У межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» працягваем вандроўкі па савецкай гісторыі Беларусі. Мінулым разам гутарылі пра сексуальную рэвалюцыю ў БССР, якая ахапіла розныя сферы жыцця, а сёння пагаворым пра мастацтва — пра сацыялістычны рэалізм. Як яно развівалася ў савецкай Беларусі, чые карціны варта лічыць шэдэўрамі і што трэба абавязкова паглядзець на гэтую тэму ў Нацыянальным мастацкім музеі? З гэтымі ды іншымі пытаннямі мы звярнуліся да мастацтвазнаўцы Кацярыны Ізафатавай.
Читать на Onlíner— Тэма нашай сённяшняй размовы — сацыялістычны рэалізм у мастацтве і гісторыі Беларусі. Магчыма, сярод нашых чытачоў і слухачоў ёсць тыя, хто зрэдчас чуў пра сацрэалізм, але мала што ведае пра яго. Калі ў некалькіх радках ахарактарызаваць для іх гэты напрамак у мастацтве, што атрымаем?
— Пытанне абсалютна простае, але ў той жа час складанае. Бо адназначнага адказу на пытанне, што такое сацрэалізм, няма. Існуюць розныя версіі. Ёсць уяўленне, што гэта мастацкі напрамак. І па вялікім рахунку ў савецкім мастацтвазнаўстве было прынята, што ўсё савецкае мастацтва — гэта сацыялістычны рэалізм. Аднак насамрэч не ўсё так проста, бо ёсць паняткі «савецкі мадэрнізм», «сацыялістычны імпрэсіянізм» і «суворы стыль». І калі крыштальна чыста казаць, што такое сацрэалізм, то гэта мастацкі напрамак 1930—50-х гадоў, калі існаваў даволі жорсткі канон — можна сказаць, нават дзяржаўны агульнасаюзны стандарт. Сацрэалізм быў мастацка-вытворчай сістэмай, і нездарма існаваў такі панятак, як «мастацкі камбінат».
На маю думку, найбольш ёміста і аб’ектыўна сацыялістычнаму рэалізму даў азначэнне вядомы філосаф і мастацтвазнаўца Барыс Гройс, які назваў яго эстэтыка-палітычным праектам. І сапраўды, сацрэалізм — гэта праектная дзейнасць. Гэта тое, пра што казалі авангардысты: «Сродкамі мастацтва ажыццявіць пераўладкаванне свету». І сацрэалізм — гэта адлюстраванне сацыялістычнай рэчаіснасці. Той эстэтыка-палітычны праект, які закрануў не толькі выяўленчае мастацтва, але і тэатр, і кінематограф. Гэта і тэарэтычны прынцып, і метад савецкага мастацтва. Вось такія характарыстыкі можна выказаць адносна сацыялістычнага рэалізму.
— Зразумела. Давайце пра мастацкія рысы пагаворым. Якімі яны былі ў сацрэалістаў?
— Найперш мы кажам пра выяўленчае мастацтва, якое адначасова і паказвае і апавядае. Падрабязны фігуратыўны рэалістычны аповед, у якім вельмі дакладна вызначаецца, што такое добрае і дрэннае. Гэта таксама тое мастацтва, якое служыць дзяржаве. Адсюль і адпаведны тэматычны шэраг. Гэта новы герой — перш за ўсё правадыр. З’яўлялася вельмі шмат партрэтаў рэвалюцыянераў, а таксама карцін, прысвечаных разнастайным рэвалюцыйным падзеям. Безумоўна, гэта і тэмы будаўніцтва, індустрыялізацыі, адліўкі металу, ураджаю. Манументальна-харавыя сцэны, якія паказвалі калгасныя святы. Гэта і тэма дзяцінства. Аднак сацрэалізм — гэта найперш культ асобы. Можна прыгадаць шматлікія ленініяны і сталініяны.
— Плюс прапрацоўка дэталяў на палотнішчах і ніякага авангарду.
— Так, ні ў якім разе. Найперш рэалістычныя формы. Можна нават сказаць, што гэта было вяртаннем да карцін перадзвіжнікаў XIX ст. Толькі з сацыяльным ухілам. Мастацтва павінны былі разумець масы. «Мастацтва належыць народу» — гэта ключавая фраза Леніна, якую на ўзбраенне ўзялі тэарэтыкі сацрэалізму.
