Заслужаная артыстка БССР, вядомая як «беларуская Эдзіт Піяф», ужо 30 гадоў як пакінула сцэну. Яна жыве ў вялікім і ўтульным доме пад Мінскам, вырошчвае кветкі і прысвячае сябе сям’і. Людміла Цімафеева ні аб чым не шкадуе. Яна сустрэла каханне ўсяго жыцця, іграла на сцэне сталічнага ТЮГа шмат сур’ёзных роляў, узгадавала адданых дзяцей і таленавітых унукаў. Напярэдадні навагодніх і калядных святаў мы пагутарылі з Людмілай Яфімаўнай у рамках святочнага праекта «Падказкi» з А1, у якім разам з актрысай запісалі для дзетак казку «Пра верабейчыка і былінку». Заслужаная артыстка распавяла пра галоўную ролю, тры закаханасці ў свайго мужа і тое, як адчувае сябе без сцэны.
Калі сямнаццацігадовая Людміла толькі прыехала ў Мінск і паступіла ў тэатральны інстытут, яна была самай маладой на курсе. Потым, у тэатры, таксама была наймаладзейшай. А пасля, напрыканцы акцёрскай кар’еры, апынулася самай узроставай. У 1951 годзе ў Беларусі Людміла была зусім адна, а цяпер у яе агромністая сям’я: двое дзяцей, трое ўнукаў і шэсць праўнукаў. Усе яны прыязджаюць спраўляць да яе Новы год. Дарэчы, у спадарыні Людмілы дзень нараджэння таксама выпадае на 1 студзеня.
— Ставім елку ў хаце, таксама на двары прыбіраем дрэвы — упрыгожваем іх агеньчыкамі і ўсялякімі цацачкамі. Усе святы адзначаюцца ў гэтым доме, — сустракае нас гаспадыня і працягвае: — Мне жывецца вельмі добра. У мяне такія цудоўныя дзеці і ўнукі... Так мяне шкадуюць, нічым не даюць ім дапамагчы! Я кажу, што паводле паспарту я старая — хутка мне будзе 86 гадоў. Але ж адчуваю сябе намнога маладзейшай. Дзень нараджэння 1 студзеня — гэта вельмі кепска. Ужо ўсе сустрэлі Новы год, стаміліся, а тут трэба адзначаць яшчэ адно свята!
Калі Людміла Яфімаўна была занятая ў тэатры, то ва ўсе святы звычайна працавала. Але ж для яе такое жыццё было заўсёды сапраўдным святам. Аб тым, што яна стане артысткай, спадарыня Людміла ведала ўжо з пяцігадовага ўзросту. Яе сям’я жыла ў той час на Далёкім Усходзе, і туды прыехала грузінская спявачка Верыко Анджапарыдзэ. Дзятва сядзела ўнізе каля сцэны — маленькая Люда бачыла толькі туфлікі артысткі. Тады Анджапарыдзэ нахілілася да дзяцей і спытала ў іх: «Ну як вам, спадабалася?»
— А я ёй і кажу: «Вы ведаеце, мне так спадабаліся вашыя туфлікі!» Яна схілілася, падняла мяне на сцэну і сказала: «Калі ты вырасцеш, станеш артысткай, і ў цябе будуць такія!» З той пары я не змяняла меркавання наконт сваёй будучай прафесіі, — згадвае яна падзеі канца 1930-х.
Бацька Людмілы, Яфім, быў ваенным, памежнікам. Разам з ім дачка аб’ездзіла практычна ўвесь былы Савецкі Саюз. На захад — у Пружаны — яго перавялі, калі Людміла вучылася ў чацвёртым класе. Яна не думала, што Беларусь стане яе другой радзімай. Ужо ў пятым класе Людміла вучылася ва Украіне, у шостым — у Выбаргу, у дзясятым — у Наварасійску. І адтуль паехала ў Мінск.
— У бацькі быў знаёмы салдацік з Беларусі, дзе ў яго засталася сястра. І ён сказаў, каб я ехала ў Мінск, бо там мне будзе ў каго спыніцца. Летам, пасля заканчэння школы, мы адправілі дакументы ў тэатральны інстытут. Тым жа летам я была на пляжы ў Наварасійску, і да мяне падышла адна жанчына. Папрасіла пазнаёміць яе з маімі бацькамі. Падышла да іх і сказала: «Я з Ленінграда, з кінастудыі. Вось гляджу на вашу дачку і разумею, што яна добра падыдзе да ролі ў нашым новым фільме. І скончыўшы школу, няхай дзяўчынка паступае ў тэатральны». Бацькі адказалі ёй, што мы ўжо адаслалі дакументы ў Мінск. «Хуценька тэлефануйце туды, адпраўляйце тэлеграму, каб перасылалі дакументы ў Ленінград!» — сказала яна. Але мы адмовіліся: перакідваць было няёмка. Жанчына сказала, каб я паступала ў тэатральны інстытут у Мінску, а пасля першага курса пераводзілася ў Ленінград. Але ж, вядома, я гэтага не зрабіла.
Дарэчы, у школе Людміла Цімафеева амаль не ўдзельнічала ў самадзейнасці. У першую чаргу таму, што бацька пераязджаў туды-сюды: якая там самадзейнасць, калі ты штогод у новай школе? Нейкі час яна спявала ў дзіцячым хоры і танцавала, але каб драматычныя кружкі — такога не было. Усё трымалася на адным жаданні. На ўступным іспыце дзяўчыне трэба было зачытаць байку, верш і празаічны ўрывак. Да экзамену Людміла рыхтавалася самастойна.
— У Мінск я прыехала за месяц да іспытаў. Тэатральны інстытут знаходзіўся ў будынку опернага тэатра. Я падыходзіла да яго, садзілася на лавачку і думала: «Няўжо хоць калі-небудзь я сюды паступлю?» Напярэдадні экзамену ў мяне прапаў голас — паднялася зранку і проста хрыпела. Выкладчыкі дазволілі мне здаць экзамены пазней. Потым я прыйшла і пачала чытаць урывак з «Анны Карениной» — сустрэчу Ганны з сынам. Там спачатку ідзе трошкі апісання прыроды — я толькі яе расказала, а мяне прыпынілі: «Дастаткова». Я кажу, што далей жа пачнецца асноўнае! Але мне не дазволілі працягнуць. Затым я сказала, што з паэзіі буду зачытваць пісьмо Таццяны з «Евгения Онегина». Яны як сталі рагатаць, а пасля спыталі, якую байку я для сябе выбрала. Я зачытала нейкую, мне падзякавалі, і я сышла.
З боку камісіі гэта было смешна, а для дзяўчыны творчы іспыт стаў трагедыяй. Думала, што раз яе не сталі слухаць, значыць, не прайшла. Нават калі ў спісах залічаных убачыла сваё імя і прозвішча, да канца не верыла, што гэта менавіта яна. А раптам памылка ці якая цёзка з такім жа прозвішчам?
— Сяджу на лекцыях, заходзіць педагог, а я думаю: «Вось зараз мне скажуць: „А чаму вы тут сядзіце?“» Усё роўна не верыла, што мяне прынялі. Так доўжылася некалькі дзён, пакуль я не супакоілася. Увесь месяц, што я жыла ў Мінску, бацькам ніводнага разу не званіла і не пісала. Прыходжу на кватэру, а там куча тэлеграм і «маланак» — бацька праз нейкіх генералаў перадаваў, што згубілася яго дачка! Паехала ў Мінск — і няма! — смяецца спадарыня Людміла. — А я ж не ведала, паступлю я ці не, ну што я ім буду паведамляць?
