Іван Луцкевіч збіраў даўніну тады, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Гісторыя топавага калекцыянера

Автор: Тарас Щирый
5685
02 октября 2021 в 13:08

У пачатку мінулага стагоддзя Іван Луцкевіч быў адным з самых выбітных беларускіх дзеячаў. Ён актыўна ўключыўся ў палітыку, выдаваў у Вільні беларускамоўныя выданні, але адной з галоўных спраў ягонага жыцця было калекцыяніраванне. Іван Луцкевіч рупліва збіраў прадметы беларускай даўніны, якія ў будучыні сталі часткай экспазіцыі буйных музеяў. У цяжкія хвіліны ён мог пашкадаваць грошы сабе на вячэру, але ніколі не скупіўся, калі справа тычылася каштоўных прадметаў беларускай даўніны. Пра гэтую цікавую праяву жыцця Луцкевіча ў межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» расказвае гісторык мастацтва Зміцер Моніч.

Читать на Onlíner

Першую калекцыю пачаў збіраць у трэцім класе

Іван альбо Ян Герман Луцкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 года ў горадзе Шаўлі, які сёння знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Яго бацька Ян Баляслаў быў вайскоўцам, працаваў чыноўнікам на Лібава-Роменскай чыгунцы. Ён паходзіў са старажытнага роду, а маці, Соф’я Лычкоўская, — з небагатай шляхецкай сям’і. Наш герой меў чатырох сясцёр і двух братоў.

З той прычыны, што бацька працаваў на чыгунцы, сям’я шмат падарожнічала і ў 1887-м пераехала ў Лібаву, сучасную латвійскую Ліепаю, дзе праз тры гады Іван пачынае наведваць Мікалаеўскую гімназію. Яшчэ з першых гадоў навучання ў гімназіі Іван захапіўся археалогіяй і пад уплывам выкладчыка гісторыі і геаграфіі Шэйна зацікавіўся гісторыяй. Ужо ў трэцім класе стаў збіраць калекцыю старых манет.

У 1895-м сям’я Луцкевічаў пераязджае ў Мінск. Іх дом знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага парка Янкі Купалы, на былой вуліцы Садовай. Але, каб не перарываць навучанне ў гімназіі, Іван застаўся ў Лібаве. Праўда, праз два гады з-за смерці бацькі ён усё ж такі пераязджае ў Мінск, дзе паступае ў пяты клас класічнай гімназіі. Падчас вучобы знаёміцца з вядомым гісторыкам, археолагам, калекцыянерам Генрыкам Татурам і пісьменнікам Казімірам Кастравіцкім, які больш вядомы пад псеўданімам Карусь Каганец. Менавіта Татур і Кастравіцкі паўплывалі на станаўленне беларускай свядомасці Луцкевіча. Наогул трэба сказаць, што падчас навучання і ў Мікалаеўскай гімназіі, і ў мінскай пачынаецца фарміраванне яго як беларуса. Калі ён навокал бачыў, як асобна гуртаваліся палякі, літоўцы, латышы, ён разумеў, што сам і не літовец, і не паляк. У гэты час ён пачынае ўсведамляць, што беларусы хоць і падобныя нечым да літоўцаў і палякаў, але з'яўляюцца асобным народам.

Падчас вучобы ў Пецярбургу трапіў у турму

У Мінску толькі працягвае ўзрастаць цікавасць Луцкевіча да старажытных рэчаў, і пад уплывам таго ж самага археолага Татура ён павялічвае сваю калекцыю. Само гэта знаёмства стала для яго стымулам, каб больш развівацца ў археалогіі, і Луцкевіч прымае рашэнне паступаць у Санкт-Пецярбург адначасова ў Імператарскі ўніверсітэт на юрыста і ў Археалагічны інстытут. Падчас навучання ў Пецярбургу збор старажытнасцей Івана Луцкевіча ўвесь час папаўняўся за кошт археалагічных раскопак і этнаграфічных вандровак, у якіх ён сам прымаў удзел. То-бок быў не проста калекцыянерам, але і непасрэдна шукаў і здабываў прадметы для калекцыі.

Падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургу ён апынуўся ў сумнавядомай вязніцы «Крыжы», дзе знаходзіўся ў аддзяленні хворых на сухоты. Гэтая фатальная хвароба суправаджала яго на працягу ўсяго жыцця і ў будучыні стала прычынай ягонай смерці.

