Дырэктар Інстытута мовазнаўства: «Беларускую мову найбольш папулярызуюць праграмісты»

30 499
01 февраля 2019 в 8:50
Источник: Настасся Занько . Фото: Аляксандр Ружачка, ілюстрацыя Алег Гірэль

Дырэктар Інстытута мовазнаўства: «Беларускую мову найбольш папулярызуюць праграмісты»

Источник: Настасся Занько . Фото: Аляксандр Ружачка, ілюстрацыя Алег Гірэль
Згодна з афіцыйнай статыстыкай беларускую мову роднай лічаць больш за 5 мільёнаў чалавек, гэта 60% ад усяго насельніцтва краіны. Аднак у жыцці па-беларуску размаўляе толькі трэцяя частка жыхароў Беларусі — каля 2,85 мільёна чалавек. Што адбываецца з беларускай мовай зараз і якія перспектывы яе чакаюць? Гутарым з дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігарам Капыловым.

Хто гэта?

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, выкладае ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь гуманітарныя дысцыпліны, у прыватнасці «Афіцыйна-дзелавую лексіку і стылістыку», «Дзелавую камунікацыю ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму». Спецыяліст у галіне анамастыкі, лексікалогіі і лексікаграфіі. Прымаў удзел у падрыхтоўцы закона «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў», паводле якога назвы новым геаграфічным аб’ектам, а таксама ў выпадку іх перайменавання павінны давацца на беларускай мове і ўжо з яе транслітаравацца на рускую мову. Шмат увагі ўдзяляе праблемам унармавання беларускай тапаніміі, міжмоўнай перадачы ўласных геаграфічных назваў. Адзін з прыхільнікаў выкарыстання нацыянальнага варыянта лацінкі пры перадачы назваў геаграфічных аб’ектаў, у першую чаргу станцый Мінскага метрапалітэна і вуліц.

«На жаль, да гэтага часу існуюць стэрэатыпы, што руская мова — гэта мова ўлады, а беларуская мова — мова апазіцыі»

— Многія, хто пачынаў размаўляць па-беларуску на пачатку 2000-х гадоў, скажуць, што зараз сітуацыя з мовай палепшылася. Маўляў, ужо ніхто на цябе не глядзіць са здзіўленнем, калі ты размаўляеш па-беларуску ў грамадскім транспарце ці, напрыклад, у краме. З’яўляецца шмат кніг па-беларуску, перакладаў, фільмаў, курсаў і гэтак далей... Падаецца, што сітуацыя патрошку мяняецца. Ці заўважаеце вы гэта?

— Сапраўды, стаўленне да беларускай мовы паступова мяняецца. І гэта натуральны працэс, вынік таго, што мы ўжо 28-ы год жывём у незалежнай Беларусі. Мы сталі адкрытай краінай, нашы жыхары сталі часта выязджаць за мяжу, бачыць стаўленне іншых народаў да сваіх нацыянальных моў і задаваць сабе пытанне: «Чаму з такой павагай да ўласнай мовы ставяцца палякі, літоўцы, рускія, чэхі, украінцы, азербайджанцы і чаму такая сітуацыя ў нас?»

Надзвычай паказальна ў гэтым плане, што па-іншаму да беларускай мовы ставіцца цяпер і бізнес. Бізнесмены — людзі прадпрымальныя, перадавыя, імкнуцца бачыць перспектыву, а таму выдатна разумеюць, што выкарыстоўваць беларускую мову — гэта прэстыжна, гэта прыцягвае ўвагу спажыўцоў.

Таму ў нас і рэклама пайшла па-беларуску. Аператар velcom, запраўка А-100, сеткі магазінаў MARTINN, «Еўраопт» і інш. Папулярнасцю ў гледачоў карыстаюцца беларускамоўныя фільмы і мультфільмы. Заўсёды з аншлагам праходзяць моўныя курсы «Мова Нанова» і інш. Мы на базе Інстытута мовазнаўства таксама правялі адукацыйныя курсы «Беларуская мова». Кантынгент слухачоў быў самы разнастайны: перакладчыкі, экскурсаводы, радыёвядучыя, праграмісты, студэнты, пенсіянеры.

