9748
16 марта 2022 в 18:35
Автор: Дарья Спевак

Хірургі адначасова працавалі цырульнікамі. Як развівалася медыцына на Беларусі

Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Сёння раскажам пра тое, як лячыліся нашы продкі і як развівалася медыцынская адукацыя на беларускіх землях. Ці лячылі зубы? Як абыходзіліся з пераломамі і ставіліся да інтымнага здароўя? Ці былі сітуацыі, падобныя да пандэміі каранавіруса? Пра гэта і не толькі распавядзём у сённяшнім займальным тэксце.


Даведацца аб лячэнні продкаў ды распавесці пра некаторыя дзівосы нам традыцыйна дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.

Урачы без адукацыі і сала ў аптэках

Увогуле, спакон веку нашыя продкі «лячыліся» дзякуючы рознага кшталту чараўнікам, знахарам, траўнікам і шаптунам, якія збіралі зёлкі, рыхтавалі настоі ды ведалі заклінанні. Вядома, даўно ўжо існавалі працы антычных медыкаў, якія пісалі на аснове сваіх заключэнняў, — напрыклад, Гіпакрат.

— Каля XIII стагоддзя ў ВНУ Заходняй Еўропы сталі з’яўляцца медыцынскія факультэты, дзе рыхтавалі, як мы цяпер скажам, урачоў агульнай практыкі. Асобна існавалі фармацэўты і хірургі. Што цікава, часцяком (як і пасля ў ВКЛ) апошнія сумяшчалі сваю дзейнасць з цырульніцкай. А што, там і там карыстаешся вострымі прадметамі! — расказвае Дар’я.

У гэты час толькі пачынала фарміравацца дзяржаўнасць, сваіх універсітэтаў у нас не было. Адзінае, што некаторыя «ўрачы» (невядома, ці мелі яны медыцынскую адукацыю) дапамагалі князям папраўляць здароўе.

— Летапіс захаваў гісторыю пра тое, як Ягайла паламаў нагу на паляванні і ў такім становішчы яму на дапамогу прыйшлі ўрачы, — адзначае Гардзейчык.

Узровень медыцыны язычніцкіх часоў мы можам вызначыць дзякуючы раскопкам — археолагі знаходзілі шкілеты з відавочна дэфармаванымі касцямі і трансфармаванымі чарапамі.

— Дзякуючы гэтаму навукоўцы робяць высновы, што ў ВКЛ былі ўрачы-самавукі, якія нейкім чынам праводзілі хірургічныя маніпуляцыі, — гаворыць Дар’я.

Да XV—XVI стагоддзяў заходнееўрапейская канцэпцыя распаўсюдзілася і на ВКЛ. На нашых тэрыторыях таксама сталі з’яўляцца медыкі, якія навучаліся ў замежных ВНУ. Тут можна згадаць і лёс Францыска Скарыны, які атрымаў ступень доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце.

— У 1506 годзе ў Вільні адкрылася першая аптэка. Яе стварыў асабісты ўрач вялікага князя Аляксандра Аляксандр Палінскі. Хутка пасля гэтага Сігізмунд І Стары ўсталёўвае кантроль над аптэкамі, каб інспектаваць вытворчасць лекаў. Далей аптэкі вызваляюцца ад падаткаў, і там дазваляецца гандляваць травамі, каменьчыкамі, сушанымі частачкамі жывёл, змяіным ядам, салам і ўсялякімі замежнымі таварамі кшталту мыла і вострых прыпраў. Таксама там можна было прадаваць спірт, — распавядае наша суразмоўца.

Але ж на той час аптэкары не атрымлівалі спецыяльнай фармацэўтычнай адукацыі — яны праходзілі падрыхтоўку, падобную да рамеснікаў, якія пераймалі досвед майстроў. Адзінае адрозненне: для навучання ў аптэчнай майстэрні патрабавалася веданне латыні, каб можна было зразумець змест рэцэпта.

Кровапусканне, кесарава і стаматалогія

Што да хірургаў-цырульнікаў, з XVI стагоддзя такое сумяшчальніцтва набыло пікавую распаўсюджанасць, а ўрачы з медыцынскай адукацыяй пагардліва ставіліся да такіх універсалаў.

