У канцы гэтага года павінен выйсці мастацкі фільм па кнізе пісьменніцы — пра авантурныя прыгоды беларусаў дзвесце гадоў таму.
— У чэрвені скончыліся здымкі фільма па вашай кнізе «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» — прыгодніцка-авантурным рамане з рэаліямі XVIII стагоддзя. Вы сачылі за працай. Задаволеныя тым, як усё прайшло?
— Гэта немагчыма проста апісаць у некалькіх словах, бо гэта была для мяне новая эпоха, якая скончылася. Хаця ў прынцыпе з сусветам кіно знаёмая. Калі была малая, у мамы была сяброўка на «Беларусьфільме», і я часта здымалася ў масоўцы. Я там пераздымалася ва ўсіх фільмах 1970-х… Таму цяпер была такая крутая — ведаю кіно знутры. Але аказалася, што ў параўнанні з маімі дзіцячымі ўспамінамі тут шмат новага. Тым больш што на гэты раз я была каля манітора, каля рэжысёра. І гэта зусім іншае. Гэта было хвалююча.
Ад пачатку не мела ілюзій. Калі падпісаўся на гэты праект, то ты альбо скачаш у ваду, альбо стаіш на беразе. І калі скочыў, то позна гаварыць, што вада халодная ці ты плаваць не ўмееш. Пабачыла людзей, якія хочуць нешта зрабіць пры тых сродках і магчымасцях, якія маюць. Бачыла, як ім цяжка. Калі мяне запрасілі на фестываль «Каложскі благавест» у Гродна, сустрэла святароў, якія аказаліся фанатамі кніг пра Вырвіча. Так што ў Гродне ўвесь гэты час маліліся за тое, каб здымкі прайшлі ўдала і ўсё атрымалася.
Трэба разумець, што кіно — гэта кіно, у выніку атрымаецца не мой мастацкі твор. Мне трошкі страшна, калі нехта прыйдзе ў кінатэатр з кнігай. Кінафільм — іншы твор, плён натхнення многіх іншых людзей. Сцэнарый, дарэчы, не мой — яго напісаў Валянцін Залужны.
— Вы не ўплывалі на яго працу?
— Сцэнарыст напісаў сцэнарый. Але трэба было нешта ўдакладняць, напрыклад, наконт рэалій эпохі, наконт маленькіх роляў. Калі сцэна ў карчме адбываецца, там ёсць людзі, якія кідаюць пэўныя рэплікі. Мая задача была, каб кожны персанаж меў сваю гісторыю — каб быў кімсьці. Гэты — былы ваяр панцырнай харугвы. А той — не проста вознік, а які вёз звон бернардынцам. Я знайшла па датах рэальную гісторыю, калі ў кляштары ў Гродне быў пажар і там згінулі званы. У той год з’явіўся новы звон — і той вознік з карчмы акурат мог яго везці. Гэта страшэнна цікава і дае магчымасць нават артыстам, якія выконваюць маленечкія ролі, раскрыцца. Артысты ў нас цудоўныя. І эпізоднікі. У нас у эпізодах — народныя артысты.
— У здымках удзельнічалі толькі беларускія акцёры?
— Выключна свае.
— Тут трэба патлумачыць, што кніг пра прыгоды Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка вы напісалі пяць. Але ў аснову фільма пакладзена першая частка — «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».
Я чытаў, што асобна выйдзе поўнаметражны фільм, а яшчэ зробяць і чатырохсерыйны. Усё здымалі разам?
— Усё будзе з аднаго матэрыяла. Поўны метр пойдзе ў кінатэатр, а чатыры серыі будуць паказваць на тэлеканалах.
Зараз ідзе мантаж. Затым будзе агучка. А яшчэ ж і дубляж на беларускую мову.
— Будуць дзве версіі фільма — рускамоўная і беларускамоўная?
— Так. Толькі для гэтага трэба рускамоўныя рэплікі акцёраў са здымачнай пляцоўкі адэкватна перакласці на беларускую мову, каб яны накладаліся на рухі вуснаў, каб у выніку гэтыя фразы атрымаліся дастаткова ўцямнымі. Якраз гэтую серыю пра авантуры Вырвіча чытачы цэняць за працу з мовай. Калі я пачынала пісаць, спрабавала прыўнесці барочную велягурыстасць у стыль, я перачытвала мемуары, знаходзіла цікавыя слоўцы, выразы.
— Калі выхад фільма запланаваны?