Так яна правучылася чатыры гады — да 1955-га. Усе адзнакі былі вельмі добрымі. Паводле размеркавання Людмілу спачатку накіравалі ў Купалаўскі тэатр, а ўвесь яе курс — у будучы (яго яшчэ не было, адчыніўся ў 1956-м) ТЮГ. У Купалаўскім у той час не ставала маладой гераіні. Але Цімафеева адмовілася: хацела застацца разам са сваім калектывам. Тым больш галоўным рэжысёрам ТЮГа была педагог яе курса Любоў Міхайлаўна Мазалеўская.
— Напачатку, калі мы скончылі інстытут, нам сказалі, што пакуль працаваць няма дзе: будынка ТЮГа яшчэ не было. Але папрасілі пакінуць адрасы, па якіх нас можна будзе знайсці. Я паехала ў Батумі — мае бацькі ў той час пераехалі ў Грузію. І ў кастрычніку прыйшла тэлеграма, што мяне чакаюць у Мінску. 18-га чысла быў першы збор трупы, увесь калектыў стаяў на ганку пазабіванага дошкамі тэатра.
Галоўны рэжысёр сказала артыстам, што плануе, каб у ТЮГу быў рэпертуар і для дзяцей, і для падлеткаў, і для дарослых. Планавалася, каб гэта было цікавым як для гледачоў, так і для акцёраў: сёння яны іграюць сабачку, вавёрку ці зайчыка, а заўтра — Кацярыну паводле «Грозы» Астроўскага.
— Але ж так атрымалася, што зайчыкаў і вавёрак я так і не іграла, а першай маёй роллю стала Тоня Туманава з «Как закалялась сталь» таго ж Астроўскага. А пасля пайшлі вельмі добрыя і сур’ёзныя ролі — ва ўсіх п’есах, якія ў нас ставілі, я адыграла. Раней, пры Любові Іванаўне, у нас не было дублёраў — спектакль ствараўся для аднаго складу акцёраў. Усе вечаровыя спектаклі, калі да нас пайшоў глядач, былі настолькі знакамітымі, што ўсіх акцёраў ведалі па імёнах, прозвішчах і ролях. Рэдка на адзін спектакль у нас ставілі два склады акцёраў, але ж гэта былі два розныя выступленні па іх выкананні. То-бок адзін спектакль рабілі пад адну актрысу, другі — пад іншую.
Цяпер жа, упэўненая Людміла Цімафеева, у тэатрах усё інакш — хутчэй за ўсё, з-за грашовых цяжкасцяў. Сучасныя тэатры робяць некалькі саставаў — і здараецца так, што адзін і той жа спектакль адначасова іграюць у розных будынках. І рэпетыцыі праходзяць так: адзін акцёр іграе, другі сядзіць у зале і назірае за ім. Тыя заўвагі, што гучаць у адрас аднаго, павінен успрымаць ды паўтараць і другі «артыст-глядач».
— Атрымліваецца нейкая «шэрая маса», акцёры не запамінаюцца — у гэтым і бяда. Можа, у наш час было і менш спектакляў, і менш акцёраў... Зараз купалаўскія дзяўчаты кажуць мне: «Вось была б ты ў нас, дык і дагэтуль працавала б!» Я адказваю ім: «Магчыма. Так жа, як і вы працуеце: нічога не робіце, а проста сядзіце». А я так не магу: ужо калі працаваць, дык працаваць. Я не ведала, што такое вольны вечар. Сяброўкі, якія не мелі дачынення да тэатра, пыталі ў мяне са здзіўленнем: «А як гэта ты па вечарах не дома?» А я не разумела, як яны працуюць з дзевяці да шасці.
Людміла Цімафеева быццам і працавала ў дзіцячым тэатры, але дзіцячых персанажаў амаль не іграла. Толькі аднойчы выконвала ролю царыцы і люстэрка ў спектаклі паводле казак Пушкіна. І ўжо напрыканцы сваёй кар’еры, калі спадарыня Людміла надумала сыходзіць з тэатра, яна сама папрасіла важную для сябе ролю — гэта быў Кот з «Кота в сапогах».
