На ягоных вялікіх палотнах ажываюць мінскія праспекты, вуліцы, Нацыянальная бібліятэка (побач з якой яшчэ растуць сады, а не бетонныя гмахі), плошча Перамогі. Аднак, бадай, самы вядомы твор майстра — «Мой горад старажытны, малады» з відам на даўнюю Нямігу. У чарговым падкасце мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава тлумачыць, чаму гэтая карціна ўнікальная, у чым яе вартасць і з якой нагоды Данцыг так любіў пісаць гарадскія сюжэты.
Сённяшняя размова прысвечана Народнаму мастаку Беларусі Маю Вольфавічу Данцыгу. Ягоная творчасць сапраўды стала яскравай старонкай і заўважнай з’явай у жывапісе. Экспрэсіўныя, маштабныя, шматфігурныя кампазіцыі (а ён майстар пераважна вялікіх фарматаў для музейных паказаў), партрэты заўважных дзеячоў — усё гэта характарызуе эпоху і выклікае нязменны інтарэс у аматараў мастацтва. Але, напэўна, для шырокага кола гледачоў без Данцыга немагчыма сабе ўявіць мастацкі вобраз Мінска другой паловы мінулага стагоддзя. Я ўпэўнена, што жыхары сталіцы добра сабе ўяўляюць ягоную працу «Мой горад старажытны, малады», якая з’яўляецца музейнай візітоўкай мастака і ўпрыгожвае пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея.
Знакаміты Данцыг не толькі таму, што стварыў мастацкі партрэт горада. Ён належыць таму пакаленню мастакоў-шасцідзясятнікаў, якія фарміравалі шчыры і праўдзівы погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія асабіста ведалі, што гэта такое. Хто як франтавік, а хто як дзіця. Уласна тэма вайны паварочвала мастацтва ў 1960-х ад штампаў сацрэалізму да рэалізму. Гэта быў перыяд хрушчоўскай адлігі, які вывеў у авангард мастацтва яшчэ зусім маладых мастакоў, заснавальнікаў так званага суворага стылю. Гэта быў сапраўды цікавы час. Адліга — яна дваякая, і калі ахарактарызаваць яе двума словамі, гэта будзе перыяд траўмы і аднаўлення. З аднаго боку, адліга — гэта новы аповед пра вайну: праўдзівы, жорсткі, трагічны і страшны, а з іншага — час неверагоднага ўздыму, адчуванне радасці, бестурботнасці і лёгкасці.
Перад савецкім у гэты час гледачом прыадкрываюць і заходнееўрапейскае мастацтва, бо ў другой палове 1950-х адбывалася інтэрвенцыя замежнага мастацтва ў Маскве. Адбываецца шмат выстаў, праходзіць Міжнародны фестываль моладзі 1957 года, куды прывозяць амерыканскіх абстрактных экспрэсіяністаў. Гэта, зразумела, не азначае, што абстракцыя і другія забароненыя мастацкія з’явы прысутнічаюць на мастацкай сцэне, аднак у мастакоў з’яўляецца магчымасць гаварыць зусім па-іншаму, з другой інтанацыяй. Гэта быў фенаменальны росквіт мастацтва, які вызваліў творчы патэнцыял. Цудоўны выбух у кіно, мастацтве не мог адбыцца без зменаў у грамадскім жыцці. Адліга — гэта час, калі Савецкі Саюз, закрытая краіна, пачаў прыадкрывацца свету і ў Маскве пачалі з’яўляцца замежнікі з розных куткоў свету. Гэта час, калі паказваюць каштоўнасці Дрэздэнскай галерэі, калі адкрываецца музей абразоў. Увесь час нешта адкрывалася. Сышоў снег, і з’явілася новая савецкая культура.
У супрацьвагу пафасным працам, зробленым па афіцыйных канонах, мастакі імкнуліся адлюстраваць жыццё сваіх сучаснікаў без прыкрас і помпы. Аказалася, што не бывае румяных рабочых. Яны насамрэч брудныя, стомленыя, а натоўп — шэры і бледны. І было б няпраўдай пісаць іначай. Гэта грубая непадфарбаваная рэчаіснасць, без ілжы. Вось ён суворы стыль. І сярод яго пачынальнікаў у беларускім мастацтве разам з Міхаілам Савіцкім, Віктарам Грамыкам, Леанідам Шчамялёвым быў, безумоўна, Май Данцыг.