— Калі глядзіш на карціну, мусіш разумець, што гадзіннік з’яўляецца гадзіннікам, а не алюзіяй ці алегорыяй.
— У сацрэалізме таксама ёсць свае цікавыя нюансы. Напрыклад, прыёмы маштабнай несувымернасці, якія выкарыстоўвалі тыя ж сюррэалісты.
Калі паглядзіце на выявы партыйных з’ездаў ці нарад, убачыце, што, напрыклад, фігура Леніна непрапарцыянальна вялікая ў параўнанні з тымі, хто сядзіць побач. Альбо калі ён выступае на трыбуне, то выглядае як метагерой, звышчалавек.
— І калі звернем увагу на якую-небудзь скульптуру Леніна, заўжды пабачым мужнага чалавека, падобнага ў некаторых выпадках нават на асілка, а не на звычайнага персанажа сваёй эпохі. Волат палітыкі ды ідэалогіі.
— Так, з аднаго боку, пагаджуся, але магу сказаць, што адбывалася эвалюцыя іканаграфіі Леніна. І тое, пра што вы сказалі, — гэта Ленін-аратар і звышчалавек, сапраўдны метагерой, які вядзе за сабой масы сусветнага пралетарыяту. З іншага боку, звычайнаму селяніну, рабочаму быў больш зразумелы чалавечы вобраз, і ў 1960-х Ленін паўстае з бытавога пункту гледжання. Гэта Ленін у Шушанскім, Ленін, які піша. Гэта зусім іншая іканаграфія, якая паказвае Леніна чалавечным, набліжаным да рэчаіснасці, да зямлі. Гэта савецкі бідэрмаер (напрамак у аўстрыйскім і нямецкім мастацтве, у межах якога мастакі часта адлюстроўвалі жыццё простага чалавека, звярталіся да тэмы прыроды. — Заўв. Onliner), які ўзнік пасля сталінскай эпохі, у перыяд адлігі.
— Як варта гэтую з’яву разглядаць у гістарычным кантэксце?
— Нават сёння грамадства падзелена на два лагеры. Адны з нянавісцю глядзяць на творы сацрэалістаў і савецкую эпоху, другія, наадварот, адчуваюць настальгію. Гэта складаная праблема, і таму ёсць уяўленне, што ўсё трэба перакрэсліць. Хаця нават тыя, хто нарадзіўся ў постсавецкую эпоху, перасоўваюцца ў гэтай прасторы і фізічна прысутнічаюць у будынках сталінскай эпохі. Мы знаходзімся сярод вялікай колькасці помнікаў манументальнай прапаганды і ў любым выпадку ўспадкавалі гэты код, ДНК савецкай эпохі.
— Так, бо мы ходзім міма помнікаў, прысвечаных камуністычным героям, і нібыта існуем сярод сацрэалізму. Але як ён узнікаў? З чаго ўсё пачалося?
— Насамрэч у першыя рэвалюцыйныя гады мастацтва было даволі шматгалосным і разнастайным. І ў мастацтва авангарда, якое трымаецца на супрацьлеглых пазіцыях сацрэалізму, быў сапраўдны кароткі раман з савецкай уладай. Ад гэтага пачалі адыходзіць на пачатку 1920-х, калі ўлада ўзяла ў рукі механізм кантролю. І ў выніку перамаглі мастакі традыцыйнага толку, якія сцвярджалі, што для простага чалавека важны такі панятак, як карціна, якая апавядае.
Ключавы тэкст Леніна, які быў узяты на ўзбраенне, — гэта «Леў Талстой як люстэрка рускай рэвалюцыі». У ім сцвярджалася, што гэты геній стварае жывыя карціны, а мастак, па сутнасці, мусіць зрабіць іх апісанне. Жывыя, яркія і зразумелыя вобразы. Вось таму авангард, які так рэзка ўзняўся, быў даволі жорстка спынены на сваім шляху. І ў 1932 годзе Максім Горкі на з’ездзе пісьменнікаў назваў сацрэалізм адзіным метадам. У той жа час пачалі закрывацца ўсе авангардныя аб’яднанні, іканапісныя майстэрні, бо мастацтва цяпер магло развівацца толькі ў гэтым напрамку.
Гэта сапраўды было жорстка.
Калі ты не ствараў адпаведныя працы, то не меў майстэрні і магчымасці набываць фарбы. Альбо трэба было ісці на пэўны кампраміс.
