Хто сярод продкаў быў сучасным айцішнікам і колькі ён траціў? Заробкі і кошты ў ВКЛ

18 081
15 сентября 2019 в 10:00
Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: belhistory.com, set.ethno.by, zalesse.by, magduclit.com

Хто сярод продкаў быў сучасным айцішнікам і колькі ён траціў? Заробкі і кошты ў ВКЛ

Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: belhistory.com, set.ethno.by, zalesse.by, magduclit.com

Гісторыя можа 24/7 распавядаць пра важныя палітычныя падзеі, але для жыцця звычайнага чалавека ўсе яны будуць неістотнымі. Гэта ж натуральная з’ява: трэба, каб у цябе быў нармальны заробак і праца ў добрай кампаніі, астатняе — справа другасная. У гэтым сэнсе нашы продкі не асабліва ад нас адрозніваліся. Ім таксама было важна вечарам пятніцы выйсці з цэха з добрай рэпутацыяй, дастаць грошы і, не думаючы пра выдаткі, купіць келіх піва. Але ці заўсёды так атрымлівалася? Пра тое, колькі зараблялі ў ВКЛ і колькі што тады каштавала, чытайце ў матэрыяле Onliner.

Якія грошы былі ў ВКЛ?

Асноўнай грашовай адзінкай у тагачаснай дзяржаве быў грош. Акрамя яго існавалі яшчэ злотыя, дэнарыі і соліды. Манеты ж тады былі рознымі: чаканілі срэбныя грошы, паўгрошы, а яшчэ і талеры. Усе яны адрозніваліся па вазе, што натуральна: некаторыя манеты выраблялі з золата, а для чаканкі іншых выкарыстоўвалі срэбра. Таму так, да пары да часу нашы продкі жылі сапраўды хораша. Але паступова эканамічны крызіс, які быў выкліканы бясконцымі войнамі і сваволлем магнатаў, зацягваў краіну ў сваю варонку, і манеты пачалі губляць кошт.

Ці быў у продкаў курс валюты?

Нейкі час грош ВКЛ па вартасці быў большы за польскі грош, але меншы за расійскую капейку. Разам з тым казаць пра курс валюты ў сённяшнім разуменні, вядома, нельга.

Якую прафесію трэба было тады абраць, каб добра зарабляць?

Трэба сказаць, што сярод жыхароў ВКЛ разнастайнасці ў прафесіях было не займаць: некаторыя гісторыкі налічваюць больш за 200 розных спецыяльнасцей. Сярод іх было збройніцтва, разьба, кафлярства і піваварэнне, а заробак спецыяліста залежаў ад яго запатрабаванасці. Да прыкладу, у 1541 годзе добры рамеснік з прыбытковай спецыяльнасцю ва ўдалы для сябе месяц мог зарабіць больш за 1000 грошаў.

У XVI стагоддзі сталі актыўна развівацца прафесійныя аб’яднаннi — цэхі. У гэтых месцах была свая строгая іерархія і статут. Дзяржава, вядома, спрыяла іх узнікненню, але «самазанятых» тады не вельмі шанавалі і называлі «партачамі». Хоць гісторыкі і не любяць паралелі, але мы іх правядзём. Сярэднявечным айцішнікам мог стаць любы златар ці збройнік: вырабляеш ювелірныя ўпрыгожанні або багатую зброю — можаш амаль стоадсоткава спадзявацца на сур’ёзны прыбытак. Адзін віленскі збройнік у XVI стагоддзі прадаў сваю багата ўпрыгожаную шаблю за 70 польскіх злотых. Ну і каб не быць галаслоўнымі, скажам, што за гэтую суму тады можна было купіць статак кароў. А вось прадукцыя шаўцоў ці бортнікаў каштавала менш, затое была шырока запатрабаваная.

А яшчэ ў нашых продкаў быў уласны бізнес. Свая карчма была сапраўднай тэмай для мясцовых бізнесоўцаў: ахвотнікаў пасядзець у кампаніі сяброў і прыстойна выпіць тады не бракавала. І калі на гэтым можна было выдатна зарабіць, людзі шанец не ўпускалі: набывалі такую ўстанову за 3600 грошаў і прадавалі там алкагольныя напоі. Вядома, задумка гэтая была нятаннай, а таму корчмамі валодалі багатыя людзі.

Да таго ж тыя, хто меў палац, маглі здаваць яго ў арэнду. Добры прыбытак быў і ў купцоў, што ездзілі за таварамі замежнай вытворчасці. Што да ніжніх саслоўяў, то яны працавалі за ежу, пакуль феадалы купаліся ў раскошы, валодаючы каласальнымі фінансамі.

А што было наканавана беспрацоўным?