Праўда, не сакрэт, што застаюцца тыя, хто пагардліва, часам зняважліва выказваецца пра нашу нацыянальную мову. Я перакананы, што ў гэту катэгорыю ўваходзяць людзі недастаткова выхаваныя, з нізкім узроўнем культуры. Як можна жыць на гэтай зямлі, сярод гэтага народа і з пагардай ставіцца да яго нацыянальных духоўных скарбаў? Упэўнены, што гэта ўжо праблема гуманітарнай бяспекі краіны, і такія грамадзяне павінны несці адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам за абразу дзяржаўнай мовы.

Яшчэ хачу адзначыць важную асаблівасць сучаснасці — рост цікавасці да беларускай мовы за мяжой. Сёння толькі ў Кітаі адкрыта сем цэнтраў па вывучэнні беларускай мовы. Акрамя таго, беларуская мова вывучаецца ва ўніверсітэтах або культурных цэнтрах Польшчы, Украіны, Сербіі, Японіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі і інш. Замежныя беларусісты праводзяць глыбокія фундаментальныя даследаванні. У якасці прыклада магу прывесці Міраслава Янковяка, польскага вучонага, які зараз працуе ў Чэшскай акадэміі навук. Ён падрыхтаваў да абароны доктарскую дысертацыю, прысвечаную беларускім гаворкам за межамі Беларусі. Сапраўднае захапленне выклікаюць навуковыя даследаванні заходнепалескіх гаворак Беларусі, якія праводзіць баск Крысціян Рансэра. І такіх прыкладаў нямала.

На гэтым фоне не зусім зразумелыя стэрэатыпы (якія, на жаль, захоўваюцца да гэтага часу), што калі чалавек размаўляе па-беларуску, то ён абавязкова апазіцыянер, што руская мова — гэта мова ўлады, а беларуская мова — мова апазіцыі. З такой думкай нельга пагадзіцца.

Мова ні ў якім разе не павінна раз’ядноўваць, яна павінна кансалідаваць нацыю, асабліва на этапе ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту краіны. Таму не павінна ўспрымацца як нешта незвычайнае выступленне па-беларуску міністра ці іншых прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання. Гэта ж абсалютна нармальна, калі службовая асоба, што займае высокую пасаду, выступае на нацыянальнай мове. Улічваючы нашу ментальнасць, гэта надзвычай дзейсны сродак папулярызацыі мовы.

— Ну, калі б чыноўнікі размаўлялі па-беларуску не гады ў рады, а часцей, думаю, такога б здзіўлення не ўзнікала. Вы выкладаеце беларускую мову ў Акадэміі кіравання. Ці часта сустракаеце беларускамоўных дзяржслужачых?

— Дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе ў Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі прадугледжвае строгае выкананне існуючага моўнага заканадаўства, накіраванага на парытэтнае функцыянаванне абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах афіцыйных зносін. Бясспрэчна, гэта можа быць рэалізавана толькі пры наяўнасці адпаведнай моўнай кампетэнцыі асобы і грамадства ў цэлым. Асаблівая роля ў функцыянаванні дзяржавы ва ўмовах білінгвізму належыць у першую чаргу дзяржаўным служачым як асноўным транслятарам і рэалізатарам дзяржаўнай палітыкі. Менавіта яны павінны задаваць тон і імпульс для беларускага грамадства, быць лакаматывам культурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Таксама менавіта за дзяржаўнымі служачымі замацоўваецца адказнасць за выкананне і рэалізацыю асноўных правоў грамадзян, у тым ліку неад’емнага права кожнага грамадзяніна свабодна карыстацца і атрымліваць паслугі на любой з дзяржаўных моў. Артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» ад 26 студзеня 1990 года, падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у новай рэдакцыі 13 ліпеня 1998 года, артыкулы 24, 26 Закона «О государственной службе в Республике Беларусь», артыкул 18 Закона «Об обращениях граждан и юридических лиц» абавязваюць кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі (беларускай і рускай) у аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў, а таксама забеспячэння кваліфікаванага разгляду зваротаў грамадзян.

У Акадэміі кіравання на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў на ўсіх спецыяльнасцях Інстытута дзяржаўнай службы выкладаўся практычны курс «Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка» (пазней «Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму»). Праўда, колькасць гадзін на гэтыя дысцыпліны адводзілася невялікая — 10—12. Але гэтага было дастаткова, каб абудзіць цікавасць у слухачоў.

Іншая справа, што ім бракуе практыкі і моўнага асяроддзя. Тым не менш беларускамоўныя чыноўнікі сустракаюцца, асабліва сярод тых, хто спецыялізуецца на кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства, дзе я працую. А гэта работнікі сферы культуры, адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму.

На жаль, у гэтым вучэбным годзе моўны курс выкладаўся толькі на трох з васямнаццаці спецыяльнасцей. Вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшай будучыні, калі пройдзе рэфармаванне Акадэміі кіравання, моўныя дысцыпліны будуць вернутыя ў вучэбныя планы і праграмы па ўсіх спецыяльнасцях. Магчыма, колькасць гадзін будзе павялічана, бо ў гэтым ёсць вялікая дзяржаўная патрэба.

— Вы самі размаўляеце па-беларуску дома ці ў краме?

— Для мяне беларуская мова — мова, на якой я думаю. Дома, на рынку заўсёды размаўляю па-беларуску. У вёсцы стараюся гаварыць на мясцовай гаворцы.

«Магчыма, ёсць сэнс увесці патрабаванне здаваць абавязковы тэст і па рускай, і па беларускай мове»

— Сучасныя студэнты і школьнікі з вялікай цяжкасцю разумеюць беларускую мову, для многіх яна як замежная. Чаму так адбываецца?

— Праблема такая існуе. Я сам неаднаразова чуў ад бацькоў, што часам складанасцей з вывучэннем беларускай мовы ўзнікае больш, чым з англійскай. Чаму? Прывяду просты прыклад. У свой час прадстаўнікі майго пакалення вучылі замежныя мовы хто 5, хто 10, а хто і 13 гадоў (у школе, ВНУ, некаторыя ў аспірантуры) і ўсё роўна, за рэдкім выключэннем, не ведалі. Чаму? Таму што не было стымулу і матывацыі: вывучэнне замежнай мовы было нечым штучным, не было зразумела, дзеля чаго гэта робіцца. Сёння ж, калі з’явіўся стымул, калі дзякуючы камп’ютару і інтэрнэту пашырылася моўная прастора, калі з’явілася неабходнасць у камунікацыі з замежнымі сябрамі, магчымасць падарожнічаць, узнікла патрэба ў асваенні новых тэхналогій і г. д., маладыя людзі ў большасці сваёй ведаюць англійскую мову і нават свабодна размаўляюць на ёй.

Аналагічная сітуацыя і з беларускай мовай. Калі няма асяроддзя, калі людзі не чуюць мову ў сям’і, то натуральна, што яна ўспрымаецца як замежная.

Глядзіце, асноўныя звесткі пра беларускую мову многія атрымліваюць у школе (цалкам беларускамоўных школ у Беларусі ўсяго 12%. — Заўв. Onliner). Некаторыя школьным узроўнем і абмяжоўваюцца. У лепшым выпадку здаюць тэсціраванне, і ў далейшым веданне беларускай мовы не мае прымянення. Гэта вельмі дрэнна, бо, зноў жа, знікае стымул, знікае матывацыя, і стаўленне да мовы, адпаведна, мяняецца.

Вельмі сур’ёзна трэба перагледзець матэрыял школьных падручнікаў, дапаможнікаў, тэксты дыктовак, пераказаў. Даўно прайшоў той час, калі беларуская мова была мовай вёскі (менавіта ў вёсцы ў асноўнай сваёй масе жылі беларусы ў пачатку XX стагоддзя). З таго часу прайшло сто гадоў. Сітуацыя карэнным чынам змянілася. А мы і сёння ў школьных дапаможніках можам сустрэць малазразумелыя сучасным школьнікам сельскагаспадарчыя тэрміны, апісанне калгасных рэалій, даўно састарэлых паняццяў. Таму і ўспрымаецца беларуская мова часам як мова сахі і лапцей. Але ж гэта не так. Беларуская мова на сёння — высокаразвітая мова, якая ў поўнай ступені можа абслугоўваць усе сферы жыцця грамадства і адлюстроўваць яго сучасныя рэаліі. Пра нацыянальную мову вучням трэба расказваць цікава, займальна, акцэнтуючы ўвагу на нашу самабытнасць, унікальнасць у свеце.

Возьмем хаця б перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Можна надзвычай цікава расказаць пра Статуты ВКЛ, нашу першую Канстытуцыю, на ўзор якой пісаліся законы іншых краін — Маскоўскай дзяржавы, Прусіі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы і інш.