Іван Луцкевіч першы злева

Пасля заканчэння Археалагічнага інстытута Луцкевіч накіроўваецца ў Вену, дзе працягвае навучанне пад кіраўніцтвам прафесара Ватраслава Ягіча. І ў Вене ён знаёміцца з дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху, пасля пераязджае ў Львоў, дзе сустракаецца са стаўпом украінскага адраджэння — уніяцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Іх зблізіла агульная цікавасць да археалогіі і царкоўнай уніі. Іван Луцкевіч дасылае прадметы, звязаныя з уніяй, Украінскаму царкоўнаму музею ў Львоў. Некаторыя рэчы ён дарыў, некаторыя прадаваў. Іх сабралася такая колькасць, што ў музеі нават стварылі асобны беларускі аддзел.

У 1906 годзе ў Мінску адбыўся замах на губернатара Курлова. Браты Луцкевічы былі знаёмыя з арганізатарамі. Гэта іх скампраметавала, вымусіла перайсці на нелегальнае становішча і ўвогуле пакінуць Мінск, пераехаць у Вільню. І з 1906 года пачынаецца віленскі перыяд жыцця Івана Луцкевіча.

За грошы з продажу калекцыі фінансаваў беларускамоўныя газеты

Адразу пасля пераезду ў Вільню за сродкі ад продажу калекцыі ордэнаў пачала выходзіць газета «Наша доля», пазней — «Наша Ніва». І дзейнасць усёй рэдакцыі «Нашай Нівы» падтрымлівалася толькі дзякуючы фінансаванню Луцкевіча. Дзеля гэтага ён прадаваў дублікаты з уласнай калекцыі, а таксама тыя рэчы, што не мелі вялікай каштоўнасці для Беларусі. У гэты час ён арганізоўвае сетку карэспандэнтаў газеты «Наша Ніва», запрашае да супрацоўніцтва Максіма Гарэцкага, Янку Купалу, Максіма Багдановіча і іншых.

Трэба адзначыць, што ў памяшканні рэдакцыі, якая месцілася на вуліцы Завальнай, адзін з пакояў быў адмыслова вылучаны пад калекцыі старажытнасцей. Ужо ў тыя часы калекцыя выконвала вельмі важную функцыю. Яна выступала ў ролі прапагандыста гісторыі Беларусі сярод інтэлігенцыі, натхняла пісьменнікаў, што гуртаваліся вакол газеты. Тут можна працытаваць словы Змітрака Бядулі, які наведваў рэдакцыю. Калі ўбачыў калекцыю Луцкевіча, Бядуля напісаў наступнае: «Святое гэтае месца».

Музей Луцкевіча ў Вільні

Паралельна з дзейнасцю ў рэдакцыі ён праводзіў навукова-даследчую працу па вывучэнні археалогіі і гісторыі Беларусі, працягваў павялічваць свой збор — калекцыю не толькі археалагічных прадметаў, але і ордэнаў, медалёў і гэтак далей.

Варта сказаць, што Луцкевіч быў не проста калекцыянерам. Збіранне старажытнасцей стала мэтай ягонага жыцця. Гэта праяўлялася ў тыя моманты, калі ён у прамым сэнсе паляваў на некаторыя каштоўныя рэчы, звязаныя з беларускай гісторыяй і культурай. Калі Луцкевіч даведваецца пра існаванне ў Кракаве аднаго з асобнікаў Статута Вялікага княства Літоўскага, надрукаванага на старабеларускай мове, ён нелегальна перасякае мяжу Расійскай імперыі і Аўстра-Венгрыі, пераязджае ў Кракаў, набывае Статут і такім жа чынам, нелегальна, разам са Статутам вяртаецца ў Вільню.

Мог пашкадаваць грошы на вячэру, але толькі не на цікавы экспанат

Пераход прыватнай калекцыі ў паўнавартасны музей адбываецца ў неспрыяльных для гэтага ўмовах: тады тэрыторыя Заходняй Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй падчас Першай сусветнай вайны. У гэты нялёгкі час, калі быў дэфіцыт прадуктаў, грошай, шматлікія калекцыянеры і людзі, што валодалі сямейнымі рэліквіямі, пачынаюць іх прадаваць. Гэтым карыстаецца Луцкевіч і выступае не толькі як пакупнік, але і як эксперт — дапамагае ацэньваць прадметы мастацтва і гісторыі.

Пра дзейнасць Луцкевіча ў перыяд акупацыі згадвае ў сваіх успамінах Юліяна Мэнке. Яна піша, што па-за арганізацыйнымі справамі Луцкевіч увесь час рыскаў па горадзе. І на ўсе просьбы, каб менш насіцца па Вільні, заўсёды адказваў: «Ваўка ногі кормяць». Дзе ён толькі не бываў і каго толькі не ведаў! Фактычна ва ўсіх старых дворыках Вільні ён быў знаёмы з тымі, хто нешта прадаваў.

