«Займайцеся каханнем — і ўсё будзе добра!» Вядучы нейрахірург краіны пра ляноту, чалавечую пароду і штучны інтэлект

38 449
30 августа 2018 в 8:00
Источник: Таццяна Ашуркевіч. Фото: Максім Маліноўскі

«Займайцеся каханнем — і ўсё будзе добра!» Вядучы нейрахірург краіны пра ляноту, чалавечую пароду і штучны інтэлект

Источник: Таццяна Ашуркевіч. Фото: Максім Маліноўскі

Калі спытаць у медыкаў пра чалавека, які ўвасабляе нашу нейрахірургію, яны без варыянтаў назавуць імя Арнольда Смеяновіча, загадчыка нейрахірургічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. У біяграфіі 80-гадовага лекара значацца 58 гадоў аперацыйнага стажу, 25 вынаходніцтваў, званне акадэміка. Ён кажа, што мозг чалавека дасканала не ведае ніхто, аднак большасць не карыстаецца нават тым, што ўжо вядома. Пра тое, як лянота знішчае чалавека і чаму цяжкасці — неабходная для развіцця рэч, вядучы нейрахірург краіны распавёў Onliner.by.

«Не хочаш — не працуй, але потым не кажы, што ты дурны»

— Адны вучоныя кажуць, што мы нараджаемся роўнымі і можам дасягнуць аднолькавых поспехаў. Іншыя ўпэўнены, што не. Дзе праўда?

— Я думаю, што розніца паміж намі ёсць ужо ў маленстве. Спадчыннасць таксама адыгрывае вялікую ролю ў развіцці чалавека і мозга. Як і ў жывёльным свеце, ёсць так званая «парода». Але кожны чалавек сам яе выхоўвае і здольны развіць як недахопы, так і дадатныя рысы. Чаму адны дасягаюць пэўных вяршынь, а іншыя застаюцца «бамжамі»? Апошнія не тыя людзі, якіх трэба шкадаваць. Хутчэй за ўсё, яны сталі такімі ад сваёй ляноты. Маладыя людзі, якія ў 40 гадоў корпаюцца ў сметніцы і шукаюць ежу, хіба не могуць замест гэтага папрацаваць ў тым жа калгасе? Тут усё цалкам ад чалавека залежыць: калі ён будзе шмат рабіць для пэўнай мэты, то і мозг дакладна будзе развівацца. Чаму б тады чалавеку не дасягнуць вяршынь? Ёсць і асобны кантынгент людзей — у тых лянота на першым месцы. Не хочаш — не працуй, але потым не кажы, што ты дурны.

— А ёсць у кожнага свая асобная мяжа, вышэй за якую чалавек не можа ўзняцца?

— Мяжы няма. Калі вы будзеце старацца, вы дасягнеце любых вяршынь. А вось каб максімальна раскрыць свой патэнцыял, ёсць свае правілы. Трэба працаваць з літаратурай і вывучаць мовы. Развіццё ў гэтым плане патрабуецца сапраўды шырокае, кантраляваць сябе трэба пастаянна.

— Кажуць, чытаць варта складаную навуковую літаратуру.

— Неабавязкова. Мне адзін пісьменнік таксама кніжку падарыў. Я не кожны радок чытаю, але сэнс стараюся ўлавіць. Тут трэба разумець, навошта гэта табе. А калі разумееш і пачынаеш рабіць, галава сама асэнсоўвае. Пад ляжачы камень вада не цячэ, як кажуць. Не трэба баяцца, што нешта не атрымаецца. Не атрымліваецца толькі ў лайдакоў.

Калі цела чалавека знаходзіцца ў поўным спакоі, мышцы атрафіруюцца. З мозгам, кажучы метафарычна, адбываецца тое ж самае. Шмат хто піша, што чым больш натрэніраваны мозг, тым даўжэй жыве чалавек. Гэта праўда: калі мозг не працуе, ён паціху згасае.

— Існуе стамляльнасць мозгу? Як яе пазбегнуць?

— Канешне. Больш за тое, ён павінен вельмі добра адпачываць. Лепшае, што я параю, — гэта сон. Прыкладна 6—7 гадзін. Калі не сон, тады гэта павінен быць любы прыемны адпачынак: тэатр, кіно. Маладым дзяўчатам трэба з хлопцамі гуляць і не цурацца гэтага. Усё ў жыцці павінна быць раўнамерна: наколькі добра працуеш, настолькі і адпачываеш. Шмат хто скардзіцца, што ў іх бессань. Дык гэта таму, што вы стамляецеся! Зразумейце, што ёсць праца і ёсць знясіленне. Калі вы пазаймаліся нечым і адпачылі — гэта звычайны працэс, усё ў парадку. А калі вам накідалі з раніцы працы, а вы яе робіце да самай ночы, — гэта ўжо не праца, а катаванне. Заробіцеся так, што ваша нервовая сістэма цалкам саб’ецца. Вы будзеце настолькі дрэнна адчуваць сябе, што не зможаце працаваць. Адчуваеце, што стаміліся, — ідзіце гуляйце. Асабліва калі ў вас малады арганізм і ўсё жыццё наперадзе, нельга сябе моцна напружваць. Трэба паціху, але пастаянна нешта рабіць. Тады будзе толк.

