Памёр Леанід Дайнека, які напісаў раманы «След ваўкалака» і «Меч князя Вячкі»

 
6513
21 августа 2019 в 18:24
Источник: Сяргей Беражны. Фото: svaboda.org
Источник: Сяргей Беражны. Фото: svaboda.org

Аўтара захапляльных кніг не стала раніцай 21 жніўня. Яму было 79 гадоў. «Я баюся толькі раптоўнай смерці. Больш нічога», — аднойчы сказаў Дайнека. І пражыў пасля гэтага яшчэ дзевяць гадоў.

Уладзімір Караткевіч — Леанід Дайнека — Уладзімір Арлоў — Людміла Рублеўская… Такім можа быць ланцужок аўтараў, хто ўзяўся пісаць на гістарычныя сюжэты і хто здолеў гэта рабіць сістэматычна і цікава. Леанід Дайнека быў добра вядомы найперш па сваіх раманах «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака» пра часы Полацкага княства. За іх ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Абраўшы для сябе гістарычную тэматыку ў прозе, ён стварыў узоры кніг, якія з захапленнем чыталі і падлеткі, і дарослыя. Пісьменнік лічыў, што так і павінна быць з добрым творам — не трэба абмяжоўвацца чытацкай аўдыторыяй толькі пэўнага ўзросту. Героі яго кніг — Усяслаў Чарадзей, князь Вячка, Канстанцін Астрожскі, Язафат Кунцэвіч...

«Я хацеў бы жыць у лясным маёнтку ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Але гэта немагчыма. Сваё жыццё я б не змяняў», — так некалі адказаў Леанід Дайнека на пытанне адносна часу, у якім хацеў бы жыць. Цвяроза, але тым самым ёмка выказаў сваё захапленне старажытнай беларускай дзяржавай.

Ён заставаўся адным з найлепшых гістарычных пісьменнікаў. Хоць апошнімі гадамі публікаваў і не так шмат.

У сям’і Леаніда і Зінаіды Дайнекаў — трое сыноў. Леанід Мартынавіч разам з імі ў 1993-м падаўся ў бізнес. Зусім нетыповая для беларускага пісьменніка справа: ён заняўся вырабам алкаголю. Яго кампанія першай у Беларусі пачала вырабляць алкагольны напой пад маркай «Крамбамбуля». Сёння можна спрачацца пра аўтэнтычнасць гэтага напою, але менавіта з ім многія ехалі за мяжу ў якасці адметнага сувеніра. Яго кампанія была спонсарам канцэртаў беларускіх выканаўцаў.

Развітанне з пісьменнікам адбудзецца 25 жніўня ў рытуальнай зале на вул. Альшэўскага, 12. Час развітання яшчэ ўзгадняецца.

Леанід Дайнека нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967). Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 гадах — адказны сакратар часопіса «Маладосць», з 1989-га — загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1970-м прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг вершаў «Галасы», «Бераг чакання», раманаў «Людзі і маланкі», «Футбол на замініраваным полі», «Жалезныя жалуды».

Падпісвайцеся на наш канал у «Яндекс.Дзен», каб не прапусціць цікавыя артыкулы і рэпартажы

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner и пішыце нам у Viber!