«Немагчыма зразумець, навошта людзі бяруць крэдыт на падарункі да Новага года». Дарослая размова пра шопінг і не толькі

15 385
29 декабря 2017 в 14:00
Источник: Палiна Шумiцкая. Фото: Влад Борисевич

«Немагчыма зразумець, навошта людзі бяруць крэдыт на падарункі да Новага года». Дарослая размова пра шопінг і не толькі

Источник: Палiна Шумiцкая. Фото: Влад Борисевич

Бясконцыя чэргі ў гандлёвых цэнтрах і гіпермаркетах перад Новым годам; тоны падарункаў, набытых ў нейкім вар’яцкім парыве і аніразу потым не выкарыстаных; аліўе і селядзец пад футрам, якія адправяцца ў сметніцу на трэці дзень, — так, Беларусь плаціць за асалоду прыналежнасцi да міру спажыўцоў. Onliner.by паразмаўляў з культуролагам Аляксеем Крывалапам пра пакупкі, якія замянілі стасункі, і новыя каштоўнасці, абвясціўшыя крэдытную гісторыю галоўнай меркай. Інтэрв’ю пра беларускае грамадства спажывання чытайце ў рубрыцы «Нефармат».

Хто гэта?

Аляксей Крывалап — 41 год, выкладчык ECLAB, культуролаг, кандыдат культуралогіі, стыпендыят фонду Фулбрайта (гэта штосьцi значыць у акадэмічным свеце). Аўтар кнігі «Рунет: новое созвездие в галактике интернет», у якой апісвае, як тэхналогіі змяняюць грамадства ў краінах былога СССР. Заўзяты прыхільнік «зялёных» поглядаў. Жанаты, выхоўвае сына. Любіць даваць інтэрв’ю на беларускай мове.

— Ці паспелі вы паўдзельнічаць у навагодніх ды калядных распродажах? Ужо набылі падарункі? «Злавілі кайф» у бясконцых чэргах?

— Пакуль што не. Усё яшчэ наперадзе. Зараз Мінск стаіць у бясконцых заторах. Калі раней стаялі ў чэргах, то зараз — у заторах.

— Ну а калі сур’ёзна падысці да нашай тэмы, грамадства спажывання — якое яно сёння? Упершыню аб гэтым загаварыли амерыканцы у 50-х. Атрымоўваецца, ужо больш за 60 гадоў спажываюць і спажываюць. І да чаго прыйшлі?

— Грамадства спажывання ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны ў Заходняй Еўропе і ЗША. Але ў нас, я маю на ўвазе Беларусь, яно з’явілася толькі пасля развалу Саюза. Бо немагчыма казаць пра СССР як пра грамадства спажывання: гэта была дэфіцытная эканаміка. Для нас неабмежаванае спажыванне адкрылася ў другой палове 90-х, больш дакладна — на пачатку 2000-х. І ў гэтым асноўны гумар гісторыі: зараз мы праходзім праз усё тое, праз што іншыя краіны прайшлі шэсцьдзесят год таму. Мы адчуваем бум спажывецкага крэдытавання, мусім нешта набываць у растэрміноўку як мага хутчэй, нам рэчы патрэбныя менавіта сёння, а не тады, калі будуць грошы. Усё гэта іншыя дзяржавы праходзілі. Гэта прыводзіць да пэўных праблем, і яны вядомыя. Але ж мы не вучымся на чужых памылках, мы жадаем зрабіць свае. Тое, пра што пісаў Жан Бадрыяр ды іншыя тэарэтыкі, актуальна і для нас, нягледзячы на мінулыя дзесяцігоддзі.

— Ці згодныя вы, што сёння пакупка — гэта не проста пакупка, а статус?

— Так. Мы не набываем функцыі ды рэчы, нас не цікавіць утылітарны сэнс. Нас цікавіць тое, што знаходзіцца па-за межамі практычных якасцяў. Калі мы зараз з вамі размаўляем за кавай, то для нас мае вагу не пэўная колькасць кафеіну, цукру, вугляводаў, тлушч, бялкі і гэтак далей, а атмасфера, статуснасць спажывання. Дзе мы знаходзімся? З кім? Гэта будзе пласцікавы кубачак ці парцалян? Тое самае можна сказаць практычна пра ўсе рэчы, з якімі мы сутыкаемся. Кожны выпадак спажывання мы выкарыстоўваем як спробу жанглявання нейкімі знакамі, як паказаць сабе і іншым, хто мы ёсць, а дакладней, кім бы мы хацелі, каб нас бачылі. У вайскоўцаў, напрыклад, існуюць пагоны, зорачкі, нашыўкі — вельмі распрацаваная сістэма ідэнтыфікацыі. У цывільнага насельніцтва статутных знакаў адрознення няма. Але ў нас ёсць аксэсуары, гадзіннікі, упрыгожванні, тэлефоны і інш. Тэлефон больш не з’яўляецца дэвайсам, які дазваляе размаўляць з кімсьці. Гэта ў пэўнай ступэні паказчык статуса. Тое самае можна казать пра машыны. Усе спрэчкі на форумах ды ў інтэрнэце, яны ж не пра рацыянальную, тэхнічную частку — расход паліва, моц акумулятара — а пра нешта іншае: наколькі гэта сучасна, модна, стыльна?