— У снежні ён павінен быць гатовы. Прэм’ера? Ці ў канцы гэтага, ці на пачатку наступнага.
— У дзяцінстве вы здымаліся ў масоўцы ў кіно. А ў кадры фільма па ўласнай кнізе мы вас убачым?
— Абяцалі-абяцалі, што патраплю ў кадр, але нічым гэта не скончылася.
— Заканчэнне здымкаў адзначылася скандалам. Выканаўца галоўнай ролі Іван Трус заявіў, што «Беларусьфільм» яму не выплаціў да канца заробак. І сумы значныя. З вамі разлічыліся?
— Мая сума невялікая. І я да «Беларусьфільма» не ў прэтэнзіі, бо ведала, які бюджэт у фільма. Дапамагала скараціць сцэнарый, каб уціснуцца ў той бюджэт. Караціла карэты і коней…
— Літаратурныя аглядальнікі Onliner у пачатку года склалі топ-10 найлепшых беларускіх кніг часоў незалежнасці. Вы ў гэтым топе прадстаўлены акурат пяцікніжжам пра Вырвіча. Самі лічыце гэтыя раманы сваімі найлепшымі?
— Сітуацыя цікавая. Крытык Ганна Кісліцына часам сустракае мяне і кажа: «Табе не крыўдна, што ты напісала шмат раманаў, а вядомая праз Вырвіча?» Не крыўдна. Гэта ж таксама я пісала. Лічу, што місія пісьменніка па прасоўванні твора заканчваецца тады, калі ён ставіць кропку. Ты там, на старонках, ваюй, туды ўсё ўкладвай, увесь баявы імпэт. А далей яно само за цябе пачынае ваяваць. Мае кнігі — маё войска. І на іх не скарджуся — ваююць.
Першую кнігу пра Пранціша Вырвіча напісала ў перапынку паміж двума сур’ёзнымі раманамі пра сталінскія рэпрэсіі. Адпусціла на волю фантазію. І вось як яно пайшло. Не буду вызначаць, што мне найдаражэйшае. З серыяй пра Вырвіча жыву даўжэй за ўсё. Настолькі галоўныя героі ўжо мае. Там вельмі шмат ад мяне. Часта заўважаю, што падзеі, якія прыдумваю, пачынаюць уплываць на маё жыццё.
— Калі пачыналі пісаць пра Вырвіча, адразу думалі пра серыю?
— Не. Думала, што будзе невялікая аповесць для падлеткаў. Героі ў мяне былі зусім іншыя. Шкаляр больш да ўзросту Гары Потэра. Баўтрамей Лёднік увогуле зусім стары звяглівы дзед, які мусіў быць персанажам аднаго раздзела. Пачала пісаць і кінула — узялася за іншае, хіба за «Сутарэнні Ромула». Пасля вывучэння дакументаў, якія тычыліся сталінскіх рэпрэсій, вярнулася да таго пачатку і пераасэнсавала герояў. І калі ўзнікла парачка Пранціш і Баўтрамей, тады ўжо яны мяне не адпусцілі. Напісала першы раман. Аддала ў выдавецтва. А мяне героі не адпускалі: я ведала, што з імі будзе далей, — і напісала другую кнігу. Першую ж яшчэ не выдалі. Напісала трэцюю кнігу, і тады толькі выйшаў першы раман. І яны пайшлі адзін за адным — быццам з канвеера спусціла. А вось ужо і пятая выйшла.
— Пытанне наконт працягу серыі адкрытае?
— Пакінем інтрыгу. Мне няёмка сказаць, што буду пісаць працяг. Ну колькі ўжо можна? Але калі заяўлю, што не буду пісаць, а ён з’явіцца, апынуся ў яшчэ больш няёмкай сітуацыі. Але ведаю, што далей адбываецца з галоўнымі героямі.
— Вы адна з нямногіх беларускіх пісьменніц, хто вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Паступілі туды, праўда, калі скончылі архітэктурна-мастацкі тэхнікум у Мінску. Вы ўжо пісалі? Што вас падштурхнула ехаць у Маскву?