А хіба можа каго пакінуць раўнадушным біяграфія Францыска Скарыны? Хіба не ўнікальны помнік культуры кітабы — свяшчэнныя тэксты, напісаныя па-беларуску, але арабскай вяззю? Няўжо не ўражвае той факт, што беларуская фанетыка мае шэраг архаічных рыс, не ўласцівых іншым усходнеславянскім мовам? Гэта дало падставу меркаваць, што яшчэ ў праславянскі перыяд (III—I тысячагоддзе да нашай эры) мова нашых продкаў займала цэнтральнае месца ў праславянскай прасторы, гэта значыць сярод усіх славян.

Беларускія плямёны служылі звязуючым звяном паміж усходнімі і заходнімі славянамі.

І зноў жа беларуская лацінка. Гэта ж унікальная рэч, ні ва ўкраінцаў, ні ў рускіх такой з’явы не было. А ў нас былі дзве графічныя сістэмы — і лацінка, і кірыліца. Ці не цікава тое, што першая беларускамоўная легальная газета «Наша ніва» з 1906 па 1912 год выходзіла і на лацінцы, і на кірыліцы?

Перакананы, што ні адзін указ, ні адно распараджэнне не прымусіць выкарыстоўваць беларускую мову ў сям’і. Тут ужо павінна прыйсці адчуванне таго, што толькі веданне дзяржаўных моў, у першую чаргу нацыянальнай, а таксама замежных, найперш англійскай, дапаможа маладому чалавеку рэалізаваць свае магчымасці і амбіцыі ў сучасным шматмоўным і шматкультурным свеце.

— Што вы маеце на ўвазе, гаворачы пра абавязковы экзамен на веданне мовы падчас прыёму на працу?

— Магчыма, ёсць сэнс увесці абавязковае патрабаванне аб тэсціраванні на дзвюх дзяржаўных мовах.

Калі грамадзянін будзе ўсведамляць, што валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі будзе абавязковай умовай яго кар’ернага росту, асабліва што тычыцца дзяржаўных пасад, то кардынальна зменіцца і стаўленне да беларускай мовы.

«Рускай мове нічога не пагражае, але і там урад зацвердзіў праграму па падтрымцы і папулярызацыі мовы»

— Наконт папулярызацыі беларускай мовы ідуць пастаянныя спрэчкі. Хтосьці лічыць, што трэба пачынаць з сябе і ствараць вакол беларускамоўнае асяроддзе (прыхільнікі так званай мяккай беларусізацыі). Нехта кажа, што патрэбна палітычная воля, неабходна перавесці на беларускую мову дзяржапарат, тэлебачанне і навучанне ў школах. Таксама ідзе гаворка пра перавод на беларускую мову і навучання ў Белдзяржуніверсітэце. Як вы лічыце, што ў гэтым спісе першаснае, а што другаснае?

— Я не хачу ў дадзеным выпадку выбіраць першаснае або другаснае. Я заўсёды імкнуся знайсці кампраміс, а не ісці на канфрантацыю. Можна пачынаць з сябе. Але ці заўсёды хапае волі? Прывяду такі прыклад. На занятках па беларускай мове студэнты, натуральна, многа разважаюць пра тое, што мову трэба развіваць, падтрымліваць, папулярызаваць. Але выказваецца гэта з адной мэтай — паспяхова здаць залік.

Калі ж я прашу падняць руку тых, хто, атрымліваючы стыпендыю ў банкамаце, націскае кнопачку з беларускай мовай, то бачу аднаго, у лепшым выпадку дваіх студэнтаў з 30. Ці ўзяць заліковую кніжку — яна аформлена па-беларуску, застаецца толькі ўпісаць сваё прозвішча ў беларускамоўным варыянце, дык не, пішуць па-руску. Атрымліваецца, дзяржава забяспечыла магчымасці, а грамадзянін не жадае прыкласці нават невялікія высілкі, каб падтрымаць мову.

Што тычыцца дзяржавы, то робіцца для развіцця беларускай мовы не так і мала. Існуе дзяржаўная падпраграма навуковых даследаванняў, выдаецца вялікая колькасць беларускамоўнай літаратуры, рэгіструюцца і афармляюцца па-беларуску многія аб’екты, беларуская мова гучыць у грамадскім транспарце. Тым не менш гэтага недастаткова. Беларуская мова не запатрабавана ў многіх важных сферах грамадскага жыцця, напрыклад у заканадаўстве, справаводстве. Павінна быць распрацавана дзяржаўная праграма па падтрымцы нацыянальнай мовы.