У той момант расійскія рублі выйшлі з ужытку, банкі былі эвакуіраваны, а нямецкія акупацыйныя грошы, якія называліся остамі, таксама рэдка трапляліся тым, хто не меў працы. Праз гэта людзі і збывалі антыкварныя рэчы. Немцы ахвотна выкупалі іх і звярталіся да Луцкевіча, каб дапамог ацаніць. Той быў экспертам. З гэтай нагоды да яго таксама прыходзілі яўрэі, якія валодалі антыкварнымі салонамі, па разумным кошце аддавалі яму прадметы, што цікавілі яго.

Бюст Луцкевіча выканаў мастак і скульптар Рафал Яхімовіч (фота: nlb.by)

Згадвалі, што для сябе ён шкадаваў кожную марку, але для музея, каб набыць новы прадмет, ён нічога не ашчаджаў. Пра гэта таксама сведчыць выпадак, які апісвае гаспадыня Пятруся, што працавала на кватэры ў братоў Луцкевічаў, гатавала ім ежу і дапамагала па гаспадарцы. Аднойчы яна дала Івану Луцкевічу грошы, каб ён па дарозе зайшоў да яе сваячкі і набыў саланіну, прывезеную з вёскі. Падчас вайны гэта быў вялікі дэфіцыт. Але вярнуўся ён з пустымі рукамі — без саланіны і без грошай. Але пры гэтым Луцкевіч хваліўся, што па дарозе знайшоў вельмі рэдкі рукапіс, які і набыў для сваёй калекцыі. У выніку на вячэру ўсе елі сухі хлеб.

Як я ўжо казаў, станаўленне музея адбываецца ў канцы нямецкай акупацыі. 26 студзеня 1918 года на адпаведнай канферэнцыі ў Вільні было абвешчана аб стварэнні Беларускага навуковага таварыства. Першым старшынёй быў абраны барон Казімір Шафнагель, а намеснікам яго — Іван Луцкевіч. І адным з самых актуальных пытанняў для таварыства было захаванне збору старажытнасцей Луцкевіча, які ён перадаў у дар навуковаму таварыству. Само ж таварыства не мела свайго памяшкання і не магло фактычна прыняць гэты каштоўны дар, арганізаваць адпаведнае захаванне.

Луцкевіч не спыняе і сваю асветніцкую дзейнасць. У маі 1918 года разам з нямецкім археолагам Альбертам Іпелем ён ладзіць у Вільні выставу старажытнасцей, дзе прадстаўляе прадметы з уласнага збору і з прыватных калекцый. Ужо восенню найлепшыя экспанаты адправілі ў Мінск, дзе арганізавалі выстаўку ў яшчэ большых памерах.

Ствараючы ўласную калекцыю, Луцкевіч перш за ўсё меў на мэце сабраць тыя матэрыялы, якія дапамогуць і ўвогуле дадуць яўнае бачанне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, яго мастацтва. Ён збіраў у асноўным тое, што адлюстроўвала народнае мастацтва, вартае калекцыі. Таксама праз свой збор ён хацеў паказаць непарыўную сувязь Беларусі і ВКЛ.

Пасля ягонай смерці музей працягнуў сваю дзейнасць

Іван Луцкевіч памёр 20 жніўня 1919 года ў санаторыі непадалёк ад польскага горада Закапанэ. Там і быў пахаваны, але з ягонай смерцю не скончылася гісторыя музея, а пачаўся новы этап збірання старажытнасцей. Ужо ў 1921 годзе ў Вільні Беларускае навуковае таварыства ў мурах былога базыльянскага кляштара на аснове гэтай калекцыі стварае музей, які атрымаў назву Віленскі беларускі музей Івана Луцкевіча. Знайсці месца для стварэння кампазіцыі было даволі складана, бо таварыства не мела фінансавання. І толькі дзякуючы дазволу праваслаўнага духавенства на бясплатнае выкарыстанне памяшканняў былога кляштара з’явілася падобная магчымасць. Пасля пераезду ў базыльянскія муры супрацоўнікі музея наладзілі працу па сістэматызацыі і каталагізацыі калекцыі Луцкевіча. І варта сказаць, што тыя прадметы, якія ён знаходзіў, трэба было вывучаць, праводзіць іх атрыбуцыю, вызначаць аўтарства жывапісных ды графічных твораў і тое, ці адпавядае калекцыя таму перыяду, пра які казалі прадаўцы.

Таксама ў музеі пачынаюць з’яўляцца экспанаты, набытыя таварыствам альбо ахвяраваныя прыватнымі асобамі. Аднак тое, што набывалася, было малой часткай музейнага збору. Асновай і надалей заставалася калекцыя Луцкевіча.