Важнай тэмай у творчасці Данцыга стаў вобраз горада. І гэта зразумела, бо 1960-я — гэта час буйнога будаўніцтва: узнікалі новыя гарады, людзі масава перасяляліся з камуналак у асобныя кватэры. Горад заяўляе пра сябе як публічная прастора, у якой ты рэалізоўваеш сябе, чытаеш вершы, танцуеш. І горад робіцца адным з герояў у той перыяд. А ў кожнага вялікага горада, безумоўна, ёсць свой мастак. І для Мінска майстрам, які здолеў перадаць дыханне сталіцы, шырокія перспектывы, панарамы, рытмічны характар гарадскога жыцця, стаў Май Данцыг. Ён нібы даследчык абышоў увесь горад. Калегі жартавалі, што сказаць нешта новае і арыгінальнае пра Мінск пасля Данцыга амаль немагчыма. Адкуль такі піетэт да Мінска? Магчыма, гэта абумоўлена тым, што мастак — карэнны мінчук. А магчыма, і тым, што горад штодня мяняе свой выгляд, і Данцыг імкнуўся адлюстраваць кожны матыў, які можа знікнуць. І менавіта ў такім рэчышчы бачыцца манументальны гарадскі пейзаж «Мой горад старажытны, малады». Гэта не толькі яскравы, маляўнічы партрэт горада. Гэта мастацкі дакумент эпохі, які адлюстроўвае дух часу.
Від на Мінск на гэтай карціне адкрываецца з высокага пагорка. Данцыг імкнуўся паказаць горад з усіх бакоў, намагаўся перадаць рух і дынаміку гарадскога жыцця. Гэты кінематаграфічны эфект быў дасягнуты пры небяспецы для жыцця. «Туды нельга!» — крычалі будаўнікі адважнаму мастаку, які ўскараскаўся на самых верх будоўлі Белпрампраекта, каб убачыць прадстаўленую на палатне грандыёзную панараму Мінска. Уражанні ад убачанага і сталі асновай карціны. Мастаку было ўласціва маляваць свой горад з самых незвычайных месцаў, якія недасяжныя для звычайнага пешахода. Маюцца на ўвазе вышынныя будынкі і дахі дамоў. Менавіта адтуль, на думку Данцыга, адкрываюцца цудоўныя віды на магістралі і вуліцы, рытм жыцця вялікага горада.
Кампазіцыя гэтага палотнішча ўключае амаль увесь гістарычны цэнтр горада. Гэта і будынак Тэатра оперы і балета, і Верхні горад з дамінантай сабора Сашэсця Святога Духа, і вуліца Камуністычная з тэлевежай, і аб’екты, якія яшчэ толькі будуюцца. Перад намі паўстае дынамічны, энергічны Мінск, і мастак адначасова нібыта зацягвае нас у мінулае, у сучаснае і ў будучае. Мастак імкнецца паказаць развіццё вобраза ў часе і ў прасторы, у шматслойнасці гістарычных пластоў. Напрыклад, карціна Данцыга паказвае аблічча архітэктурнай пабудовы, якая не захавалася да нашых часоў. Маецца на ўвазе старадаўняя халодная сінагога, якая знаходзілася на вуліцы Школьнай у пачатку Нямігі. Паводле архіўных крыніц, гэты будынак быў узведзены яшчэ ў канцы XVI стагоддзя. Але ў сярэдзіне 1960-х у сувязі з рэканструкцыяй горада сінагогу знеслі, і Данцыг пісаў яе па памяці, бо сама карціна датуецца 1972 годам. Мастак прыгадваў, што моцныя сцены будынка захаплялі яго ў юнацтве і нагадвалі яму сярэднявечную крэпасць.
Многія архітэктурныя будынкі, якія можна пабачыць на гэтай карціне, таксама ўжо змянілі свае абрысы. Напрыклад, кафедральны сабор сёння таксама выглядае крышачку іначай. На ягоным фасадзе ў сярэдзіне 1990-х з’явілася мазаіка з выявай Багародзіцы, якая здавён была апякункай Мінска. Таму невыпадкова вобраз Дзевы Марыі паказаны на гербе нашай сталіцы.