Нельга казаць, што гэта з’явілася літаральна сёння. Памылковым будзе лічыць, што ва ўсім вінаваты капіталізм. Дэманстратыўнае спажыванне адбывалася і раней. Але формы і памер, якія яно мае сёння, абсалютна ўнікальныя.

— Такім чынам, зараз чалавек — гэта канструкт з пакупак, сума рэчаў у спажывецкім кошыку?

— Так. Размова пра ідэнтычнасць. Сёння самая простая, зразумелая і прыдатная практыка, да якой спакушае рэклама, — патлумач іншым, хто ты, з дапамогай шопінгу. Можна хадзіць у спартыўныя залы; змяняць сваё цела з дапамогай мадыфікацый, пірсінга, тату; вывучыць дваццаць замежных моў; карацей, можна радыкальным чынам змяніць сябе. Але гэта складаны і доўгі працэс, без гарантаванага выніку. Куды прасцей купіць Apple замест нечага таннейшага — і ўсё, вы перайшлі на іншыя брэнды і нібыта радыкальным чынам змянілі жыццё.

Часам гэта выкарыстоўваецца як маркер сацыяльнай няроўнасці. Напрыклад, калі асоба атрымоўвае новую пасаду. Былы менеджар становіцца, напрыклад, дырэктарам. І чамусьці ён вельмі хутка адчувае, што больш не можа карыстацца той машынай, на якой спакойненька праездзіў апошнія пяць год. Што здарылася? Машына больш не падабаецца? Ды падабаецца! Проста мы адчуваем пэўны нефармальны ціск, калі пераходзім на новую прыступку сацыяльнай іерархіі. Мы мусім некім чынам адрознівацца.

Тое ж самае адбываецца з месцам жыхарства. У Мінску мы маем, напрыклад, Каменную Горку, пентхаусы і катэджы ля МКАД. Чаму б дырэктару не жыць у Каменнай Горцы, калі ў яго офіс побач? Чаму ствараецца «гета», маўляў, тут знаходзяцца тыя, хто «панаехаў»? Кожны, хто прайшоў пэўны шлях па сацыяльнай лесвіцы, сутыкаецца з гэтай праблемай індывідуальна.

Буйныя супермаркеты, якія знаходзяцца на выездзе з гораду (у той жа Каменнай Горцы), — класіка спажывання. Згадайце пачатак 2000-х — у Мінску не было ніякіх гіпермаркетаў. Да, былі рынкі, але гэта іншая гісторыя. Калі мы патрапім у Вільню — стары горад, утульныя кавярні, — то пабачым горад з прасторай, дзе людзі сустракаюцца, п’юць каву і не толькі. Горад — гэта месца, дзе мы паказваем сябе і глядзім на іншых. Неабавязкова пры гэтым нешта набываць! А як усё змяніў супермаркет. Горад фактычна перастаў выконваць тыя функцыі, што раней. Вы проста прыехалі на працу, увечары завіталі ў гіпермаркет — і ўсё, адпраўляецеся дадому наўскрайку сталіцы. Узгадайце які-небудзь маленькі гарадок. Побач з домам ёсць невялікая крама ці кавярня, і, хутчэй за ўсё, вас там будуць ведаць, запытваць, як справы, цікавіцца: «Вам сёння як звычайна?» Можа здацца, што гэта нязначныя дробязі. Але гэта вялікі фактар чалавечай камунікацыі. Людзі побач — не проста робаты, якія прыносяць каву. Гэта нашыя чалавечыя стасункі. Логіка гіпермаркетаў іншая. Тавары самі спакушаюць нас сваёй прывабнасцю. Мы проста ходзім паміж шэрагу з паліцамі, і там няма ніякіх прадаўцоў. І гэта праблема, бо змяняецца наша ўяўленне пра горад, пра ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі.

— Навагоднія распродажы (калі верыць, што яны сапраўды існуюць у Беларусі), чэргі ў крамах, шалёны пакупніцкі раж, падарункі — гэта важная традыцыя, абрад ці дэградацыя асобы?

— Чаму мы увогуле святкуем Новы год і Каляды? Гэта абсалютна рэлігійныя святы — і з гэтым немагчыма спрачацца. Ніякай сувязі з шопінгам тут няма. Для вернікаў гэта час паразважаць аб сваім лёсе, звярнуць думкі да бліжніх. Але такая практыка была вельмі добра прыватызавана маркетолагамі. Вельмі зручна паказаць, як вы клапоціцеся пра сваіх блізкіх, калі набываеце нешта. Такiм чынам, існуюць спробы стварыць пэўныя рытуалы спажывання замест сапраўдных стасункаў.