І ён насамрэч існаваў, прычым нават у 1960—70-х гадах, калі, напрыклад, паглядзець на творчасць яскравага прадстаўніка беларускага нонканфармізму Ізраіля Басава. Ён таксама працаваў на мастацкім камбінаце і пісаў на замову партрэты Сталіна. Адзін з іх я сама бачыла, калі яго прыносілі ў музей на атрыбуцыю. Атрымліваецца, можна было ісці на кампраміс, каб у той сітуацыі выжываць. Прытрымлівацца пэўных рытуалаў, але разам з тым займацца сваёй самадастатковай творчасцю.
— Як беларускае мастацтва прыняло сацрэалізм?
— Як і ўсе сацыялістычныя краіны. Размова пра беларускае мастацтва і першыя праграмныя творы, створаныя ў межах сацрэалізму, складаная. Наша мастацтва першай паловы мінулага стагоддзя — гэта наогул тэра інкогніта. Многія творы падчас вайны загінулі або былі вывезеныя, частка мастакоў вядомая толькі сваімі імёнамі. Таму сёння, калі мы кажам пра беларускі сацрэалізм 1930—40-х гадоў, трэба разумець, што яго прадстаўляюць літаральна адзінкі.
Асноўны пласт быў створаны пасля вайны — падчас першай пяцігодкі 1950-х. Безумоўна, мне неабходна сказаць пра працу «Выступленне стаханаўкі» Людмілы Зданоўскай. Гэтая карціна прадстаўлена ў нашай пастаяннай экспазіцыі. «Выступленне стаханаўкі» — гэта класічны вобраз Венеры савецкай.
На карціне паказана стаханаўка, якая выступае на з’ездзе. Гэта моцная, смелая, бескампрамісная жанчына, якая ўпэўнена глядзіць наперад. Сацрэалізм, дарэчы, называлі стылем бадзёрасці, бо нельга было паказваць непрыемныя бакі рэчаіснасці. Калі тэма тычылася ўраджаю, гэта павінна было быць свята ўраджаю. У музейнай калекцыі ёсць твор Ісака Давідовіча «Калгаснае свята». Гэта вялікае шматфігурнае палотнішча. Такія працы захоўваюцца на рулонах!
— Мастакі, як разумею, імкнуліся паказваць выключна здаровую нацыю, чаго ад іх патрабавала ўлада. Знайсці на карціне ветэрана, які вярнуўся з вайны без рукі ці нагі, на тагачасных карцінах амаль немагчыма.
— Так, і метад сацрэалізму становіцца вузкім для тых жа мастакоў-шасцідзясятнікаў, якія прайшлі вайну. І ў творчасці Мая Данцыга, як я казала мінулым разам, быў паказ не свята і перамог, а цаны той перамогі, адваротнага боку тых падзей.
— Вы ўзгадалі твор «Выступленне стаханаўкі» Зданоўскай. А чым яшчэ вылучаўся, адрозніваўся сацрэалізм у БССР?
— Не магу сказаць, што ён моцна адрозніваўся ад мастацтва, якое масава стваралася ў другіх рэспубліках і гарадах. Усё ж такі быў канон, дзяржстандарт. З палотнішчаў беларускіх мастакоў, як і рускіх, і ўкраінскіх, пачалі глядзець неверагодныя тыпажы вызваленых жанчын — стаханавак, дэлегатак, лётчыц і гэтак далей. Тэмы паўсюль былі аднолькавыя. Адзінае, што, паўтаруся, карцін, зробленых у 1930-х, захавалася не так шмат. Таму карціна «Выступленне стаханаўкі» і ўнікальная ў сваім класічным і іканаграфічным ключы. У гэтай працы ёсць і бюст Леніна, і багацце чырвонага колеру. Мастакі таксама казалі, што колер не можа быць беспартыйным. Мастацтва было палітызаваным, і творца знаходзіўся ў гэтым кантэксце. Інакш было немагчыма.
— Знакамітай і важнай асобай у агульнасавецкім сацрэалізме быў мастак Аляксандр Дэйнэка. А хто быў беларускім лакальным Дэйнэкам? Каго можна лічыць самым модным і трэндавым беларускім мастаком?
