15 768
1133
15 марта 2019 в 8:30
Источник: Ірына Будзько. Фото: Аляксандр Ружачка
Колькі гадоў беларускай мове? Факты і міфы

Як шмат пытанняў выклікае спалучэнне слоў «беларуская мова»… А колькі ж гадоў гэтай мове? Можа, яе прыдумалі пісьменнікі пачатку ХХ стагоддзя? А ці самастойная гэтая мова? Адкуль яна з’явілася і хто на ёй размаўляў? Ці захаваліся старажытныя тэксты на гэтай мове?.. Даём слова вядучаму навуковаму супрацоўніку Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдату філалагічных навук Ірыне Будзько.

Пра што пойдзе гаворка:

Колькі гадоў беларускай мове?

Беларускай мове столькі ж гадоў, колькі любой са славянскіх моў: рускай, украінскай, польскай і г. д. Падмуркам для стварэння і развіцця славянскіх моў паслужылі дыялекты асобных славянскіх плямёнаў, якія два тысячагоддзі таму пачалі рассяляцца па велізарных тэрыторыях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе да нядаўняга часу яшчэ панаваў ледавік.

Ужо ў самым пачатку нашай эры славян пачынаюць згадваць у старажытных рымскіх, гоцкіх, арабскіх, візантыйскіх тэкстах, называючы іх венедамі, антамі, склавенамі, славенамі. Больш падрабязна пра славян мы чытаем у знакамітай «Аповесці мінулых гадоў», дзе Нестар-летапісец пералічае наступныя плямёны: паляне, драўляне (або дзераўляне), севяране, дрыгавічы, радзімічы, крывічы, славене, вяцічы, бужане, углічы, ціверцы, харваты.

Адкуль ёсць пайшла мова беларусаў… Крыніца: youtube.com

У аснову беларускай мовы ляглі дыялекты трох славянскіх плямёнаў. Гэта дрыгавічы (жылі за Прыпяццю аж да Заходняй Дзвіны і ў межах верхняга цячэння Нёмана), крывічы (жылі ўздоўж сярэдняга цячэння Заходняй Дзвіны, на рацэ Палата) і радзімічы (жылі ў басейне Сожа). У прынцыпе, сённяшняя групоўка беларускіх гаворак фактычна адлюстроўвае колішняе рассяленне згаданых плямёнаў на нашай тэрыторыі.

Паколькі славяне прыйшлі ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу ў выніку вялікай міграцыйнай хвалі, так званага Вялікага перасялення народаў, яны кантактавалі і з іншымі плямёнамі, якія таксама засялялі гэтыя тэрыторыі. Так, беларускі этнас фарміраваўся пад моцным уплывам балтаў. Гэты ўплыў адбіўся на элементах традыцыйнай культуры беларусаў, пакінуў след у назвах нашых населеных пунктаў, рэк, азёр і іншых геаграфічных аб’ектаў, адлюстраваўся на знешнасці і ментальнасці. Шмат дзе ў беларускіх вёсках, асабліва на поўначы краіны, і сёння можна пачуць словы, ад якіх вее даўніной:

бонда ‘бохан хлеба’ (па-літоўску bonda), гярдэкаць і гівягаць ‘незразумела, невыразна гаварыць’ (па-літоўску girdeti ‘чуць’ і gyvas ‘здароў’ адпаведна), дырван, дзірван ‘аблога, неапрацаваны ўчастак зямлі’ (па-літоўску dirvanas), крушня ‘груда камянёў’ (па-літоўску krūsnis), кумпяк ‘шынка’ (па-літоўску kumpis), парсюк ‘парася’ (па-літоўску paršiukas), раўгеня ‘посная страва, якая гатавалася з аўсянай мукі’ (па-літоўску raugene), руплівы ‘працавіты, старанны’ (па-літоўску rūpnusrūpusrūpestingas), рэзгіны ‘прылада для пераноскі сена’ (па-літоўску rezgines), свіран ‘склад, сховішча’ (па-літоўску svirnas) і інш.

Свіран. Крыніца: picgra.com

Асабліва моцна след прысутнасці балтаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі праявіўся ў назвах рэк і азёр: Друя, Друйка, Дрысвяты, Яса, Нарач, Лучоса і іншыя водныя аб’екты захавалі яшчэ даславянскія найменні. Кажуць, што ўзаемадачыненні балтаў і славян — гэта адзін з нешматлікіх выпадкаў у гісторыі цывілізацый, калі розныя плямёны змаглі дастаткова мірна суіснаваць, узбагачаючы адно аднаго культурнымі здабыткамі, мовай і пазбягаючы ваенных канфліктаў. Ёсць думка, што нават знакамітая рыса беларускай мовы — аканне — гэта вынік шматвяковых кантактаў з балтамі.

Як да нас прыйшла пісьменнасць?

