2708
30 ноября 2022 в 14:48
Источник: Вольга Высоцкая, Вікторыя Голубева. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская

Запэўніваем, дадаём эмоцый і прыцягваем увагу. 5 груп слоў-памагатых

Источник: Вольга Высоцкая, Вікторыя Голубева. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская

Тым часам выпускі рубрыкі «Беларускія шпаргалкі» працягваюцца. Мова, і асабліва жывая гаворка, не можа абыходзіцца без пабочных слоў ці канструкцый, якія дапамагаюць пазначаць крыніцу паведамлення, выказваць свае адносіны да нейкіх падзей, афармляць і структураваць думкі, а таксама запаўняць непазбежныя паўзы. Само сабой, злоўжываць такімі сродкамі не варта, але і без іх, здараецца, выказванню нестае важных сэнсавых акцэнтаў.

Усе правілы адносна гэтых слоў і канструкцый мы не размяшчалі на картках, але, калі вам цікава, можаце азнаёміцца з імі ў тэксце.

Коратка пра пунктуацыю пры пабочных словах/канструкцыях

Напэўна, многія яшчэ са школьных часоў памятаюць, што пабочныя словы і канструкцыі заўсёды аддзяляюцца коскамі (бывае, дарэчы, што можна выкарыстаць і працяжнікі — калі ёсць падставы для лагічнага або інтанацыйнага падкрэслівання). Коска патрэбна ў тым ліку тады, калі згаданыя канструкцыі сустракаюцца ў сказе і ідуць адна за адной; калі пабочнае слова стаіць пасля злучніка (злучальнага слова).


То-бок, паставіўшы коскі, у большасці выпадкаў вы не памыліцеся.


А цяпер пра некаторыя нюансы. У выпадках кшталту «а значыцца», «а наадварот», «а інакш кажучы» пасля злучніка «а» можа не ставіцца коска (калі ўтвараецца цэласнае спалучэнне і выкінуць пабочнае слова не атрымаецца, бо страціцца сэнс сказа); таксама не разрываюцца з пабочным словам узмацняльная часціца «і», іншыя часціцы, якія стаяць пасля пабочнага слова («і сапраўды», «пэўна ж»).


Часам можна пабачыць і неадасобленыя пабочныя словы/канструкцыі. У такіх выпадках яны трапляюць у склад іншых адасобленых канструкцый/членаў і знаходзяцца ў пачатку або ў канцы такіх зваротаў («Узімку догляд за архідэямі, безумоўна цеплалюбнымі, ускладняецца»; «У цемры Віця, паслізнуўшыся на лядку няйначай, шлёпнуўся на спіну»).

А чаму адно і тое ж слова калісьці адасабляецца як пабочнае, а часам мы бачым яго без косак?

Таму што такія словы могуць не толькі выступаць у якасці пабочных, але і выконваць іншыя функцыі — напрыклад, выказнікаў (як словы «можа», «здаецца», «відаць» і інш.), акалічнасцей (двайныя агенты — гэта «магчыма», «нарэшце», «дарэчы», «наогул», «сапраўды» і інш.), злучнікаў («аднак», «у прыватнасці» і інш.). На прыкладах будзе больш зразумела:

  • «Можа, яна ўправіцца з праектам да 31 снежня» (пабочнае слова) і «У якім выпадку яна можа ўправіцца з праектам да 31 снежня?» (частка выказніка).
  • «Ты выключыў прас, дарэчы(пабочнае слова) і «Падарунак мы падрыхтавалі дарэчы» (акалічнасць).
  • «У Белавежы бачылі зубра, казулю, ваўка і, нарэшце, мядзведзя» (пабочнае слова) і «Нарэшце дачакаліся: снегу падсыпала» (акалічнасць).
  • «Сведкі звярнулі ўвагу, у прыватнасці, на адну неадпаведнасць» (пабочнае слова) і «Для цэласнага вобразу актрысы замовілі яшчэ пару рэчаў, у прыватнасці чорную камізэльку і пальчаткі» (злучнік).

Пры падрыхтоўцы выпуску мы выкарыстоўвалі наступныя крыніцы:

  • «Даведнік па літаратурнай праўцы. Арфаграфічны, пунктуацыйны, лексічны, марфалагічны, сінтаксічны, тэхнічны ўзроўні» (П. Жаўняровіч);
  • Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі);
  • «Жывая мова» (Ю. Бушлякоў).
Onlíner рекомендует
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка