Крах калгаса Ільіча і помнік з дэтэктыўнай гісторыяй. Пабывалі на радзіме аўтара славутай паэмы «Тарас на Парнасе»

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский
9777
14 апреля 2022 в 8:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

«Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса, Што палясоўшчыкам служыў? На Пуцявішчы, у Панаса, Ён там ля лазні блізка жыў». Гэтыя радкі невялікай паэмы «Тарас на Парнасе» цудоўна ведаюць некалькі пакаленняў беларусаў. Яе некалі перапісвалі ад рукі, вучылі на памяць у школах, пераказвалі і рабілі па ёй тэатральныя пастаноўкі. Доўгі час многія лічылі гэты жартаўлівы твор ананімным, народным, і толькі ў 1970-х спецыялісты вызначылі, што ў яго ёсць сапраўдны аўтар — былы прыгонны селянін Канстанцін Вераніцын. Мы пагутарылі пра пісьменніка з экспертамі, з’ездзілі на ягоную радзіму ў Гарадоцкі раён, убачылі родную вёску Вераніцына і даведаліся, як шануюць аўтара знакамітай паэмы.

Читать на Onlíner

«Ні адзін беларускамоўны твор не быў такім папулярным, як „Тарас на Парнасе“»

Вершаваную гісторыю пра палясоўшчыка Тараса ўпершыню надрукавалі ў газеце «Мінскі лісток» у 1889 годзе. Галоўны герой твора пасля сустрэчы з мядзведзем нечакана патрапіў на гару Парнас і ўбачыў жыццё антычных багоў, якія пілі гарэлку, елі беларускія стравы (капусту, жур, крупнік) і нават танчылі некалі папулярную «мяцеліцу». Зразумелы гумар і падабенства з беларускім побытам прывялі да нечуванага эфекту. Паэму пачалі перадрукоўваць выданні розных гарадоў, у 1896-м «Тараса на Парнасе» выдалі ў Віцебску асобнай кніжачкай, а праз 13 год  у славутай друкарні Марціна Кухты ў Вільні, які выдаваў паэзію Багдановіча, Цёткі і Коласа.

Старыя выданні паэмы, якія знаходзяцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі

Выданне паэмы 1909 года. Знаходзіцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі

Так паэма ператварылася ў сапраўдны хіт, адзін з самых чытаных беларусамі тагачасных твораў, які ў тым ліку паўплываў на станаўленне беларускай літаратуры.

— Напярэдадні нашаніўскага перыяду ні адзін беларускамоўны твор не быў такім папулярным, як «Тарас на Парнасе», — падкрэслівае перакладчык, даследчык беларускай літаратуры Антон Францішак Брыль. — Нашую школьную класіку збольшага пісалі людзі, якія чыталі «Тараса», і для людзей, якія таксама чыталі «Тараса».

Парадокс. Паэму ведалі многія, але дакладна назваць прозвішча аўтара ніхто не мог. З-за гэтага аўтарства прыпісвалі і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, і Арцёму Вярызе-Дарэўскаму, і Вікенцію Равінскаму, і нават бегламу дзекабрысту Яўхіму Крупеньку.

Спрэчкі вяліся доўга, пакуль наш славуты літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў не даведаўся ад паэта Максіма Лужаніна пра ўспаміны беларускага эмігранта Антона Адамовіча. Той да вайны вучыўся ў БДУ і прыгадваў, як выкладчык літаратуры Міхаіл Піятуховіч дэманстраваў рукапісную копію «Тараса на Парнасе», дзе аўтарам значыўся нікому не вядомы Канстанцін Вераніцын. Кісялёў пачаў працаваць з архівамі і ў выніку даведаўся, што гэта рэальны чалавек, які нарадзіўся ў 1834-м у вёсцы Астраўляны пад Гарадком. Ён быў прыгонным селянінам у тамтэйшага памешчыка Васіля Бондырава, але з яго дапамогай здолеў атрымаць добрую адукацыю. Ёсць версія, што Канстанцін быў пазашлюбным сынам Бондырава ад сялянкі і такім чынам памешчык спрабаваў яму дапамагчы.

— І гэта цалкам магчыма, — сцвярджае Антон Францішак. — Такую здагадку агучваў усур'ёз і Генадзь Кісялёў, найбольш значны даследчык біяграфіі Вераніцына. Даўно прыцягвала ўвагу, што Бондыравы паклапаціліся пра добрую адукацыю для вольнаадпушчанага сялянскага хлопчыка. Менавіта яны ўладкоўвалі Вераніцына ў Віцебскую гімназію.

Калі да гэтага дадаць, што па бацьку ён быў Васільевіч, а пана Бондырава звалі Васілём, то зразумела, адкуль бяруцца падазрэнні.