— Сёння цяжка ўявіць сітуацыю, у якой мы знаходзіліся. Я пісала вершы ўвесь час. Але каб спадзявацца на кнігу ці на пісьменніцкую кар’еру… І блізка не было. Афіцыйных вершаў, з якімі тады можна было выдацца, не мела: мне і ў галаву не прыходзіла пісаць пра Вялікі Кастрычнік і камсамол. Я не з таго асяродка. У мяне заўсёды даволі франдзёрскі асяродак быў. Камуністаў мая радня не любіла: як нядаўна высветліла, шмат хто з радні быў расстраляны ў 1937 годзе. І я вырасла, слухаючы Высоцкага, «Машыну часу», ДДТ. Мы скрэслівалі парты лагатыпамі AC/DC. Вучылася ў класе, у якім было шмат «крымінальных элементаў», у нас піянерскі гальштук называлі «сялёдкай».
Вырасла ў бібліятэках, дзе старалася знаходзіць і чытаць літаратуру нефармальную: навуковую фантастыку, рамантыку кшталту Аляксандра Грына, якая вучыць таму, што большасць — «не права», а рацыю мае меншасць. Гэта, дарэчы, тое, што заўсёды сцвярджаў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Сітуацыя была такая, што пасля 8-га класа давялося ісці кудысьці ў больш-менш прыстойнае месца вучыцца. Выбрала архітэктурны тэхнікум — прафесія архітэктара мне падалася дастаткова творчай. Скончыла тэхнікум, адпрацавала два гады на заводзе «Гарызонт». А куды далей? Філфак не разглядала — ненавіджу гэтыя правілы. У мяне ад прыроды няма праблем з пісьменнасцю, а вучыць нейкія правілы — не. На журфак таксама не хацела. Адзіны варыянт для творчага чалавека вырвацца з нейкай сістэмы — Літаратурны інстытут. Нягледзячы на тое, якая там яшчэ была ідэалагічная надбудова і ідэалагічнае сіта, ты ўсё адно трапляў у асяродак, дзе сорамна не ведаць паэзію Пастарнака. Там упершыню яе і начыталася. Быў вялікі доступ да інфармацыі. Тым больш туды патрапіла ў часы перабудовы. Са мной вучыліся куртуазныя маньерысты (расійская паэтычная група ў 1980—1990-х, у якую сярод іншых уваходзіў Дзмітрый Быкаў. — Заўв. Onliner), першыя недзяржаўныя самадзейныя тэатры… І Віктар (паэт Віктар Шніп, муж Рублеўскай. — Заўв. Onliner) там з’явіўся.
Другі бонус Масквы — ты мог зрабіць крок да самаідэнтыфікацыі. Калі паступала, пісала на дзвюх мовах — рускай і беларускай. Акурат у Маскве зрабіла канчатковы выбар: з Масквы прыехала абсалютна беларускамоўным, беларусацэнтрычным чалавекам.
— У Маскве вы пазнаёміліся з паэтам Віктарам Шніпам, за якога пасля выйшлі замуж. Тых беларусаў на ўвесь Літінстытут было пару чалавек, і вы ўмудрыліся закахацца менавіта ў земляка.
— Усё было выпадкова. Здарылася гэта 8 верасня 1986 года. Увогуле наш пакой у інтэрнаце празвалі манаскім: я была ўся такая ў творчасці, духоўная праца над сабой. Ні разу не схадзіла на тую знакамітую дыскатэку. І вось аднаго разу пайшлі з расійскай сяброўкай шукаць яе земляка. Ён жыў на 7-м паверсе, дзе размясціліся слухачы Вышэйшых літаратурных курсаў — члены Саюзаў пісьменнікаў з розных рэспублік — іншая каста. А калі я ад’язджала з Мінска, паэт Яўген Міклашэўскі, які ў Саюзе пісьменнікаў загадваў секцыяй па працы з маладымі аўтарамі, сказаў: калі штосьці здарыцца, знайдзі там Віктара Шніпа — ён табе дапаможа. Я пра тое забыла, як з’ехала. І вось земляка сяброўкі не знайшлі, і я прапанавала знайсці майго. Даведаліся ў вахцёркі, у якім пакоі ён жыве. Пастукаліся, але яго не было. Развярнуліся і ідзём па калідоры, а насустрач ён ужо бяжыць. Завёў у свой пакой: вельмі бянтэжыўся, саромеўся. А тады схапіў сшытак і пачаў чытаць вершы. Так у мяне з’явіўся чалавек, да якога магла прыходзіць паесці, паслухаць вершы і пагаварыць на беларускай мове. Паколькі на другі дзень знаёмства ён сказаў, што моцна хоча ўзяць мяне замуж, і кожны дзень паўтараў гэта, то дзесьці ўвесну гэта дало вынік — і ўлетку мы ажаніліся. Лёс не абыдзеш.
