17 304
29 ноября 2024 в 14:30
Автор: Тарас Щирый

Адгадайце пісьменнікаў па іх псеўданімах. Наш новы тэст

Автор: Тарас Щирый

Сёлета ў мінскім выдавецтве «Тэхналогія» выйшаў грунтоўны энцыклапедычны слоўнік-даведнік, прысвечаны беларускім псеўданімам і крыптанімам. Ягоны аўтар — літаратуразнавец, фалькларыст і энцыклапедыст Янка Саламевіч — доўгі час працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», але паралельна на працягу жыцця вывучаў псеўданімы нашых пісьменнікаў і журналістаў і ў 1983 годзе выдаў свой першы слоўнік. На жаль, у 2012-м Янкі Саламевіча не стала, але ягоную працу працягнулі сваякі. І выдалі велізарную кнігу на 700 старонак, у якой змешчана больш за 20 000 псеўданімаў і крыптанімаў.

З нагоды выхаду кнігі мы падрыхтавалі тэст. Ваша задача вельмі простая — адгадайце аўтараў па іх псеўданімах. Фотаздымкі выкарыстаны ў якасці дадатковых ілюстрацый і падказкамі не з'яўляюцца. Пачынаем!

Чым унікальная гэтая кніга?

Сваім водгукам з Onlíner падзялілася Тэрэза Голуб — беларускі літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага.

— Унікальнасць кнігі, тытанічнасць працы даследчыка, безумоўна, раскрывае яе змест. Але немалаважным пры гэтым з’яўляецца веданне гісторыі яе напісання. Мінула 63 гады з таго часу, калі Іван Уладзіміравіч распачаў навуковую працу па зборы, вывучэнні і расшыфроўцы псеўданімаў пісьменнікаў. Першыя вынікі даследавання ў сістэматызаваным выглядзе былі прадстаўлены праз 22 гады ў кнізе «Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)». І гэта была сапраўдная падзея! — прыгадвае Тэрэза Станіславаўна. — У беларускім літаратуразнаўстве такога тыпу выданне было ажыццёўлена ўпершыню. Яно адразу стала запатрабаваным сярод шырокай чытацкай аўдыторыі — даследчыкаў літаратуры, гісторыі, фальклору, выкладчыкаў, студэнтаў, а таксама і саміх пісьменнікаў, выдаўцоў, прадстаўнікоў розных творчых прафесій.

Янка Саламевіч да апошніх гадоў жыцця працягваў займацца распачатай ім даўно працай, а гэта — амаль тры дзесяцігоддзі. Дзякуючы намаганням спадкаемцаў назапашаныя звесткі даследчыка не засталіся ў архівах. Перавыдадзеная і значна дапоўненая кніга «Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI–ХХ стст.): энцыклапедычны слоўнік-даведнік» яскрава сведчыць пра багатую колькасць сабранага навукоўцам матэрыялу.

Гэтая кніга Саламевіча — адзіная сістэматызаваная праца, збор беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў больш чым за чатыры стагоддзі!

Эксперт падкрэслівае: калі ў першым выданні аўтар падаў 4000 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў, то ў новым іх колькасць складае 20 250. Даведнік істотна павялічыўся дзякуючы расшыфроўкам псеўданімаў сучасных аўтараў. Сярод іх — Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Адам Глобус, Алесь Аркуш, Зміцер Вішнёў і многія іншыя. Акрамя таго, Янка Саламевіч узбагаціў звесткі пра подпісы аўтараў, чые псеўданімы расшыфраваў для першага выдання. Каштоўным з’яўляецца і тое, што прыводзяцца крыніцы, паводле якіх даследчыку стаў вядомы той ці іншы подпіс і яго ўладальнік.

— Новая кніга Янкі Саламевіча — унікальнае выданне ў гісторыі беларускай літаратурнай навукі, у гісторыі айчыннага кнігадрукавання. Багацейшая скарбонка інфармацыі і ведаў, крыніца не толькі для нараджэння і распрацоўкі новых шматаспектных навуковых тэм, але і для духоўнага ўзбагачэння, — дадае Тэрэза Голуб.

Чытайце таксама:

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by