Дакументальнасць у карціне перадаецца і з дапамогай спецыфічнага пластычнага эксперымента. Так, на месцы сучаснага метро можна пабачыць рэкламныя плакаты, на якіх прапісаныя фарбай дэталі суседнічаюць з нежывапіснымі элементамі — афішамі, фотапартрэтамі вядомых актораў. Калі прыгледзецца, можна ўбачыць фота Юрыя Саломіна, спартоўцаў. Усё гэта выразана з тагачасных газет, часопісаў і наклеена на фарбавы слой. Злучэнне жывапісу з фота стварае ілюзію поўнай дакладнасці і дазваляе мастаку зрабіць выяву больш вострай і праўдзівай. І гэтае выкарыстанне калажу стала характэрнай асаблівасцю многіх прац Данцыга. У карціне «Мой Мінск», напісанай у 1967 годзе, таксама можна заўважыць выкарыстанне гэтага метаду.
Мы бачым вялікі горад, які аднаўляецца, вялікую колькасць будаўнічай тэхнікі: краны, самазвалы, якія перавозяць блокі панэльных дамоў і пясок. Гэта паэтычны вобраз сучаснасці, новага жыцця. І, нягледзячы на тое, што Мінск паказаны далёка не ў летні ці вечаровы дзень, мы адчуваем яго радаснае гучанне, якое мастак дазваляе нам адчуць з дапамогай так званых вітамінаў. Ён сам выкарыстоўваў гэты тэрмін, кажучы: «Не бойцеся вітамінаў — яскравых і сакавітых фарбаў». Чырвоны стварае святочны настрой, сіні перадае адчуванне імклівасці рухаў, а белы запаўняе прастору паветрам. Нават машыны Данцыг расфарбоўвае ў яркія колеры. Атрымліваюцца дзіцячыя машынкі, хаця ёсць дакументальныя пацверджанні таго, што падобныя насамрэч былі. У 1957 годзе на фестывалі моладзі ў Маскве нехта загадаў пафарбаваць кракадзілава-зялёныя маскоўскія самазвалы ў жоўты і ружовы колеры. Магчыма, Данцыг, калі быў студэнтам у Маскве, падобнае заўважыў.
Тэма сучаснасці, вобраз новага чалавека, які будуе сваю будучыню, свой горад, — гэта знакавая тэма для творчасці Данцыга і мастакоў-шасцідзясятнікаў. Галоўнымі героямі ў мастацтве, кіно і літаратуры становяцца маладыя вучоныя, студэнты, рабочыя. І звязана гэта было з прыходам новага пакалення — дзяцей вайны. Яны не лічылі для сябе прымальнымі стэрэатыпы 1940-х. Інтарэс да праўды прымусіў іх звярнуцца да натуры, паўсядзённасці. Гэта становіцца тэмай іх творчасці. І Данцыг — гэта сапраўды той мастак, што адлюстроўваў свой час.
З 36 карцін майстра, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, ёсць адна, якая асаблівым чынам зачароўвае аматараў мастацтва. Гэта «Навасёлы», напісаныя ў 1962 годзе. Хутчэй за ўсё, муж і жонка, самотныя чамаданы і бязмежная прастора пафарбаванай падлогі — гэта ўсё, што спатрэбілася мастаку для стварэння простай формулы раптоўнага шчасця. Карціну Данцыг напісаў у разгар рэформ адлігі. Насамрэч аповед пра шчаслівых навасёлаў быў папулярнай тэмай у пасляваенным мастацтве. Дастаткова прыгадаць вядомыя і ўлюбёныя кінастужкі «Вясна на зарэчнай вуліцы» Марлена Хуцыева, «Дзяўчаты» Юрыя Чулюкіна і ўжо пазнейшыя «Пакроўскія вароты» Міхаіла Казакова. Гэта шчаслівае здабыванне савецкім чалавекам свайго дому адлюстравала і выяўленчае мастацтва. У гэтым напрамку даволі шмат працавалі Юрый Піменаў, Аляксандр Лактыёнаў і другія. Гэтыя творы былі данінай свайму часу, бо дзяржава паставіла задачу пакончыць з недахопам жылля, і мастацтва пачало адлюстроўваць гэты працэс паскоранай урбанізацыі.