«Паступайце ў аспірантуру. Але не забывайце выходзіць замуж»

— У чалавека ёсць нейкія здольнасці з нараджэння і, такім чынам, прызванне ці ўсё залежыць ад яго далейшага выбару?

— Думаю, што мы нараджаемся ўжо з чымсьці па тыпу прызвання. Велічэзную ролю мае і спадчына. Я вось з дзяцінства выдатна ведаў матэматыку, а мовы — ніяк. Калі ў чалавека ёсць схільнасці да чаго-небудзь, трэба туды і ісці. Варта займацца тым, што ў цябе атрымліваецца. Навошта катаваць сябе? Напрыклад, я не музыка і не мастак. Я медык, і вельмі гэтаму рады. А вось мая ўнучка прыгожа малюе. Магчыма, у яе гэта ад бацькоў перадалося, магчыма, і з выхаваннем. Калі чалавеку ў які-небудзь момант падавалася, што нейкая справа — яго, а потым ён перадумаў, значыць, гэта было памылкова. Трэба шукаць далей. Часта сустракаеш маладых людзей, якія пайшлі ў прафесію, бо сяброўка сказала ці бацькі. Але гэта вельмі павярхоўнае і бэссэнсоўнае вырашэнне: дзіцё потым разбярэцца, якая справа — яго, але можа быць позна. Я б увогуле параіў маладым людзям не турбавацца з-за працы і вучобы. Чырвоны дыплом — гэта не галоўнае. У мяне яго няма. Галоўнае — ваша мэта: стаў яе і ідзі спакойна наперад. Вучыцеся, паступайце ў аспірантуру, але не забывайце выходзіць замуж.

— А чаму гэта так важна?

— Таму што вы будзеце ісці супраць фізіялогіі. Вас навошта прырода стварыла? Сям’я — гэта галоўнае. Маладыя людзі баяцца, што не справяцца і з кар’ерай, і з сям’ёй. Гэта глупства. Пастаўце задачу, размяркуйце працу — усё атрымаецца.

— Давайце пагутарым пра памяць. Калі з узростам яна становіцца горш, як з гэтым спраўляцца?

— Па-першае, трэба адрозніваць банальную стому ад ненатрэніраванасці. Трэба схадзіць пагуляць, а потым паглядзець, ці змянілася нешта. Па-другое, абавязкова варта трэніраваць мозг. Але не гвалціць: ён не вытрымлівае звышнагрузак. Калі вы яго напружваеце да такой ступені, што ён больш не можа трываць, зрыў можа быць балючым і прывядзе нават да няўрозаў. Не трэба рабіць штосьці спецыяльна. Калі вы вучыце мовы, таксама ідзе моцнае развіццё, бо вы запамінаеце словы. То бок трэба проста паглыбляць свае веды ў пэўным накірунку. Некаторыя на старасці разгадваюць красворды. Гэта таксама трэніроўка памяці: чым больш нешта ўзгадваеш, тым больш яно запамінаецца. А калі не будзеш думаць пра тое, што трэба адкласці ў галаве, то як жа яно там застанецца? Паўтарайце — і ўсё адкладзецца.

— А заняткі музыкай як-небудзь уплываюць?

— Гэтаксама, як і вывучэнне моў. Не трэба абмяжоўваць сябе, як некаторыя спартсмены: займаюся толькі спортам — і больш нічым. Усё павінна развівацца сінхронна. І чым больш, тым лепш.

— Майму бацьку 53 гады, мне 19. Ён зараз можа ўзгадаць рэчы, якія толькі аднойчы пачуў у школе. Я ж магу хутка забыць тое, што прачытала. Некаторыя кажуць, што гэта з-за з’яўлення тэхнікі. Мозг ведае, што можна не напружвацца, бо заўсёды лёгка знайсці інфармацыю ў інтэрнэце, — і адпачывае. Гэта так?

— Часткова. У дзяцінстве вашага бацькі такіх прыладаў не было — ён шмат чаго запісваў і шукаў сам, а гэта вельмі ўплывае. Гэта ж тое самае паўтарэнне. І яшчэ ў мозга ёсць вельмі важная рыса: ён успрымае ўсё вельмі добра і забывае тое, што непатрэбна. Трэба быць зацікаўленым у тым, што робіш. Яно і само пойдзе. А калі моцна патрабуецца нешта вывучыць, варта думаць пра гэта, пастаянна паўтараць. Патрошку яно адкладзецца. У рэшце рэшт, калі вы нешта не запомнілі, не турбуйцеся. У кожнага ж ёсць тэлефон, у якім можна нешта глянуць. Часы змяняюцца.

— Вы кажаце, што мозг забывае тое, што яму непатрэбна. А мы кожны дзень паглынаем велічэзную колькасць інфармацыі. Як ён фільтруе, што трэба запамінаць, а што не?

