10 030
28 января 2022 в 17:30
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

Дабудаваў тэатр і пусціў трамваі. Расказваем пра легендарнага мэра Мінска Караля Чапскага

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

Нарэшце з доўгіх зімовых вакацый да нас вярнуўся ўжо традыцыйны праект «Пашпарт грамадзяніна», у межах якога расказваем пра беларускую гісторыю і культуру ў фармаце падкастаў. 2022 год мы пачынаем з гутаркі пра асобу легендарнага мэра Мінска Караля Гутэн-Чапскага, які напачатку мінулага стагоддзя фактычна змяніў аблічча горада на больш прывабнае. Пра дасягненні Гутэн-Чапскага журналіст Тарас Шчыры пагаварыў з культуролагам, мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

Слухаць падкаст у Apple Podcasts|«Яндэкс.Музыцы»|Castbox|Google Podcasts


— Спадар Сяргей, пачнём спачатку. Адкуль на нашых землях з’явіўся род Гутэн-Чапскіх?

— Паводле іхнай генеалогіі, гэта даволі старажытны род, які вядзецца ад франкаў, ад першых Гутэнаў. «Гхут» перакладаецца з нямецкага як «шапка», і са сваім славянізаваным прозвішчам Чапскія ўваходзяць у гісторыю нашай Айчыны ў XVI стагоддзі  у час Жыгімонта Старога. А першым з прадстаўнікоў роду, пра які вядзём гутарку, быў Францішак. Ён з’яўляўся ваяводам хелмскім і валодаў землямі. Менавіта ад яго вядзецца даўняя галіна гэтага роду ў Беларусі.

 Наколькі яны былі ўплывовыя ў кантэксце тагачасных зямель нашай краіны?

 Надзвычай уплывовыя. Дзед Караля Гутэн-Чапскага быў маршалкам шляхты і шамбелянам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Акрамя таго, лічыўся вядомым масонам, з’яўляўся сябрам віленскай і нясвіжскай ложаў. На свой час ён быў адным з самых уплывовых людзей той эпохі, якому належалі велізарныя абшары. Яны дасталіся Чапскаму па радзівілаўскай лініі. Ягонай жонкай была дачка Міхала Радзівіла па мянушцы Рыбанька.

Бацька Караля  Эмерык лічыўся буйным дзяржаўным дзеячам Расійскай імперыі. Узначальваў лясны дэпартамент Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, а да таго служыў губернатарам наўгародскім і віцэ-губернатарам пецярбургскім. Быў надзвычай заможным чалавекам і, апроч таго, што працаваў на высокіх пасадах у імперыі, з’яўляўся асобай прагматычнай, а таксама паралельна займаўся сельскай гаспадаркай.

Эмерык Гутэн-Чапскі быў зацятым калекцыянерам і адным з самых славутых нумізматаў сваёй эпохі. Ён сабраў аграмадныя калекцыі гістарычных артэфактаў і твораў мастацтва. Ён, як і ягоны сын, нарадзіўся ў Станькаве і разам з Прылукамі зрабіў гэтыя месцы сваімі вялікімі рэзідэнцыямі.

 Даволі цікавыя мясціны. І калі нават сёння туды патрапім, хоць крышачку, але здолеем уявіць, якая прыгажосць панавала ў гэтых парках і палацах.

— Безумоўна. Для мінчукоў, якія не былі ў Прылуках ці ў Станькаве, гэта, гаворачы па-руску, «неприлично». Гэта ж не такі далёкі свет  літаральна за кальцавой. І на вялікае шчасце, з нейкага збегу абставін дзве палацава-паркавыя рэзідэнцыі захаваліся ў неблагім стане. Хаця ім належала значна больш зямель ва ўсіх канцах Беларусі.

Палац у Прылуках

 Гутэн-Чапскія ўваходзілі ў топ самых уплывовых сем’яў тагачаснай Беларусі?

 Так. Больш за тое, сваячка нашага сённяшняга героя, Аляксандра Гутэн-Чапская, нават на тыдзень стала мачахай будучай жонкі імператара Мікалая ІІ. Вось такія былі павароты. А паводле сваіх нямецкіх каранёў многія з Чапскіх бралі ў жонкі прадстаўніц арыстакратычных сем’яў Нямеччыны, што належалі да эліты Еўропы.


