Сутыкаліся ў жыцці з эйджызмам? Калі дарослыя пачыналі вучыць жыццю, маўляў, пажыві з маё, тады пагаворым. І што на гэта адказвалі? Адназначна не дзякавалі за парады. Героям рамана «Нармальныя людзі» Салі Руні не надта падабаецца, калі ім пачынаюць падказваць, як сябе паводзіць адно з адным. Тут самім бы разабрацца ў пачуццях. А персанажы «Маёй школы» Ганны Севярынец маглі б расказаць не менш цікавага, калі б апавядалі самі, а не вуснамі былой настаўніцы. Чым не ідэя для новай кнігі — беларуская школа і сістэма адукацыі вачыма школьнікаў. Расказваем пра вартыя ўвагі кнігі, якія ўжо чакаюць сваіх чытачоў на паліцах кнігарань.
Читать на Onlíner(Выдавецтва «Янушкевіч»)
За тры гады пасля выхаду гэтага рамана па-англійску «Нармальныя людзі» сталі бестселерам у многіх краінах. Кнігу прасоўваюць пад слоганам «Сэлінджэр для міленіялаў». Так называюць пакаленне тых, каму сёння не больш за 40 гадоў, тых, у каго было дзяцінства без інтэрнэту і смартфона. І калі кніга Сэлінджэра — пра вонкавы бунт маладой натуры, то кніга Руні — пра ўнутраныя перамены ў моладзі.
«Нармальныя людзі» — гісторыя пра аднакласнікаў з невялікага ірландскага гарадка. Конэл Уолдран — любімчык усіх, Мэрыян Шэрыдан — хутчэй ізгой, хоць і разумная. Яна з багатай сям’і, а ён не можа дазволіць сабе ўсё, што захоча.
Маці Конэла прыбірае дом у сям’і Мэрыян, а сын забірае яе пасля працы. Маладзёны сутыкаюцца ў нязмушанай атмасферы, і ў іх завязваюцца адносіны. Праўда, яны зведзены пераважна да сексу. Здаецца, што ўсе задаволеныя, але гэта толькі на першы погляд: Мэрыян хацела б большага. Здараецца разрыў, пасля якога дзяўчына, каб не бачыцца з аднакласнікам, пераводзіцца на хатняе навучанне.
У наступны раз Конэл і Мэрыян сустракаюцца ў Дубліне, куды яны паступілі ў каледж. Іх жыцці змяніліся: у яго амаль няма сяброў, а вакол яе іх поўна. Выпадковая, па сутнасці, сустрэча маладых людзей скалыхнула былыя пачуцці. Яны зноў пачынаюць сустракацца, і, як у мінулы раз, гэтыя адносіны не выходзяць за межы ложка. Здаецца, што і на гэты раз усіх такі расклад задавальняе, але насамрэч не. Мэрыян хоча, каб Конэл дакранаўся да яе і пры іншых, а не толькі ў яе спальні, паказваў усім навокал, што яны разам. А ён не ведае, чаго хоча. Чарговы разрыў. Падобна да мыльнай оперы? Не. Але ўсё будзе паўтарацца зноў і зноў.
У цэнтры ўвагі рамана — не каханне, не секс, а перажыванні герояў. Праз узрост Конэла і Мэрыян прайшлі многія. Гэта той узрост, калі адбываецца пераход да дарослага жыцця, калі трэба браць на сябе адказнасць за ўчынкі. Надыходзяць перажыванні, а перажыванні ад адзіноты альбо кахання — ці не самыя частыя і самыя моцныя. На жаль, у нашым жыцці эмоцыям надаюць мала ўвагі — больш важным лічыцца штосьці матэрыяльнае, а не абстрактнае і такое недатыкальнае.
Паводле кнігі знялі серыял, але перад праглядам усё ж раім прачытаць кнігу.
На беларускую мову раман пераклала Ганна Янкута.
(Выдавецтва «Логвінаў»)
Дыяпазон творчай дзейнасці Артура Клінава даволі шырокі. Ён вядомы як мастак, акцыяніст, дызайнер і стваральнік арт-вёскі Каптаруны ў Пастаўскім раёне. У Каптарунах штогод адбываюцца разнастайныя літаратурныя фестывалі, мастацкія пленэры. Вядомы Артур Клінаў і як аўтар «Малой падарожнай кнігі па Горадзе Сонца», раманаў «Шалом», «Шклатара». І вось з’явіўся «Локісаў».
Дасведчаны чытач, нават не зазіраючы ў анатацыю кнігі, можа здагадацца, што яна звязана з фантастычнай навелай «Локіс» французскага пісьменніка Праспэра Мэрымэ. У навеле расказваецца пра Міхаіла Шэмета, маладога шляхціца, якога падазраюць у тым, што ён пярэварацень-мядзведзь. Па чутках, маці шляхціца была згвалтавана мядзведзем, так яна і нарадзіла Міхала. Падзеі твора разгортваюцца на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага.
Дарэчы, гэты сюжэт ў аснову мастацкага фільма паклаў беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка. Яго бульба-хорар «Масакра» выйшаў у 2010-м.