— Вы самі павінны даць яму ўсё тую ж устаноўку. Трэба вучыцца падзяляць інфармацыю на станоўчую і негатыўную, як людзей. Абмяжоўвайце сябе ў крыніцах, якія чытаеце, і пакідайце толькі правераныя.

— Кажуць, што дзяцей трэба з самага маленства заахвочваць займацца нейкай справай. Так?

— Так, дзіцяці не трэба даваць гультаяваць. У мяне ёсць прыклад, калі хлопчыка абмяжоўвалі і не напружвалі. Потым ён вырас гультаём. Калі з самага дзяцінства чалавек будзе разумець, што па жыцці трэба працаваць, тады ён будзе засяроджваць на гэтым увагу і далей. У гэтым плане вельмі шмат залежыць ад бацькоў. Але прымушаць чалавека да чагосьці ні ў якім разе нельга. Асабліва дрэнна, калі бацькі настойваюць на пэўнай прафесіі. Калі мой унук захацеў ісці ў медыцыну, яго бацькі пачалі адгаворваць. А я спытаў: «Табе падабаецца?» Кажа: «Падабаецца». То хай дзіцё ідзе і вучыцца. Забараняць дзіцяці займацца сваёй справай — значыць парушаць яго свабоду. Можна толькі распавесці яму пра цяжкасці і перспектыўнасць. Усё роўна ж у гэтай сферы людзі будуць працаваць. Трэба ведаць, што дзеці, якія ідуць куды хочуць, потым паказваюць бацькам, што яны сапраўды на сваім месцы.

«Я не ўяўляю, што робаты захопяць свет, спіце спакойна»

— Мастацтва часам разглядаюць як нейкі дадатак да сур’ёзнай працы і рэдка як асобную сферу, у якой чалавек сапраўды працуе, як і ў дакладных навуках. Аднак той жа да Вінчы маляваў верталёты, якіх яшчэ не было. Значыць, мастацтва стварае вобразы, якія могуць не існаваць у рэальным жыцці. Тады гэта абсалютна іншае ўспрыманне свету. Атрымліваецца, мозг музыкі і вучонага працуе ў розных накірунках?

— Абсалютна верна. Яны дзейнічаюць у розных галінах, але галіны гэтыя абедзве важныя. І ад той, і ад той трэба адпачываць — гэта паўнавартасная праца. Ведаю шмат бацькоў, якія кажуць свайму дзіцяці, што яго карцінкі — проста малюнкі. А потым глянеш — тая творчасць ідзе далей і шануецца. Вы правільна сказалі, што некаторыя мастакі малявалі тое, чаго не існавала. А праз час гэта стала рэальнасцю. Нельга недаацэньваць здольнасці кожнага з нас.

— Мастацтва — адзінае, у чым мы можам канкурыраваць са штучным інтэлектам?

— Мастацтва — гэта думка чалавека. Гэта нешта ўнікальнае. Я не ўяўляю, што робаты захопяць свет, спіце спакойна. Імі заўсёды будзе кіраваць чалавек. Жывая істота — гэта дасканаласць, якую немагчыма паўтарыць, і машыны тут няздольныя канкурыраваць.

— Наколькі моцна спорт уплывае на нас?

— Гледзячы што пад гэтым мець на ўвазе. Калі ўзняцце над сабой вагі ў 300 кілаграмаў, гэта я лічу вельмі дрэнным для чалавека. А простая гімнастыка па раніцах — выдатная справа для галавы і цела. Толькі трэба ведаць, што, калі ты фізічна стомлены, варта легчы і адпачыць. Бо інтэлектуальная праца ўсё роўна ў такім стане не пойдзе. Я заўсёды за тое, каб людзі былі здаровымі і нармальнымі ва ўсіх сэнсах. У тым ліку каб яны не ставілі крыж на фізіялогіі, калі на першае месца ставяць прафесію. Здараюцца цяжкасці — гэта дапамагае чалавеку пераадолець сябе і пайсці далей. А калі побач людзі, якія падтрымаюць у гэтыя моманты, дык увогуле выдатна.

— А што наконт алкаголю?

— Добра, калі ён у меру. Трошку для вясёлага настрою заўсёды можна выпіць. Я за тое, каб рабіць тое, што падабаецца. Гэта карысна. Але калі вам ад напояў дрэнна ці пасля іх вы не можаце кантраляваць свой стан, лепш ў сябе нічога такога не цягнуць.

— Вам 80. Што вы рабілі карыснага, каб застацца ў выдатным знешнім і рабочым стане?

— Сакрэт просты: я аптыміст. Увогуле, усім кажу, што трэба заўсёды шукаць прыгожае і любіць жыццё. Не бывае такога, каб вакол усё-ўсё было дрэнным. І кахаць трэба абавязкова. З розумам стаўцеся да пачуццяў — і тады зразумееце, як яны дапамагаюць. Я і вам раю: займайцеся каханнем — і ўсё будзе добра!

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by