Апублікавала reels пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў

Источник: Паліна Трохаўцава. Фота: архіў герояў
19 797
26 ноября 2024 в 8:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Ірына, філолаг па адукацыі, заўсёды захаплялася беларускай культурай і творчасцю Уладзіміра Караткевіча. У пэўны момант дзяўчына расчаравалася ў рамантычных стасунках і перастала верыць, што сустрэне свайго чалавека, які будзе гэтак жа любіць беларускую мову, Караткевіча і вэнджаную скумбрыю. Усё змянілася 26 лістапада 2022 года, у дзень нараджэння беларускага класіка, дзякуючы творчасці каторага Ірына сустрэла свайго будучага мужа. Сёння мы зноў згадваем Уладзіміра Сямёнавіча і дзелімся з вамі асаблівай гісторыяй кахання.

Читать на Onlíner

Антон і Ірына — звычайныя маладыя беларусы. Хлопец працуе менеджарам па продажы запчастак тэхнікі ў Мінску, дзяўчына была адміністратарам кавярні ў Ваўкавыску. Напэўна, шляхі маладзёнаў так бы і не перасекліся, калі б не шчаслівы выпадак і не Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч.


Ірына згадвае восень 2022 года як даволі няпросты перыяд свайго жыцця. Дзяўчына выйшла з цяжкіх стасункаў, разбіралася з наступствамі. А 26 лістапада вырашыла запісаць размоўны reels з нагоды дня нараджэння пісьменніка, хоць і не вяла тэматычны блог.

— Я вырашыла крыху выйсці з зоны камфорту, паказацца тварам і расказаць, як мне падабаецца Гервасій Выліваха (літаратурны персанаж Караткевіча з «Ладдзі роспачы». — Заўв. Onlíner) за сваю прагу да жыцця і нязломнасць духу нават у цяжкія хвіліны, — кажа Ірына.

У жыцці Антона Караткевіч з’явіўся ў школе. Як і Уладзімір Сямёнавіч, хлопец родам з Оршы і нават вучыўся ў той жа самай школе, якая цяпер носіць імя пісьменніка. Таму партрэт беларускага класіка з дзяцінства быў перад вачыма Антона. З падручнікаў мы прывыклі бачыць Караткевіча мужчынам сталага ўзросту, але аднойчы Антону трапіўся фотаздымак пісьменніка ў маладосці, і хлопцу падалося, што яны нечым падобныя.


У тым жа 2022 годзе Антон таксама захацеў зрабіць публікацыю ў Instagram з нагоды дня нараджэння Караткевіча і пачаў глядзець, што посцяць іншыя. Праз тры дні алгарытмы сацсеткі падкінулі хлопцу відэа Ірыны. Антон паглядзеў яго і не змог прайсці міма. Вырашыў паспрабаваць напісаць і зайсці са свайго галоўнага козыра — падабенства да пісьменніка: «Не жадаеце пазнаёміцца з маладым Караткевічам?»

— Я падумаў, што ў такой прыгожай беларускамоўнай дзяўчыны дакладна ёсць хлопец, але вырашыў напісаць. А раптам пашанцуе? Я ж нічога не губляю. Хоць былі думкі, што Іра можа нават не адказаць нічога, — успамінае Антон.

Зрабіў прапанову на першым спатканні

Хлопцу пашанцавала, і паўтара месяца маладыя людзі перапісваліся ды сазвоньваліся з раніцы да вечара. Антон дасылаў уласныя вершы, яны разам абмяркоўвалі жыццёвыя пытанні і ў сур’ёзна-жартаўлівым тоне абралі прыгожую дату для вяселля — 07.07.2023. Пад Новы год Антон сюрпрызам перадаў падарунак для Ірыны: цукеркі, паштоўку з віншаваннем, ліст, шкарпэткі і шар на ялінку з выявай Караткевіча з кацянятамі.

На выхадных у студзені Антон упершыню прыехаў у Ваўкавыск на спатканне. Замест кветак малады чалавек прывёз вэнджаную скумбрыю ў падарункавым пакунку. Першыя хвіліны сустрэчы пара проста стаяла і моўчкі абдымалася — так дамовіліся загадзя. Пасля Ірына павяла Антона карміць сваімі фірмовымі сырнікамі ды паказваць горад.

— Паміж намі не ўзнікла няёмкасці, як бывае пры першых сустрэчах. Ён расшпіліў куртку, а я абняла яго, каб грэць пад ёй рукі. Мы так стаялі хвілін 20, і мне пахла родным чалавекам. Я была ў захапленні, што ў маім жыцці з'явіўся чалавек, з якім падчас першай сустрэчы можна бясконца гутарыць, у абдымку пад сцюдзёным ветрам шпацыраваць па Шведскай гары, есці сырнікі і чытаць беларускія казкі, — працягвае дзяўчына.

