Хутка Дзень усіх закаханых, а значыць, у паветры лунаюць рамантычныя флюіды. І хаця гэты дзень мае значэнне толькі для сучаснікаў, мы вырашылі згадаць, як спакон вякоў беларусы і беларускі спрабавалі даведацца пра будучыню і дзе шукалі дапамогі, каб прыняць важныя рашэнні.
Ніякіх звестак пра тое, каб 14 лютага неяк святкавалі на тэрыторыі Беларусі, няма. Сапраўды, пранізаным эротыкай, закаханасцямі і ўсялякім падлеткавым буянствам было Купалле. Хаця насамрэч і іншыя святы былі нагодай для таго, каб паваражыць на нарачоных або нават прычараваць кагосьці. Такімі святамі былі Дзень святога Андрэя (30 лістапада), Дзень святой Люцыі (13 снежня), перыяд з пярэдадня Каляд і аж да Вадохрышча.
Аднак для моладзі нагодай для варожбаў былі не толькі святочныя ці перадсвяточныя дні. Такім жа чынам хлопцы і дзяўчаты бавілі час на вячорках, калі яны проста збіраліся ў хаце бацькоў ці ў карчме.
— Малады чалавек пры варажбе павінен быў скачаць з пучка ільну два шарыкі, пакласці іх на стол і падпаліць, а далей уважліва за імі назіраць, — расказвае Дар'я. — Адзін шарык сімвалізаваў самога маладзёна, а другі — яго каханую дзяўчыну. Калі абодва шарыкі падлятаюць і сутыкаюцца ў паветры, гэта азначае, што ў пары будзе шчаслівы шлюб. Калі адзін шарык застаецца на стале, а другі падлятае, тады будзе варожасць, нязгода і ўвогуле лепей не жаніцца. Былі і такія выпадкі, што абодва шарыкі заставаліся ляжаць на стале і проста згаралі — такое азначала знешнія праблемы: ці то бацькі будуць супраць, ці нешта іншае здарыцца, і маладыя людзі нават не ажэняцца.
Але ж некалькі слоў пра тое, што ўвогуле для людзей азначала варажба.
— Гэта вельмі старадаўні працэс. Як толькі чалавек усвядоміў усю тленнасць быцця і ўсю трывожнасць і нестабільнасць гэтага свету, яму захацелася звярнуцца да нейкіх звышнатуральных істот, каб даведацца, што будзе, і неяк супакоіцца, — адзначае суразмоўца. — Таму старадаўні чалавек надзяліў ведамі пра будучыню прыродныя стыхіі і духаў.
Увогуле працэс варажбы — гэта пэўная спроба трошкі зазірнуць у іншы свет, для чаго выкарыстоўваюцца такія аб’екты, як люстэркі (яны лічацца праваднікамі на той бок), нейкія пагранічныя месцы (перакрыжаванні ці могілкі) альбо лазня, дзе нашы продкі падчас мыцця ачышчаліся ад усяго злога і нячыстага. Яшчэ ў такіх рытуалах фігуруе ежа (куцця, бліны), якая сімвалізуе паднашэнні духам продкаў.
— Таксама ў некаторых абрадах існуе правіла: паміж завяршэннем варажбы і тым, як пайсці спаць, нельга ні з кім размаўляць. Чаму? Таму што лічылася, што наш жывы свет гаворыць, а той — маўчыць, — тлумачыць Гардзейчык.
Але ж пра тое, як варажылі нашыя продкі, дэталёва мы распавядзём у кантэксце XIX—XX стагоддзяў, бо менавіта ў той час этнографы пачалі збіраць дакладныя звесткі пра гэта.
Ноч з 29 на 30 лістапада — адзін з самых сур’ёзных момантаў для варажбы на нашых тэрыторыях. У апошні дзень восені адзначаўся Дзень святога Андрэя, і амаль уся моладзь варажыла на будучы лёс і нарачоных.
— На каханне варажылі ў асноўным сяляне, таму што дваранкі звычайна не мелі выбару: іх выдавалі замуж па рашэнні бацькоў, — распавядае Дар'я. — А малады селянін мог прыйсці да бацькоў і сказаць кшталту «Мне вось Наташка падабаецца, ідзіце да яе ў сваты!» Аднак у вёсках варажылі не толькі на каханне, але і на пол будучага дзіцяці або ўвогуле перад тым, як прыняць важнае рашэнне: ці варта, напрыклад, купляць карову?
У гэты дзень было прынята варажыць з дапамогай макавага або канаплянага семені, таму што светапогляд беларусаў звязваў яго з мужчынскім семенем, а самі расліны сімвалізавалі дзявочыя косы. Цяпер — пра спосабы зазірнуць у будучыню.
