Эксперымент. Схаваўся на балоце ад сабакі-выведніка. Як хутка ён мяне знайшоў?

Источник: Андрэй Рудзь. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вікторыя Голубева
1228
03 февраля 2023 в 18:21
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Па багне і ярах мы крочым закладваць статыста. Статыст сёння я (наогул, пасада дэфіцытная). Нам сказалі, што нейкія адмысловыя сабакі з лёгкасцю знойдуць мяне ў гэтых нетрах. Спадзяюся, яны зробяць гэта раней, чым я акалею з холаду і нуды. Рэч у тым, што ў краіне нядаўна стварылі пошукавую кіналагічную службу пры атрадзе «Анёл». Ідзём глядзець, як гэта працуе. На сабе паспрабуем розныя спосабы.

Читать на Onlíner

Сабакам патрэбны свежыя людзі

Анастасія Вяркеева афіцыйна называецца кіраўніком кіналагічнага напрамку па Мінскай вобласці пры пошукава-выратавальным атрадзе «Анёл», яна прафесійны кінолаг.

Астатнія — простыя грамадзянскія з разнастайнымі прафесіямі і ўласнымі сабакамі: юрыст, эканаміст, друкар, спецыяліст па працы з кліентамі... Добраахвотна дапамагаюць «Анёлу», займаюцца гэтым шмат гадоў, асабістай выгады тут ніякай.

Галоўны крытэрый пры выбары месца для трэніровачнай базы — гэта, натуральна, маляўнічасць. Таму размясціліся на развалінах нейкай свінафермы.

— О, воданапорка. Мо залезці?

— Не раю, — не раіць Насця і на секунду задумваецца. — Але калі б вы ўсё ж палезлі і ўпалі, можна было б патрэніраваць сабаку, які спецыялізуецца на пошуку загінулых.

— А хадзем трэніраваць таго, што па жывых.

Для Насці кожны новы чалавек — каштоўны навучальны інвентар. Усіх імкнецца тут жа закласці — схаваць статыста дзесьці ў полі, гушчары, на балоце, у гурбе, на дрэве і гэтак далей. Сабакам для трэніроўкі патрабуюцца новыя пахі і розныя сітуацыі, таму свежыя людзі заўсёды неабходныя.

Кажуць, на спаборніцтвах (бываюць і такія) людзей закладваюць вельмі старанна — пад снег, у нейкія ямкі, маскіруюць. Цёпла апранаюць, выдаюць пенку, тэрмас, іншыя прадметы ўжытку... Але я не хачу пакуль у ямку.

Снегг шукае закладку

Рацыя і невялікі кантэйнер з мясам — сённяшні інвентар статыста (яшчэ мокрыя ногі, але гэта выдадуць пазней). У басерона па мянушцы Снегг на шыі трэкер.

Спачатку інструктаж.

— Кантэйнер і рацыю схавайце пад адзенне. Калі ён вас знойдзе, не рэагуйце, — Насця чамусьці не сумняваецца, што Снегг адшукае. — Толькі калі я скамандую, даставайце гэтую скрынку і давайце яму корм, хваліце ўсяляк. У рэальнай сітуацыі ў зніклага, вядома, не будзе ніякага пачастунку, ён будзе ў інструктара. Але наша задача зараз з дапамогай ежы замацаваць рэфлекс, даць сабаку стымул. Ён жа шукае, бо яму самому цікава, для яго гэта прыгода, гульня з прызам. Гэта можа быць і любімая ежа, і цацка.

У дадзеным выпадку пошук будзе праходзіць «па квадратах». Сабака шукае не канкрэтнага чалавека па ўзоры паху, а любога, хто апынецца ў зоне «бачнасці». Кінолагі сцвярджаюць, што жывёла разумее, чаго ад яе хочуць, і прыкладна ўяўляе, як выглядае страчанае, — у адрозненне ад, напрыклад, лесніка ці іншага пошукаўца, калі ён прачэсвае мясцовасць.

Балота сцягнута подлай ледзяной скарынкай, мы з трэскам прабіраемся па купінах, карчагах і паваленых дрэвах.

Ствол слізкі, я, вядома, правальваюся ў балота. Звонку выдаю, быццам так і планаваў.

Закладваюся надзвычай прадумана. Асаблівую ўвагу трэба аддаваць ізноў жа эстэтыцы. Простая купіна — занадта папсова. Паваленая хвоя з магутным вывернутым коранем пасярод вады — што трэба, досыць артхаусна.

Дабраўся да выспачкі, сеў пад корань, абцякаю. Рупліва фармірую, як загадана, пахавае воблака.

Па рацыі прыходзіць сігнал: пачалі.