Вазьміце Расію. Рускай мове нічога не пагражае, у іх больш за 140 мільёнаў чалавек. Акрамя таго, руская мова шырока ўжываецца за мяжой. Тым не менш пастановай урада там была зацверджана федэральная мэтавая праграма на 2016—2020 гады па падтрымцы і пашырэнні рускай мовы.

Ці вось Украіна. Днямі акадэмік Шырокаў даслаў мне таксама зацверджаную прэзідэнтам праграму па пашырэнні ўжывання ўкраінскай мовы ва ўсіх сферах жыцця. Аналагічны дакумент ёсць і ў Казахстане, і ва Узбекістане, і ў іншых краінах. Таму я лічу, што дзяржаўная праграма па пашырэнні ўжывання беларускай мовы павінна быць і ў нас (Інстытут мовазнаўства, дарэчы, можа дапамагчы ў яе распрацоўцы і рэалізацыі).

— З чаго пачынаць дзяржаве? Магчыма, узяць і з заўтрашняга дня ўсім чыноўнікам пачаць размаўляць па-беларуску? Наколькі гэта складана зрабіць?

— Вось з тым, каб чыноўнікам перайсці на беларускую мову, няма ніякіх пытанняў. Мы гатовы зрабіць усе пераклады афіцыйных дакументаў, арганізаваць моўныя курсы, кансультаваць па праблемных пытаннях. Дарэчы, прыклады такія ёсць. У свой час Міністэрства культуры перавяло справаводства на беларускую мову. І асаблівых праблем не ўзнікала.

Але калі гаварыць пра праграму пашырэння беларускай мовы, то, на мой погляд, трэба пачынаць з заканадаўчай сферы.

Першае. На сённяшні дзень законы ў нас у асноўным прымаюцца на рускай мове, пераклад на беларускую мову не мае юрыдычнай сілы. Неабходна, каб законы прымаліся паралельна на дзвюх мовах. Гэтае пытанне неаднаразова абмяркоўвалася ў парламенце, падтрымка ёсць, але пакуль што сама працэдура прыняцця законаў на дзвюх дзяржаўных мовах не распрацавана. Мы гатовы да гэтага падключыцца і падрыхтаваць акадэмічны, максімальна поўны руска-беларускі слоўнік юрыдычных тэрмінаў. Зразумела, разам з юрыстамі.

Другое. Трэба забяспечыць афіцыйныя ўстановы бланкамі і формамі афіцыйных дакументаў. Гэта трэба для таго, каб былі забяспечаны правы грамадзян адносна выбару мовы. А то прыходзіш у падатковую, прыносіш дакументы па-беларуску, а там здзіўленне. Хаця падатковая інспекцыя павінна забяспечыць мае правы і выдаць мне бланкі і дэкларацыю на беларускай мове.
У кожнай арганізацыі павінен быць сайт на дзвюх дзяржаўных мовах. І з 1 студзеня 2019 года дзейнічае нават распараджэнне Савета Міністраў на гэты конт. Інстытут мовазнаўства гатовы дапамагчы з перакладам і пастаяннай падтрымкай беларускамоўнай версіі сайтаў.

Трэцяе. Рэклама. На жаль, калі рыхтаваліся змены ў закон «Аб рэкламе», ініцыятыва, каб рэклама праходзіла экспертызу ў Інстытуце мовазнаўства, падтрымана не была. А рэклама ж з’яўляецца неад’емнай часткай культуры грамадства, на яе ўспрыняцце ўплываюць культурныя прыярытэты аўдыторыі, рэклама ўплывае на светапогляд і агульны культурны ўзровень нацыі. Мы не можам сёння выхоўваць чалавека на памылках. Так, гэта добра, што з’яўляецца беларускамоўная рэклама, але яна павінна быць пісьменнай, адпавядаць эстэтычным крытэрыям. Каля Акадэміі навук некалі з’явілася рэклама абутку са слоганам «Засандалім па бездарожжу». Недапушчальна ўключаць у рэкламу словы з турэмнага слэнгу. Дык навошта ж такі слоган, каго мы выхоўваем?