Няма праблемы ў тым, што людзі набываюць падарункі. Праблема, калі гэта адзіны спосаб, якім яны ўмеюць дэманстраваць любоў і прыязнасць. Свята не можа быць толькі нагодай для шопінгу. У гэтым годзе ў мінскім ЦУМе, калі я не памыляюся, «Навагодні кірмаш» пачаў працавать ледзь не ў кастрычніку. І гэта было дзіўна! Увесь час нам нагадваюць: патрэбна купляць падарункі, не забудзьцеся! Тады мы пачынаем набываць не тое, што сапраўды патрэбна, а проста змятаем усё на сваім шляху.

Альбо возьмем адпачынак. Можна проста набыць квіткі, знайсці гатэль і атрымліваць асалоду ад вандроўкі і новых уражванняў. Альбо нават правесці час у намёце на беразе мора. Але гэта не адпавядае законам грамадства спажывання. Адпачынак — сур’ёзная праца. Трэба набыць пуцёўку «all inclusive» і ні на хвілінку не забываць пра шопінг. Мы аплачваем тое, што нам не патрэбна, а потым усё ж такі выкарыстоўваем: «Ну як жа, заплацілі ўжо!» Калі ёсць праязны, то будзем ездзіць. Калі набылі гадавы абанемент у фітнес-цэнтр, спрабуем пераканаць сябе і іншых, што праходзім цэлы год.

Калі калядны распродаж скончыцца, абміне два тыдні, а потым па ўсім свеце пачнецца з’яўленне новых калекцый, і мы зноў адчуем вострую патрэбу нешта набыць. Гэта логіка калекцыянера. Увесь час збіраем калекцыю, але ж галоўным экспанатам з’яўляемся мы самі. Акт спажывання становіцца дасягеннем. Можна паспрабаваць напісаць раман ці вывучыцца на архітэктара, пабудаваць горад, паляцець на Марс, але навошта, калі так лёгка займець новую мадэль ноўта, адзенне ці абутак? І гэта не ў тэрмінах «кепска» ці «добра». Гэта ў пэўнай ступэні закранае каштоўнасці.

Асноўнае пытанне: ці з’яўляецца патрэба набываць уласна нашай? Альбо гэта воля мерчандайзінга і маркетынга? Класічнае пытанне. Нас увесь час правакуюць на тое, каб мы набывалі рэчы імпульсіўна: «толькі сёння», «засталося ўсяго дзве гадзіны», «тэлефануйце зараз»… Часам мы набываем штосьці ў крэдыт, а потым ужо не разумеем, ці патрэбна яно нам. Мы спажываем грошы і рэчы, якія яшчэ не зарабілі. У перспектыве цэлага пакалення гэта не надта добрая справа. Мы сёння спажываем такую колькасць прыродных рэсурсаў, якую чалавецтва ніколі не магло сабе дазволіць раней. Разлічвацца за гэта будзем ужо не мы. Гэта як іпатэка, якую будуць выплочваць дзеці. Мы ж не запыталіся ў ніх: ці вы згодныя?

Немагчыма рацыянальна зразумець, навошта людзі бяруць крэдыт на адпачынак ці падарунак да Новага года. Чаму немагчыма абмежавацца тымі рэчамі, якія мы можам сабе дазволіць? Я не кажу «лепшы падарунак — той, які зроблены сваімі рукамі», але гэта таксама добрая справа. Калі мы імкнемся адпавядать некім чаканням ці ўзроўням, то патрапляем ў пастку, з якой не так проста вырвацца.

Акрамя таго, крэдыт сёння — гэта нейкі механізм прымусу да працы. Пачынаюць з’яўляцца такія патрабаванні, як наяўнасць крэдытнай гісторыі. Усе нашы ўяўленні аб жыцці, творчасці, справядлівасці — усё становіцца неістотным. Мае значэнне толькі тое, як выбудаваны нашы стасункі з банкам: колькі ўзялі, пазычылі, вярнулі, ці можам павялічыць крэдытную лінію. А як жа добрае імя? Усе тыя пафасныя рэчы, што былі раней? Не, не чулі. Фактычна, крэдыт — гэта легалізаваны прымус да працы. Калі мы атрымаем любы крэдыт — на аўто, тэлефон, — то ўжо не можам звольніцца, трэба ж вяртаць грошы. Калісьці людзей фізічна прымушалі да працы, а сёння праз жаданне валодаць нейкай рэччу мы зноўку пападаем ў пастку. І мусім працаваць бясконца.