 Цікава. Атрымліваецца, што Караль таксама пайшоў па чыноўніцкай сцежцы, калі стаў кіраўніком Мінска?

 Гэта не зусім тое, што мы разумеем сёння. Тады ўсё ж такі пасада галавы горада была выбарнай, і яго ўсё ж такі абралі. Прычым тройчы. І ён сваёй дзейнасцю вельмі шмат зрабіў для гэтага краю і горада.

 Наогул, чым ён займаўся да той пары, калі стаў мінскім мэрам?

 Караль атрымаў бліскучую адукацыю ў Дэрпцкім універсітэце, дзе займаўся эканомікай і статыстыкай. То-бок ён ад пачатку меў даволі прагматычную лінію, а таксама з’яўляўся адным з лідараў студэнцкага аб’яднання. Праявіў сябе не толькі як выдатны студэнт, але і як актывіст. Ягоны бацька Эмерык з часам з’ехаў у Кракаў, дажываў свой век у Польшчы, а сын пераняў ягоныя землі і актыўна заняўся гаспадаркай. Веды, атрыманыя ў Дэрпцкім універсітэце, выкарыстоўваў на практыцы. Акрамя таго, ён пабраўся шлюбам з Леансінай Пуслоўскай, прадстаўніцай ці не самага заможнага на той час роду на Беларусі. Многія, можа, ведаюць палац у Косава, які таксама належаў Пуслоўскім. Але і без пасагу Караль Гутэн-Чапскі заставаўся адным з найбагацейшых людзей сваёй эпохі.

Толькі ў Мінску яму належала дзесяць будынкаў, сярод якіх былі два палацы. Адзін на рагу Скобелеўскай вуліцы (цяпер Чырвонаармейская), а другі  на Захар’еўскай. Сёння гэта праспект Незалежнасці.

Ён быў актыўным прыхільнікам новаўвядзенняў, што маглі змяніць працу ў маёнтках, а таксама адукоўваў тых сялян, якія працавалі на ягоных землях.

 Прагрэсіўны быў чалавек.

 Ва ўсіх сэнсах. У сваім асяроддзі ён адразу стаў прыкметным. І не будзем забываць, што хоць пасады і былі выбарныя, кіраўнікоў можна было мяняць, аднак гэта была Расійская імперыя без парламента і канстытуцыі. У гэтай краіне панавалі арыстакраты, тут абіраць маглі асобы з прывілеяваных саслоўяў. І ведаючы дзеда Караля, ягонага прадзеда і бацьку, а таксама жонку, ацэньваючы ўзровень яго адукацыі і працавітасць, тагачасная арыстакратыя глядзела на гэтую постаць як на адэкватную і найлепшую асобу для пасады галавы горада.

Выява Чапскага на адным з будынкаў на вуліцы Кастрычніцкай

 Зразумела. Неўзабаве пагаворым пра ягоныя дасягненні ў якасці гарадскога галавы, аднак напачатку раскажыце, якім быў Мінск напрыканцы XIX стагоддзя да кіравання Чапскага.

 У Мінску толькі-толькі зрабілі водаправод. Гэта адбылося ў 1874 годзе. Падобнае лёгка запомніць, паглядзеўшы на дату, выбітую на славутым фантане «Хлопчык з лебедзем» у Аляксандраўскім скверы. Горад у тыя часы быў пераважна драўляным і мала ў чым змяніўся з часоў Рэчы Паспалітай. Гэта быў прыгожы горад з мноствам храмаў, які патанаў у садах, і большасць тутэйшых апісвалі яго даволі цёпла.

Аднак разам з тым адбываліся штогадовыя славутыя паводкі на Нямізе. Не было каналізацыі, і ўсё патанала ў гразі. Водаправод, аб якім казаў, быў даступны зусім нямногім, і людзі па-ранейшаму бралі пітную ваду з рэчкі. Там жа яны купаліся і пралі бялізну. Каб хто з нас патрапіў туды, для яго гэта выглядала б даволі дзіўна. І калі Гутэн-Чапскага абралі на пасаду галавы, горад меў паўвясковы характар. Патрыярхальны і дзіўны. Ён моцна адставаў ад еўрапейскіх гарадоў. Асабліва ў параўнанні з тымі, дзе вучыўся і бываў Чапскі. Ён ведаў, як выглядае і Вена, і Познань, і Кракаў, і Рыга, і Санкт-Пецярбург. Зразумела, яму карцела што-небудзь зрабіць. Дарэчы, на гербе Чапскіх напісана: «Жыццё — Айчыне, гонар — нікому». І гэты гербавы дэвіз можна зрабіць эпіграфам да любых размоў пра Чапскіх.