Ці калісьці булён Galina Blanca рэкламавалі са слоганам «Каханне з першай лыжкі». Можа, гэта і гульня слоў, але ў беларускай мове ёсць розніца паміж словамі «каханне» і «любоў».

Чацвёртае. Афармленне нашых тавараў. Я лічу, што інфармацыя там таксама павінна дублявацца па-беларуску. Сёння мы знаходзімся ў ЕАЭС. Купляеш нейкі тавар і бачыш інфармацыю па-руску, па-казахску, нават па-кіргізску, а беларускай мовы няма. Гэта ж наш брэнд, па якім нас павінны пазнаваць, тым больш што беларускую прадукцыю паважаюць і любяць у свеце.

Пятае. Трэба, каб у ВНУ, асабліва педагагічных, рыхтавалі беларускамоўныя кадры. Школы беларускамоўныя існуюць, але ці існуюць выпускнікі — беларускамоўныя настаўнікі, якія могуць у поўнай ступені забяспечыць працэс адукацыі, калі ў нас ні адна ВНУ сёння не рыхтуе будучых настаўнікаў фізікі, матэматыкі, біялогіі па-беларуску.

Вы закранаеце пытанне нацыянальнага ўніверсітэта. Дык нацыянальным у Беларусі кожны ўніверсітэт павінен быць. Калі ў нас даволі высокі працэнт выпускнікоў здае цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, то, напэўна, трэба ім і далейшае навучанне забяспечыць па-беларуску.

Шостае. Стварэнне вучэбна-метадычнай базы. Настаўнікі часта скардзяцца на недахоп адукацыйных матэрыялаў на беларускай мове. Не ведаю, ці ёсць сёння беларускамоўны падручнік па інфарматыцы для шостага класа. Да нядаўняга часу не было. Больш павінна з’яўляцца метадычных распрацовак, што дапаможа настаўніку забяспечыць якасную падрыхтоўку вучняў. У нашай краіне ўжо больш за 30 гадоў выходзіць часопіс «Роднае слова», які з’яўляецца ўнікальным, элітарным выданнем для самаадукацыі настаўнікаў. Але чамусьці яго выпісваюць толькі 400 школ з трох тысяч існуючых у краіне.

Сёмае. Неабходна пашыраць моўную прастору на тэлебачанні, у іншых СМІ.

Дадаткова хацелася б, каб Інстытут мовазнаўства меў самастойны юрыдычны статус. Гэта адна з найстарэйшых навукова-даследчых устаноў краіны. У лістападзе Інстытуту спаўняецца 90 гадоў. З яго бярэ свой пачатак Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Гэта адзіная ўстанова ў краіне, дзе праводзяцца планамерныя фундаментальныя даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства. Вынікі даследаванняў Інстытута дазваляюць забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў і сутнасці дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя і парытэтнае выкарыстанне беларускай мовы ў найважнейшых сферах афіцыйных зносін. Тут ствараецца тэарэтычная і факталагічная база для школьных падручнікаў.

Выдзяленне Інстытута мовазнаўства ў самастойную навуковую структуру з юрыдычным статусам звязана з сучасным палітычным курсам Беларусі на ўмацаванне суверэнітэту краіны, у якой дзяржаўная нацыянальная мова павінна быць не толькі сродкам камунікацыі, элементам культуры, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага вопыту, сімвалам нацыянальнай свядомасці, але і неад’емным атрыбутам незалежнасці, фактарам кансалідацыі і яднання беларускай нацыі, гарантам гуманітарнай бяспекі.

«Працэнт беларусаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і лічаць яе роднай, значна перавышае колькасць носьбітаў эстонскай мовы»

— Сёння беларуская мова стала элементам нейкай элітарнасці. На ваш погляд, калі гэта адбылося і чаму? У чым плюсы і мінусы гэтай сітуацыі?

— Плюсы гэтай сітуацыі ў тым, што сёння моладзь цікавіцца нацыянальнай мовай, імкнецца яе вывучаць. І, напэўна, самыя перадавыя слаі грамадства, якія папулярызуюць беларускую мову, — гэта праграмісты. Здавалася б, яны абсалютна далёкія ад гэтай сферы. Тым не менш я ведаю многіх людзей, якія не толькі цікавяцца, але і бясплатна, на грамадскіх пачатках робяць вялікі ўклад у папулярызацыю беларускай мовы і стварэнне навуковага прадукту на ёй.