— І ўсё ж такі Дэйнэка не зусім тыповы прыклад кандовага сацрэалізму, як, напрыклад, той жа Аляксандр Герасімаў. Калі казаць пра класічных сацрэалістаў, можна пералічыць шмат імёнаў. Гэта і Анатоль Шыбнёў, і Валянцін Волкаў, які працаваў у сацрэалістычным ключы. Ягоны твор «Мінск 3 ліпеня 1944» — прыклад тыповай сацрэалістычнай харавой карціны, на якой у класіцыстычнай манеры паказаны ўрачысты момант вызвалення Мінска. Гэтая карціна — сацрэалізм, які ўзяў на ўзбраенне класіцыстычныя формы: урачыстасць, пафас, нават апладысментную культуру. Пры гэтым мы бачым разбураны горад і разумеем, што многія з вайны не вярнуліся. Але гэта рыторыка вялікага стылю. У далейшым мастакі будуць казаць пра вайну з іншай інтанацыяй.
— Хто яшчэ быў запатрабаваны сярод нашых мастакоў?
— Вызначыць аднаго мастака не магу. Іх шэраг. Паўтаруся, гэта і Шыбнёў, і Хаім Ліўшыц, і Ісак Давідовіч, і Адольф Гугель, і Леанід Асядоўскі, і Гаўрыла Віер, і Яўген Ціхановіч, і тая ж Зданоўская.
— На вашу думку, якая праца, створаная беларускімі сацрэалістамі, стала шэдэўрам?
— Гэтая праца не прадстаўлена ў пастаяннай экспазіцыі, але яна ўражвае сваім размахам, опернасцю і апладысментнасцю. Кажу пра карціну Ісака Давідовіча і Яўгена Ціхановіча «Слава вялікаму Сталіну». На ёй мы бачым Чырвоную плошчу, мноства людзей розных нацыянальнасцей. Такая міфалагізацыя савецкага грамадства. Нягледзячы на тое што ў тэрміне «сацрэалізм» прысутнічае слова «рэалізм» (адлюстраванне рэчаіснасці), гэта заўжды было пра рэалізм магчымы. Маўляў, вось-вось, праз дзесяць гадоў, мы пабудуем светлую будучыню! Прыхарошванне заўжды было. Таму гэтая праца ў стылі бадзёрасці стала празмерна трыумфальнай.
— Так, але гэта не самая вядомая праца. Тую ж карціну Волкава пра вызваленне Мінска ведае, напэўна, большая колькасць наведвальнікаў музея.
— Я прывяла гэты прыклад з-за пластычнага рашэння, бо гэта проста бомба! Выбух!
— Сапраўдны шэдэўр?
— Слова «шэдэўр», можа быць, тут не вельмі дарэчнае. Я б назвала гэтую працу квінтэсэнцыяй стылю сацрэалізм.
— Якое мастацтва ў Беларусі было ў апазіцыі да дамінуючага напрамку? Калі гэта пачало праяўляцца?
— Гэта 1960-я гады, творчасць мастакоў суворага стылю, карціны якіх з цяжкасцю з’яўляліся ў экспазіцыйных залах. Гэта вядомыя факты. Напрыклад, адносна творчасці таго ж Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі нашага музея прадстаўлена ягоная праца «Партызаны». Гэта батальна-дакументальны аповед пра прарыў на лініі фронту паміж Суражам, Веліжам і Усвятамі, які існаваў сем месяцаў. Мастак нам паказвае канкрэтны ваенны сюжэт, калі ў баявую зону перабіраюцца вайскоўцы, а з іншага боку — паток бежанцаў.
Разам з тым пры першапачатковым экспанаванні, паводле сведчання сына мастака, карціна была залеплена ці то газетамі, ці то паперай за залішне алегарычнае прачытанне.
Магчыма, нават за рэлігійныя адгалоскі ўспрымання, бо жанчыну, якая едзе на павозцы, Савіцкі паказвае як Мадонну, як Маці Божую, да якой прыціскаюцца дзеці.
Гэта рэалізм як алегорыя. Ён кажа, што траўма вайны не знікае з гадамі. Ёсць пафас перамогі, а ёсць — цана вайны. Май Данцыг, Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў — народныя мастакі, але не ўсё было так проста, калі дамінаваў жорсткі канон. Яны былі тымі маладымі мастакамі, якія яго межы рассоўвалі.
Разам з тым класічныя сацрэалістычныя карціны ствараюць і ў 1960-х, і ў 1970-х. У калекцыі музея ёсць нават рэчы, якія датуюцца 1985 годам.
