Тут захоўваецца ягоны музыкальны скарб: сотні дыскаў розных гуртоў, запісаў з экспедыцый, якія ён пастаянна праслухоўвае, а таксама графіка. Колькі гадоў таму Іван Кірчук падрыхтаваў серыю выстаў уласных графічных прац. На іх музыкант паспрабаваў паказаць, як праз мастацтва бачыць сваю музыку. Выглядаюць працы наступным чынам.

У шафе акуратна развешаны канцэртныя строі. Побач ляжыць скураная шапка, упрыгожаная падвескамі. Менавіта з ёй — як і з цёмнымі акулярамі і шырокай барадой — Кірчук візуальна асацыюецца ў многіх фанаў фолка..

— Беларусы калісьці насілі шапку-мегерку з тканіны. Мне таксама такую пашылі, аднак пасля чарговых гастроляў яна засталася ў майго сябра ў Нідэрландах. Калі я вярнуўся, мне сказалі: «Без шапкі гэта ўжо не ты». У выніку мне пашылі новую — з ботаў маёй сястры. Гэта было ў 1995-м. Што тычыцца ўпрыгожанняў, то яны з’яўляліся ў залежнасці ад фестываляў, на якіх я выступаў з этнатрыа. Чалавечкі (яны з Малайзіі) адлюстраваныя на вокладцы нашага альбома «Сем». Аднаму, праўда, там яшчэ бараду падмалявалі. Ну а завяршаюць мой вобраз вось гэтыя акуляры.

— Вам, дарэчы, могуць зрабіць заўвагу: выконваеце беларускі фолк, а дзе ж ваш народны касцюм?

— Я сучасны музыкант, у мяне няма вышыванкі, а касцюмы — гэта прыдуманае. Я чалавек свету, выконваю этнамузыку, так чаму я не магу надзяваць тое, што хачу?

«Кавід у мяне быў, інфаркт — таксама. Складваць рукі на жываце пакуль рана. Праца дае інтарэс да жыцця»

— Іван Іванавіч, чым займаецеся ў апошнія гады? Якое ў вас зараз жыццё?

— Я б сказаў, што не горш, чым раней. Увесь у працы. Нават у часы кавіду ў нас за год было прыблізна 30 сольных выступаў. Гэта былі самыя розныя пляцоўкі. Выступаў нават на лецішчы: збіраліся дзве-тры сям'і і запрашалі мяне з інструментамі, лялькамі і батлейкай.

Летась, напрыклад, паказваў у Мазыры монаспектакль «Споведзь пад стрэхамі», дзе на сцэне разварочваецца жыццё чалавека — ад нараджэння да смерці. Сёлета я зноў быў у гэтым горадзе, але ўжо з музыкальнай праграмай: гучалі гуслі, ліры, смык. Ну і не будзем забывацца пра тое, што ў мяне ёсць студэнты і слухачы. За год праз этналабараторыю праходзіць больш за 2300 чалавек. Я ўсцешаны, што магу рыхтаваць розныя выступленні, ствараць новыя праграмы і эксперыментаваць з фальклорам.

Калі еду на спектакль, бяру з сабой 22 валізкі — гэта ўжо бусік. А калі на сольны канцэрт — як, напрыклад, на фестываль «Свята сонца», — вязу 8—9 інструментаў.

— А што найчасцей паказваеце дзецям? Батлейку?

— Не заўжды. Яна больш падыходзіць да зімы — да Божага Нараджэння. У мяне ёсць маскі з ручкамі, ёсць лялькі, якія прывязваюцца да нагі і пачынаюць скакаць. Іх зрабіў майстар Віктар Дудкевіч з Глыбокага. Таму, паўтаруся, батлейку бяру не заўжды, хаця Дудкевіч змайстраваў для мяне разборную версію, якая лёгка змяшчаецца ў багажніку машыны. Дзецям наогул вельмі цікавыя розныя шумавыя музыкальныя інструменты. У канцы выступленняў я часта іх раздаю — і тады пачынаецца: нехта шабуршыць, хтосьці стукае, а я ў гэты час спяваю.

— А наколькі вам самому цікава даваць камерныя канцэрты і спектаклі, калі за плячыма ўдзел у буйных фестывалях з тысячамі гледачоў?

— Але я і зараз выступаю на добрых сцэнах з якасным гукам. Як вам сказаць... Бывае так, што акцёр усё жыццё выконвае толькі ролю бандыта. А ў мяне ёсць магчымасць і сольна сыграць, і сольна праспяваць. Камерны фармат мне таксама блізкі. Я магу падысці да гледача, паказаць інструменты, расказаць пра кожны. А калі ты стаіш на вялікай сцэне, не кожны да цябе падыдзе. У мяне быў цудоўны творчы кантакт з Лошыцкім паркам. Я выступаў у сядзібе, крэслы стаялі вельмі блізка, і дзеці ўсё добра бачылі. У іх вачах было сапраўднае здзіўленне: «Гэта такія нашы беларускія інструменты?!» І мне ад гэтага было прыемна.