Сёння словы кірыліца, кірылічны алфавіт мы ўспрымаем настолькі натуральна, што часта не задумваемся, чаму менавіта так мы называем азбуку, якой карыстаемся, і нават раскладку на клавіятуры камп’ютара.

А пачыналася ўсё вось як… У ІХ стагоддзі ў Цэнтральнай Еўропе ўтварылася Мараўскае княства, даволі моцнае і вялікае па тых часах. На чале княства стаяў князь Растыслаў, які вырашыў, што хрысціянства можа стаць той рэлігіяй, якая аб’яднае плямёны ў новай дзяржаве. Князь звярнуўся да візантыйскага імператара Міхаіла ІІІ, каб той прыслаў яму настаўнікаў новай веры, якія б маглі гаварыць па-славянску. Такім чынам, у Маравію накіраваліся два браты — Канстанцін, знакаміты філосаф, паліглот, перакладчык (потым, прыняўшы манаскі сан, ён атрымаў імя Кірыл), і Мяфодзій.

Кірыл і Мяфодзій. Крыніца: pravmir.ru

Родам яны былі з грэчаскага горада Салонікі, насельніцтва якога складалася з грэкаў і славян. Ёсць думка, што маці братоў была славянкай. Як бы там ні было, славянскі дыялект яны ведалі вельмі добра. За кароткі час з грэчаскай мовы былі перакладзены ўсе неабходныя для службы ў царкве тэксты. Самыя старажытныя рукапісы, якія дайшлі да нас, датуюцца Х—ХІ стагоддзямі. Напісаны яны дзвюма азбукамі: кірыліцай і глаголіцай. Ёсць думка, што Кірыл і Мяфодзій стварылі менавіта глаголіцу, а кірыліца ўзнікла пазней як вынік адаптацыі грэчаскага алфавіта пад славянскае маўленне. Пра гэтыя падзеі мы даведваемся з некалькіх старажытных рукапісаў, у першую чаргу са сказання «О письменехъ» Чарнарызца Храбра, які жыў у Х стагоддзі.

Першыя літары кірыліцы і глаголіцы. Крыніца: xlt.narod.ru

За дастаткова кароткі час рукапісы свяшчэнных тэкстаў распаўсюдзіліся па славянскай тэрыторыі, найперш сярод усходніх славян. Ужо з ХІ стагоддзя мы маем кнігі, перапісаныя ў Кіеве і Ноўгарадзе, з ХІІ стагоддзя — у Полацку. У таго ж Чарнарызца Храбра мы чытаем, што і да прыняцця хрысціянства славяне мелі пісьменнасць: «Прhже оубо словhне не имhхъ книгъ но чрътами и рhзами и чътhх». Цяжка сказаць, якога кшталту было гэтае пісьмо чрътами и рhзами. Магчыма, яно нагадвала клінапіс або руны.

Ад Полацка пачаўся свет…

Пісьменства стала ўмацоўвацца і распаўсюджвацца ў першую чаргу ў сталіцах славянскіх княстваў. Для Беларусі знакавую ролю ў гэтых адносінах адыграла Полацкае княства. Нездарма мы кажам, што ад Полацка пачаўся свет. Самыя старажытныя тэксты, якія ўзніклі на Полаччыне, — дагаворныя граматы полацкіх князёў з Рыгай і гоцкім берагам, Полацкае Евангелле канца ХІІ стагоддзя, надпісы на Рагвалодавых камянях, графіці Спаса-Еўфрасіньеўскай царквы ў Полацку, надпіс на крыжы Еўфрасінні Полацкай, некалькі берасцяных грамат.

Першая старонка Полацкага Евангелля ХІІ ст.

Ужо ў некаторых з гэтых тэкстаў мы бачым праявы беларускага вымаўлення: аканне, пераход в, л у ў, цоканне (старажытныя палачане, як і ўсе крывічы, не адрознівалі гукі ц і ч і вымаўлялі іх як ц; і сёння яшчэ на поўначы Беларусі можна пачуць вадзіцка, крыніцка замест вадзічка, крынічка), зацвярдзелы гук р.

Рагвалодаў камень. Крыніца: zagran.guru

Пры ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага цэнтрам пісьменнасці і кніжнасці стаў Навагрудак. Пісьмовая традыцыя, якая паўстала ў Старажытнай Русі і развілася на Полаччыне, атрымала новы імпульс.

З утварэннем дзяржавы адразу паўстае пытанне аб дзяржаўнай мове. Калі мы гаворым пра Вялікае Княства Літоўскае, то дзяржаўнай мовай (часта яе называюць афіцыйнай) там была старабеларуская. Праўда, такім тэрмінам у тыя часы ніхто не карыстаўся. Гэтую мову ў старажытных тэкстах называлі рускай (або руськай), яе юрыдычны статус быў замацаваны ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 года: «А писаръ земскій по руску маеть літэрамі і словы рускімі все лісты і позвы пісаті, а не іншым языкомъ і словы…» Гаворка ідзе пра тое, што ўсе службовыя паперы павінны пісацца на рускай (старабеларускай) мове.