Аднак малады мастак, які толькі скончыў інстытут Сурыкава, знайшоў сваё ўвасабленне гэтай тэмы. Ён адмовіўся ад шматлікіх падрабязнасцей, характэрных для сентыментальнага жывапісу 1950-х, ад фікусаў, шафаў, кніжных паліц на карысць простай для рашэння кампазіцыі без прыкрас. У зусім новай кватэры на пафарбаванай падлозе сядзіць маладая пара. Няма стала, крэслаў — толькі голыя сцены. Кампанію сужэнцам ствараюць чамаданы, якія знаходзяцца ў другім кутку. І ніякага дробнага апісання — толькі пустая прастора з двума чалавекамі.
За гэтай знешняй простасцю палотнішча, якая валодае ўласцівасцямі кінакадра, глядач можа дадумаць тое, што, магчыма, адбудзецца ў наступнае імгненне: стомленыя крокі па лесвіцы пасля працы, гук малатка і дрыля, звон келіхаў з нагоды наваселля, смех і плач дзяцей. Чутна ўся вясёлка быцця. Наперадзе жыццё, маладосць і каханне.
Данцыг як мастак-манументаліст, разлічваючы на музейны паказ, абірае для гэтай звычайнай бытавой сцэны незвычайную і вострасацыяльную кампазіцыю. Ён змяшчае герояў не ў цэнтры палатна, а ў правым верхнім куце, падлога пры гэтым займае ўсю цэнтральную частку твора. Дамінуе інтэнсіўны чырвоны колер, амаль асляпляльныя бялілы, пакладзеныя мастыхінам, плямы жоўтага дадаюць звонкі і эмацыйны каларыт. Але трэба адзначыць, што за гэты мінімалізм Данцыг ледзь не паплаціўся. Яго абвінавацілі ў паклёпе на савецкую рэчаіснасць. Дзе вы бачылі босых людзей, у якіх няма ніякіх рэчаў? Працу нават хацеў зняць выставачны камітэт, аднак Данцыг, як рашучы і экспрэсіўны чалавек, на сваіх плячах занёс гэтую працу, якая памерам два на два метры, і адшліфаваў кампазіцыю як патрабавала камісія — дапісаў лакіраваныя жаночыя пантофлікі. На наступны дзень палатно прайшло цэнзуру. Праўда, пасля ён абутак зафарбаваў, каб вярнуцца да першапачатковага варыянту.
Пра карціну апублікавалі даволі добрую рэцэнзію ў часопісе «Творчасць», і палатно «Навасёлы» на многія гады стала творчай удачай мастака. Яно экспанавалася на ўсесаюзнай мастацкай выставе адразу пасля стварэння, і на творчым шляху Данцыга гэта быў яшчэ адзін упэўнены і праўдзівы аповед пра эпоху і людзей. А задумка нарадзілася як сінтэз уражанняў ад паездкі на цаліну і Сакалоўска-Сарбайскі рудны камбінат у Казахстане. Падобныя творчыя выезды былі даволі папулярнымі сярод мастакоў, і вынікам гэтай паездкі стала таксама карціна «У завадской сталоўцы», паказаная на рэспубліканскай выставе.
Былі і творчыя паездкі ў Салігорск, пасля чаго Данцыг стварыў серыю, прысвечаную гэтаму гораду. Гаворка пра паэтычныя навелы, у якіх адлюстраваліся характэрныя для таго часу памкненні ў будучыню. Можна сказаць, што Данцыг быў мастаком, які адлюстраваў свой час, прычым з пункту гледжання як сюжэтаў, так і новага падыходу да асэнсавання мастацкай формы. Гэта мастак суворага стылю, у якім ёсць грубы малюнак, спрошчаныя твары. Разам з тым Данцыг — мастак шалёнага тэмпераменту. Ягоныя творы — яркія песні з нервовай рытмікай і хваляваннем. Суворы стыль майстра вельмі артыстычны, і ў ім адчуваецца не толькі трагедыя, перажыванні, але і тое, што Мінск выжыў пасля вайны. Пісаць вайну можна па-рознаму — напрыклад, канстатаваць смерць і разбурэнні. Аднак у той жа час мастак здолеў паказаць вясну нязломнага горада. Здолеў дэклараваць жыццё і рух у сваёй творчасці.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by