«У адзенні мы не адставалі ад Парыжу і Вены». Модныя «лукі» хіпстараў Рэчы Паспалітай

16 299
11 февраля 2018 в 8:00
Источник: Настасся Занько. Фото: Максім Маліноўскі

«У адзенні мы не адставалі ад Парыжу і Вены». Модныя «лукі» хіпстараў Рэчы Паспалітай

Источник: Настасся Занько. Фото: Максім Маліноўскі

Калі думаеце, што Беларусь заўжды знаходзілася на задворках сусветных модных тэндэнцый, вы памыляецеся. У XVI—XVII стагоддзях на нашых землях майстры хутка схоплівалі трэнды Парыжу і Вены, а нашы моднікі не саступалі французскім ці аўстрыйскім. Разам з навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Вольгай Клецкінай мы размаўляем пра моднікаў і модніц той эпохі.

— У гэты час на нашых тэрыторыях было некалькі модных кірункаў у адзенні. Панавала заходнееўрапейская мода і мясцовая, назавем яе «польска-літоўская». Таксама адчуваўся ўплыў венгерскага і ўсходняга стылю, — Вольга сустракае нас на ўваходзе ў музей. Мы праходзім у залу з партрэтамі Радзівілаў.

— Гэтыя дзве лініі існавалі ў модзе ВКЛ заўжды, і калі Княства было асобнай дзяржавай, і падчас яго існавання ў Рэчы Паспалітай. Быў вялікі ўплыў французскай, іспанскай, нямецкай моды, а таксама венгерскай і ўсходняй (турэцкай). Насамрэч было ўсё вельмі проста. Рэч Паспалітая не адрознівалася ад краін Заходняй Еўропы. Не было вось гэтай шэнгенскай мяжы, якая аддзяляе нас зараз ад ЕС, таму купцы спакойна ездзілі і гандлявалі.

Акрамя таго, у гэты час для кіраўнікоў краіны было нармальнай практыкай жаніцца з замежніцамі, якія якраз і прывозілі свой стыль і сваю моду.

— Самымі вялікімі моднікамі на той час былі, вядома, каралі, магнатэрыя ды заможная шляхта, — дадае Вольга. — У шляхты і магнатаў была магчымасць без пошлін увозіць заморскія тавары. Тым больш што былі партовыя гарады Гданьск і Крулявец (сучасны Калінінград), куды можна было лёгка прывезці ўсё неабходнае: і тканіны, і гатовыя рэчы. Больш за тое, усе гарадскія майстры на нашай тэрыторыі выдатна шылі па заходнееўрапейскіх лякалах.

«Ад нямецкай моды — разрэзаныя рукавы, ад іспанскай — фрэзы»

На пачатку XVI стагоддзя вялікі князь Жыгімонт І Стары пабраўся шлюбам з італьянкай Бонай Сфорцай. Новая каралева прывезла разам з сабой некалькі куфраў з сукенкамі, сарочкамі. Акрамя гэтага — шмат майстроў.

Бона Сфорца. Фота: wikimedia.org.

— Так на нашы землі паўплывала італьянская мода. Усе прыдворныя, вядома, сталі апранацца на італьянскі манер. Паглядзіце на караля Жыгімонта. У яго цалкам выгляд нібыта з карціны італьянскіх мастакоў.

Спецыфічнае футра, сарочка і італьянскі галаўны ўбор. «Польскі стыль» выдаецца на некаторых партрэтах. І заўважны ён толькі ў мехавых капелюшах, асабліва з сеткамі.

Жыгімонт I Стары. Фота wikimedia.org.

Акрамя італьянскай, на адзенне шляхты і магнатэрыі ўплывала таксама і іспанская мода. Чаму іспанская? Усё ўпіралася ў палітыку. На той момант Іспанія была вельмі ўплывовай краінай, што праяўлялася нават у адзенні. Для іспанскай жаночай моды характэрны цалкам плоскі сілуэт. Гэта якраз тады здараліся страшныя гісторыі, калі дзяўчатам сціскалі грудзі спецыяльнымі металічнымі пласцінамі.

— Паглядзіце на партрэт Эльжбеты Кішкі, — паказвае Вольга. — Яна жыла напрыканцы XVI — у пачатку ХVII стагоддзя. І тут якраз бачым гэты аскетычны і суворы сілуэт. На нашых землях насілі таксама фрэзы — плоскія круглыя каўняры, набітыя валікі на плячах і рукавы, якія можна было адшпільваць. На той момант была ідэя, што адзенне — гэта своеасаблівыя даспехі, таму адзенне мужчын было «дутым», аб'ёмным.