У рамане Артура Клінава мы бачым падобную завязку: поўнач Беларусі, невялікі горад N., у які прыязджае сталічны мастак Антон Локісаў. Ён хоча набыць дамок, каб там схавацца ад мітусні вялікага горада. Толькі з такім прозвішчам няпроста хавацца ў мястэчку, дзе ўсе жыхары чулі легенду пра мясцовага графа Шэмета, які быў локісам («локіс» — ад літоўскага lokys, «мядзведзь»). Да таго ж высвятляецца, што прозвішча ў прадзеда Антона было як у таго графа — Шэмет. І хоць мастак адхрышчваецца ад магчымага сваяцтва з локісам, увагі з боку міліцыі не пазбегнуць: у вёсцы адбываюцца таямнічыя забойствы, якія ўсе безумоўна звязваюць са з’яўленнем Локісава. Каб выкруціцца з такой сітуацыі, герою давядзецца праявіць кемлівасць. Артур Клінаў яму ў гэтым дапамог.
(Выдавецтва «Цымбераў»)
Ёсць аўтары, кнігі якіх выходзяць рэдка, але кожная становіцца падзеяй. Новую кнігу Святланы Курс (Ева Вежнавец — яе літаратурны псеўданім) акурат можна аднесці да такіх доўгачаканых. З выхаду папярэдняй кнігі пісьменніцы, зборніка апавяданняў «Шлях дробнай сволачы», прайшло трынаццаць гадоў. Аўтарка прызналася, што працавала над аповесцю «Па што ідзеш, воўча?» дзесяць гадоў. Ведаючы гэта, разумееш, што ў такой невялікай па аб’ёме кнізе кожнае слова будзе на сваім месцы. Святлана спрацавала як сапраўдны перфекцыяніст.
Паводле сюжэта алкагалічка Рына вяртаецца ў Беларусь з Германіі, дзе пэўны час працавала апякункай для пажылых людзей. На радзіме памерла яе бабка Дарафея, якая была вядомай мясцовай варажбіткай. Рыне даводзіцца ехаць на яе пахаванне. Вяртацца туды, дзе жанчыну накрыюць цені мінулага, а перад вачыма пранясецца ўсё жыццё. Толькі не тое кароткае жыццё, якое паспела пражыць Рына, а цэлае стагоддзе з жыцця іх балотных мясцін. І гэты летапіс іх зямлі будзе гучаць голасам бабулі, якая раскажа пра змены ўлады і рэпрэсіі, меліярацыю і калектывізацыю, смерць і нараджэнне. Корпацца ў мінулым, разбіраць старыя бабуліны сшыткі і пастарацца не звар’яцець ад слоў, якія абрынуцца моцным вадаспадам. Такая цяпер задача ў Рыны.
Каларыт кнізе дадаюць гаворкі роднай для пісьменніцы Любаншчыны. Але гэта не тая вясковая проза, якой шмат было напісана старэйшымі пісьменнікамі. Аповесць Вежнавец нясе ў сабе больш глыбокія сэнсы, чым простае апісанне сялянскага побыту.
Гэта кніга стала першай для жаночай выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм». Гэта ініцыятыва нашай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Выдавецтва менавіта з такой назвай спрабавалі зарэгістраваць колькі разоў, але пакуль безвынікова. Застаецца рабіць кнігі ў калабарацыі з іншымі.
(Выдавецтва «Лімарыус»)
Пісьменніца Ганна Севярынец парадавала чытачоў новай мастацкай кнігай. У адрозненне ад раманаў «Дзень Святога Патрыка» і «Гасцініца „Бельгія“», гэта кніга не звязана з персаналіямі беларускай літаратуры 1920—30-х гадоў.
Аповед у кнізе вядзецца ад імя настаўніцы-«русіцы» Ганны Канстанцінаўны. Працуе яна ў сярэдняй школе ў выдуманым горадзе Чарэпіты і дзеліцца замалёўкамі з працоўнага жыцця. І пра кіраўніцтва школы, якое прадстаўлена даволі каларытнымі асобамі, і пра школьнікаў, сярод якіх таксама процьма цікавых вобразаў.
У прадмове Ганна папярэджвае, што твор перадусім мастацкі. Але мы ж ведаем, што Севярынец працавала ў Смалявіцкай гімназіі, дзе з ёй не працягнулі кантракт акурат пасля таго, як яна апублікавала эмацыянальны верш «Не думай пра мяне, страляй. Думай пра Колю». Таму паверыць у суцэльную выдумку гэтай кнігі цяжка.
Сама пісьменніца не адмаўляе, што ў герояў кнігі, безумоўна, былі прататыпы. А пасля выхаду кнігі аўтарка пачала атрымліваць паведамленні, маўляў, у кнізе дакладна апісаны тыя ці іншыя асобы. Так склалася, што вобразы Ганны Севярынец аказаліся даволі ўніверсальнымі, і ў некаторых школах настаўнікі пазнаюць канкрэтных калег.
Вобразы горада і школы таксама ўніверсальныя. У нас у раённых цэнтрах яны ўсе падобныя. У кожнай школе ёсць дзяўчынка-выдатніца, якую настаўнікі цягаюць на ўсе магчымыя алімпіяды; ёсць настаўнікі, якія вымушаны займацца экстрасэнсорыкай і ў пачатку навучальнага года падаваць у абласное ўпраўленне адукацыі звесткі пра тое, колькі ў іх выпусціцца стабальнікаў (тых, хто атрымае 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні)…
Дык «Мая школа» — гэта зборнік гісторый і анекдотаў? Не, гэта кніга кароткіх апавяданняў пра настаўнікаў і вучняў, але яна напісана так захапляльна, што становіцца цікавай усім. У школе ж кожны вучыўся.
Дарэчы, летась Ганна Севярынец была ўключана Onliner у топ-10 крутых сучасных пісьменнікаў.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by