Мы, дарэчы, займаемся не толькі канцэртамі — яшчэ і кнігі выдаём. Ужо выйшла мастацкае выданне [па-руску] «Города восхождений», «Варажбіт», а таксама манументальная праца пра абрады і музыкальныя казкі «Кветка Перуна», якую я падрыхтаваў разам з жонкай Кацярынай. За гэтае выданне я вельмі ўдзячны фірме «Рэгула» — яны пачулі па радыё, што я шукаю грошы на кнігу, і вырашылі дапамагчы.

А зараз мы плануем выпусціць серыю кніжачак у жанры фолк-фэнтэзі. Яны будуць звязаныя з музыкальнымі інструментамі і прысвечаныя памяці народных майстроў. Напрыклад, у мяне ёсць калекцыя прац Уладзіміра Мініна — кераміста з Міра. Ён пайшоў з жыцця, і ягоная жонка хацела выкінуць свістулькі, аднак прапанавала іх мне. Я з'ездзіў, усё забраў, зрабіў фота і відэа — і цяпер гэтыя інструменты захоўваюцца ў мяне. Прычым яны добра гучаць — на іх можна граць.

— Цікава. А наколькі вам камфортна выступаць аднаму, а не ў складзе гурта?

— Мне камфортна і так, і так. У другой палове 1990-х я адзін паехаў у Боснію і Герцагавіну, узяў з сабой і батлейку, і маску, і інструменты... Атрымалася цудоўна. Калі застаешся сам на сам з сабой, можна рукі на жывот скласці. Аднак час гэты яшчэ не прыйшоў. Кавід у мяне быў, інфаркт — таксама, і ў пэўны момант я задумаўся: усё, рабіць больш нічога не буду. Аднак музыкант мусіць працаваць. Калі будзе праца, будзе і інтарэс да жыцця.

— Дарэчы, пра вашу музыкальную працу. Вы нядаўна запісалі альбом у Канадзе. Раскажыце падрабязней пра гэты праект.

— Летась мяне запрасіў сябар у Канаду. Ён падрыхтаваў для мяне чатыры пляцоўкі ў Таронта, Манрэалі, Атаве, на якіх я выступіў з монаспектаклем «Варажбіт» — як для беларусаў, так і для канадцаў. Выступіў паспяхова, мяне вельмі добра прынялі. Пасля мы неяк сядзелі, размаўлялі, і ў мяне спыталі: «А чаго б табе яшчэ хацелася, Іван?» Кажу: «Ёсць вельмі прыгожыя рэкруцкія спевы. Сёння, на жаль, у розных куточках свету ідзе вайна. І мне хацелася б запісаць песні, якія калісьці выконвалі мужчыны». Рэч у тым, што Пётр I увёў бестэрміновую воінскую павіннасць (пры Екацярыне II яе скарацілі да 25 гадоў. — Заўв. Onlíner). Уявіце сабе, колькі ўсяго чалавек перажываў за гэты час акрамя вайны: прыгадваў дзяцінства, матулю, хлеб, калыханкі!

Маю ідэю падтрымалі. Я сабраў каля 18 народных песень, якія былі запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі, і адправіў іх у Канаду кампазітару Васілю Гусакову і музыканту, прадзюсару Зміцеру Леановічу. Наш беларуска-канадскі праект атрымаў назву «3МЫ». Запіс адбыўся ў лютым. На мой погляд, у нас атрымалася запісаць восем моцных песень. Яны ўжо выкладзеныя ў інтэрнэце, іх можна паслухаць. Мне праца над дыскам спадабалася, таму што гэта нейкі іншы падыход да народнай песні. Для мяне ён быў новым, для Васіля і Зміцера — таксама.

Набыць дыскі можна будзе ў «Акадэмкнізе». Зараз іх няшмат, аднак у наступным месяцы абяцаюць падвезці яшчэ.
Іван Кірчук на абрадзе «Юраўскі карагод», 2024 год

— Год таму мы сустрэлі вас на абрадзе «Юраўскі карагод» у Жыткавіцкім раёне. Ці працягваеце вы, як і раней, актыўна вандраваць па краіне, слухаць і запісваць народныя песні?