Ад нямецкай моды на адзенні заможных шляхцічаў і магнатэрыі можна было ўбачыць разрэзаныя рукавы і штаны, якія прыйшлі ад вобразу нямецкіх воінаў ландскнехтаў. Чаму гэта было папулярна? Бо можна было паказаць ніжнюю белую, як снег, кашулю. У тыя часы белая кашуля рабілася з адмысловага тонкага палатна і каштавала вельмі дорага, а паказаць яе азначала падкрэсліць сваё багацце.

Такія разрэзы можна ўбачыць на партрэтах XVII стагоддзя — выявах Януша Радзівіла і Уладзіслава Заслаўскага-Астрожскага, а таксама на знакамітым партрэце Барбары Радзівіл XVI стагоддзя. Дарэчы, тут відаць яшчэ адзін элемент нямецкай моды — «саксонскі каўнер», зараз мы б яго назвалі чокер з металічнымі ўпрыгожваннямі.

Барбара Радзівіл. Аўтар партрэта — Лукас Кранах. Фота: wikimedia.org.

— Напрыканцы XVI — пачатку XVII стагоддзя панавала форма спадніцы, падобная да барабану. Жанчыны насілі спецыяльную канструкцыю. Яна рабілася з тканіны і кітовага вуса альбо маленькіх планачак. Наверх апраналася другая сукня, а часам і трэцяя. Ніжняя і верхняя сукня былі рознага адцення і вельмі багата ўпрыгожваліся. Іх шылі з каштоўных шаўковых і аксамітных тканін, вышытых золатам і шоўкам. Таксама быў высокі каўнер, упрыгожаны карункамі. З-за такога высокага каўняра і з'явіліся высокія прычоскі. Нязручна было насіць яго з распушчанымі валасамі.

Аднак у літоўскіх і польскіх паненак былі асаблівасці, якія адрознівалі іх ад заходнееўрапейскіх прыдворных дам. Напрыклад, у XVI стагоддзі яны выдзяляліся спецыфічнымі мехавымі капелюшамі (партрэт Аляксандры Весялоўскай), якія часцей за ўсё рабіліся з бабровага меха.

— Яшчэ адна асаблівасць XVI стагоддзя — прыбраныя валасы. Нават калі жанчына не прымала манаскі пострыг, усё роўна замужняя кабета прыбірала свае валасы пад хустачку ці чапец. Калі вы знойдзеце партрэт Боны Сфорцы ў больш сталым узросце, то заўважыце, што нават у яе валасы прыбраныя. Нават у каралевы. Гэта традыцыя дзе-нідзе захоўвалася ў XVII стагоддзі, — дадае Вольга. — На жаль, у нашым музеі ёсць толькі некалькі мужчынскіх партрэтаў асоб XVI стагоддзя. Ды і на тых — выявы кардынальскага адзення альбо даспехаў, а не паўсядзённай моды, таму даводзіцца паказваць па карцінах з іншых музеяў.

Бона Сфорца ў старасці. Фота: wikimedia.org.

«Паглядзіце фільм „Тры мушкецёры“, у нас таксама так апраналіся»

Адзін з самых цікавых часоў у беларускай модзе — XVII стагоддзе. Заходнееўрапейская мода стала больш і больш пранікаць на нашы землі, паралельна фарміраваўся і польска-літоўскі шляхецкі строй.

У XVI стагоддзі ў нас быў такі кароль, як Стэфан Баторый, венгр па нацыянальнасці, які таксама паўплываў на модныя плыні Рэчы Паспалітай.

Стэфан Баторый. Фота: russian7.ru.

Якім жа чынам венгерскі кароль патрапіў на прастол? Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай існавала выбраная манархія. Першым выбраным каралём стаў француз Генрых Валуа, апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Аднак ён пабыў на троне менш за год, пасля збег назад у Францыю, дзе стаў каралём Генрыхам ІІІ. Але трэба было скончваць Лівонскую вайну, і шляхта і магнатэрыя Польшчы і ВКЛ вырашылі запрасіць кіраваць краінай Стэфана Баторыя, які славіўся сваімі ваярскімі поспехамі.

Баторый. Фота: russian7.ru.