З маіх нядаўніх росшукаў робіцца бачна, што ў Вераніцына былі брат і сястра, прычым іх мы таксама бачым вольнымі яшчэ да адмены прыгону, а брата — выдатна адукаваным. Гэта таксама пацвярджае агучаную версію. Такое тлумачэнне, вядома, не адзінае магчымае, але калі знойдуцца ў працоўных паперах метрычныя пасведчанні Канстанціна ці яго брата Івана і акажацца, што маці нарадзіла іх па-за шлюбам, то гіпотэзу пра бацькоўства Бондырава трэба будзе прымаць за асноўную.

Спачатку Вераніцын вучыўся ў Гарадку, потым — у Віцебску, Пецярбурзе, земляробчым інстытуце ў Горках, які скончыў на выдатна. Пэўны час працаваў настаўнікам у Маладзечне, а пасля зрабіў выдатную кар'еру чыноўніка ў Пецярбурзе — у Міністэрстве шляхоў зносін. У 1900-м сышоў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка, а праз тры гады, як атрымалася ўстанавіць Брылю, памёр ад кровазліцця ў мозг у прыгарадным дачным пасёлку Лясное, куды сям'я, відаць, з'язджала на зімоўку. Яму было 69 гадоў.

Да сваёй смерці ў ніводным выданні пісьменнік дакументальна не пацвердзіў, што з'яўляецца аўтарам «Тараса на Парнасе». І некаторых даследчыкаў дагэтуль непакоіць пытанне, чаму Вераніцын так маўкліва пазіраў на тое, як ягоны твор становіцца папулярным без аніякай згадкі пра аўтара. Магчыма, баяўся за сваю кар'еру, а можа, проста быў даволі сціплым чалавекам.

— На такое пытанне акурат вельмі цяжка адказаць, нічога не ведаючы пра характар чалавека, — разважае эксперт. — Мы можам уяўляць рознае. Напрыклад, што ён проста не любіў публічнасць альбо што зрабіўся з узростам больш суровым чалавекам і яму ўжо самому не падабаліся легкадумныя вершы маладосці. Але папраўдзе, мы проста не ведаем, што там рабілася ў ягонай галаве.

На жаль, наведаць магілу Вераніцына немагчыма. Мітрафаніеўскія могілкі, дзе пахавалі пісьменніка, знішчылі ў Пецярбурзе яшчэ да вайны. Але на поўначы Беларусі захаваліся мясціны, звязаныя з Канстанцінам. Туды мы і накіраваліся.

Вёска Астраўляны пад Гарадком, дзе нарадзіўся Вераніцын, існуе дагэтуль. Праўда, знаходзіцца ўбаку ад ажыўленай віцебскай дарогі, і даедзе сюды далёка не кожны фанат літаратуры. Прасцей, безумоўна, скарыстацца аўто і навігатарам, аднак можна падсесці і на прыгарадны аўтобус, які курсуе ад райцэнтра.

Пра Астраўляны час ад часу расказваюць прыгожую легенду. Нібыта назва вёскі пайшла ад вострава на мясцовым возеры, які калісьці назвалі Лянэ — у гонар дачкі землеўладальніка. Аднак эстэтыка тут сёння існуе толькі ў легендах, у самім жа населеным пункце пануе суровая рэчаіснасць. Астраўляны — звычайная беларуская вёска з савецкім бэкграўндам, які зруйнаваў час. Некалі тут існаваў буйны і вядомы ў раёне калгас імя Леніна, але сёння ад памяшканняў гаспадаркі засталіся толькі каркасы і друз. У цэнтры Астраўлянаў мы пабачылі дагледжаны, дзіўным чынам пафарбаваны помнік савецкаму салдату.

А яшчэ — стары абшарпаны прыпынак і памятную таблічку на валуне паміж бярозамі. Яна паведамляе, што менавіта тут нарадзіўся аўтар паэмы «Тарас на Парнасе».

Дзе тут мог жыць Вераніцын — уявіць складана. Ад панскіх пабудоў, на жаль, відавочных слядоў не засталося. Па дапамогу мы вырашылі звярнуцца ў мясцовы клуб, да якога вядзе вуліца з характэрнай назвай Клубная. Але ў выніку ўбачылі перад сабой абнесены плотам пусты двухпавярховік.

На закрытай пляцоўцы ляжалі аўтамабільныя шыны, а налепка на веснічках папярэджвала пра відэаназіранне. Як аказалася, чатыры гады таму будынак, дзе месціліся клуб, бібліятэка, адміністрацыя калгаса, выкупілі гаспадары мясцовай аграсядзібы, але пакуль, відаць, так і не вырашылі, як яго выкарыстоўваць.