— Увесь час мне трапляліся трошкі аднастайныя ролі: усе такія лірычныя гераіні... А я паводле характару расла больш хлапчуком, чым дзяўчынкай,— усміхаецца яна.
Але ж галоўная роля яе жыцця — жаночая. Гэта Эдзіт Піяф у аднайменным спектаклі. Сыграць французскую легенду Людміла Цімафеева папрасіла сама. Аднойчы яна паехала ў Маскву на тыдзень, каб паглядзець тагачасны рэпертуар расійскіх тэатраў. Раней акцёрам давалі спецыяльныя пуцёўкі, каб тыя развіваліся. Людміла пайшла ў тэатр музсавета на нейкі спектакль, а яго адмянілі. Заменай яму вырашылі паказваць «Эдзіт Піяф» — беларуская актрыса вырашыла паглядзець яго.
— І я проста адурэла: гэта мая роля! Вось над чым я павінна працаваць — спектакль мяне вельмі крануў і працяў маю душу. Пасля я папрасіла свайго дырэктара выпісаць з Масквы гэтую п’есу — атрымалі разам са ўсёй музыкай да яе. Той спектакль амаль увесь складаецца з музыкі. Тэксту таксама нямала, але яго чытае толькі адна актрыса — гэта маналог на гадзіну і 45 хвілін, — Людміла Яфімаўна і ў свае 86 яго памятае і з лёгкасцю зачытвае.
Але ж тады ў ТЮГу ёй сказалі, што рэпертуар тэатра ўжо сфарміраваны, новых спектакляў не плануецца. Нягледзячы на гэта, Людміла самастойна арганізавала акцёраў і пачала праводзіць рэпетыцыі. У спектаклі былі задзейнічаны дзевяць персанажаў: чатыры чалавекі, якія атачалі Эдзіт Піяф, калі яна фарміравалася, а таксама пяць дзанняў — тых, хто пастаянна пераўвасабляліся то ў трупу галоўнай гераіні, то ў салдат і інш. Што цікава, сярод гэтых дзанняў у спектаклі быў і Аляксей Дудараў.
— Спачатку мы размеркавалі ролі, чыталі іх у грымёрцы. А пасля трэбы было кудысьці выходзіць, але лакацыі не было — сцэна і рэпетыцыйныя пакоі былі занятыя. Але ж заставалася вольная лесвіца — на ёй мы і пайшлі рэпеціраваць. Без музыкі і ледзьве не шэптам.
Прайшоў амаль год рэпетыцый, але спектакль так і не выходзіў. Пасля акцёры паказалі сваю самастойную работу новаму маладому рэжысёру, які дапамог ім і падкарэктаваў некаторыя моманты. Затым рэпетыцыю паглядзеў галоўны рэжысёр, зрабіў некалькі заўваг, ад якіх Людміла Цімафеева рэзка адмовілася са словамі: «Мы будзем іграць паводле Станіслаўскага».
— Потым на нас паглядзеў мастацкі савет, і рабяты адтуль сказалі: «Божа, што яна вытварае?!» Але ж спектакль, можна сказаць, быў самадзейным, і нам прапанавалі: працягвайце іграць яго на лесвіцы. Мы пагадзіліся.
«Эдзіт Піяф» у незвычайнай лакацыі пачалі ставіць позна вечарам, пасля асноўнай праграмы тэатра. Людміла Цімафеева мяркуе, што спектакль атрымаўся ў першую чаргу таму, што ён ствараўся з вялікімі цяжкасцямі. Хутка па ўсім Мінску разышліся чуткі пра «Эдзіт Піяф», але ў так званай глядзельнай зале было толькі 50 месцаў — усе жадаючыя ўмясціцца не маглі. Масава сталі прыходзіць заяўкі ад інстытутаў — студэнты дужа хацелі паглядзець спектакль. Дырэктар Артур Вольскі прапанаваў Людміле Цімафеевай іграць не раз, а двойчы на тыдзень.