— Калі чалавек сталее, ён робіцца больш мудрым і знаходзіць час на тое, што яму патрэбна для жыцця. Мне гэта цікава. Дарэчы, у маёй кнізе «Кветка Перуна» ёсць тая бабуля (Кацярына Панчэня — мясцовая жыхарка, якая захавала абрад «Юраўскі карагод». — Заўв. Onlíner), якая, на жаль, ужо не прымала ўдзел у гэтым абрадзе. А я з ёй сустракаўся яшчэ падчас здымак украінска-беларускай кінастужкі «Код продкаў» (дакументальны фільм, выйшаў у 2020 годзе. — Заўв. Onlíner). Я праехаў па Беларусі, спявачка Каця Chilly — па Украіне, а пасля мы сустрэліся і падзяліліся думкамі, ці знайшлі мы код продкаў. Мы яго, безумоўна, не знайшлі, але падчас здымак былі вельмі цікавыя сустрэчы з людзьмі. У выніку фільм атрымаў «Саламянага зубра» на кінафестывалі «Лістапад».

Экспедыцыі былі пастаянна, і ў мяне захаваліся дарагія для мяне ўспаміны пра бабуль, з якімі я сустракаўся. Перад кожным канцэртам я саджуся і дзякую ім за тое, што яны для нас усе гэтыя спевы захавалі. А маглі гэтага не рабіць. Здаралася, прыедзеш, а яна кажа: «Сынок, не да песень мне. Столькі дзяцей, унукаў, але ніхто не прыязджае. На хутары дажываю». Не ўсе пяюць. Аднак калі я вывучаў усё гэта, было адчуванне, быццам перад табой куфар са скарбамі адкрыўся. Першая экспедыцыя адбылася ў 1982—83 гадах у Любанскім раёне, у вёсцы Сарачы, і песні, запісаныя там, я выконваю дагэтуль. Яны ўвайшлі ў альбом-аўдыяспектакль «Варажбіт».

Народныя песні настолькі моцныя, што падчас канцэртаў некаторыя дрыжаць і плачуць, а пасля пытаюцца: «А што гэта вы з намі зрабілі?» Адказваю: «Нічога. Песні спяваем».

— Зразумела, што ў 1980-х яшчэ жыло пакаленне, якое было носьбітам гэтых песень. А зараз такіх людзей яшчэ можна сустрэць?

— Раней таксама казалі, што фальклору ўжо няма. Але як няма?! Народная мудрасць, традыцыі існуюць. Прыязджайце на фестываль і вы пабачыце прадметы з саломы і гліны. Традыцыя працягваецца. Продкі не дапусцяць, каб яна знікла. Так і з фальклорам. Ён будзе існаваць, проста крыху ў іншым выглядзе. І гэта зразумела: змяняецца час, змяняецца энергія і пульсацыя зямлі. Пры гэтым аснова застаецца.

— Калі б была магчымасць, куды б зараз паехалі ў экспедыцыю?

— У Лідскі раён, у вёску Крупкі. Там жыла бабуля, чыю песню я ўключыў у «Варажбіт». Ёй было 96 гадоў, і яна цэлую гадзіну мне спявала.

Калі раней экспедыцыя нагадвала бег калекцыянера, дык з узростам я стаў кожную песню прапускаць праз сябе.

Мне здаецца, яшчэ ёсць закуткі, куды мы не даехалі. Ёсць яшчэ што запісваць. Ну і трэба разумець, што бабулі не заспяваюць адразу песню, якая будзе сапраўдным брыльянтам. Калі прыехаў да іх, з імі трэба пасядзець, пагутарыць і ледзь не стаць для іх родным чалавекам. І вось тады з глыбіні душы выйдзе сапраўдная філасофія жыцця.

— Чуў, што вам не вельмі падабаецца знакаміты абрад «Конікі» ў ягоным сённяшнім выглядзе, які праводзяць у Давыд-Гарадку.

— Калі здымалі фільм «Код продкаў», мы ўбачылі ўсяго толькі аднаго коніка (галоўны герой абраду. Ён узначальвае каманду, якая ходзіць па дварах і шчадруе. Адначасова такіх каманд у Давыд-Гарадку можа быць да дзесяці. — Заўв. Onlíner). Астатнія — Фантамас, Чабурашка і гэтак далей. Але я не магу сказаць, што мне там не спадабалася. Я бы проста пасадзіў усіх кіраўнікоў каманд і сказаў: «Хлопцы і дзяўчаты, была такая традыцыя, давайце зробім, умоўна кажучы, 100 конікаў, а пасля няхай ідзе Фантамас». Ну і яшчэ адзін момант — гэта спіртное. Мне казалі: «Гэта традыцыя». Аднак якая гэта можа быць традыцыя, калі я раней сустракаўся з дзядамі на Палессі і яны мне казалі, што падчас абрадаў не пілі. Усе дары збіралі на воз і везлі далей. Ну не заўжды так было. Мне здаецца, усё проста перавярнулася з ног на галаву.

Здесь супермен отрывается с конем. Побывали на самом крутом белорусском карнавале.

— У вас, дарэчы, у самога ёсць песня на алкагольную тэматыку — «Сем чарак». Дзе яе запісалі?

