«На свой дом з участкам патраціў агулам каля $46 тысяч». Падкаст «Пра грошы»

19 ноября 2020 в 11:52
Автор: Настасья Занько

«На свой дом з участкам патраціў агулам каля $46 тысяч». Падкаст «Пра грошы»

Автор: Настасья Занько
Сёння падкаст для тых, хто задумваецца пра свой дом, але пакуль на этапе мар пра камін і маляўнічыя краявіды. Мы паразмаўляем пра больш прыземленыя рэчы: абмяркуем грашовы бок рэалізацыі гэтай мары. Колькі можа каштаваць участак, як яго правільна выбраць, каб пасля пазбегнуць празмерных выдаткаў? Які будзе кошт дома, а які — ягонай інфраструктуры? На што трэба звярнуць увагу падчас будаўніцтва? Гэта падкаст «Пра грошы». У студыі журналіст Onliner Настасся Занько і будаўнічы блогер, аўтар канала «Хата з краю» Павел Бераснеў.

Частку размовы мы публікуем у тэкставым варыянце, цалкам яе можна спампаваць у фармаце MP3 па спасылцы. Падпісацца на падкаст можна на сэрвісе «Яндэкс.Музыка». Таксама ён даступны для праслухоўвання на прыладах Apple альбо іншых «падкастапрыёмніках».


Галоўныя думкі

Здымная кватэра ў Мінску каштуе каля $250—300 за месяц. Гэта $3000—3600 у год альбо $30 000—36 000 за 10 год.

Участкі ў раёне Ракава за 50 кіламетраў ад Мінска, дзе жыве Павел, цяпер каштуюць каля $10 тысяч у эквіваленце. За 80—100 кіламетраў ад Мінска рэальна набыць участак і вясковую хату, патраціўшы $2000.

Акрамя кошту, пры выбары ўчастка важна ўлічыць наяўнасць інфраструктуры і пад'язных шляхоў, магчымасць падключыцца да электрычнасці, сітуацыю з вадой (ці няма ў ёй нітратаў) і гэтак далей. У вас можа быць свой чэк-ліст таго, што з'яўляецца абавязковым і важным, а з чым вы не гатовы мірыцца.

Важна таксама прадумаць усё на перспектыву ў 10—20 год. Што будзе, калі ты захварэеш? Ці даедзе да цябе хуткая? Як вазіць дзяцей у садок ды школу і гэтак далей?

«У Беларусі я раіў бы купляць участак толькі там, дзе ўжо ёсць інфраструктура: дарога, водаправод, электрычныя сеткі, да якіх рэальна можна падключыцца», — лічыць Павел. І раіць не верыць абяцанкам чыноўнікаў, што нешта будзе вось-вось, у наступным годзе, праз два гады і гэтак далей.

Важная інфраструктура — электрычнасць і дарога. Што тычыцца газу, калі ў вашых суседзяў праведзены газаправод, то некалькі тысяч долараў будзе каштаваць толькі права на падключэнне да яго.

Павел вырашыў пабудаваць аўтаномны дом з сонечнымі панэлямі. Усё гэта з ацяпленнем каштавала $5000. Аднак сістэма праіснавала тры гады.

Каналізацыя — септык. Каштуе ўмоўна $700—1000 у эквіваленце.Водаправод, калі ёсць свой з нармальнай вадой, — супер. Інакш на фільтры давядзецца траціцца па 100—200 рублёў у месяц.

Свідравіна. За кожны метр свідравіны давядзецца плаціць $25—28. Улічваючы, што пітная вада можна знаходзіцца на ўзроўні ад 70 да 150 метраў, заплаціць прыйдзецца ад $2000 да $4200 у эквіваленце. Гэта кошт без помпы і завядзення ў дом.

 

Агульны бюджэт каркаснага дома Паўла з усімі камунікацыямі і аўтаномнай сістэмай — каля $46 тысяч у эквіваленце. Кажа, што калі дакладна ўлічыць усе нюансы, то да выніковай сумы ўсё роўна варта накінуць 20%. Гэта будзе больш-менш рэальны бюджэт. Але не факт, што вы недзе не памыліцеся.

Абслугоўванне дома. Вываз смецця — 3,5 рубля ў месяц, пасечаныя дровы — 500 рублёў у год (каля 42 рублёў штомесяц), электрычнасць — 35 рублёў за 2 месяцы (17,5 рубля ў месяц), электрычнае ацяпленне — 16 рублёў (8 рублёў у месяц). Таксама газавыя балоны — каля 20 рублёў за 2 месяцы (10 рублёў за месяц). Інтэрнэт і мабільная сувязь — 40 рублёў на дваіх. Асобныя траты на паліва. У Паўла выходзіць каля 150 рублёў у месяц. У выніку на ўсё пра ўсё атрымліваецца прыкладна 270 рублёў штомесяц.

Асобна Павел адзначае, што для жыцця за горадам на сям'ю павінна быць два аўто. Па яго словах, гэта проста мастхэў для сельскага жыцця.

Пяць парад ад Паўла для тых, хто марыць пра свой дом.

Першая. Зняць дом і пажыць там хаця б два месяцы, каб зразумець, наколькі гэта адпавядае вашаму ладу жыцця і філасофіі.

Другая. З'ездзіць у госці да ўсіх сяброў, што жывуць за горадам. Можна нават напрасіцца ў госці да незнаёмых людзей. Для чаго? Каб пабачыць і паслухаць досвед іншых людзей і больш ясна бачыць сваю хату, як лепей яе зрабіць.

Трэцяя. Трэба стаць будаўніком, лепш загадзя разабрацца і ведаць, у чым ты будзеш жыць.

Чацвёртая. Ацаніць, што вы хочаце ад дома, і пралічыць бюджэт на яго. Не варта імкнуцца пабудаваць адразу велізарны будынак. Можна стартаваць з невялікага дамка, але з перспектывай расшырэння.

Пятая.Сур'ёзна падысці да выбару ўчастка. Дом можна перарабіць, а вось участак і суседзяў кардынальна змяніць не выйдзе. Таму лепей папрыязджаць у будні і ў выхадныя альбо ў розныя поры года.

Таймлайн

01:40—9:50.Што патрэбна зразумець перад тым, як прыняць рашэнне аб сваім доме? Як выбраць участак і на што звярнуць увагу?

09:50—15:53. Колькі каштуе інфраструктура? Ці рэальна зрабіць аўтаномны дом?

15:53—21:27. Ці дорага каштуе дом? Які тып лепей выбраць?

21:27—24:38. Ці рэальна аддаць грошы і атрымаць гатовы прадукт? Ці абавязкова кантраляваць усё і літаральна станавіцца будаўніком?

24:38—28:24. Ці рэальна ўкласціся ў бюджэт?

28:24—35:55. Колькі каштуе абслугоўванне дома і жыццё ў ім?

35:55—45:34. Пяць парад для тых, хто хоча будаваць свой дом і жыць за горадам.

Чытайце і слухайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фатаграфій Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by