— Дзяўчына падыходзіла да студні на заходзе сонца, сыпала вакол мак, прыгаворвала «Святы Андрэй, не забывай пра мяне» і чакала, што ў вадзе альбо вакол студні з’явіцца вобраз яе нарачонага, які яе не забудзе. Вада таксама лічылася даволі магічнай стыхіяй, — кажа Гардзейчык. — Дзяўчына магла пайсці да студні апоўначы, раскідаць вакол яе лён і тры разы сказаць: «Андрэю, Андрэю, я на цябе лён сею». Пасля яна глядзела ў студню і таксама чакала выявы нарачонага.
Раніцай 30 лістапада дзяўчаты бегалі вакол вёскі і мясцовых могілак і сеялі каноплі. А вясной глядзелі, дзе яны ўзышлі. Калі на тэрыторыі вёскі, то гэта быў добры знак для замужжа. Калі ля могілак, то гэта азначала хуткія і масавыя смерці.
— У мяне, канешне, ёсць пытанні да таго, што можна было пасеяць 30 лістапада ў замерзлым грунце, — усміхаецца Дар'я.
Таксама лён сеялі на агародзе і чакалі вясны. Добры ўраджай азначаў шчаслівы шлюб і ўсё найлепшае для дзяўчыны, слабыя ж парасткі — не вельмі добрае жыццё, а іх адсутнасць — хуткую смерць.
— Вечарам напярэдадні Дня святога Андрэя дзяўчаты, якія жадалі найхутчэйшага замужжа, бегалі па вёсцы, кідалі семя ў вокны хат, дзе жылі нежанатыя хлопцы, і крычалі «Святы Андрэю, каноплі сею». Ноччу ж павінен быў прысніцца жаніх з ліку тых, у чые вокны дзяўчына кідала каноплі, — гаворыць суразмоўца. — Яшчэ можна было пасеяць лён каля сваёй хаты з тымі ж словамі і таксама чакаць у сне выявы нарачонага.
У каталіцтве і праваслаўі варожбы лічылі грахом, але ў сялян было шмат бытавой магіі. Часам нават пэўныя варожбы былі звязаныя з царквой:
— У ноч з 29 на 30 лістапада людзі клалі за пазуху каноплі і пасля ішлі на службу ў царкву. Па вяртанні ж засявалі іх ля акна і звярталіся да святога Андрэя, каб той паказаў у сне лёс.
Натуральна, былі і варожбы на наяўнага каханага. Напрыклад, у пасудзіну з вадой апускалі дзве невялікія свечкі, да якіх прымацоўвалася арэхавая шкарлупіна. Калі свечкі сутыкаліся ў вадзе, гэта азначала, што ў дзяўчыны з загаданым хлопцам будзе шчаслівы шлюб; калі ж патаналі ці разыходзіліся — не відаць вяселля і шчасця.
— У варожбах нашых продкаў даволі часта назіраецца такі момант, калі яны пускаюць па вадзе ці запускаюць у паветра два нейкія прадметы, якія сімвалізуюць патэнцыйных нявесту і жаніха. Калі гэтыя прадметы сутыкаліся, гэты было добрым знакам, калі не — благім, — тлумачыць Дар'я.
Таксама нярэдка нашыя продкі выкарыстоўвалі варажбу паводле гукаў. Напрыклад, пасля здзяйснення абраду дзяўчына прыслухоўвалася да гукаў навокал. Пачула сабачы брэх? Адкуль ён раздаецца, адтуль і прыйдуць сваты. Акрамя таго, звярталі ўвагу і на характар таго брэху. Калі чуўся нягучны голас старога сабакі, тое азначала старога жаніха. І наадварот.
— Калі пасля здзяйснення рытуалу першае, што пачула дзяўчына, — стук малатка, гэта азначала, што жаніх будзе кавалём, грук сякеры — сталяром, — распавядае Гардзейчык. — Таксама на святога Андрэя дзяўчаты прыслухоўваліся да гукаў каля хаты: калі побач прайшла гаманкая кампанія, тое азначала шчаслівае і вясёлае жыццё, калі была цішыня — чакаліся туга і смутак. Яшчэ можна было вывесіць ля хаты звязку ключоў і паслухаць, як яны звіняць. Моцна — будзе сямейны дабрабыт, ціха — маркота ў замужжы.
Былі яшчэ варыянты. Напрыклад, пайсці да свірна і падслухаць, што там дзеецца. Калі чуваць, што перасыпаюць зерне, — муж будзе багаты. Цішыня ж азначала беднасць сужэнца.
У заходніх раёнах Беларусі перад Калядамі адзначалі Дзень святой Люцыі (13 снежня), якая лічылася заступніцай сляпых. Таксама ў народнай свядомасці яна была і абаронцай ад цёмных сіл, і адначасова трошкі варажбіткай. У гэты дзень нельга было рабіць нічога з таго, што можа нашкодзіць зроку і вачам: прасці, ткаць, чытаць... і смяяцца.