— Ужо і не прыгадаю. У нейкай бабулі. Здаецца, на Палессі. У песні перадаецца наступная інфармацыя: адну чарку п'еш, каб пасмялеў, другую — каб павесялеў, трэцюю — каб пахмялеў, у выніку п'яным стаў, але паспяваў і паскакаў. Гэта праграма. Не проста «между первой и второй я в салатик головой». Мне здаецца, яна жартаўлівая. Аднак кожная песня ўсё роўна мае свой філасофскі падмурак.

Пра папулярнасць Кадышавай і моладзь

— У моладзі, у тым ліку беларускай, зараз стала папулярнай Надзея Кадышава. Як ставіцеся да падобнага?

 Гэта, відаць, узровень культуры і густу. Я не кажу, што яна мне не падабаецца. Аднак я за тое, што заўжды павінна быць альтэрнатыва, якой няма. Павінны быць, напрыклад, тыя ж «Песняры» і паралельна — бабулі, якія маглі б прыязджаць і выступаць у Мінску. У мяне былі слухачы, якія прыехалі да мяне праз некалькі гадоў пасля заняткаў і сказалі: «Іван Іванавіч, мы зрабілі ўсё, як вы вучылі, аднак мясцовыя прыйшлі і сказалі: „Хто ў вас там у прылазніку вые?“» Я кажу: «Стоп. Пасадзіце гурт на сцэну, раскажыце, хто яны і якія песні спяваюць. І чым больш вы раскажаце, тым цікавей будзе. А тых, хто крычаў, саміх трэба ў прылазнік. Яны пакуль не гатовыя». Усё трэба тлумачыць. Але моладзь у нас нядрэнная. Яны ж часта ў мяне бываюць. І былі студэнты, якія прыходзілі на заняткі па суботах. Я іх не прымушаў, ім самім было цікава. 

— Калі народную песню выконваюць як папсу, для вас гэта нармальна?

— Сёння гэта норма. У выканаўцы Звенты Свентаны ёсць кампазіцыя «На гары мак», і ў яе больш за мільён праглядаў на YouTube. За кошт чаго? Дзякуючы ўпрыгожанням, прычоскам, сучаснай харэаграфіі і пластыцы. І калі ў яе спыталі, навошта яна гэта зрабіла, то яна адказала: «А як яшчэ зацікавіць моладзь?» Сапраўды, чаму б і не?

«Я малады бацька — у мяне тры маленькія дзіцяці»

— Пра ўзрост казаць не хочацца, але ў гэтым годзе...

— Мне споўніцца 67.

— Па дакументах вы ўжо пенсіянер.

— Так, я працую, але ў мяне тры маленькія дзіцяці: ім 5, 8 і 11 гадоў. Я малады бацька яшчэ.

— Раскажыце, як гэта — стаць бацькам пасля 60 гадоў?

— У майго дзеда Тамаша было 14 дзяцей. Сярод іх — мая маці. У мяне яшчэ ёсць два старэйшыя сыны. А гэтая мая сям'я— апошняя. З Кацяй мы за 10 гадоў нарадзілі трох дзетак. Так што пра пенсію я не думаю. Дзеці, дарэчы, прыедуць паслухаць бацьку на «Свята сонца».

— А як яны ставяцца да музыкі?

— Ходзяць у музыкальную школу. Але тое, што я раблю, яны пакуль не разумеюць. Яны яшчэ маленькія. Аднак ведаюць, што тата — вядомы музыкант.

— У вас ёсць план на бліжэйшую будучыню?

— Я б хацеў арганізаваць свой музей. Час ідзе, і вы нездарма спыталі пра ўзрост. Рознае здараецца. Былі музыкі, якія калекцыянавалі інструменты, а калі памерлі, іхнія чахлы і валізкі пачалі штурхаць нагамі. Сваякі не ведалі, што з гэтым рабіць. Частку экспанатаў я падарыў БДУКІ ў знак падзякі за тое, што стварылі тут вось такую прыгажосць, але гэта яшчэ не ўсё. У мяне яшчэ ёсць інструменты, якія пазней я б падарыў гораду. Разам з маім дырэктарам Андрэем Радзівонавым мы прагледзелі шмат памяшканняў з нулявой арэндай, аднак там трэба рабіць такі рамонт, што не хочацца нават за гэта брацца. Але гэта неабавязкова павінен быць музей Кірчука. Я б стварыў які-небудзь этнацэнтр, каб усім зборам маглі карыстацца зацікаўленыя. Разумею, што гэта складана, аднак калі знойдзецца зацікаўлены чалавек, спонсар, я б з радасцю ажыццявіў гэтую ідэю.

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перепечатка текста и фотографий Onlíner без разрешения редакции запрещена. ga@onliner.by