Сяляне, якія не хацелі працаваць, расплочваліся за гэта пакутамі ад фізічных пакаранняў. Феадалаў жа ніхто выхадзіць у поле не прымушаў, але яны былі ваеннаабавязанымі і ў выпадку аб’яўлення паспалітага рушэння мусілі ісці ваяваць. Але хто з нас без хібаў? Шляхта часцяком актыўна «касіла» ад войска, і за гэта яе маглі нават пазбавіць маёнткаў.

Ці была нейкая дапамога па беспрацоўі?

Не. Але статут ВКЛ прадугледжваў бясплатныя паслугі адваката для неабароненых сацыяльных слаёў. Дарэчы, у ВКЛ існавалі і прытулкі для беднякоў. Таму высновы такія: пра жабракоў клапаціліся як маглі, бо так прадпісвалі хрысціянскія каноны.

Колькі тады каштавалі прадукты?

У сярэднестатыстычнай сям’і з ВКЛ расходы размяркоўваліся наступным чынам: прыкладна 65% бюджэту забірала ежа, 18% — адзенне, 12% — жыллё, 5% — ацяпленне і асвятленне. Спынімся на выдатках на харчаванне.

Калі ў вас склаўся стэрэатып, што карані беларускай аградзяржавы ідуць з мінуўшчыны, рызыкнём яго пацвердзіць — Рэч Паспалітая актыўна пастаўляла ў Еўропу збожжа. Але ж бедным сялянам было складана набываць для гаспадаркі жывёл, якіх потым можна было б спажываць. Чаму? Прыводзім цэннікі: свінню прадавалі за 12 грошаў, цяля — за 18, карову — за 30 і больш. Выйсце людзі знаходзілі ў тым, каб спажываць прадукты, якія аддаваліся на экспарт, — да прыкладу, жыта.

Сярод алкагольных напояў самымі папулярнымі былі медавуха, піва і гарэлка з віном. Апошняе было занадта дарагім, і таму просты селянін толькі марыў пачаставацца венгерскім віном, якое шанавала арыстакратыя. Дарэчы, кадка мёду каштавала ўсе 60 грошаў, але праблема была не ў ёй. Кошт келіха з напоем багоў — броварным півам — у XVI стагоддзі перавышаў 2 грошы, і адзінае, што заставалася сялянам, — марыць пра яго.

Кошты ВКЛ фіксавалі і замежнікі. У XVIII стагоддзі адзін з падарожнікаў, якія наведалі гродзенскі сейм, падрабязна запісаў цэны на прадукты, набытыя ў горадзе. Па яго інфармацыі, чвэрць масла каштавала 2 злотых, кварта малака — 9 прускіх грошаў, рабчык — 12 грошаў, чвэрць піва — 6 грошаў, 60 яек — 2 прускіх залатых, хлеб — 6 грошаў. І кошты гэтыя былі істотна завышанымі. Вось і выснова: жыццё ў горадзе падчас сеймаў спусташала нават тугiя кішэні арыстакратаў.

А што вядома наконт «нехарчаванкі»?

Добрае адзенне і аксэсуары ў XVI стагоддзі каштавалі дорага. Напрыклад, за адну шкурку куніцы патрабавалі 50 грошаў. А сапраўдныя шляхціцы за новы гарнітур, які называўся жупанам, аддавалі каля 1000 грошаў. Што ж да моднага абутку, то ён каштаваў менш, але таксама даволі істотна — 900 грошаў. Калі шляхціцу трэба было выглядаць больш імпазантна, ён мог прыдбаць шаблю за 1800 грошаў і панцыр за 9000 грошаў. Вядома, сярэднестатыстычны грамадзянін ВКЛ заўсёды мог набыць барановы кажух за 60 грошаў. Ну, гэта калі ён нармальна ставіўся да масмаркету.

Што да жывёл, то дабротнага каня ў XVI стагоддзі куплялі не менш за 600 грошаў. Цяля каштавала значна танней — за яго тады прасілі 18 грошаў. Да таго ж сюды дадаваўся рыштунак: на яго трэба было адшукаць яшчэ 140 грошаў.

Але самай дарагой ва ўсе часы заставалася нерухомасць. Сярэдні шляхецкі маёнтак у XVI стагоддзі выходзіў пад 40 000 грошаў, а асобны дом шляхціца мог каштаваць 12 000 грошаў.

Ці былі дэфіцытныя тавары?

Скажам так, арыстакратыя была не супраць папесціць сябе заморскімi цытрынамі і ананасамі і з задавальненнем уключала іх у свой рацыён. Да дэфіцытных тавараў адносіліся імпартныя рэчы з далёкіх краін. Да прыкладу, нейкая выкшталцоная садавіна. Але нават звычайная соль была даволі дарагім таварам.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем гісторыку Яўгену Аснарэўскаму.

10-го поколения, экран 6" E-Ink Carta, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
Нет в наличии
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти
Нет в наличии

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by