 Як Чапскі рэалізоўваў свае планы на пасадзе галавы?

 У першую кадэнцыю нарэшце было скончана будаўніцтва славутага гарадскога тэатра. Таксама ў прыватнай асобы выкупілі летні тэатр, што знаходзіўся ў гарадскім парку, і пры Чапскім у Мінску з’явілася два тэатры. Дзякуючы ягонай ініцыятыўнасці, адкрылі конна-трамвайны маршрут, гэта было цэлай падзеяй. Да першай лініі водаправода дабудавалі дадатковыя помпы, што дазволіла забяспечыць пітной вадой куды больш насельніцтва.

Пры Гутэн-Чапскім пачалі рабіць перапланаванне горада, падрыхтавалі падрабязныя чарцяжы і ўключылі ў гарадскую рысу новыя землі.

Акрамя таго, дабудавалі пажарнае дэпо і забяспечылі сем’і пажарных ільготамі. Гучыць дзіўна для нас, але ў тыя часы гэта была добраахвотная справа і сталай прафесіяй не з’яўлялася. Пажарныя паралельна займаліся чымсьці іншым.

Варта прыгадаць і конку на другі бок Свіслачы, капітальны мост, першую электрастанцыю, якую, на жаль, не так даўно разбурылі, ільготы тым, хто працаваў на горад... Усё гэта рабіла Чапскаму добрую славу. Зразумела, што з такім падыходам ён лёгка забяспечыў сабе галасы на другую кадэнцыю. Падчас яе ён рабіў многа такіх рэчаў, якія кансерватыўная публіка не адразу разумела. Гэта і прытулак для прастытутак, адкрыццё навучальных устаноў, новая радзільня пры шпіталі. У Мінску пачало дзейнічаць крэдытнае таварыства. Сам Чапскі, між іншым, выкупіў у мадам Фрумкінай славуты піўны бровар. Дарэчы, мае дзяды і прадзеды працавалі на гэты піўзавод, пастаўляючы яму хмель. За вельмі кароткі тэрмін ён здолеў зрабіць многае. Пры гэтым не кідаў сваіх маёнткаў, у якіх расла ўраджайнасць.

 Што цікава, у пэўны момант ён адмовіўся ад дзяржаўнага заробку і далей працаваў на пасадзе галавы без яго.

— Так было зроблена, каб адвесці абвінавачванні ва злоўжываннях. Пасля ягонага сыходу застаўся пэўны флёр, маўляў, пры ім марнаваліся сродкі. Ён нібыта закладаў іх гораду, а потым вяртаў пад працэнт. І нібыта па змове праводзіліся куплі зямель і тэрыторыі выкарыстоўваліся нерацыянальна.

Ёсць розныя ацэнкі ягонай дзейнасці, але чые мы грошы цяпер шкадуем? Расійскай імперыі? Цэнтр горада, дзякуючы ягонай бурнай дзейнасці, быў заліты святлом, звінелі трамваі, фантанаваў водаправод, з’явіліся два тэатры. Горад стаў падобны на сталіцу. І давайце прытрымлівацца прэзумпцыі невінаватасці. Усё ж такі ніякага следства і суда не было і ніхто не давёў, што ён гэтыя грошы прысабечыў.

 То-бок гэта могуць быць паклёпы ці нагаворы ягоных апазіцыянераў.

 Так, ён заўчасна памёр і многія справы не паспеў давесці да канца.

 Памёр праз сухоты?

