UPD
25 марта 2018 в 12:04
Источник: Настасся Занько. Фота: Максім Тарналіцкі, Максім Маліноўскі. Відэа: Аляксей Носаў

100-годдзе БНР: вялікі канцэрт каля Опернага тэатра ў Мінску завяршыўся

Источник: Настасся Занько. Фота: Максім Тарналіцкі, Максім Маліноўскі. Відэа: Аляксей Носаў

Раніцай 25 сакавіка 1918 года пасля 12-гадзінных спрэчак сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі абвясцілі яе незалежнасць і прынялі Устаўную грамату. Сёлета гэтую дату беларусы адзначаюць з размахам. Як праходзіць святкаванне і што адбываецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, глядзіце ў нашым рэпартажы.

Святкаванні стартавалі яшчэ ўчора. У Кіеўскім скверы прайшоў святочны канцэрт, у якім прымалі ўдзел Зміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такінданг, Сяргей Чарняк, Яўгенія Казлова і іншыя. Таксама ўчора Лявон Вольскі даў бясплатны канцэрт у клубе «Бруге», трэба было толькі зарэгістравацца. Пяцьсот квіткоў разабралі менш чым за гадзіну.

Сёння ж у Мінску планавалася правесці шэсце ад плошчы Якуба Коласа. Акцыя не была санкцыянавана Мінгарвыканкамам. З ранку ў цэнтры сталіцы назіралася канцэнтрацыя спецыяльнай міліцэйскай тэхнікі. Яшчэ да пачатку мерапрыемства пачаліся затрыманні. Як паведамляюць праваабаронцы, затрымана не менш за 30 чалавек. Супрацоўнікі ў форме казалі, што ў людзей «проверяют документы».


На пляцоўцы каля Опернага тэатра праца кіпела з самага ранку. Нагадаем, мерапрыемства дазволенае і санкцыянаванае.

З 13:00 сюды сталі падцягвацца людзі. Перад уваходам супрацоўнікі міліцыі праводзяць надгляд: правяраюць асабістыя рэчы. Меры бяспекі такія ж, як і на любым масавым мерапрыемстве: праваахоўныя органы раяць азнаёміцца са спісам таго, што можна, а што нельга праносіць на масавае мерапрыемства. Сцягі, стужкі ды іншую святочную сімволіку праносіць дазволена.

Людзей большае бліжэй да афіцыйнага адкрыцця. На ўваходзе ўтвараюцца чэргі, але надгляд праходзіць досыць хутка. Прыступкі Опернага тэатра і фантан агароджаныя, таксама агароджа знаходзіцца па перыметры парка.

Шмат хто прыходзіць з дзецьмі, нават з немаўлятамі. Як абяцалі арганізатары, спецыяльна для іх працуе вуліца «Дзеткі БНР». Тут можна пагуляць у рухомыя гульні, зрабіць герб «Пагоня» і змайстраваць бел-чырвона-белы сцяжок, пабудаваць краіну БНР. Ёсць шмат-шмат іншых актыўнасцей.

У 14:00 афіцыйнае святкаванне адкрыла народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і беларускі паэт і празаік Усевалад Сцебурака. На сцэну выйшлі артысты Свабоднага тэатра і спявачка Таццяна Грыневіч. Разам з хорам Headspring і прысутнымі яны праспявалі гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Пасля вядучыя зачыталі 3-ю Устаўную грамату і аб’явілі незалежнасць БНР.

Павіншаваць са святам на сцэну выходзілі святары, культурныя і палітычныя лідары, а таксама арганізатары мерапрыемства. Святлана Алексіевіч не змагла прысутнічаць на свяце з-за праблем з горлам, але яе зварот зачытала вядучая Зінаіда Бандарэнка.

Пакуль са сцэны гучаць віншаванні, народ тусуецца на фудкортах. Тут з дзясятак гандлёвых кропак. Грузінская ежа, шаўрма і, вядома, дранікі. Чэргі даволі доўгія — хвілін 20—30. Перыядычна выключаецца электрычнасць: прадаўцы кажуць, што пляцоўка не вытрымлівае нагрузкі.

Што па коштах? Тры дранікі можна набыць за 2 рублі, шаўрму — за 6, салат у ражку каштуе 2 рублі, сэндвіч — 3. Алкагольных напояў у продажы няма. З безалкагольных можна ўзяць глінджус (безалкагольны глінтвейн), розныя віды кавы і гарбаты.

Пасля афіцыйнай часткі пад віскат дзяўчат на сцэну выйшаў гурт Akute. А потым — «Разбітае сэрца пацана» з усенароднай «Палюбіла гапара» і берасцеец Юрый Стыльскі (з гурта «Дай Дарогу!»).

Таксама ў канцэрце прынялі ўдзел «генерал айчыннага року» Ігар Варашкевіч (гурт «Крама»), гурт Dzieciuki, Кася Камоцкая (гурт «Новае Неба») з песняй «Мая краіна» на словы Міхала Анемпадыстава, а таксама Пётр Клюеў (гурт «ЛСП»), Павел Аракелян і Адэля Вольская, якая выканала хіты бацькі.

Напярэдадні ўсе чакалі выступу нейкай сакрэтнай групы. Меркавалася, што гэта будзе Сяргей Міхалок і Brutto, бо стала вядома, што ягоны канцэрт у Мазыры адмянілі па тэхнічных прычынах. Аднак Міхалок на сцэне так і не з'явіўся. Сакрэтнай групай аказаўся магілёўскі гурт Nizkiz.

На пляцоўцы працавалі сувенірныя кірмашы. Тут можна было набыць гістарычныя кнігі пра БНР, стужкі, пернікі, магніты, заплечнікі, а таксама адзенне беларускіх брэндаў — Honar, «Мой родны кут», Symbal.by і гэтак далей.

Таксама можна было сфатаграфавацца разам з бацькамі БНР, прайсці квэст і выкаваць манету ў гонар 100-годдзя.

Пад канец свята некаторым з тых, хто выходзіў за тэрыторыю пляцоўкі са сцягамі, супрацоўнікі міліцыі рэкамендавалі зняць іх, хоць сцягі афіцыйна дазволена праносіць на мерапрыемства і ўвогуле гэта не забароненая сімволіка. Тых, хто не пагаджаўся, асобы ў цывільным прасілі прайсці ў сіні аўтобус. Як паведамляюць родныя затрыманых, людзей адвозілі ў Цэнтральны РУУС. Некаторых праз гадзіну-дзве адпускалі.

Мерапрыемства працягвалася да 19:00. Пасля гэтага шэраг бараў і кавярняў сталіцы прапанавалі «афтэпаці» — спецыяльную праграму да 100-годдзя БНР. Па словах арганізатараў, усяго на канцэрт прыйшлі каля 50 000 чалавек. Такую лічбу вывелі з колькасці раздадзеных флаераў.

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by