Старонка са Статута 1566 года

На гэтай мове напісаны шматлікія тамы справавых дакументаў, тэксты дамоў з іншымі краінамі свету, створана арыгінальная літаратура, у тым ліку жыціі, летапісы, хронікі і нават гараскопы. На старабеларускую мову перакладзены вядомыя тагачасныя раманы і аповесці, якімі зачытвалася ўся Еўропа (напрыклад, гісторыя аб Трыстане і Ізольдзе, аб Троі, аб Аляксандры Македонскім). Існуе, як вядома, і пераклад Бібліі.

Канешне, сучаснаму чалавеку вельмі цяжка чытаць такія тэксты, але нельга сказаць, што гэта зусім немагчыма. Яны ўтрымліваюць шмат слоў, знаёмых сёння кожнаму беларусу: гаспадар, ведаць, чын, шлюб, зайздрасць, захад, усход, пачатак, звыкласць і інш. Акрамя таго, у тэкстах мы сустрэнем і важныя для нас рысы беларускага маўлення: аканне і яканне (в апустевшеи земли, красата, ягипцянін, вясло), цвёрдасць гукаў ж, ш, ч, ц і р (жонка, шыпшына, чолом, Свислочы, старцы, крэщение, декабра), прыстаўныя гукі в, г (вока, восень, гарбузъ, геретикъ), пераход гукаў в, л у ў (у чужой земли, Ягайло переступивъ тыи правды).

Што такое руская мова беларусаў?

Мала ў гісторыі славянскіх моў існуе такіх заблытаных пытанняў, як назва дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага. Гэтую праблему спрабуюць вырашыць ужо два стагоддзі, у дыскусіі ўдзельнічалі і працягваюць прымаць удзел навукоўцы практычна ўсіх славянскіх краін, кожны раз узнікаюць усё новыя тэрміны (сёння іх налічваецца больш за 40), і да канчатковага рашэння яшчэ вельмі далёка.

Перш за ўсё трэба пачаць з саманазвы, гэта значыць з таго, як самі грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай называлі сваю мову. Дарэчы, гэтых саманазваў не так шмат: руска (руська) мова, рускій (руській) язык, часам да іх дадаваўся прыметнік просты (простая) у значэнні ‘зразумелы’. Так называлі мову сваіх твораў Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Лаўрэнцій Зізаній, так названа дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага ў Статутах 1566 і 1588 гадоў.

Крыніца: be.wikipedia.org

Часта да саманазвы дадаваўся прыметнік літоўскі, і мову называлі літоўскай або літоўска-рускай. Адам Міцкевіч, які разам са сваімі сябрамі вельмі цікавіўся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, падчас лекцый у Парыжскім універсітэце так казаў пра беларускую мову: «На беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай, гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распрацавана».

Сярод іншых назваў гэтай мовы (дакладней, тэрмінаў, якія ўвялі ва ўжытак даследчыкі апошніх двух стагоддзяў) можна адзначыць наступныя: польско-русский язык, письменный язык литовской Руси, литературно-письменный язык ВКЛ, старинное западнорусское наречие, западнорусский язык, литературный южно-русский язык, украïнська літературна мова, староукраинский язык, адпаведна старабеларуская мова, украинско-белорусский язык, славено-польский язык, польсько-слов’яно-руська мова, język polsko-białoruski, славяно-украинско-белорусский язык і інш. Няцяжка заўважыць, што ва ўсіх гэтых назвах прасочваюцца дзве тэндэнцыі: па-першае, усе яны падкрэсліваюць «змешаны» характар той мовы, па-другое, кожная назва адлюстроўвае этнічныя прыхільнасці яе аўтара. Іншымі словамі, кожны даследчык ахоўвае сферу сваіх інтарэсаў.

Падагульняючы сказанае вышэй, адзначым, што беларуская мова развівалася шмат стагоддзяў. У яе гісторыі былі перыяды вялікага росквіту і заняпаду, не адразу яна стала называцца беларускай, не адразу заняла моцныя пазіцыі на лінгвістычнай карце Еўропы, але на сёння гэта развітая самастойная славянская мова, з багатай пісьмовай традыцыяй, з адметным слоўнікавым складам, з вельмі характэрнымі фанетычнымі і марфалагічнымі рысамі.

экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
экран 7" LCD TN+Film, цветной, 480 x 800, сенсорный, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти
Нет в наличии

Цікава пачытаць:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by

Источник: Ірына Будзько. Фото: Аляксандр Ружачка