Дарэчы, мы робім новы тлумачальны слоўнік беларускай мовы, арыенціровачна на 15 тамоў. Натуральна, што тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся пры стварэнні пяцітомнага тлумачальнага слоўніка (1977—1984), сёння ўжо непрыдатныя. Гэта была тытанічная праца. Уявіце, бралі мастацкі твор і распісвалі кожны яго сказ столькі разоў, колькі ў сказе было слоў. Напрыклад, адзін сказ з 70 слоў трэба было 70 разоў распісаць на карткі. Для чаго? Каб пасля можна было вярнуцца да кожнага слова, паглядзець кантэкст і вывесці значэнне. Той пяцітомны тлумачальны слоўнік нашыя калегі рабілі ўсё жыццё: ад моманту, калі прыйшлі на працу пасля ВНУ, і да моманту сыходу на пенсію. На сённяшні дзень мы ўжо не можам сабе дазволіць такую раскошу, таму ў нас створана адпаведная праграма, якая аптымізуе гэтую працу. Яе дапамог стварыць праграміст на грамадскіх пачатках. Дапамог ён і са сканаваннем тэкстаў, каб яны былі масава прадстаўлены для ілюстравання значэнняў слоў у слоўніку.

Сёння беларуская мова атрымлівае новае развіццё ў мастацкай літаратуры. Нашы пісьменнікі ўжо рэдка пішуць пра гаротную вёску, пра сельскае жыццё. З’явіліся такія жанры, як фэнтэзі, навуковая фантастыка, дэтэктыў. На сённяшні дзень беларуская мова — гэта мова творчай інтэлігенцыі, адукаваных людзей, якія займаюць высокае сацыяльнае становішча.

Гэта ўсё добра, але ў чым мінусы. Мінусы ў тым, што сёння масава пачынае знікаць вёска. Я прааналізаваў сітуацыю: за адносна кароткі прамежак часу з карты Беларусі знікла 500 назваў населеных пунктаў — вёсак, хутароў. Што такое 500 населеных пунктаў? Гэта самы вялікі раён краіны — Полацкі, які фактычна знік. Разам з вёскамі знікаюць носьбіты найважнейшага пласта духоўнай культуры беларусаў.

Усё гэта непапраўная страта. Бо калі мы кажам пра элітарнасць мовы, то гаворка ідзе ў асноўным пра яе літаратурную форму, ужо апрацаваную, якая адпавядае пэўным нормам і канонам, а вось тая мова, што жыла і працягвае яшчэ трохі жыць у вёсках, яна цікавая тым, што была спрадвеку.

І калі афіцыйная старабеларуская мова ў 1696 годзе была забаронена і больш чым два стагоддзі фактычна не ўжывалася, то вусная мова жыла бесперапынна, і дзякуючы ёй у пачатку XX стагоддзя мы змаглі стварыць новую беларускую літаратурную мову.

Дыялектная мова — унікальная крыніца інфармацыі не толькі для філолагаў, але і для сацыёлагаў, філосафаў, псіхолагаў, этнографаў, гісторыкаў. Там можна знайсці ўсё: і пра адносіны да жыцця і смерці, пра справядлівасць і несправядлівасць, пра дабро і зло, пра падзеі вайны і інш. Жыццёвую філасофію і мудрасць беларуса трэба шукаць у дыялектных тэкстах. А колькі там цікавых архаічных слоў захавалася!

— Нейкае выйсце з гэтай сітуацыі можа быць? Альбо гэта заканамерны працэс?

— Гэта заканамерны працэс. Зразумела, што гэта натуральная сітуацыя, характэрная для многіх краін свету. У нас быў вельмі цікавы праект, які праводзіўся сумесна з Інстытутам лінгвістычных даследаванняў у Санкт-Пецярбургу. Мы два гады ездзілі ў экспедыцыі на беларуска-расійскае памежжа. Заехалі ў Пскоўскую вобласць (гістарычна гэта нашыя землі), там увогуле страшная карціна. Мясціны жывапісныя (па 300 азёраў у адным раёне), але вёскі ў жудасным запусценні: баршчавік у поўны рост, палі зарослыя, людзей у вёсках амаль няма.

