3529
19 февраля 2020 в 13:39
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Прыгоды англічаніна ў вёсцы, місія на планеце Мідгард, культавы чараўнік Гары. Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Дзесяць гадоў таму ў Беларусі заснавалі літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Лаўрэаты прэміі, аўтары дэбютных кніг да 35 гадоў, атрымліваюць грашовыя прызы — па 2000 долараў кожны. Сёлета прэмію ўручаць не будуць: выдадзеных кніг не хапіла нават на тое, каб сфарміраваць доўгі спіс. На гэтым фоне, калі беларускія пісьменнікі ў цэлым пішуць мала, выдаўцам застаецца ўсё актыўней перакладаць замежных аўтараў. Што яны і робяць. Расказваем пра кніжныя навінкі.

Міхаіл Вешым «Англійскі сусед»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

Балгарская літаратура ў Беларусі не карыстаецца вялікай папулярнасцю, таму на паліцах нашых кнігарняў амаль не сустрэнеш перакладаў з яе. На сусветным кніжным рынку таксама не чуваць імёнаў сучасных балгарскіх літаратараў. Хаця для беларускіх турыстаў сама краіна даўно з’яўляецца адным з самых запатрабаваных напрамкаў летняга адпачынку. Перакладчыца Таццяна Анікеенка крыху наблізіла да нас Балгарыю і яе творцаў.

Падзеі рамана разгортваюцца ў балгарскай вёсцы, у якую прыязджае брытанец Джон. Мужчына купіў там дом, каб збегчы ад мітусні вялікага горада. Джон кепска валодае балгарскай мовай, але настолькі ж кепска мясцовыя насельнікі разумеюць англійскую. На цяжкасці перакладу накладваецца балгарскі менталітэт і жаданне кожнага жыхара вёскі атрымаць ад іншаземца карысць для сябе.

Хтосьці лічыць Джона вельмі заможным чалавекам, раз ён прыехаў з-за мяжы, ды яшчэ з Лондана. А гэта добрая нагода вытрасці з брытанца грошы. Жанчыны бачаць у англічаніне ўдалага жаніха і магчымасць выбрацца з вёскі ў еўрапейскую сталіцу. А Джон усяго толькі спрабуе стаць адным з іх і інтэгравацца ў балгарскае грамадства. Хаця б у асобна ўзятую вёску. Спробы інтэграцыі выглядаюць даволі камічна, але ў Джона ўсё ж атрымліваецца крышку натуралізавацца.

Аўтар робіць кожнага насельніка вёскі яркім і каларытным персанажам, што часам пачынае падавацца, нібыта глядзіш фільм Кустурыцы, напоўнены каларытам Балкан. У яго атрымалася б удалая экранізацыя гэтай кнігі.

Твор невялікі, і дынаміка падзей ды добры гумар дапамагаюць прачытаць яго запоем.

Купіць кнігу

Яраслаў Гжэндовіч «Гаспадар Ледзянога Саду. Том 1»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

Першы том аднайменнага цыкла польскага пісьменніка Яраслава Гжэндовіча пабачыў свет у 2005 годзе і атрымаў у Польшчы ўсе магчымыя ўзнагароды ў галіне навуковай фантастыкі. Пісьменніка ўжо называюць новым Сапкоўскім, аўтарам «Ведзьмара».

Пачынаецца раман як навуковая фантастыка. Галоўны герой Вука Драйканен атрымаў такое незвычайнае імя ў выніку змешвання польскіх, харвацкіх і фінскіх каранёў. Ён амаль супергерой, бо ўзброены найноўшымі тэхналогіямі.

Драйканен вымушаны выправіцца на планету Мідгард. Некалькі гадоў таму на ёй былі заўважаныя сляды мясцовай цывілізацыі, якая апынулася чалавекападобнай. З мэтай яе даследавання два гады таму на Мідгард з Зямлі накіравалі групу навукоўцаў, але праз некаторы час сувязь з імі знікла. Цяпер Драйканен адзін вымушаны ляцець у пошуках вучоных, каб разабрацца, што здарылася.

З гэтага моманту сюжэт кнігі пачынае набываць усё больш фэнтэзійных элементаў. Так, высвятляецца, што на Мідгардзе дзейнічае магія. Каб разабрацца ў сітуацыі, Драйканен мусіць прыпадабняцца да мясцовых жыхароў. Ён нават робіць аперацыю і змяняе імя, каб стаць больш падобным да іх. Бо від, які жыве на Мідгардзе, хоць і падобны да людзей, але ж адрозніваецца некаторымі рысамі, напрыклад, колькасцю зубоў ці памерам радужнай абалонкі вока. Таксама і жывёлы, якія насяляюць планету, падобныя паводле функцый да звыклых нам на Зямлі, але ўсё ж не тыя.

Акрамя асноўнага, чытач атрымлівае яшчэ адзін паралельны сюжэт, звязаны з загадкавым маладым прынцам. Кніга прыйдзецца даспадобы ўсім аматарам спалучэння жанраў фэнтэзі і навуковай фантастыкі.

Пераклалі твор на беларускую Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч. Другі том выйдзе сёлета.