На фоне старых і пабітых часам вёсак суседні райцэнтр Гарадок выглядае зусім іначай. У 2014-м тут праводзілі абласныя Дажынкі, таму напярэдадні свята навялі сур'ёзны марафет: адрамантавалі цэнтральныя вуліцы, плошчу, стадыён, аўтавакзал і воданапорную вежу, якая лічыцца сімвалам горада. Мястэчка стала выглядаць сапраўды прывабна.


У той час у Гарадку нават устанавілі помнік Тарасу з паэмы Вераніцына. З гэтым помнікам звязана амаль дэтэктыўная гісторыя. На сваім месцы ў скверыку Тарас прастаяў колькі месяцаў, а пасля нечакана знік. Мясцовыя жыхары, зразумела, здзівіліся і занепакоіліся. Ну пагадзіцеся, не кожны ж дзень у гарадах знікаюць помнікі. А сталася так, што разлічыцца за манумент у Гарадку не знайшлося сродкаў, і вытворцы забралі скульптуру. Але сітуацыю атрымалася выправіць. Вярнуць Тараса ў Гарадок дапамог расійскі сельскагаспадарчы канцэрн «Детскосельский», які на тэрыторыі раёна мае свой філіял.

Помнік сапраўды выглядае цікава. Тарас тут нагадвае тыповага беларуса, які матэрыялізаваўся з літаратурнага твора. Праўда, манумент чамусьці пафарбавалі ў чорны колер, а з адваротнага боку змясцілі пераклад першых радкоў паэмы на англійскую мову.

Вуліцы Вераніцына ў Гарадку пакуль няма, але пра пісьменніка і ягоны твор нагадвае памятны знак, які ўстанавілі каля краязнаўчага музея на гарадской плошчы.

Будынак музея з флюгерам і невялічкай вежай на фоне звычайнай савецкай архітэктуры выглядае вельмі эстэтычна.

Экспазіцыя ў музеі даволі разнастайная. Тут табе і косткі маманта, і прылады з езярышчанскай метэастанцыі, дзе зімой фіксуюць самыя нізкія тэмпературы ў Беларусі, і старыя строі з мясцовага камбіната бытавога абслугоўвання, якія калісьці вазілі прадаваць у суседнюю Расію.


Пра Вераніцына тут таксама гатовы распавесці падрабязна.

— Калі я вучылася ў школе, мы, безумоўна, вывучалі «Тараса на Парнасе», — кажа навуковы супрацоўнік музея Ларыса Лявонава. — Але прозвішча аўтара ў Гарадку ніхто не ведаў і нічога пра Вераніцына не чуў. Паэма лічылася народнай і з дужа рэвалюцыйным зместам. Зазірнём у твор. Звычайны палясоўшчык Тарас трапляе на Парнас і паводзіць сябе з багамі не як прыгонны селянін, ён з імі размаўляе на роўных. І гэта было напісана ў той час, калі яшчэ існавала прыгоннае права, а грамадства выразна падзялялася на знаць і сялян.

Пра тое, што пад Гарадком нарадзіўся аўтар славутай паэмы, тут даведаліся толькі ў другой палове мінулага стагоддзя, калі згаданы ўжо літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў пачаў пісаць лісты ў музей, спрабуючы знайсці хоць нейкую інфармацыю пра Вераніцына на ягонай радзіме.

— І з часам у Гарадку пачалі праводзіць Вераніцынскія чытанні. А сёння «Тарас на Парнасе» стаў брэндам нашага раёна, і стварылі яго самі жыхары, — працягвае суразмоўніца. — З 1998 года ў нас праходзіць свята паэзіі «Гарадоцкі Парнас», у якім удзельнічаюць пісьменнікі, літаратуразнаўцы. У рамках свята выступаюць таксама самадзейныя калектывы з раёна і Расіі, ладзяцца кірмашы...

Пры жыцці Вераніцын не выхваляўся сваімі літаратурнымі талентамі і не пакінуў пасля сябе нічога. Ні асабістых рэчаў, ні фотакартак, ні лістоў... Адзіная выява пісьменніка — малюнак, створаны ілюстратарам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Таму экспазіцыю, прысвечаную Канстанціну, складаюць пераважна кнігі, копіі дакументаў і лісты навукоўцаў. Як вядома, Вераніцын быў жанаты на жыхарцы Пецярбурга Елізавеце Поль, але дзяцей у іх не было, спадчыннікаў пасля сябе яны не пакінулі, таму з меркаванымі сваякамі музей сувязі не мае. А вось з памешчыкам Бондыравым склалася цікавая гісторыя.

Гадоў дзесяць таму з Масквы прыйшоў ліст ад меркаваных сваякоў пана Васіля, а ў 1998-м вёску Астраўляны з дэлегацыяй наведаў славуты расійскі акіянограф Артур Чылінгароў. Вядома, што ў Гарадку нарадзілася ягоная маці, і тыя самыя Бондыравы, якія жылі пад Гарадком, з'яўляюцца ягонымі родзічамі па мацярынскай лініі.