— Зразумела, што Баторый прывёз на нашы землі шмат свайго войска, такім чынам венгерская мода распаўсюдзілася на нашых землях, — тлумачыць Вольга. — Праз яе на тэрыторыю Рэчы Паспалітай прыйшло венгерскае вайсковае адзенне, з якога потым утварыліся менцік і даламан. Даламан — гэта ніжняя куртка, а менцік — кароткае падбітае мехам верхняе адзенне. Каб уявіць сабе, што гэта, варта ўспомніць, як апраналіся гусары ў XIX стагоддзі. Таксама прыйшлі такія рэчы, як дэліі. Гэта такая спецыфічная доўгая шуба з мехавым адкідным варатніком і падбітая мехам, часам у плямы. «Плямісты» мех быў вельмі каштоўны. Прычым лічылася, што чым больш на ім плямак, тым лепей.

Адметнасць XVII стагоддзя была яшчэ і ў тым, што шляхта пачынае больш інтэнсіўна адпраўляць сваіх дзяцей на некалькі гадоў у Заходнюю Еўропу. Яны вучыліся там ва ўніверсітэтах, знаёміліся з арыстакратамі, вучыліся этыкету, танцам, музыцы. І вядома, першае, што куплялі маладыя панічы, а потым і паненкі, — гэта адзенне. Пераважна французскага ўзору. Вольга паказвае партрэт канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла.

— Глядзіце, у яго на нагах батфорты, штаны-рэйнгравы — усё як мае быць. Калі паглядзець французскую моду XVII стагоддзя і параўнаць яе з адзеннем на партрэтах Радзівілаў, то розніцы мы амаль не ўбачым. З 1630-х гадоў пачынаецца мода, вядомая нам па фільмах пра мушкецёраў. Такія самыя строі і прычоскі панавалі і ў Рэчы Паспалітай. У нас былі свае Канстанцыі і Д'артаньяны.

Тым больш што, як і ў XVI стагоддзі, заходнееўрапейскія моды ішлі ад манархаў. На працягу XVII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай было тры каралі шведскай дынастыі Вазаў, а польскі кароль Ян Сабескі быў жанаты з францужанкай. Ужо ў той час свет захапляўся французскай модай, яе найлепшым прадстаўніком быў французскі кароль Людовік ХIV. Можна сказаць, што французская мода змянялася так хутка, як змяняліся фаварыткі ў Людовіка ХIV. Бо тое, што насіла фаварытка караля, у хуткім часе пераймаў увесь двор, а за ім — і ўся Еўропа.

Пашыраюцца супердарагія ўпрыгожванні — карункі. Аднак была асаблівасць. Калі ты была паненкай у Польшчы ці ВКЛ, павінна была быць больш сціплай, чым французскія модніцы. Ніякіх дэкальтэ. Таму яго прыкрывалі некалькімі слоямі карункаў. Аднак пры гэтым ты мусіш паказваць багацце роду, таму паненкі насілі вельмі шмат залатых упрыгожванняў і жэмчугу, шляхцянкі любілі насіць чапцы з ім. Але асаблівым бляскам былі белыя хустачкі і пальчаткі, бо яны каштавалі вельмі дорага і хутка псаваліся.

— Таксама некаторы час існаваў такі феномен, як «дзіцячая мода». Гэта было звязана з тым, што кароль Людовік XIV узышоў на прастол ва ўзросце пяці гадоў. Таму яго апраналі адпаведна, у сукенкі з вялікай колькасцю карункаў, фіжмаў і стужак. І калі кароль быў апрануты так, то і дарослыя вакол яго вымушаныя былі так апранацца. Гэтую моду перанялі і ў Рэчы Паспалітай, — адзначае наш экскурсавод, — можна ўявіць сабе, як гэта выглядала, па партрэце Аляксандра Астрожскага, тут таксама шмат дэкаратыўных рэчаў.

Далей, у XVIII стагоддзі захапленне французскім будзе мацнець, бо ў Рэчы Паспалітай за той час будуць два каралі з Нямеччыны і два палякі, і амаль усе яны былі проста ў захапленні ад французскай моды і культуры. Таму ўся шляхта апраналася альбо па-французску (дарэчы, у крыніцах таго часу гэта называлася па-нямецку), альбо па-сармацку.