Увечары пара села на цягнік і паехала гуляць у Мінск. У купэ хлопец дастаў бутэлечку прасека і келіхі, якія, аказваецца, цэлы дзень насіў у заплечніку. Падарожжа працягвалася, як раптам Антон дастаў чырвоную аксамітную скрыначку з пярсцёнкам... Ірына адказала «так».

— Я не думаў, што сапраўды буду рабіць прапанову, але за цэлы дзень, праведзены разам, зразумеў, што яна менавіта той чалавек, якога я хачу бачыць побач. Вырашыў, што лепей зрабіць і, калі што, потым пашкадаваць пра гэта, чым не зрабіць, — дадае хлопец.

Другая прапанова на радзіме Караткевіча

Праз два тыдні маладыя паехалі да бацькоў Антона ў Оршу — знаёміцца і святкаваць ягоны дзень нараджэння. Знаёмства прайшло добра, і Антон прапанаваў Ірыне пагуляць па горадзе, нягледзячы на мароз і вецер.

Пара апынулася на аршанскім замчышчы, Антон папрасіў Ірыну зняць яго на тэлефон і пачаў чытаць верш. За аснову ён узяў адзін з вершаў Караткевіча, да якога дапісаў свае слупкі. Так сталася, што першы пярсцёнак быў крыху меншым, чым трэба. Гэтым разам малады чалавек дастаў яшчэ адзін пярсцёнак, ужо патрэбнага памеру.

— У трыццаць гадоў ужо няма часу хадзіць вакол. Бачыш, што тваё, — значыцца, трэба браць, — кажа дзяўчына.

Падчас першай паездкі ў Воршу закаханыя наведалі і музей Уладзіміра Караткевіча.

Даведаўся пра змену прозвішча будучай жонкі толькі на цырымоніі ў ЗАГСе

Спачатку Ірына вырашыла пакінуць сваё дзявочае прозвішча, бо не хацела траціць час на замену дакументаў. Але калі маладыя паехалі на Браслаўшчыну знаёміцца з бацькамі Ірыны, то, праязджаючы праз вёску пад назвай Шыбекі (а менавіта такое прозвішча мае Антон), захацелі сфатаграфавацца побач з указальнікам. Пасля, гледзячы на фота, Ірына пачала сумнявацца наконт свайго рашэння.


За два месяцы да ўласнага вяселля пара патрапіла на вяселле сяброў, дзе нявеста брала прозвішча жаніха. Ірына паглядзела і ўпэўнілася, што хоча зрабіць гэтак жа, але вырашыла нічога не казаць Антону. Спачатку ўдакладніла ў супрацоўнікаў ЗАГСа, ці можна змяніць рашэнне. Атрымаўшы станоўчы адказ, за тры дні да ўласнага свята дзяўчына перапісала заяву.

Калі падчас цырымоніі Ірына абвясціла, што будзе браць прозвішча мужа, Антон не паверыў і падумаў, што гэта проста фармальнасць.

— Я стаўлю подпіс і кажу: «Ты бачыш, што я тваё прозвішча ўзяла?» Тыркаю яму ў пасведчанне, ён глядзіць і не разумее, — усміхаецца дзяўчына.


У дзень падачы заявы на рэгістрацыю шлюбу пара гуляла па Асмалоўцы, дзе заўважыла скульптуру, якая аказалася помнікам Караткевічу (каля прадзюсарскага цэнтра «Спамаш»). Пазней скульптура стала абавязковым пунктам шлюбнай фотасесіі.


Прайшло больш за год з вяселля маладых, а ў сямейным жыцці Шыбекаў усё гэтак жа шмат рамантыкі і вандровак. Антон і Ірына разам чытаюць творы Караткевіча, прымаюць удзел у тэматычных імпрэзах ды конкурсах, а таксама ахвотна фатаграфуюцца ў месцах з выявамі пісьменніка.



Реклама

Вебинар «Инвестиции в России для белорусов: налоги и что важно знать», 27 ноября, 19:00 (онлайн)

«Айгенис» — единственная в Беларуси инвестиционная компания с полным набором лицензий для работы в Беларуси и России, которая предоставляет доступ к Московской бирже (МОЕХ) и обладает экспертизой в двух странах.  Тема вебинара — ключевые вопросы налогообложения:  

• ставки для акций, облигаций и других инструментов;  

• разница при зачислении доходов на брокерские и банковские счета;  

• как избежать двойного налогообложения и правильно оформить документы. 

Спикеры: Вероника Санкович, замдиректора по экономике и инвестициям «Айгенис» РБ; Сергей Гришко, финансовый советник «Айгенис» РФ, трейдер, инвестор с портфелем свыше 20 млрд рублей; Ирина Клезович, налоговый эксперт с 25-летним опытом, аудитор, ООО «ВГМ Консалт».

Регистрируйтесь по ссылке.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by