16 653
03 декабря 2023 в 8:00
Источник: Тарас Шчыры. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Відэа: Раман Пастэрнак, Мікалай Чубенка. Мантаж: Мікалай Чубенка. Фото: Настасся Чубенка, Тарас Шчыры

«Вось дзяўчыне вочкі, каб былі яскравыя ночкі». Пабывалі на незвычайным абрадзе 18+, пра які вы маглі нават не чуць

Источник: Тарас Шчыры. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Відэа: Раман Пастэрнак, Мікалай Чубенка. Мантаж: Мікалай Чубенка. Фото: Настасся Чубенка, Тарас Шчыры

Сапраўдныя фанаты вандровак па Беларусі дакладна чулі пра аграгарадок Скірмунтава: побач знаходзіцца найвышэйшая кропка краіны — гара Дзяржынская. Але вядомая вёска не толькі гэтым. Мясцовыя жыхары здолелі захаваць незвычайны абрад «Ката пячы» і ўжо не першы год — з песнямі, жартамі і гульнямі — ладзяць яго ў мясцовым доме культуры. Мы пабывалі на ігрышчы, пакаштавалі ката і падрыхтавалі атмасферны рэпартаж пра тое, як людзі шануюць і берагуць традыцыю.

Адкуль узяўся гэты абрад і хто яго праводзіць?

«Ката пячы» — выключна рэгіянальная з'ява, якая яшчэ ў мінулым стагоддзі ў розных варыяцыях была распаўсюджана на Міншчыне. Напярэдадні Піліпаўскага (Каляднага) посту, які пачынаецца 28 лістапада, людзі збіраліся ў вялікай хаце і праводзілі  ігрышча — з гульнямі, песнямі і танцамі. Яшчэ ў 1970-х гадах у ката гулялі незамужнія дзяўчаты ў вёсцы Старынкі, што ў Вілейскім раёне. Аднак традыцыя знікла і, відаць, захавалася толькі ў Скірмунтаве.

Да гэтага спрычынілася мясцовая жыхарка — стваральніца народных ансамбляў Соф'я Рэдзько. Яна паходзіла з суседняй вёскі Якуты і памятала, як у ката калісьці гулялі яе бацькі, аднавяскоўцы, а таксама жыхары ваколіц. У выніку разам з паплечнікамі яна адрадзіла традыцыю, а цяпер «Ката пячы» разам з аднадумцамі ладзіць ейная нявестка — загадчыца аддзела культуры і вольнага часу мясцовага СДК Наталля Рэдзько.

— Разам з Соф'яй Адольфаўнай мы некалі працавалі ў доме культуры і першапачаткова паставілі праграму «Вечарынка ў вёсцы», — прыгадвае суразмоўніца. — У межах гэтай праграмы яна навучыла нас разнастайным песням і танцам, якія мы выконваем і дагэтуль. Пасля нас запрасілі на тэлепраграму «Запрашаем на вячоркі», і потым яна сказала: «Дык у мяне ж яшчэ ёсць праграма!» Тады і распавяла пра ката. Было гэта ў 1987 годзе. Мы зацікавіліся, запісалі песні, жарты, і ў выніку атрымаўся цудоўны абрад.

Спачатку з абрадам на шырокую прастору не выходзілі — пра яго ведалі пераважна мясцовыя. Але як толькі пра яго даведалася прэса, у Скірмантава паехалі і журналісты, і турысты. Гэтым разам у госці завітаў фальклорны гурт «Скарбніца традыцый».

Зразумела. А які сэнс у гэтым ігрышчы?

Наталля Рэдзько называе ката апекуном сямейнага дабрабыту, шчасця і пладавітасці. У беларускай міфалогіі кот нярэдка паўстае як адмоўны персанаж, але ў Скірмантаве любяць казаць, што ў іх коцік руды, як сонейка, і чорнага — злога — гоніць прэч. На ігрышчы збіраліся як дарослыя, так і моладзь. З той прычыны што ўжывалі алкаголь, дзяцей не было. Жанатыя/замужнія проста адпачывалі, а вось адзінокіх хлопцаў і дзяўчат намагаліся звесці. «У нас нават ёсць пары, якія пазнаёміліся падчас ігрышча і пасля пабраліся шлюбам. Як бачым, абрад гэтаму спрыяе», — падкрэслівае спадарыня Наталля.