— А я стамлялася так, што па дарозе дадому ледзь валакла ногі, але ж думала: «Каб хутчэй наступны спектакль». Наколькі цяжка ён мне даўся, настолькі я яго любіла.
Пасля Вольскі прапанаваў перанесці «Эдзіт Піяф» з лесвіцы на сцэну, але ж акцёры настолькі прызвычаіліся іграць на прыступках, што прыйшлося будаваць для сцэны новую лесвіцу. Ды і яшчэ такую ж самую, якой была папярэдняя, вымяралі кожны сантыметр. Спектакль ішоў амаль без асвятлення: адзінае, што было добра відаць, — гэта твар галоўнай гераіні. Зала была набітая бітком. Праз некаторы час ТЮГ двойчы паставіў маналог на цыркавой арэне.
Спектакль стаў найлепшым у сезоне, а званне заслужанай артысткі Людміла Цімафеева атрымала ў 1967-м. Разам з ёй яго далі яшчэ двум акцёрам ТЮГа. Ніхто з артыстаў не чакаў, што іх унеслі ў спіс як прэтэндэнтаў.
— Мы працавалі і працавалі, нават не задумваліся аб гэтых званнях. Я раніцай стаю на кухні, наразаю салацік — і чую па радыё, што стала заслужанай артысткай. Мне зрабілася вельмі страшна і сорамна. Ішла ў тэатр і хацела праваліцца скрозь зямлю. Як так? Мы ж усе разам працавалі з дзяўчатамі, а чаму званне атрымала толькі я? Пасля мяне падалі на народную, а я напісала заяву аб сыходзе з тэатра. Мне казалі: «Ты звар’яцела?» А я думаю, навошта яно мне?
Але ж яна дагэтуль сябруе з дзяўчатамі, з якімі пачынала работу ТЮГа. Яны ўшасцёх збіраюцца на кожнае свята — ды і проста пабалбатаць, згадаць мінулае.
Дзякуючы тэатру Людміла Цімафеева сустрэла і каханне ўсяго свайго жыцця. Першыя гады працы ў ТЮГу яна жыла з дзвюма дзяўчатамі на кватэры. А тэатралы таксама арганізоўвалі самадзейнасць — розныя капуснікі і да т. п. Аднойчы, перад адным з такіх мерапрыемстваў, Людміла адмовілася ісці ў тэатр — надта стамілася.
— Дзяўчаты ўгаворвалі: мы толькі паглядзім капуснік і пойдзем дадому. Яны выцягнулі мяне ў тэатр, хаця я так не хацела ісці! — згадвае артыстка. — Сядзім, глядзім гэтую самадзейнасць. Сустрэлі там мужа адной актрысы Купалаўскага тэатра Барыса. Праз нейкі час ён павярнуўся і некаму памахаў рукой — аказваецца, прыйшоў яго сябра, былы ваенны. Гэты таварыш сеў перада мною. Скончыўся канцэрт, усіх запрасілі на танцы ў «ёлачную залу». Барыс гаворыць: «Пазнаёмся, гэта мой сябра». Хлопец працягвае руку — я таксама ў адказ. Падымаю вочы — і мяне быццам пранізалі нажом, прама наскрозь. Я проста ачмурэла: ён быў вельмі прыгожым! Потым, калі ўжо мы хадзілі па горадзе, нас прыпынялі кіношнікі і прапаноўвалі яму здымацца. А Дзмітрый быў простым журналістам.