 Уласна. У тыя гады гэта была амаль невылечная хвароба, і таму гэтыя абвінавачванні так і застануцца чуткамі. Але я спрабую разважаць лагічна. Чалавек з бліскучай адукацыяй, са старажытнага роду, якому сваіх грошай і законных прыбыткаў з уласнага майна хапала. Мы таксама часам забываемся пра этыку і мараль арыстакратаў, блытаючы іх з персанажамі пачатку 1990-х. Калі табе належаць старыя капіталы, аграмадныя землі, то крыхаборнічаць, адшчыкваць ад бюджэту нейкія капейчыны... Не думаю, што для Караля Гутэн-Чапскага ў гэтым быў нейкі сэнс.

 Даволі часта вакол такіх вядомых асоб складаюцца легенды і плёткі. Ці звязана нешта падобнае з Гутэн-Чапскім?

— Пра адну плётку мы ўжо пагаварылі. Таксама было меркаванне, што ён антысеміт. У горадзе, дзе больш за 60 адсоткаў насельніцтва складалі яўрэі, падобныя чуткі быць маглі, хаця насамрэч нічога антысеміцкага мы ў ім не бачым.

Хадзіла плётка, што ён з'яўляўся каханкам Ядзвігі Любанскай — жонкі ўладальніка Лошыцы. Але гэта таксама нейкія байкі. Але байка аб тым, што ён быў працаголікам, праўдзівая. Ён неверагодна шмат працаваў, і ягоны працоўны дзень складаў больш за 12 гадзін. Сёння гэта назвалі б ненармаваным працоўным днём. Ён сумяшчаў свае выбарныя пасады з каласальнай гаспадарчай дзейнасцю на ўласных землях.

— Што захавалася ад працы Чапскага ў якасці мінскага мэра?

— Па-першае, частка гарадской планіроўкі, якую можна ўбачыць. Па-другое, дабудаваны тэатр  цяперашні Купалаўскі, па-трэцяе, гэта дабудаванае пажарнае дэпо, якое знаходзіцца на вуліцы Гарадскі Вал, і славуты піўны бровар, дзе ў ягоны гонар усталявалі мемарыяльную таблічку. Аўтар  скульптар Павел Вайніцкі.

Ну і захаваліся рэзідэнцыі Чапскіх у Прылуках і ў Станькаве, аб чым казалі напачатку размовы. Але перадусім жыве легенда, што ў любым разе гэта быў самы імпэтны і энергічны кіраўнік горада, які за нядоўгае жыццё (памёр у 44 гады) і за тры кадэнцыі паспеў Мінск змяніць да непазнавальнасці. І ўжо тыя, хто прыязджаў у горад напачатку XX стагоддзя, не хавалі захаплення ад ягонай чысціні, парадку і еўрапейскасці.

 Стварыў аблічча горада, які можна было бачыць да самай Вялікай Айчыннай вайны, пакуль горад на разбурылі амаль на 80 працэнтаў.

— Фактычна так. І зноў жа, што немалаважна, у кантэксце царскай Расіі ён даў прыклад апантанага і рамантычнага кіраўніка. Яго выбралі галавой, а ён выкупляе тэатр, каб гараджане таксама маглі туды хадзіць. Падобныя рэчы гучаць сёння вельмі дзіўна. Гэта быў прагматык, для якога не было чужым і высокае мастацтва, і мецэнацтва. Гэта варта добрай памяці.

Дарэчы, сын Караля, Эдвард Аўгуст, стаў вядомым мастацтвазнаўцам  маім калегам  і вядомым польскім дзяржаўным дзеячам міжваеннага часу. Усе вядомыя маёнткі апынуліся на тэрыторыі Савецкай Беларусі, а ён кіраваў Стаўпецкім паветам і пасля займаў розныя пасады ва ўрадзе Польшчы. А Юзаф Чапскі, пляменнік Караля, быў мастаком, і ягонае дзяцінства прайшло ў Станькаве. Раю пацікавіцца ягонай біяграфіяй. Таксама дзіўны чалавек, які воляю лёсу вымушаны быў стаць вайскоўцам, каб бараніць родны край. Ён пакінуў пасля сябе мемуары, у якіх добрым словам таксама згадвае свайго дзядзьку.


сухой корм, для взрослых, порода: мини (до 10 кг)/средняя (от 10 до 25 кг)/крупная (от 25 кг), пакет
сухой корм, для взрослых, порода: средняя (от 10 до 25 кг)/крупная (от 25 кг), пакет

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by