13 541
07 ноября 2021 в 8:00
Автор: Дарья Спевак

«Людзей маглі абліваць халоднай вадой ці пабіць палкамі». Як змянялася стаўленне нашых продкаў да псіхічнага здароўя

Автор: Дарья Спевак

Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Сёння раскажам пра тое, як развівалася (?) і змянялася стаўленне нашых продкаў да псіхічнага здароўя. Як абыходзіліся з людзьмі, небяспечнымі для грамадства, да з’яўлення псіхіятрычных лякарняў? Ці былі ў тыя часы неўрозы і дэпрэсіі і што з гэтым рабілі? Пра гэта і не толькі распавядзём у сённяшнім займальным тэксце.

Зазірнуць у галовы нашых продкаў ды апісаць іх дзівосы нам традыцыйна дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.

«Шалёныя», пакаранне вядзьмарак і лячэнне з дапамогай трэпанацыі

У ВКЛ псіхічныя захворванні разглядаліся з пазіцыі тэалогіі.

— Лічылася, што чалавек, які паказвае яўныя прыкметы псіхічнага захворвання, адлучыўся ад Бога. Асаблівых спосабаў лячэння ў гэты перыяд не было, таму грамадства бачыла неабходнасць адгароджваць такіх людзей ад соцыуму дзеля бяспекі, — пачынае Дар’я. — У Статутах ВКЛ нават быў спецыяльны тэрмін «шалёныя». У кнізе па-літоўску гэтае беларускае слова так і напісана — праўда, лацінкай!

Заканадаўчае нармаванне ў адносінах да «шалёных» з’явілася ў 1529 годзе, калі кароль Сігізмунд І Стары выдаў спецыяльны ўказ.

— Гарадскія ўлады былі абавязаны збіраць звесткі пра мясцовых «шалёных» і людзей, якія паводзяць сябе асабліва буяна, змяшчаць іх у турмы, каб засцерагчы ад небяспекі насельніцтва. А калі гэта быў шляхціц, то яго трэба было адправіць пад ахову родзічаў.

Дарэчы, калі такі «шелёны» чалавек здзяйсняў забойства, яго не вызвалялі ад адказнасці, а саджалі ў турму на паўтара года. Але ж гэта таксама значнае паслабленне, бо ўвогуле за забойства ў ВКЛ пагражала пакаранне аж да смяротнага.

— Таксама ў афіцыйных дакументах былі адзначаны людзі «з прыпадкамі». Навукоўцы не зразумелі дакладна, што гэта азначае: можа, эпілепсію... Хутчэй за ўсё, гэта было адносна лёгкае захворванне, але даволі істотнае, каб яго заўважыць. Такіх людзей з пазіцыі права разглядалі і як здаровых людзей — яны неслі поўную адказнасць.

Першая псіхіятрычная бальніца з’явілася на нашых землях у 1635 годзе ў Вільні. Лякарня была створана і працавала пры царкве Святога Крыжа. Цікава, што прымалі туды толькі мужчын, якіх лячылі мясцовыя манахі.

— Тэрапія праводзілася своеасаблівымі метадамі. У 2000 годзе, калі рэстаўравалі гэтыя царкву і манастыр, былі знойдзены чэрапы з прыкметамі трэпанацыі. Сапраўды, у тыя далёкія часы ў Еўропе гэты спосаб лячэння псіхічных захворванняў быў распаўсюджаны.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі першая псіхіятрычная бальніца з’явілася амаль праз стагоддзе — у 1728 годзе. Таксама пры манастыры, але ўжо ў Гродне.

Дарэчы, у ВКЛ, у адрозненне ад Еўропы, не існавала кастроў святой інквізіцыі, хоць крымінальная адказнасць за чараўніцтва прадугледжвалася. Праўда, такіх спраў было нямнога — некалькі дзясяткаў.

— На дадзены момант навукоўцы мяркуюць, што якраз вядзьмаркамі называлі псіхічна хворых жанчын, якія паводзілі сябе дзівакавата: тое-сёе мармыталі сабе пад нос, выкрыквалі.

Першыя крокі ў кірунку навукі: меланхолія і маніі

Выкладанне псіхіятрыі пачалося на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта ў XVIII стагоддзі. У той час з’явіліся першыя манаграфіі па гэтай навуцы і распачаліся курсы.

— Прафесар Лаўрынас Біцыё (Laurynas Bizio) апублікаваў манаграфію пра меланхолію (так раней называлі дэпрэсіўнае расстройства), маніі і віну. Гэта работа мела судова-псіхіятрычны характар і выкарыстоўвалася ў сувязі з прызнаннем віны чалавека.

У канцы XVIII стагоддзя, калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай нашы землі перайшлі да Расійскай імперыі, у Беларусі пачало дзейнічаць расійскае заканадаўства ў адносінах да псіхічнахворых. Такія людзі павінны былі трапляць у ізаляцыю ў бальніцы губернскіх гарадоў, дзе іх лячылі. Віцебск, Магілёў, Гомель, Мінск — там былі створаны «дома скорбящих».