— Але ж і ў іх саміх было рыльца ў пушку: да XVIII стагоддзя панаваў традыцыйны падыход да медыцыны, да яе выкладання і вывучэння ў еўрапейскіх ВНУ. Студэнты вывучалі Гіпакратавы тэорыі кшталту той, што ўсе хваробы ўзнікаюць праз дысбаланс чатырох вадкасцей у чалавечым арганізме — крыві, жоўці, чорнай жоўці і макроты, — усміхаецца спікер.

Але ж завяршым пра дзіўных урачоў-універсалаў. Чым, уласна кажучы, займаліся хірургі-цырульнікі? Напрыклад, кровапусканнем.

— Тады гэта быў папулярны від «лячэння»: лічылася, што калі выпусціць трошкі крыві, то нібыта аднаўляецца баланс арганізма і жыць становіцца лепей, — адзначае Дар’я.

Таксама гэтыя спецыялісты вырывалі зубы. Вядома, што стаматалогіі ў адэкватным яе разуменні не было. Людзі, хворыя на зубы, мелі два варыянты: або пайсці да бабкі-шаптухі і загаварыць зуб, каб не балеў, або проста вырваць яго з коранем і забыцца.

— Пасля раскопак магіл гэтага перыяду археолагі маглі знайсці шкілеты дарослых з парачкай зубоў — і гэта было ўжо няблага, — дадае яна.

Таксама хірургі-ўніверсалы лячылі язвы, раны і абсцэсы, выпраўлялі пераломы і нават ампутавалі канечнасці. Акрамя таго, яны браліся за «тэрапію» розных дэрматалагічных і венералагічных захворванняў — выразалі і адкрывалі болевыя кропкі.

— Атрымліваецца, яны сумяшчалі хірургію, цырульніцкае майстэрства, дэрматалогію, траўматалогію і венералогію — такія майстры на ўсе рукі, — кажа Гардзейчык. — Акрамя таго, яны яшчэ маглі зрабіць і кесарава сячэнне, але ж такая аперацыя немінуча завяршалася смерцю парадзіхі, затое дзіця выратоўвалі.

Увогуле, хірургічныя ўмяшанні таго часу мелі высокі лятальны працэнт, таму што ўмовы не спрыялі паспяховаму завяршэнню маніпуляцый: антысанітарыя, адсутнасць антысептыкаў і наркоза і г. д.

Адносна нармальнае развіццё медыцыны (прыблізна ў тым сэнсе, у якім мы зараз яе разумеем) пачынаецца з эпохі Адраджэння — з XVI стагоддзя, калі ў грамадства ўжо прасочваюцца гуманістычныя ідэі. У гэты час чалавек становіцца цэнтрам светабудовы, развіваюцца фізіялогія і анатомія. А дагэтуль лячэнне абмяжоўвалася выкарыстаннем п’явак, гаючых ваннаў ды кровапусканнем.

Лакдаўны — ідэя не 2020 года

З XIV і аж да XVII стагоддзя так ці інакш у Еўропе адбываюцца ўспышкі і эпідэміі розных захворванняў. Воспа, праказа, грып і ўласна чума — усё гэта ў ВКЛ называлі чумою.

— Што рабілі, калі адбываліся такія эпідэміі з павышэннем тэмпературы цела? Уводзілі лакдаўны! Ставілі забарону на ўезды і выезды з гарадоў, жыхары паражоных населеных пунктаў ратаваліся ўцёкамі. У такія перыяды пераносіліся пасяджэнні сейма, не працавалі кірмашы і цэрквы, а для тых, хто прыбываў з заражаных мясцовасцей, устанаўлівалі каранцін. У выпадку смерці хворага забаранялася ўваходзіць у яго жыллё цягам чатырох тыдняў пасля здарэння. Часам нават ачаплялі заражаныя кварталы гарадоў і спальвалі хаты памерлых ад інфекцый.

Праблема тых часоў існавала яшчэ таму, што людзі не зусім разумелі прычыны заражэння. Не ведалі, што інфекцыі перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Масавая свядомасць ставілася да гэтага пераважна як да Божай кары.

Сексуальнае здароўе

Калі беларусы пачалі хадзіць на медагляды і клапаціцца пра сексуальнае здароўе? Сяляне маглі ні разу ў жыцці не наведаць ніводнага ўрача, а ў шляхты і гарадскіх вярхоў заўсёды былі сямейныя ўніверсальныя дактары.