Анастасія Вяркеева, трэнер пошукава-выратавальных сабак Таццяна Кандыба і Снегг шукаюць закладку. Кінолагі заўжды ходзяць парамі


Прамотваем сорак хвілін, бо нічога не адбываецца. Праз некаторы час пачынаюць даносіцца галасы (людзей). Удалечыні сярод галін замільгалі аранжавыя камізэлькі. Адзін ніжэйшы — гэта, мабыць, Снегг.

Галасы набліжаюцца, сабака ходзіць зігзагамі, з’яўляючыся і знікаючы то ў адной, то ў другой частцы лесу. Нарэшце чую пыхканне на супрацьлеглым беразе маёй лужыны, метрах у трыццаці. Снегг ганарліва ўзнікае з зараснікаў — і... Як нічога ніякага мінае маё сховішча. Нават не зірнуў!

Ну прыехалі.

Яшчэ праз паўхвіліны, калі надзея на выратаванне згасла, у мяне проста над вухам грымнула гучнае «гаў». Падкраўся ззаду! Можа, у яго гумар такі...

Снегг вясёла брэша, да яго спяшаюцца пошукаўцы. Па камандзе скормліваю сабаку мяса, нахвальваючы героя.

Практыкаванне выканана.


— Я ўжо думаў, ён забыўся пра мяне, па сваіх справах пайшоў...

— Проста вырашыў абысці па сухому. Ён не супраць замачыць ногі і ахвотна кідаецца ўплаў, але калі ёсць абыход, то дарма не геройнічае. Навошта яму прастуджвацца і прымушаць лезці ў ваду кінолага, які ідзе следам? Наогул, калі ў лесе такі сабачка падляцеў і вас аббрэхвае, не трэба палохацца. Можа яшчэ і пакратаць лапай. Гэта ён патрабуе ўзнагароду і заадно сігналізуе: «Знайшоў».

«У вас пах з усіх шчылін»

Статыста, раз ужо атрымалася здабыць, трэба выкарыстоўваць напоўніцу. Ужо рые капытом зямлю наступны фізкультурнік — бігль Лео.

Следавы сабака — гэта іншае. Ён патрэбен, калі маюцца ўзор паху («занюшка») і месца старту. Шкарпэтка, шапка, папяровы кубачак, запальнічка, пянёк, на якім пасядзеў чалавек, або адбітак мяккага месца ў снезе — усё пойдзе ў ход. Гаспадыня бігля Наталля Міронава кажа, што пах застаецца на любым прадмеце, адрозніваецца толькі час, на працягу якога ён трымаецца.

Добра, паехалі. Выпраўляюся хавацца. З хуліганскіх памкненняў па шляху абягаю дрэва па васьмёрцы (мне потым сказалі, што Лео зрабіў гэтаксама). Дабраўшыся да лесу, дзе загадана схавацца, парушаю правілы. У абыход, імкнучыся пазбягаць плям снегу, каб не пакінуць на ім адбіткаў, вяртаюся да месца старту. Як вам такое?

Таемна абжываюся ў рэштках хлява. Тут ладненька.

Праз дзірку бачныя нашы машыны і сабака, які збіраецца мяне шукаць. Ну-ну. Па рацыі паведамляю: заклаўся. І, паскудна хіхікаючы, цешуся падрыхтоўкай.

У якасці занюшкі гэтым разам выступае мая шкарпэтка, якая ўжо нацярпелася ў папярэднім балоце.

Пошукаўцы стартуюць у напрамку лесу — між тым я засеў зусім у іншым боку.


Прамотваем хвілін дваццаць. Пошукавая каманда такі дасягае месца майго закіду, але тут ідзе іншым шляхам. Я чую іхнія галасы, храбусценне шыферу пад ботамі...

Нарэшце ратавальнікі з’яўляюцца ў аконным праёме. Лео рады і гучна патрабуе прыз. Дастаю загадзя выдадзеную мне бляшанку кансерваў.

— А чаму ён не пайшоў менавіта па маім шляху?

— У будынку сабака можа дзейнічаць не так, як на адкрытай мясцовасці, — кажа Наталля. — У вас пах з усіх шчылін, жывёла шукае не столькі па следзе, колькі па паху, які распаўсюджваецца праз вокны, праёмы і гэтак далей.

Слоік з дэфіцытам

Мянушка Люцік, здаецца, не надта пасуе гэтаму буйному змрочнаму сабаку.

Пошукаўцы тлумачаць: гэта памяншальна-ласкальнае ад Люцыпар. А, тады някепска. Спецыяльнасць Люціка — ПЦЗ (пошук цел загінулых).