Пасля знаёмства ён пакінуў у тэатры запіску для Людмілы — запрасіў на футбол. Яна не пайшла, таму што трэба было іграць у спектаклі. Потым Дзмітрый завітаў да яе на кватэру — суседкі Цімафеевай сказалі яму, што Люда хутка вернецца, і схавалі хлопца за фіранку.
— Вярнулася, а дзяўчаты мне кажуць, што прыходзіў Дзіма. Пытаюся, ці перадалі яму, што я хутка вярнуся? Яны кажуць: «Не». І ў мяне слёзы паліліся раўчуком. Тады Дзіма выскачыў з-за фіранкі, схапіў мяне і як закруціў! І я зразумела, што ў нас узаемнае каханне з першага позірку.
Людміла Цімафеева расказвае, што пасля гэтага яна закахалася ў свайго будучага мужа яшчэ двойчы. Адным летам падчас інстытуцкіх вакацый у Наварасійску яна пазнаёмілася з хлопцам, таксама Дзмітрыем, які пасля прыходзіў прасіць яе рукі. Праз некалькі гадоў, калі Людміла была ўжо ў зносінах з будучым мужам, той наварасійскі Дзіма прыехаў у Мінск. Дзяўчына абодвум Дзмітрыям назначыла сустрэчу пасля спектакля.
— Яны прыйшлі ў адзін і той жа час, я і кажу ім: «Пазнаёмцеся». Той Дзіма — вялікі такі, кучаравы бландзін — працягвае руку і прадстаўляецца: «Дзіма». Мой Дзіма — трошкі ніжэйшы, але ж таксама высокі, чарнявы — працягвае руку ў адказ і гаворыць: «Дзмітрый». Гэта была такая розніца, такая мужчынская сіла! Я закахалася ў яго ў другі раз.
У трэці раз яна закахалася ў свайго будучага мужа трошкі пазней. Дзмітрый сустракаў яе пасля кожнага спектакля і праводзіў дадому. Аднойчы падчас выступлення Людміла вывіхнула нагу. Выклікалі «хуткую», перавязалі.
— Ён прыйшоў мяне сустракаць, а яму сказалі, што я ў грымёрцы і не магу выйсці. Дзіма замовіў таксі, вынес мяне на руках у машыну, і мы паехалі. Едзем, едзем, і ён кажа кіроўцу: «Налева», а я адказваю: «Не-не, направа!» Дзіма адсёк: «Я замаўляў таксі, будзьце ласкавыя, налева». Мы прыязджаем на Камсамольскую, дзе ён жыў з мамай. А яна, дарэчы, была супраць нашых зносін, таму што я артыстка. Дзіма нясе мяне чатыры паверхі, маці адчыняе дзверы, ён стаіць, трымаючы мяне на руках, і кажа: «Мама, з гэтага дня Людзін дом тут». І ўсё. Так я там і засталася.
Дзмітрый не рабіў ёй прапановы, размоў пра вяселле ніколі не вялося. Сустракаліся год, а пасля ажаніліся. Яшчэ праз год у іх нарадзілася дачка, пасля сын. Дарэчы, за тыдзень да родаў артыстка яшчэ іграла ў спектаклях. Людміла і Дзмітрый пражылі разам 33 гады. Мужчына перанёс пяць інфарктаў і памёр.
— Але я шчаслівая, таму што ў мяне быў вельмі добры муж, выраслі чароўныя дзеці: дачка — музыкант, а сын — паспяховы бізнесмен. Я лічу, што ўсё гэта пайшло ад майго Дзімы, таму што ў яго былі вельмі добрыя бацькі.
«Падказкі» — сумесны святочны праект кампаніі А1 i Onliner, прысвечаны беларускім народным казкам. У яго аснове — пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Казкі для дзяцей па-беларуску агучылі знакамітыя дыктары і акцёры старэйшага пакалення.
Тэксты былі сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях па ўсёй краіне экспертамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Аўдыёзапісы — Радыё Бі-Эй. Музыка — гурт «Стары Ольса».
Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by