У 1937 годзе дырэктар музея Антон Луцкевіч запаўняе анкету, дзе апісвае стан музея. У адпаведнасці з ёй у калекцыі знаходзілася 4228 прадметаў, з іх у пастаяннай экспазіцыі — толькі 1511. Сам збор музея Антон Луцкевіч падзяляе на наступныя калекцыі: этнаграфія, выяўленчае мастацтва, скульптура, мастацкія промыслы, нумізматыка, археалогія і бібліятэка з архівам. Трэба сказаць, што сярод музейных прадметаў калекцыі можна вылучыць найперш жывапісныя палотны Францішка Смуглевіча, Яна Рустэма, Кануція Русецкага, Івана Трутнева, Юзэфа Пешкі, Пятра Сергіевіча, Язэпа Драздовіча і шматлікіх іншых. У музеі была вялікая колькасць партрэтаў беларускай шляхты, аўтарства якіх не было вызначана, а таксама калекцыя абразоў невядомых майстроў і сакральнай скульптуры з касцёлаў і цэркваў.

Сярод рукапісаў і старадрукаў у калекцыі Луцкевіча вылучаліся такія рарытэтныя выданні, як Жухавіцкае евангелле 14-га стагоддзя, Аль-Кітаб, які паходзіў з вёскі з-пад Вільні. Луцкевіч, дарэчы, быў адным з першых, хто заняўся непасрэдна вывучэннем Аль-Кітабаў — кніг, якія на тэрыторыі Беларусі пісаліся арабскай вяззю, але менавіта на беларускай мове. То-бок беларуская мова перадавалася не кірылічным напісаннем, не лацінкай, а арабскай вяззю. Таксама ў бібліятэцы знаходзіўся Статут ВКЛ, пра які ўжо казалі. Там таксама былі выданні краёвых і замежных крыніц 18—20-га стагоддзяў, а яшчэ частка збораў гісторыка Еўдакіма Раманава і ўдзельніка беларускага руху Барыса Даніловіча.

Музей праіснаваў да 1939-га, а 19 верасня таго ж года ў Вільню ўвайшлі савецкія войскі, арыштавалі дырэктара музея Антона Луцкевіча. Пэўны час музей быў зачынены. Падчас акупацыі немцаў дзейнасць аднавілі, прызначылі новы склад супрацоўнікаў. У канцы 1944 года нямецкія ўлады загадалі вызваліць будынак, а калекцыю перавезці ў іншае месца. Частка найбольш значных экспанатаў, паводле сведчанняў сучаснікаў, схавалі ў сутарэннях касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў Вільні, дзе служыў вядомы дзеяч беларускага адраджэння ксёндз Адам Станкевіч.

Пасля вызвалення Вільні калекцыю вырашана было размеркаваць паміж Літвой і Беларуссю. Для гэтага стварылі камісію, якая падзяліла ўвесь збор на чатыры часткі. І вось гэтая працоўная група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве. Беларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў.

Зборы Луцкевіча можна ўбачыць у Мінску

Сучаснікі апісвалі, што на той момант падзяляць калекцыі на пэўныя групы было вельмі складана і больш каштоўныя прадметы засталіся ў Вільні, былі перададзены ў архівы, бібліятэкі, музеі. У Беларусь патрапіла толькі малая частка. Пэўны час яна знаходзілася ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, але ў 1950-я гады яе пачалі перадаваць у іншыя фонды. Сёння прадметы з калекцыі музея імя Івана Луцкевіча знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага і Нацыянальнага гістарычнага музеяў, музеяў Вялікай Айчыннай вайны, Янкі Купалы, а кніжныя выданні можна пабачыць у зборах бібліятэк — Нацыянальнай, Прэзідэнцкай і Акадэміі навук.

Пасля смерці Луцкевіча ў Закапанэ Юліяна Мэнке, якая непасрэдна прысутнічала пры ім у апошнія хвіліны ягонага жыцця і на пахаванні, у сваіх успамінах напісала наступнае: «Калі Бог дазволіць перавезці цела Івана ў Вільню, то я яму на камні накажу зрабіць надпіс, як рабілі першыя хрысціяне ў катакомбах сваім дарагім памершым: „Іване, ты жывеш!“». І трэба сказаць, што сапраўды Іван і сёння жыве з намі. Ён жыве праз тую калекцыю, прадметы, якія назбіраў, і мы з вамі можам іх бачыць штодня ў пастаяннай экспазіцыі музеяў.


Таблетки для посудомоечных машин — пополняйте запасы в Каталоге Onlíner

Onlíner рекомендует
таблетки для посудомоечной машины, классический аромат, ополаскиватель в составе/добавка для защиты стекла, 100 шт, на 100 моек/стирок
Нет в наличии
капсулы для посудомоечной машины, ополаскиватель в составе/добавка для защиты стекла/добавка для защиты металла, 115 шт, на 115 моек/стирок
Нет в наличии
таблетки для посудомоечной машины, ополаскиватель в составе/добавка для защиты стекла/добавка для защиты металла, 100 шт, на 100 моек/стирок
Нет в наличии

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by