Трэніроўка такога сабакі складаная хаця б таму, што «расходнікі» ў дэфіцыце. Тушкамі жывёл і птушак тут не абыдзешся, яны, кажуць, пахнуць увогуле не так, як чалавек.

Гэтым разам у Насці ёсць запаветны слоічак з узорам паху (што там і дзе ўзяла, не раскрывае, а мы і не хочам ведаць). Люціку даюць панюхаць змесціва. Потым так, каб ён не бачыў, хаваюць слоік у развалінах.

Выглядае проста: праз пару хвілін сабака ўжо тырчыць каля ўзору, радасна брэша на яго. Атрымлівае пачастунак. (Не, не з таго слоіка.)

Чаму не ўсе знойдзены?

Вольга і бордэр-коллі Нэвіл дэманструюць «паслухоўку»: сабака выконвае каманды, ходзіць колам і паказвае картачныя фокусы... Нам не зусім зразумела, як выкарыстаць такія ўмельствы ў пошуку, але, запэўніваюць, насамрэч гэты «цырк» важны: вучыць сабаку дысцыпліне і канцэнтрацыі. Потым ужо можна трэніраваць іншыя навыкі. За «паслухоўку» адказвае Вольга Крупская.


У гэтым месцы паўстае галоўнае пытанне: калі ў нас ёсць такія цудадзейныя сабакі з прыгожымі камізэлькамі, чаму застаюцца нязнойдзеныя людзі?

Ёсць нюанс.

Падраздзяленне гэтае з’явілася толькі летась, у ліпені, цяпер заўзята трэніруецца.

— Мінулым летам, яшчэ да ўсяго вось гэтага, мой басерон Дарыян па следзе знайшоў бабулю, якую да гэтага суткі шукалі «ўручную», — Анастасія прыгадвае, як усё пачыналася. — Дарыян ужо памёр, але тады і сцямілі, што «Анёлу» патрэбная пастаянная кіналагічная служба. Так у Мінскай вобласці ўзнікла першае ў краіне падраздзяленне. З тых часоў добраахвотнікі сталі прыязджаць да нас і трэніраваць сабак. Падобныя фарміраванні ўжо ёсць і ў іншых рэгіёнах. Але ўсё роўна гэтага мала.

Зараз у «анёлаўцаў» Мінскай вобласці ёсць фактычна тры сабакі, якія цалкам гатовыя выходзіць на пошук. Значна больш жывёл вучацца (усе нечыя асабістыя, не службовыя). Пры гэтым падрыхтоўка пошукава-выратавальнага сабакі, кажа Насця, займае прыкладна паўтара года.

На рахунку тутэйшых сабак пакуль няма ніводнага рэальна знойдзенага чалавека (акрамя той першай бабулі, з якой усё і пачалося). Але Насця тлумачыць, што адмоўны вынік таксама вельмі важны.

— Знойдзеных не было не таму, што сабакі дрэнна шукалі, а таму, што на выдзеленым участку проста не было чалавека. Бо задача сабакі — зачысціць квадрат і сказаць: тут нікога няма. Гэта значыць, што звычайная пошукавая група можа патраціць сілы і час на апрацоўку іншага ўчастка. Іншымі словамі, кіналагічны разлік, а гэта два чалавекі і сабака, замяняе восем пошукавікаў без сабакі.

Сабакі не ўсемагутныя, іх дыяпазон мае межы, яны таксама стамляюцца. У штыль пры пошуку па квадратах сабака адчувае пах прыкладна з 30—50 метраў, пасля чаго «наводзіцца» ўжо дакладней. Але такіх квадратаў можа быць безліч — на адпрацоўку патрабуецца шмат часу і сабак.

Следавы сабака з лёгкасцю знойдзе небараку-статыста па шкарпэтцы ў дзікай мясцовасці, дзе ніхто не хадзіў. У ажыўленым месцы след хутка затоптваецца.

У той жа час пры наяўнасці сабакі нашы шанцы выжыць узрастаюць скачкападобна.

— Кінолагі-добраахвотнікі, якія працуюць без заробку, за свае грошы і ў асабісты час, заўсёды маюць патрэбу ў любой дапамозе. У тым ліку ў статыстах для закладак. На кожную трэніроўку мусяць прыходзіць новыя людзі з новымі пахамі — дарослыя, дзеці, пажылыя, разнаполыя, розных нацыянальнасцей. Гатовы ўдзельнічаць у выратаванні людзей — тут можна каардынавацца.


29", рама 20", горный, сталь Hi-ten, вилка амортизационная с ходом 80 мм (сталь Hi-ten), трансмиссия 21 скор. (3х7), переключатели: задний Microshift/передний Microshift, тормоз дисковый механический, вес 18 кг

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by