Прастора, у якой адбываецца абрад, сімвалізуе сялянскую хату. Як ужо зразумела, галоўны герой — гэта кот. Яго адмысловым чынам пякуць, вушкі робяць з сала, вочкі — з сушаных чарніц ці шыпшыны, раток фармуюць з яблык, а хвост — са свойскай каўбасы. Калі ў доме збіраліся госці, усе пачыналі весяліцца, танцаваць і пыталіся ў гаспадароў: «Ну калі ўжо кот будзе гатовы?»

Раней гульня праходзіла ў доме Соф'і Рэдзько, цяпер — у доме культуры

Тады ката выносяць, падвешваюць пад самую столь, і тут пачынаецца самае цікавае — гульня з ім.

Чалавек мусіць падскочыць і адкусіць кавалачак. Калі не атрымалася, ён павінен выканаць фант — заданне. Ну напрыклад, спець, станцаваць ці паўдзельнічаць у якой-небудзь вясёлай гульні. «Пост наперадзе ж — пагуляць трэба», — усміхаецца спадарыня Наталля.

Усе сядаюць за стол. Свацця, якая вядзе рэй на ігрышчы, дзеліць ката паміж усімі ўдзельнікамі і кожнаму складае зычэнні. Часам даволі далікатныя.

— Кожны кавалачак штосьці азначае, — кажа Наталля Юшкевіч, якая падчас абраду выконвае ролю свацці. — Пачынаем з галавы, бо галава — гэта гаспадар і гаспадыня, якія нас чакаюць і накрываюць нам стол. На галаве, калі вы бачылі, ёсць вушкі. І вушкі [даём], каб муж не хадзіў да падружкі. На галаве таксама ёсць шчочкі. Адну дару жанчыне, каб яе любіла дочка, а другую — маладой жанчыне, якая, магчыма, толькі выйшла замуж: зычу, каб у яе хутчэй нарадзіўся сыночак. А вочкі я даю маладой дзяўчыне (якая на выданні), каб ёй пашанцавала і ў яе былі яскравыя ночкі. І так далей. Лапкі, напрыклад, дару жанчынкам, каб муж заўжды быў ля хаткі. А вось бачок — мужчыне, каб быў здаровы як бычок.

Кот — гэта ахоўнік сямейнага дабрабыту, і кожная частачка, паўтаруся, штосьці азначае.

З той прычыны што самотных імкнуліся пазнаёміць, кожная гульня таксама мае падтэкст. Самай незвычайнай падаецца забаўка, калі жанчына кладзецца спінай на састаўленыя зэдлікі, і два мужчыны, нібы пілуючы бервяно, пачынаюць рабіць ёй масаж падушкай: ад ног і да шыі.

— Гэта не масаж, — усміхаецца Наталля Юшкевіч. — Гэта называецца «габляваць жанчыну». Для гэтай гульні выбіралі ўжо замужнюю жанчыну. Такую дзёрзкую, языкастую, каб яе крышачку прагабляваць, так бы мовіць, прыдаць ёй форму.

А як ставяцца да гэтага абраду эксперты? Яго прымаюць?

Так. Прычым летам 2017 года абрад «Ката пячы» ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Жыхароў Скірмантава нярэдка запрашаюць правесці ігрышча ў іншых населеных пунктах Беларусі, і яны нават адаптавалі абрад для дзяцей. «„Ката пячы“ стаў брэндам нашага аграгарадка, і праз гэты абрад пра нас ведаюць. Нас паказвалі па тэлебачанні, мы шмат выступалі з абрадам за межамі раёна. Рэклама ў ігрышча добрая», — кажа Наталля Рэдзько. Яна ўпэўнена, што абрад ужо не знікне, яго працягне ладзіць моладзь.

Калі хочацца адчуць сапраўдную атмасферу ігрышча, варта дакладна ехаць у Скірмантава — ад Мінска ўсяго 40 кіламетраў. Гасцям тут заўжды рады.

Чытайце і глядзіце таксама:

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by