Медыцынскія работнікі ажыццяўлялі нагляд за хворымі, але асаблівага лячэння там не праводзілася.

— Усё было прыкладна так, як апісана ў Гогаля ў «Записках сумасшедшего»: людзей маглі абліваць халоднай вадой ці пабіць палкамі, калі тыя пачыналі распавядаць пра свае галюцынацыі і назойлівыя ідэі. Але ж у Мінску з 1894 года нават існавала аддзяленне для вар’ятаў, разлічанае на 60 спальных месцаў. Размяшчалася яно ў будынку манастыра XVII стагоддзя. Хворыя ўтрымліваліся ў антысанітарных умовах, але ж там былі ложкі з рамянямі, каб можна было неяк прышпіліць і ўціхамірыць шалёных пацыентаў.

Што да неўрозаў і дэпрэсій, то на іх стараліся не звяртаць увагі. Напрыклад, сялянам, што зранку да цемры працавалі ў полі, было не да генералізаванага трывожнага расстройства — яны нават маглі не разумець, што з імі нешта не так. Таксама на самаадчуванне нашых продкаў уплывалі традыцыі: вяселлі цягнуліся па некалькі дзён (жаніх і нявеста маглі за гэты час усвядоміць перамены, бо яны не былі вельмі рэзкімі), на пахаваннях заўжды прысутнічалі плакальшчыкі, што дапамагала перажыць і прыняць страту. Таксама вельмі шмат песень складалася паводле прымусовага замужжа і гэтак далей.

Карная псіхіятрыя і сексапаталогія замест сексалогіі

Псіхіятрыя ў Беларусі пачала больш-менш развівацца ў канцы XIX стагоддзя, калі сталі закладвацца асновы спецыялізаванай дапамогі і прымяняцца медыкаментозная тэрапія.

— З 1903 па 1907 год, напрыклад, былі створаны Магілёўская псіхіятрычная лячэбніца і Віленская. Але ж перадавой інтэлігенцыі было фіялетава на стан сферы псіхічнага здароўя — ажно да прыходу савецкай улады, якая ў 1950-х пачала будаваць псіхіятрычныя бальніцы. Трэба сказаць, што псіхіятрыя ў СССР была даволі своеасаблівай: яна, як і многія рэчы, з’яўлялася ідэалагізаванай. Калі справа была ў малой псіхіятрыі (напрыклад, неўрозах), то чалавек, які звяртаўся да доктара, атрымліваў дыягназ «вегетасасудзістая дыстанія». Ні пра якую сацыяфобію, генералізаванае трывожнае расстройства або дэпрэсію гаворкі не вялося: ну не можа ў савецкага чалавека быць неўрозаў, у нас усе нармальныя!

Таксама не сакрэт, што ў савецкія часы ў псіхарні маглі змяшчаць дысідэнтаў. Цікавае стаўленне савецкай медыцыны было і да так званых сексуальных дэвіяцый. Як такой навукі сексалогіі ў СССР не існавала.

— Мамы Отыса з серыяла Sex Education у гэтай краіне ўзнікнуць не магло — была толькі сексапаталогія. У рамкі гэтага паняцця савецкія навукоўцы ўносілі ўсё што папала. Адны прылічалі да паталогій аральны і анальны секс, фетышызм і нават мастурбацыю, нават любыя сексуальная фантазіі. Іншыя былі не такімі кансерватыўнымі і да паталогій адносілі толькі педафілію і гомасексуальныя стасункі. Гэта вельмі цікава: у падручніку 1983 года ёсць малюнак, дзе апісаны «шлях ад нормы да дэвіяцыі».

Савецкія ўрачы «лячылі» гомасексуальнасць па прынцыпе сабакі Паўлава. Яны спрабавалі сфарміраваць адарванне ад людзей свайго полу: паказвалі пацыенту фотаздымак прывабнага чалавека таго ж полу і давалі таблетку, якая правакуе ірвоту. Спадзяваліся такім чынам вылечыць «няшчаснага», — гаворыць Дар’я. — Аднак ніякіх сведчанняў, што такія спосабы тэрапіі былі паспяховымі, мы не маем.

Калі вы хочаце пачытаць пра іншыя асаблівасці побытавай гісторыі продкаў, напішыце нашаму журналісту на пошту ds@onliner.by.


бальзам для бороды, для всех типов кожи, свойства: придание блеска/смягчение, 40 г
Нет в наличии
масло для бороды, свойства: смягчение/увлажнение, 50 мл
Нет в наличии
бальзам для бороды, свойства: придание блеска, 63 г
Снят с продажи
масло для бороды, для всех типов кожи, свойства: антибактериальный эффект/увлажнение
Снят с продажи

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by