— Вяселле было ў Маскве?
— Не, у Мінску. А перад самым вяселлем мой жаніх даведаўся, што стаў лаўрэатам Усесаюзнай прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага. Яе давалі ў Грузіі. І трэба было ледзь не за тыдзень да вяселля ляцець туды. Паляцеў. Пазваніў адтуль толькі адзін раз і больш не звоніць. Перажывала. Мама мяне суцяшала: не перажывай, мы табе лепшага знойдзем. У мяне ўжо сукенка белая вісела. І я нават не паехала ў аэрапорт яго сустракаць. Прыехаў Віця змучаны, расказаў, як у гарах сядзеў без тэлефона, мовы не ведае — ён у мяне сарамлівы. Затое на наша вяселле прысылалі тэлеграмы ад грузінскіх пісьменнікаў. Шаферам на вяселлі быў паэт Леанід Галубовіч, адным сватам — паэт Мікола Мятліцкі, другім сватам — мастак Алег Карповіч.
Мы мінімалісты з Віцем — мы яшчэ і на гэтым сышліся. Некаторыя і сёння заходзяць да нас і дзівяцца: як вы тут жывяце, чаму ўсё яшчэ ў гэтай кватэры, без дачы, без машыны. А вось так.
— Вы нарадзіліся ў Мінску. Вашы бацькі таксама гарадскія?
— Мая бабуля з мамай пасялілася ў Мінску пасля вайны, як я разумею. У біяграфіях людзей, скалечаных вайной і рэпрэсіямі, паспрабуй што аднавіць. Супрацьлеглыя звесткі да мяне прыходзяць з розных крыніц. Па адных крыніцах, мама нарадзілася ў Ленінградзе, куды з Пухаўшчыны паехала цэлая калонія нашых сваякоў з Часлаўскіх — людзі былі адукаваныя, працавалі на чыгунцы. Іх пасля рэпрэсіравалі як польскіх шпіёнаў. Але ў пасведчанні аб нараджэнні ў мамы месцам нараджэння пазначаны Мінск. Ведаю, як пачалася вайна, мая бабуля з мамай і бабуліна сястра з сынам пешкі прыйшлі з Ленінграда ў родную вёску. А там немцы палілі жыхароў. Мама трапіла ў аблаву. Сама яна казала, што ўцякла з хлява, куды сагналі вяскоўцаў. Але здаецца, яе людзі выпхнулі праз акенца, дзе толькі дзіця і магло пралезці. І яна адна выратавалася. 11 чалавек з нашай сям’і спалілі.
Было такое блуканне маіх сваякоў. А ўжо ў 1946 годзе яны жылі ў Мінску: у паўпадвальнай кватэры дома насупраць опернага тэатра. Дрэвы ў скверы каля опернага мая бабуля садзіла.
З бацькам яшчэ складаней — ён з намі практычна не жыў. З тых урыўкавых звестак, якія здабыла, мой дзед быў сасланы ў Сібір і там загінуў. Бацька перад вайной пабываў з сястрой у дзетдоме — пры жывой маці. А яго маці падчас вайны расстралялі ў Гомелі. Бацька родам з Палесся.
— У якім раёне Мінска прайшло ваша дзяцінства?
— Кальварыя! У мяне столькі пра Кальварыю напісана. Нарадзілася на вуліцы Бірузова, паміж чыгункай, турмой і могілкамі — там і прайшло маё дзяцінства. Найлепшай гульнёй было скакаць па кучы шлаку. Каля турмы гулялі мае аднакласнікі, увесь час наладжвалі абмен з зэкамі: кідалі туды пакункі гарбаты, а яны ўзамен бранзалецікі, ножыкі. Мы нават навучыліся перамаўляцца з зэкамі з дапамогай адмысловых рухаў.
І Кальварыйскія могілкі ўсё дапоўнілі. Гэта месца было незвычайным. Цяпер іх больш цывілізавалі, дрэвы павысякалі, магілы старыя пазносілі — чаго ніколі не дарую. А тады там усё было дзіка. Так што могілак не баюся з дзяцінства.
— А дзе вы жывяце сёння?
— Па другі бок Кальварыі. Апынуліся ў колішнім лютэранскім раёне — дзе былі вуліцы Нямецкая, Малая Лютэранская. Па-ранейшаму на тыя самыя могілкі магу схадзіць пешкі.
— Часта адбываюцца спрэчкі пра Мінск. Адны кажуць, што гэта сучасны прыгожы горад, іншыя наракаюць, што тут нічога няма ў параўнанні з Вільняй, Прагай. Вы любіце Мінск?