Купіць кнігу

Жазэ Сарамагу «Пячора»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

Гэта раман знакамітага партугальскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1998 года. Калі Сарамагу ўганаравала Шведская акадэмія, уся Партугалія схілілася перад ім у паклоне. А быў жа пісьменнік, мякка кажучы, у глыбокай апазіцыі да дзяржавы. І жыў на іспанскім востраве Лансаротэ. Але не адмовіўся ад партугальскага грамадзянства, а кіраўнікі краіны не сталі звяртаць увагу на ранейшыя непаразуменні. Па Сарамагу адразу адправілі асобны самалёт з міністрам культуры на борце. Затым адбыліся прыём у прэм’ер-міністра, абед у прэзідэнта. Па сёння пісьменніка не проста любяць (памёр ён дзесяць гадоў таму), а з задавальненнем чытаюць і ў Партугаліі, і ва ўсім свеце. Пра што ж яго «Пячора»?

Сям’я вясковых ганчароў прадае свой посуд у аграмадным Цэнтры, дзе людзі жывуць, працуюць, ходзяць у крамы. Але іх вырабы раптам становяцца не патрэбныя ў горадзе: посуд дарагі, лёгка б’ецца — а тое, што гэта ручныя вырабы, цэняць адзінкі. Хутка і ганчары становяцца жыхарамі Цэнтра. Пераезд мяняе жыццё цэлай сям’і.

Сарамагу ўзняў пытанне пераходу ад традыцыі да чагосьці новага. Новага, у якім не заўжды можна адразу разглядзець станоўчы ці адмоўны ўплыў на жыццё. Сам аўтар, як бачыцца, выказаўся адназначна — нельга ісці за прагрэсам бяздумна. У творы ён звярнуўся да міфа аб пячоры Платона — каб спазнаць сутнасць рэчаў, трэба прыкласці намаганні. Як з тымі гандлёва-забаўляльнымі цэнтрамі. Калі ўспрымаць іх выключна як даброты цывілізацыі, без крытычнага падыходу, то гэта прывядзе да адкату назад у развіцці грамадства, хоць адразу гэта выкліча непрацяглы рух наперад.

Калі вы не чыталі кнігі Сарамагу раней, трэба быць гатовымі да яго складанай пунктуацыі. У пастаноўцы знакаў прыпынку ў пісьменніка няма ніякай сістэмы, дыялогі не аддзяляюцца адзін ад аднаго, простая мова не афармляецца.

На беларускую мову кнігу пераклала Галіна Мітраховіч.

Купіць кнігу

Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

Гэта кніга, з якой беларусы ці не апошнімі ў Еўропе ўскочылі ў вагон Потэрыяны. Першая кніга з серыі раманаў пра хлопчыка-чараўніка выйшла яшчэ ў 1997 годзе. З таго часу раманы Роўлінг пераклалі больш як на 60 моў.

«Гары Потэр і філасофскі камень» — гэта пачатак гісторыі пра дзесяцігадовага Гары. Хлопчык нарадзіўся ў сям’і чараўнікоў і сам ад нараджэння быў ім. Але да адзінаццатага дня нараджэння ён пра гэта нават не здагадваўся. Калі надыходзіць час выправіцца ў школу чараўніцтва Хогвартс, да Гары з’яўляецца пасланец і ўсё яму тлумачыць. Тут і пачынаецца магія.

Чаму гэтай гісторыяй зачытваюцца і сёння? Роўлінг стварыла свет, які моцна пераплецены з рэальнасцю. Чараўнікі жывуць сярод маглаў (звычайных людзей), але свае здольнасці праяўляюць толькі сярод сабе падобных. Гэта такія ж людзі, знешне нічым не адрозніваюцца. І толькі як яны бяруць у рукі свае чароўныя палачкі, усё змяняецца. Дасціпны раман для дзяцей і падлеткаў, які расказвае пра самаахвярнасць, без якой цяжка перамагчы зло. Кнігі пра Гары Потэра, дарэчы, даўно перасталі лічыцца выключна дзіцячай літаратурай — дарослыя з не меншай увагай захапляюцца імі.

Што з беларускім перакладам? Па-руску кнігі пра Гары Потэра выходзілі ў некалькіх перакладах. Да кожнага з іх чытачы маюць прэтэнзіі. Звычайная справа, калі чытачы не прымаюць тыя ці іншыя рашэнні перакладчыка. Алена Пятровіч, якая пераклала кнігу на беларускую мову, мела магчымасць улічыць прынамсі праблемныя моманты расійскіх калег. Што мы атрымалі? Містар і місіс Дурслі жывуць на Крушынавай вуліцы, Грынгатс знаходзіцца ў Крывым завулку… На гэтым хопіць спойлерыць. Адным словам, пераклад атрымаўся сучасным, захавана англійская атмасфера рамана. Адзначым, што першы наклад кнігі пра Гары Потэра разляцеўся за месяц. А 6 лютага ў Мінску прайшла афіцыйная Ноч Гары Потэра, якую наведалі 1500 чалавек. Нагодай для гэтага стаў акурат выхад беларускага выдання пра хлопчыка-чараўніка. Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала працяг серыі па-беларуску сёлета.

Купіць кнігу

экран 6" E-Ink Pearl, монохромный, 600 x 800, сенсорный, с подсветкой, память 4 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, память 4 Гб, карты памяти

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!