Беларусь на гэтым фоне выглядае цудоўна. І тут ужо нічога не зробіш. Трэба паспець максімальна поўна зафіксаваць і захаваць гэтае моўнае багацце, для чаго павінна быць створана дзяржаўная праграма і выдзелены сродкі. Яны сябе апраўдаюць, інакш каштоўны культурны пласт страціцца назаўжды... У нас у Інстытуце мовазнаўства зараз ствараецца зводны слоўнік беларускіх гаворак — электронная крыніца, у якой будзе сабрана і сістэматызавана вось гэтае дыялектнае багацце.

— Шмат хто лічыць, што ў сучасным свеце трэба ведаць англійскую, а не беларускую мову. Маўляў, зараз такі глабалізаваны свет, што ў рэшце рэшт застанецца толькі некалькі самых распаўсюджаных моў, астатнія проста знікнуць. На ваш погляд, наколькі гэта верагодны сцэнар развіцця?

— Я лічу, што не трэба супрацьпастаўляць гэтыя дзве мовы. Трэба вучыць і англійскую, і беларускую. Такога супрацьпастаўлення няма нідзе. Казахі вучаць казахскую і англійскую мовы, фіны вучаць фінскую і шведскую. Дзве мовы суіснуюць як раўнапраўныя, там парытэт, хаця зразумела, што шведаў у Фінляндыі менш. На дзвюх мовах афармляюцца шыльды. Дадаткова фіны добра ведаюць англійскую і рускую мовы. Вось калі ласка, чатыры мовы, і абсалютна ніякіх праблем. Таму ніякага супрацьпастаўлення не павінна быць.

— Ці ёсць нейкія прагнозы па развіцці беларускай мовы? Вось, да прыкладу, што будзе, калі захаваецца сённяшняя моўная палітыка? Ці застануцца беларускамоўныя беларусы праз 30—50—100 год?

— Колькі сёння ў свеце налічваецца моў, ніхто дакладна не скажа. Ёсць дадзеныя, што ад 3,5 да 6 тысяч. Прыемна тое, што беларуская мова ўваходзіць у першую сотню высокаразвітых моў свету (а такіх усяго 180), што абслугоўваюць мільярды чалавек.

Калі нават паглядзець той працэнт беларусаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і лічаць яе роднай, то ён значна перавышае колькасць носьбітаў, напрыклад, эстонскай мовы. Гэта надае аптымізму і дазваляе меркаваць, што беларускамоўныя беларусы ўсё ж застануцца.

Больш за тое, працэсы глабалізацыі прыводзяць да таго, што мовы не знікаюць — наадварот, ствараюцца новыя. Я вам прывяду факты: вось была сербска-харвацкая мова, а цяпер ёсць асобныя сербская і харвацкая мовы, з’явіліся таксама чарнагорская і баснійская. Чарнагорыя, дарэчы, як толькі аб’явіла пра сваю незалежнасць, адразу ж стала імкнуцца кадыфікаваць сваю мову. Там пачалі рыхтаваць граматыку, падручнікі, каб тым самым заявіць пра сваю мову, бо мова — гэта моцны фактар утварэння дзяржавы.

Хацелася б, каб беларуская мова жыла, развівалася і не знікала. Таму што гісторыя ведае выпадкі, калі паміраў народ, а разам з ім знікала і ягоная мова.

Вучоныя засведчылі факт, калі ў паўднёваамерыканскіх джунглях вымерла племя, а як напамін пра яго мову засталіся папугаі, якія пэўны час імітавалі маўленне памерлых людзей.

Чамусьці чалавецтва актыўна змагаецца за лёс выміраючых раслін і жывёл, але часам раўнадушна назірае, як знікае інтэлектуальная спадчына цэлых народаў.

Ці будуць існаваць беларускамоўныя беларусы праз 30, 50 ці 100 год? Дакладна будуць, бо мова жыве да таго часу, пакуль на ёй размаўляюць. А ўвогуле, я з аптымізмам гляджу ў будучыню, тым больш што моладзь сёння цікавіцца беларускай мовай, імкнецца гаварыць на ёй.

Менавіта мова павінна аб’ядноўваць нацыю, захоўваць дзяржаву і незалежнасць. Бо ўжо можна ўбачыць артыкулы і пачуць заявы некаторых замежных дзеячаў пра тое, што і Беларусі няма, і беларускую мову стварылі адпаведным партыйным распараджэннем у 1926 годзе.

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by