— Як можна не любіць свой родны горад? Усё ў вачах тых, хто глядзіць. Няма — зрабі, не ведаеш — прыдумай, знайдзі. Я заўсёды стварала асяродак, у якім існую. Прыдумвала, насяляла сваімі фантазіямі, легендамі. Я чалавек не зашораны. Я дастаткова паездзіла і разумею, як шмат у нас панішчана. Але гэта наш горад. І да нас тут жыло шмат вартых людзей. Гэта Еўропа, дзе адбывалася столькі незвычайных падзей, пра якія мы проста не ведаем. Людзі паміралі стагоддзямі за гэтае места. Ніколі не разумею снабізму, калі дзесьці лепей — то яно сэрцу бліжэй. Не. Трэба працаваць, каб тое, што блізкае табе, зрабілася блізкім і іншым.
— Вы шмат пішаце: штогод выходзіць па кнізе, шмат выступаеце. Бачыў чэргі па аўтограф да вас. Вы сябе лічыце папулярным аўтарам?
— Не думаю. Феномен папулярнасці вельмі няпэўная глеба. На маёй памяці ўзнікала столькі папулярных імёнаў, пра якія праз год-два-тры ўжо ніхто не ўспамінаў. Гэта сапраўды хвілінная мітусня. Гэта ніколі не было маёй мэтай. Здараецца, што мяне пазнаюць на вуліцы і падыходзяць — шугаюся. Мне гэта не вельмі падабаецца. Люблю быць назіральнікам, а не калі назіраюць за мной, як выглядаю, у якую сукенку апранута. Паміж гламурам і андэграўндам заўсёды выбірала андэграўнд.
— Ну, тут не ўсё ад вас залежыць. Вы пішаце кнігу, а чытачы самі ствараюць гэту папулярнасць.
— На здароўе, я не супраць. Радуешся ж за свае кнігі. Камусьці яшчэ нешта распавяла, аднадумцаў прыбаўляецца. Нядаўна ўбачыла на форуме, дзе праграмісты шукаюць працу, чалавека пад нікам «Пранціш Вырвіч». Клас!
— Вы напісалі дастаткова кніг, але вас увесь час працягваюць параўноўваць з Уладзімірам Караткевічам. Вас не чапляе, што ўсё не можаце выйсці з яго ценю?
— Не. З кім толькі мяне не параўноўвалі. То з Роўлінг (аўтар кніг пра Гары Потэра. — Заўв. Onliner), то з Дзіянай Сэтэрфілд (аўтар кнігі «Трынаццатая казка». — Заўв. Onliner), з пісьменнікамі, якіх не чытала. Караткевіча люблю. Усё вырашыць час.
— Вы задаволеныя тым, як складваецца ваша літаратурная кар’ера?
— Я ніколі не скарджуся. Паколькі ў мяне няма чаканняў, што за кнігі на мяне ўсё павінна зваліцца. Таму мяне прыемна здзіўляе тое, як што адбываецца.
— Літаратурная творчасць канвертуецца для вас у грошы?
— Маладым, хто прыходзіць да мяне ў Школу маладога літаратара, пачынаю гаварыць пра тое, каб не спадзяваліся жыць з літаратуры. Калі хочаце зарабляць з таго, што пішаце, то павінны пісаць альбо модульную літаратуру, на замову, альбо спадзявацца, што вам пашанцуе і вы трапіце ў вельмі вузкае кола, якое раскручваюць вялікія выдавецтвы. Літаратура мяне не корміць, і я не спадзявалася на гэта. Кармлюся з журналістыкі. Я і пайшла ў журналістыку, бо дзяцей не было чым карміць. Кнігі па-ранейшаму пішуцца ў вольны ад працы час. Канечне, марылася заўсёды, што дажыву да таго часу, калі кнігі будуць прыносіць грошы і я не буду нідзе працаваць. Але ў чаканні гэтых часоў можна было не напісаць нічога. Як ёсць, так жывём. Па начах, па святах, па выходных пішу.
— Мяркуючы па колькасці кніг, вы пішаце ўвесь вольны час.
— Дык Шніп жа па-ранейшаму гатуе. Прыйшла, паела, адпачыла — і пісаць.
— Муж змірыўся?
— Тут павінна сказаць, як мне пашанцавала. Ён з піетэтам ставіцца да таго, што жонка раманы піша.