З мясцовымі адрасамі, якія могуць быць звязаныя з Вераніцыным, справа асобная. Па словах Ларысы Лявонавай, у пазамінулым стагоддзі Гарадок быў невялічкім павятовым горадам Віцебскай губерні па дарозе на Санкт-Пецярбург. Вялікі працэнт насельніцтва складалі яўрэі. У горадзе было шмат сінагог, аднак пасля рэвалюцыі іх знішчылі бальшавікі, і ад яўрэяў, па словах навуковага супрацоўніка, тут засталіся толькі вялікія старадаўнія могілкі, раскінутыя на пагорку недалёка ад стадыёна.

Каб дабрацца да іх, прыйшлося нямала пагойсаць па гарадоцкіх пагорках. Па-першае, могілкі адсутнічаюць на Google Maps, а па-другое, з берагоў выйшла невялікая рачулка Гараджанка, якая ў пэўны момант проста перагарадзіла нам шлях.

У Гарадку, дарэчы, нарадзіўся і вучыўся яўрэйскі пісьменнік Цодзік Даўгапольскі, ілюстрацыі да твораў якога калісьці ствараў знакаміты авангардыст Эль Лісіцкі. У мястэчку жылі таксама сваякі Марка Шагала. Тут яны і пахаваныя  на гэтым чыстым і дагледжаным некропалі, які, між іншым, і дагэтуль лічыцца дзейным.

У Гарадку раней была амаль выключна драўляная забудова. У часы Другой сусветнай за райцэнтр вяліся даволі сур'ёзныя баі, і значная частка будынкаў была знішчана, горад пасля вайны адбудоўвалі.

Пра пазамінулае стагоддзе ў Гарадку сведчаць толькі некалькі дамоў, і пра адзін з іх Вераніцын ведаў дакладна. Гаворка пра аднапавярховую паштовую станцыю, датаваную сярэдзінай XIX ст. Яна месціцца на выездзе з горада ў бок расійскай мяжы, і, хто ведае, можа, якраз адсюль Канстанцін адпраўляўся ў Пецярбург. Тут мажліва было б адкрыць музей ці галерэю, але былую пошту перадалі праваслаўнай царкве, і ў Гарадку з'явіўся яшчэ адзін храм. Выглядае ён вось такім чынам.

«Тараса» ў Гарадку не купіш — няма кнігарні

Але вернемся да «Тараса на Парнасе». Набыць твор Вераніцына ў Гарадку — задача няпростая. Кніжная крама тут не працуе, у газетных кіёсках кніг няма. На дапамогу зноў можа прыйсці музей, які выдаў акуратныя самаробныя кніжачкі з паэмай. Іх у музеі не прадаюць, але могуць падараваць ці ўручыць у якасці прыза за перамогу ў якім-небудзь конкурсе. Прапаноўваюць тут нават размалёўкі-антыстрэс.

Наогул для прасоўвання свайго героя ў Гарадку — прастор шырокі. Можна было б лёгка ў гонар Вераніцына назваць вуліцу ці прыдумаць якую-небудзь «Тарасаву карчму». Тым больш разнастайныя нагоды, звязаныя з Канстанцінам, узнікаюць ледзь не штогод. У 2019-м Антон Францішак Брыль у старадаўніх пецярбургскіх газетах знайшоў некралог Вераніцына і ўстанавіў дакладную дату смерці пісьменніка, а цяпер падрыхтаваў тэкст пра яго сваякоў.

— У гэтым месяцы акурат выйшаў мой новы артыкул пра сямейныя сувязі Вераніцына: пра яго жонку, брата, сястру і пляменнікаў. Пасля я часова пакіну гэтую тэму ў спакоі, — кажа даследчык. — Думаецца, што свежым вокам праз пэўны час можна будзе заўважыць нешта новае. Найбольш, вядома, хацелася б знайсці нейкія яго прыватныя лісты ці згадкі аб ім у чыіх-небудзь успамінах.


беспроводные наушники с микрофоном, внутриканальные, портативные, полностью беспроводные (TWS), Bluetooth 5.1, 20-20000 Гц, быстрая зарядка, время работы 8 ч, с кейсом 40 ч
беспроводные наушники с микрофоном, внутриканальные, портативные, полностью беспроводные (TWS), Bluetooth 5.0, быстрая зарядка, время работы 8 ч, с кейсом 28 ч, активное шумоподавление
беспроводные наушники с микрофоном, вставные, портативные, полностью беспроводные (TWS), Bluetooth, быстрая зарядка, время работы 5 ч, с кейсом 24 ч

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by