— Што цікава, заможныя магнаткі ці шляхцянкі апраналі сукенку толькі некалькі разоў, — дадае Вольга. — Потым іх клалі ў куфар, перасыпалі духмянымі травамі, каб не заводзілася моль ці штосьці яшчэ. Але не выкідвалі. Іх аддавалі ў касцёл. Там з іх рабілі вопратку для ксяндзоў — арнаты, далматыкі і літургічныя рэчы.

«Жупан і слуцкі пояс былі прыкметамі патрыятызму»

Аднак была на тэрыторыях Рэчы Паспалітай і ВКЛ свая польска-літоўская мода. З сярэдзіны XVII стагоддзя актыўна ўжываецца жупан — доўгае верхняе адзенне. Яго маглі насіць як кароткім, калі патрэбна было ездзіць на кані, так і больш доўгім, калі гэта было нейкае святочнае мерапрыемства. Ён рабіўся ў асноўным з цёплых тканін — шарсцянога сукна. А калі трэба было ехаць на прыём, апраналі аксамітавы альбо шаўковы жупан.

— Потым з'яўляецца верхняя частка — кунтуш. Гэта доўгае верхняе адзенне з разразнымі рукавамі. Часам доўгія рукавы кунтуша маглі закручваць назад ці затыкаць за пояс для зручнасці, напрыклад дзецям, каб было прасцей гуляцца. Калі вы бачылі апошнюю калекцыю Mark Formelle, то там ёсць гэты шматпакутны світшот, у якога разрэзаныя рукавы. Гэта вось адсылка да таго самага кунтуша, — тлумачыць Вольга і паказвае ікону XVIII стагоддзя, на якой намаляваны шляхціч у жупане і кунтушы, падперазаным поясам.

— Дарэчы, толькі ў Беларусі паясы назваюцца слуцкімі, увогуле ж яны называліся кунтушовымі, бо ім падпярэзваўся кунтуш. Аднак вырабляліся яны і ў Польшчы, і нават замаўляліся ў Ліёнскіх майстэрнях, бо мануфактуры Рэчы Паспалітай не спраўляліся з попытам, — кажа яна. — У XVIII стагоддзі, калі ў Рэчы Паспалітай справы ішлі не вельмі, слуцкі пояс і кунтушовы строй былі сінонімамі патрыятызму і сармацкага духу.

Што такое сармацкі дух? Існаваў такі міф сярод шляхты Рэчы Паспалітай, што шляхта з’явілася ад магутнага племені скіфаў-сарматаў, што жылі недзе ў Крыме, прыйшлі на гэтыя землі, іх заваявалі і засталіся тут кіраваць. І такім чынам шляхта мае спадчыннае права на ўладанне краінай, а таксама мусіць абараняць яе і клапаціцца аб народзе. Гэтыя погляды замацоўваліся і ў арыгінальным адзенні. А партрэты арыстакратаў Рэчы Паспалітай, асабліва якія маляваліся ў такім касцюме, у мастацтвазнаўстве называюцца сармацкімі. У шляхты павінна была быць цэлая галерэя партрэтаў, якая паказвала значнасць іх роду.

Акрамя жупана і кунтуша, а таксама пояса, шляхта насіла шаблю карабэлу, а таксама мехавыя шапкі, упрыгожаныя шкоф'ямі (каштоўнымі зашпількамі з пер'ямі), дэкаратыўным элементам лічыліся і гузікі.

— Нават каралі Рэчы Паспалітай з замежных дынастый мелі партрэты ў сармацкім стылі. Гэта падкрэслівала тое, што яны гатовыя абараняць сваю краіну і шанаваць яе звычаі, — адзначае Вольга.


— Адначасовае панаванне дзвюх розных канцэпцый убрання і мыслення — заходнееўрапейскай і сармацкай — было таксама прычынай непаразуменняў сярод шляхты, асабліва ў XVIII стагоддзі, калі з'явілася нават паняцце «вайна фрака і кунтуша», — скончвае экскурсію Вольга Клецкіна. — Важна, што менавіта адзенне так яскрава і проста апісвае тыя складаныя працэсы, якія адбываліся ў Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя. Гэта паказвае, што незалежна ад часу знешні выгляд чалавека заўсёды меў вялікае значэнне і паказваў не толькі багацце і густ канкрэтнай асобы, але і яго спосаб мыслення, сацыяльную прыналежнасць, а таксама агульную атмасферу эпохі.

Электронныя кнігі ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Больш тэкстаў пра гісторыю чытайце па спасылцы.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by