— У вас з Віктарам Шніпам двое дзяцей. Чым яны займаюцца?
— З нашай сямейкай у дзяцей было мала шансаў вырасці людзьмі практычнымі і з тэхнічнымі спецыяльнасцямі. Але мы спецыяльна не ціснулі. Старэйшая Вераніка, малодшы Максім — паміж імі розніца ў чатыры гады. Абаіх з трох гадоў мы вадзілі ў студыю малявання «Цюбік» у мастацкім музеі — і яны выраслі сярод карцін. А я таксама малявала, дзеці гэта бачылі. Абое яны мастакі. Вераніка — дызайнер інтэр’ераў, Максім — дызайнер друкаваных выданняў. Кажуць, што ім падабаюцца прафесіі.
— Шмат гадоў вы не толькі самі пішаце, але і ўважліва чытаеце — вы літаратурны аглядальнік газеты «СБ. Беларусь сегодня». Хто з беларускіх аўтараў сёння найцікавейшы? На каго надзея?
— Самае складанае пытанне. Адных назавеш, другіх не — усе крыўдзяцца. Магу кагосьці забыць.
Таленавітыя маладыя людзі ёсць, і іх усё больш. Нягледзячы на мае абламваючыя прамовы, яны прыходзяць у беларускую літаратуру. Я чацвёрты год выкладаю ў Школе маладога пісьменніка. І выходзяць кнігі нашых выпускнікоў. Зараслава Камінская атрымала прэмію «Дэбют» за кнігу «Русалкі клічуць». Ксенія Шталенкова напісала «Справу аб крывавых дукатах» — дэтэктыў пра Менск ХІХ ст. Стэфан Корф стварыў гістарычнае фэнтэзі «Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага». Зараз у мяне на другім курсе дзве студэнткі Вераніка Ляўчук і Юльяна Пятрэнка. Вераніка, маладая мама, напісала фэнтэзі, цікавае бацькам і дзецям. Сітуацыі, якія з’яўляюцца ў выхаванні дзіцяці, пачынаючы ад яго з’яўлення, яна перанесла ў чароўны свет. Адносіны дзіцяці і маці, калі спрабуюць адно аднаго выхаваць. А Юльяна напісала гістарычнае фэнтэзі з XVII стагоддзя.
Мне вельмі зайшла кніжка Аляксандра Веледзімовіча «Золотое время» — зборнік апавяданняў у стылі Бабеля: як Бабель пра Адэсу, Веледзімовіч — пра Віцебск.
— Як вы адпачываеце ад кніжак — ад чужых, ад сваіх?
— Шмат гадоў таму яшчэ ў ЖЖ узнік флэшмоб «5 рэчаў, якія я не ўмею рабіць». Я напісала свой адказ у вершах:
Складаць дасканалымі стосамі кніжкі і рэчы.
Чужых не губляць самапісак, не зносіць чужыя.
Машынаў баюся. Забойцы і монстры — машыны,
хаця ў аўташколу схадзіла, каб грошыкі змэнчыць.
Хоць дзень не чытаць. Не магу паўстрымацца, і годзе.
Чужымі марэннямі вечна засмечваю памяць.
Вырошчваць вазоны. Хоць іх не чапаю — здыхаюць.
Папраўдзе, я чула, што іх паліваць не зашкодзіць.
P.S. Напэўна, тут месца якойсьці дасціпнай выснове,
Але ж што паробіш са мною, не ўмею, панове.
Як не чытаць? Калі не чытаю, нешта прыдумляю. Увесь час жыву сярод гісторый. А гэтыя героі, якія ўцялесніліся, для мяне жывыя персанажы. Я з цяжкасцю ўжо адрозніваю, што прыдумала, што прысніла і што было насамрэч. І гэта нармальна. Бо толькі з гэтага можна стварыць жыццяздольны літаратурны твор.
— А ўсё-такі адпачываць вы ўмееце?
— Так. Я чытаю што-небудзь лёгенькае. Фэнтэзі якое-небудзь.
Мы любім яшчэ падарожнічаць — і гэта для мяне найлепшы адпачынак. Шкада, што муж не лётае.
— Баіцца?
— Так. Не выносіць самалёты. Часам без яго выпраўляюся. А так мы з ім усю Беларусь абышлі-аб’ехалі. Шмат чаго пабачылі. Нават калі грошай не было, а марылася пра Парыж, хадзілі там, дзе можна было, і знаходзілі сапраўдныя дзівосы.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by