— Улічваючы, што на той час не было Міжнароднай класіфікацыі захворванняў, існавала шмат траўнікаў і лячэбнікаў — такіх вясёлых кніжачак. Напрыклад, у 1588 годзе з польскай на рускую мову была перакладзена адна з такіх, дзе раілі лячыць венералагічныя захворванні маззю на аснове... ртуці. Толькі пасля ўжо людзі зразумелі, што гэта атрута.

На той час дыягнаставаць нейкае захворванне было вельмі складана — пацыенты і дактары ведалі пра гэта толькі пасля з’яўлення відавочных сімптомаў (боляў або высыпак на целе).

— З высокай доляй верагоднасці можна меркаваць, што венерычныя захворванні сустракаліся вельмі часта. Прастытуцыя квітнела, кантрацэптываў не існавала, сярод салдат было вельмі папулярным завітаць у прыдарожны бардэль...

У Расійскай імперыі, дарэчы, быў зусім іншы падыход да прастытуцыі: яе легалізавалі і здароўе жанчын кантралявалася дзяржавай.

— У 1891 годзе ў Мінску быў створаны санітарны камітэт, які забіраў у дзяўчат пашпарты, а замест гэтага выдаваў жоўтыя білеты. Гэта такія санкніжкі, дзе запісваліся даты праходжання медаглядаў і ставіўся штамп «здаровая».

Можна ўявіць, як праходзіў медагляд у той час. Гэта рабілася візуальна, без узяцця аналізаў і інш. Калі ў жанчыны выяўлялася венерычнае захворванне, яе пад канвоем адпраўлялі ў бальніцу на прымусовае лячэнне. Затым яна вярталася на працу.

Новая эпоха для хірургіі і іншых напрамкаў

Лячэнне шырокіх сялянскіх мас (увогуле, не толькі што тычылася рэпрадуктыўнага здароўя) стала магчымым ужо з прыходам савецкай улады. Але ж яшчэ трошкі агульнай перадгісторыі. У эпоху Контррэфармацыі медыцына ўсё больш набывае прыкметы сучаснасці. У гэты час на нашы землі прыходзяць езуіты з мэтай насаджаць каталіцкую канфесію шляхам прапаганды і развіцця ўласных навучальных устаноў.

— Пры сваіх калегіумах яны пачалі адкрываць аптэкі. Да прыкладу, у 1709 годзе на цэнтральнай плошчы ў Гродне (побач з фарным касцёлам) была пабудавана аптэка-музей, — распавядае Дар’я Гардзейчык.

А першыя бальніцы пачалі з’яўляцца на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў XVI стагоддзі, але ж яны былі больш падобныя да дамоў састарэлых. Лячэння як такога там не праводзілася, больш слушнае апісанне — дагляд. Так званыя шпіталі ўтвараліся ў асноўным пры касцёлах.

З 1760-х — 1780-х гадоў у Беларусі пачалі праводзіць больш складаныя хірургічныя ўмяшанні, чым ампутацыя, — ажыццяўляліся аперацыі на мачавым пузыры, прамой кішцы, матцы і малочных залозах. Гэтаму папярэднічала тое, што ў заходніх універсітэтах хірургію нарэшце прыраўнавалі да іншых адгалінаванняў медыцыны і сталі навучаць студэнтаў на базе вышэйшай адукацыі.

— У 1775 годзе пасля запрашэння Антонія Тызенгаўза ў медыцынскую школу ў Гродна прыязджае знакаміты французскі хірург Жан Эмануэль Жылібер. Ён закладвае батанічны сад з больш як дзвюма тысячамі зёлак для будучых медыкаментаў, — адзначае спікер.

Акрамя таго, Жылібер перакладаў навуковую медыцынскую літаратуру, збіраў гербарый, заснаваў пры школе (далей яна ператварылася ў акадэмію) клінічны шпіталь. З акадэміі выпускалі першых дыпламаваных урачоў на тэрыторыі Беларусі, а пасля навучальную ўстанову перанеслі ў Вільню, дзе яна далей трансфармавалася ў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Тэкст пра стаўленне да ментальнага здароўя мы публікавалі раней.


трусики-подгузники, для мальчика/для девочки, 12–17 кг, для приучения к горшку, 152 шт.
трусики-подгузники, для мальчика/для девочки, 9–15 кг, универсальные, 176 шт.
трусики-подгузники, для мальчика/для девочки, 15 кг, для приучения к горшку, 132 шт.
подгузники, для мальчика/для девочки, 5–9 кг, универсальные, 80 шт.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by

Автор: Дарья Спевак