— Згодна з класічным трактаваннем, асноўныя спажыўцы ў свеце — гэта так званы «сярэдні клас». Ці існуе ён наогул у Беларусі?

— У маім разуменні, «сярэдні клас» — гэта не пытанне зарплаты, сумарнага даходу. Справа не ў тым, колькі тысячаў даляраў вы зарабляеце за год: шэсцьдзесят, як ў Амерыцы, ці менш. Куды больш значнае пытанне, звязанае з маёмасцю. «Сярэдні клас» — гэта такая буржуазія ў станоўчым сэнсе, а не тая, на якую глядзеў Ленін. Гэта людзі, у якіх ёсць нейкая маёмасць: лаўка, пекарня, майстэрня абутку — любы бізнес. Вы не працуеце на кагосьці, забяспечваеце сваё існаванне самастойна. Але гэта не натуральная гаспадарка ў вёсцы. Вы не залежыце ад працадаўцы, самі вызначаеце, колькі вы працуеце, як і гэтак далей.

Ці ёсць такая сацыяльная група ў нас? Складанае пытанне. Не ведаю. Аптымісты кажуць: «Вядома, у Беларусь ёсць сярэдні клас — тыя людзі, якія жывуць ну так, сярэдненька…» Напэўна, гэта жарт.

Насамрэч, асноўныя спажыўцы, тыя, хто больш за астатніх пакутвае ад грамадства спажывання, гэта не «сярэдні клас». Багатыя людзі нікому нічога не мусяць даказваць. Гляньце на Цукерберга — ён не ездзіць на залатым «Паршэ», не набывае нічога празмернага. Больш за ўсіх ад канцэпцыі, звязанай з пашырэннем ужывання, пакутуюць людзі, у якіх ёсць недахопы, звязаныя з адукацыяй і сацыяльным статусам. Тыя, хто імкнецца патрапіць у сярэднюю групу, каб даказаць сабе і іншым, што яны лепшыя, чым ёсць насамрэч.

Класічная праблема беднасці — гэта не праблема недахопу грошаў. Ёсць шмат цікавых прыкладаў. Вось сантэхнік з Велікабрытаніі выйграў дзевяць мільёнаў фунтаў сцерлінгаў і праз два гады вярнуўся да працы сантэхніка. Да, напэўна, за гэтыя два гады ў яго жыцці было ўсё, што толькі можна атрымаць за мільёны фунтаў, але ён вярнуўся да працы, таму што грошы скончыліся. Праблема беднасці — гэта праблема сацыяльнай няроўнасці і неразумення сродкаў як рэсурсаў.

— Як жыць у грамадстве спажывання? Што рабіць?

— Адказ вельмі просты і наіўны: спажывайце меньш. Гэта не значыць, што мы мусім вяртацца да натуральнай гаспадаркі і самі будзем даіць кароў. Не. Проста набывайце тыя рэчы, якія вам сапраўды патрэбны. Калі мы часам прыходзім у супермаркет за малаком і хлебам, а выходзім без малака і хлеба, затое з некалькімі пакетамі чагосьці — гэта яскравы паказчык. Вам не патрэбны тры пары абутку, але за-за рэкламы вы набываеце тры — «па кошце дзвюх»!

Атрымаць асалоду ад шопінгу вельмі проста і зразумела. Але грамадства спажывання, акрамя цікавага, прывабнага боку, яшчэ ў значнай ступені замацоўвае няроўнасць, якая існуе ў грамадстве. Нам паказаны вельмі простыя стратэгіі дасягненняў — спажыванне сучасных, прэстыжных рэчаў. Але мы не разумеем, што рабіць, калі гэта нам не па кішэні. У Хокінга ёсць цікавае разважанне адносна таго, што сацыяльная няроўнасць — адзін з выклікаў чалавецтву. Гэта не асабіста беларуская альбо еўрапейская праблема.

Мы ўсе ведаем, што калі дадзім галоднаму чалавеку рыбу, то накормім яго. Калі дадзім вуду і навучым рыбачыць, ён будзе на самазабеспячэнні. Але ў грамадстве спажывання ёсць працяг гэтай гісторыі: калі мы дадзім галоднаму чалавеку вуду і навучым рыбачыць, то пасля зможам прадаць яму членства ў рыбацкім клубе, новыя блешнi, суперляскі і гэтак далей. Дзе мяжа? Калі мы набываем сцікеры і лэйблы проста, каб мець дачыненне да групы, а дзе сапраўдная неабходнасць? Вудзіць рыбу — нармальна, але калі гэта становіцца дамінуючай формай самаідэнтыфікацыі, паказчыкам сацыяльнага статусу — з кім вы ловіце рыбу, дзе, у якіх ботах — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Удочки, спиннинги в каталоге Onliner.by

Перепечатка текста и фотографий Onliner.by запрещена без разрешения редакции. nak@onliner.by