— Адзін з самых вядомых мастацкіх праектаў Савіцкага — серыя карцін «Лічбы на сэрцы». Гэта суворае мастацтва? Ці ў гэтых творах мы маем справу з чымсьці іншым?
— Я б абмяжоўвала класічны сацрэалізм сярэдзінай 1950-х. Той жа Савіцкі называў сябе сацрэалістам і лічыў сацрэалізм самым галоўным рэалізмам, якога дасягнулі мастакі. Але гэта мастацкае ўяўленне. Мы на гэта глядзім з часавай дыстанцыяй, як тэарэтыкі і даследчыкі. На мой погляд, суворае мастацтва выходзіць за межы сацрэалізму. І «Лічбы на сэрцы» таксама.
— Калі сацрэалізм нарэшце скончыўся і мастакі пачалі рабіць тое, што хочуць?
— Дэмаркацыйная лінія паміж афіцыйным і неафіцыйным мастацтвам была праведзена ў сярэдзіне 1980-х на хвалях палітыкі перабудовы і галоснасці. На фоне гэтага адбыўся выбух зусім іншай мастацкай мовы і зноў вярнулася мастацкае шматгалоссе.
— Даволі шмат прац сацрэалістаў знаходзіцца ў фондзе Нацыянальнага мастацкага музея. На вашу думку, што трэба паглядзець найперш, каб атрымаць уяўленне аб напрамку?
— Амаль уся другая зала пастаяннай экспазіцыі беларускага мастацтва ХХ—XХІ стст. прысвечана тэме сацрэалізму. Там можна ўбачыць працы Анатоля Шыбнёва «Палонных вядуць» і Уладзіміра Сухаверхава «За родную Беларусь!».
— Ці знаходзяцца карціны беларускіх сацрэалістаў у замежных калекцыях? Ці карыстаюцца попытам?
— Мода на сацрэалізм пачалася, і ёсць прыватныя калекцыянеры, якія збіраюць менавіта гэтыя творы. Найперш можна казаць пра заходнееўрапейскіх калекцыянераў, для якіх падобны стыль з’яўляецца экзотыкай. Мы кажам пра прыватных калекцыянераў, але я іх не ведаю. Наш арт-рынак даволі ценявы, і многія працы сыходзяць наўпрост з майстэрняў. Акрамя таго, беларускія мастакі прадстаўлены ў розных музейных калекцыях. У тым ліку ў Траццякоўскай галерэі, у рэгіянальных музеях і ў фондзе Саюза мастакоў. Геаграфія даволі шырокая.
— Сацыялістычны рэалізм мае канкрэтную сувязь з СССР, і многія ставяцца да яго не як да сур’ёзнага мастацтва, а як да гульні, да таго, што было на службе ў сістэмы і не мае нічога агульнага з шэдэўрамі сусветнага мастацтва. Як сёння трэба ставіцца да сацрэалізму людзям, якія толькі адкрываюць для сябе мастацтва?
— Так, гэта было прапагандысцкае мастацтва з таталітарным флёрам, таму да яго ёсць негатыўнае стаўленне. Разам з тым трэба разумець, што гэта была сучаснасць тых, хто жыў у 1930—1940-я. І грамадства таксама было палітызаванае.
І каб разумець тую атмасферу, трэба бачыць мастацкія помнікі, што ствараліся ў той перыяд. Гэта гісторыя мастацтва, так яно развівалася, і гэта нельга выкрэсліваць. Тым больш што ў межах гэтага напрамку сапраўды ствараліся шэдэўры.
Пры ўсім класіцыстычным пафасе карціна Волкава «Мінск 3 ліпеня 1944» — гэта палотнішча, якое апавядае пра важную гістарычную падзею, якое паказвае жыхароў Мінска, рэальных персанажаў. Часам падаецца, што пра гэты твор вядома ўсё — хто і дзе намаляваны. Волкаў сапраўды пісаў не прыдуманых герояў, а сваіх сяброў, сваякоў і знаёмых. Мастак спецыяльна ездзіў у гарнізон ва Уручча, каб напісаць салдатаў. Але літаральна некалькі гадоў таму нам патэлефанаваў хлопчык з карціны, які, аказваецца, сядзіць на плячах мужчыны і паказаны ў правым ніжнім куце. Гэты хлопчык сёння ўжо дарослы мужчына, які выкладае фізкультуру ў БНТУ. Твор Волкава дагэтуль працягвае расказваць гісторыю людзей, і гэта неверагодна цікава.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by