5998
04 июня 2021 в 14:09
Автор: Александр Чернухо

Шукаеце, што паслухаць? Вось пяць крутых беларускіх альбомаў гэтай вясны

Автор: Александр Чернухо

Калі вы шукалі добрую беларускую музыку, але не ведалі, дзе яе знайсцi, гэты тэкст для вас. Мы выбралі пяць выдатных альбомаў гэтай вясны, сярод якіх ёсць і ветэраны Лявон Вольскі і «Крама», і зусім маладыя гурты. Класічны «Зацьменны блюз» ад Ігара Варашкевіча, цудоўны футурыстычны запіс «Стажеров», юнацкая непасрэднасць ад «стой! стреляют». Гэтыя і іншыя рэлізы — ў нашым аглядзе.


 

Крама

«Зацьменны блюз»

Мінулы паўнафарматны запіс Крамы «Белая вада» быў якасны, але вельмі правільны. Быццам з гурта выцягнулі ўвесь нерв і пакінулі ў безэмацыйным стане: яго быццам зрабілі па канонах, але вылізалі настолькі, што знікла магія мінулых альбомаў «Крамы». Праз нейкі час з гурта сышоў гітарыст Сяргей Трухановіч, і гэтая акалічнасць дапамагла «Краме» вярнуць тое, што згубілі музыкі раней. Яшчэ адна безумоўная ўдача гэтага запісу: лірыка Фелікса Аксёнцава, які пісаў тэксты для класічных кампазіцый Бонды і Ulis. «Зацьменны блюз» — гэта вельмі ўтульны і прыгожы запіс, у якім можа і няма адназначных хітоў, але пры гэтым атрымліваеш сапраўдную асалоду ад праслухоўвання. Шыкоўная тытульная кампазіцыя, прысвечаная маці Ігара Варашкевіча, класічны роуд-трэк пра Элвіса, які кіруе свой лімузін на М1, бадзерыя кпіны пра аўтазак — на «Зацьменным блюзе» шмат паэзіі, душы і музыкі. Можна сказаць, што гэта сапраўднае вяртанне генералаў айчыннага року, але вяртанне гэтае адбываецца, на жаль, у не вельмі спрыяльных умовах. Аднак не iснуе больш ці менш спрыяльных абставін для выдатнай музыкі. Проста слухайце і атрымлівайце асалоду!

Слухаць на Deezer|Apple Music|Spotify

Lavon Volski

Trybunał

Сольная кар'ера Лявона Вольскага — гэта шэраг вельмі асабістых альбомаў, праз якія адзін з самых знакамітых артыстаў Беларусі вядзе шчырую размову са слухачом. Гэта тычыцца і панкавых баевікоў, і шчымлівай лірыкі. Альбом Trybunał нарадзіўся ў такіх умовах, калі пра лірыку не магло ісці ніякай гаворкі. Вольскі запісаў свой самы бескампрамісны і суворы альбом з часоў «Грамадазнаўства». Пэўна, і дэбютны сольны запіс Вольскага мог нарадзіцца менавіта цяпер, не страціўшы сваей актуальнасці і нерву, але гэтым разам Лявон яшчэ злейшы, можна сказаць, нават бязлітасны. Trybunał пры гэтым у адрозненні ад «Грамадазнаўства» не складанка з удалых сінглаў, а альбом-крык, альбом-здзек — менавіта альбом гучных гітарных трэкаў, у якіх спалучаецца вельмі лакальны і своечасовы кантэкст, і рэверанс у бок класічных замежных рок-гуртоў. Такія адназначныя, жорсткія і наўпроставыя альбомы ў Беларусі выходзяць раз на некалькі гадоў, таму Trybunał — гэта сапраўдная падзея!

Слухаць на Deezer|Apple Music|Spotify

«Стажеры»

«Проект 1»

«Стажеры» — гэта зусім малады гурт, у складзе якога тым не менш граюць вельмі дасведчаныя музыкі. У красавіку яны выдалі дэбютны альбом «Проект 1», і гэта шыкоўны запіс! Прыгожыя футурыстычныя песні, быццам з фільмаў пра Алісу і яе міелафон, з цытатамі «Спліна» і іншых класікаў рускага року гучаць настолькі абаяльна, што гэты запіс абавязкова хочацца даслухаць да канца. Пачніце з «Гимна детям» ці «Молний» і рухайцеся далей па дзіўным свеце «Стажеров» — альбоме, які быццам быў запісаны Daft Punk, натхнёнымі музыкай савецкага кінематографа. Можна сказаць, што ў «Стажеров» вельмі добрыя перспектывы, калі не згасне гэтая чарговая музычныя ініцыятыва выдатных беларускіх музыкаў. На жаль, у нашых умовах гэта здараецца вельмі часта. У гэтым плане шмат чаго залежыць, зразумела, ад нас — слухачоў.

Mission Jupiter

Talk to me

Гурт Mission Jupiter існуе даволі даўно, але менавіта альбом Talk to me можна назваць першай і сапраўднай удачай калектыву. Гэта гучны, меладычны англійскамоўны альбом з крутым прадакшнам і моцным жаночым вакалам, які адназначна трапляе ў нелюбімае, але неабходнае паняцце «фармат». Гэта менавіта фарматны ў добрым сэнсе альбом, які пры пэўных абставінах і ўмовах можа на доўгі час трапіць у вашыя плэй-лісты. Добрая і цікавая мелодыка, гучныя гітарныя рыфы, выдатны запіс — у гэтай гісторыі самым слабым месцам падаецца толькі акцэнт вакалісткі гурта, але гэта настолькі распаўсюджаная праблема, што на яе амаль не звяртаеш увагі. Можна зрабіць нават выгляд, што гэта такая экзотыка, таму што беларускасць Mission Jupiter праяўляецца толькі праз кампазіцыю «Адзіны шлях» і, зразумела, прапіску музыкантаў. Калі не звяртаць увагу на пэўныя фанетычныя акалічнасці, Talk to me — выдатная праца, якая выводзіць Mission Jupiter на якасна новы ўзровень.

Слухаць на Deezer|Apple Music|Spotify

«стой! стреляют»

«раньше было лучше»

«стой! стреляют» — гэта хатні лоўфайны сайдпраект маладога гурта «Галантерея». На фоне апошніх «стой! стреляют» выглядае яшчэ маладзейшым, не толькі праз стаж, але і праз матэрыял дэбютнага альбома. «Раньше было лучше» — гэта па-юнацку абаяльная праца, са сваімі хібамі і недахопамі, смешная і непасрэдная адначасова, вясёлая і сумная, але ў любым выпадку вельмі шчырая. Ты быццам не слухаеш музычны альбом, а чытаеш дзённік дзівака-падлетка, у якім апісаныя вельмі асабістыя рэчы. Апісаныя так, як можа пісаць толькі юнак — без аніякіх умоўнасцяў і намаганняў падмануць. Па-свойму гэта вельмі прыгожы запіс — сапраўдны дэбют, у якім ёсць і зусім яшчэ дзіцячая энергія, і безумоўны патэнцыял для яскравага працягу. Паспрабуйце не ставіцца да «Раньше было лучше» вельмі крытычна: давайце проста дадзім гэтай прыгожай кветцы падрасці. Упэўнены, што вынік нам спадабаецца!

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!