— Паколькі святая Люцыя абараняла ад нячыстых, з ёю быў звязаны абрад пошуку вядзьмаркі. Як знайсці такую? Хлопцы і мужчыны 13 снежня пачыналі майстраваць «магічнае» крэсла з некалькіх парод дрэваў і без адзінага цвіка. Крэсла было з трыма ножкамі. Кожны дзень да самых Каляд да канструкцыі дадавалася адна дэталь — такім чынам, акурат да каляднай службы праца завяршалася. Затым гэтае крэсла прыносілі ў касцёл, і замест таго, каб нармальна сесці на лаву, цікаўныя маладыя людзі садзіліся менавіта ў гэтае крэсла. Лічылася, што такім чынам можна ўбачыць усіх мясцовых вядзьмарак (ва ўяўленні нашых продкаў яны нібыта сядзяць спінай да алтара), каб не браць іх сабе ў жонкі, — расказвае суразмоўца.
Раніцай на святую Люцыю дзяўчаты чыталі прысвечаныя ёй малітвы, а вечарам варажылі. Напрыклад, звязвалі ніткаю два дрэвы і чакалі да Каляд: калі тая парвецца, дзяўчына выйдзе замуж цягам года.
— Быў і такі абрад: узяць адзін яблык 13 снежня і адкусваць ад яго патрошку раз на дзень да 24 снежня. Пасля пакласці агрызак пад падушку і чакаць у сне выяву нарачонага. Яшчэ можна было ў Дзень святой Люцыі наліць ваду ў ёмістасць, кожны дзень да Каляд адліваць патроху, а напярэдадні свята ўмыцца тым, што засталося. Ці наадварот, спачатку наліць трошкі вады, а потым штодзённа дадаваць. І пасля таксама можна было ўбачыць будучага жаніха ці ў сне, ці ў гэтай вадзе, — апісвае Дар'я.
Пісьменныя беларускі пазначалі на дванаццаці паперках імёны хлопцаў, якіх яны ведалі, і кожны дзень да Каляд даставалі па адной паперцы і спальвалі. Тое імя, якое захавалася апошнім, азначала нарачонага для дзяўчыны.
— На самі Каляды, як мы памятаем, на стол было прынята ставіць куццю. Такая каша азначала паднашэнне памерлым продкам і сувязь з тым светам. Дзяўчаты бралі сабе жменьку куцці, клалі пад падушку і чакалі жаніха ў сне або беглі з хаты, закапвалі ў зямлю, вярталіся ў поўным маўчанні і клаліся спаць: чакалася, што продкі пакажуць, як выйдзеш замуж, — гаворыць Гардзейчык.
Таксама для варажбы былі папулярныя бліны. У Шчодры вечар, напярэдадні Новага года, дзяўчаты бралі першы блін, клалі яго за пазуху, беглі на вуліцу і чакалі першага сустрэчнага. Калі гэта быў мужчына, дзяўчына магла разлічваць на замужжа ў бліжэйшы год, калі жанчына — не. Таксама з бліном можна было моўчкі прыйсці да суседзяў і чакаць, што тыя скажуць найперш. Калі запросяць праходзіць, гэта знак да замужжа, калі скажуць сядзець і чакаць — да доўгага дзявоцтва. Закаханыя хлопец і дзяўчына маглі з гэтым бліном пайсці да вакна суседзяў і падслухаць, якія размовы адбываюцца ўнутры. Тон і змест размоў прадказваў іх будучае жыццё.
— На той жа Шчодры вечар дзяўчына ішла ў лазню з двума люстэркамі. Адно ставіла пад вуглом 90 градусаў, другое клала побач. Лічылася, што так можна было ўбачыць выяву свайго нарачонага і нават сцэны з сямейнага жыцця. Але такая варажба была вельмі небяспечнай: істота з таго свету магла выбрацца з люстэрка і скрасці дзяўчыну або проста вылезці і потым хадзіць і шкодзіць людзям. Таму пасля таго як дзяўчына ўбачыла вобраз будучага жаніха, яна павінна была хутка перавярнуць люстэркі, — тлумачыць Дар'я.
А купальскія абрады не ведае толькі лянівы. Самы папулярны быў у Гомельскім раёне, калі дзяўчаты запускалі вянкі, а хлопцы іх лавілі. Пасля гэтага апошнія маглі сур'ёзна гаварыць з бацькамі дзяўчыны пра будучае вяселле. Падчас купальскіх скокаў праз вогнішча для дзяўчыны і хлопца было вельмі важна не адпускаць рук, каб і надалей быць разам і ў шчасці.
Крыніцы, выкарыстаныя пры падрыхтоўцы матэрыялу:
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by