Цяжка ўявіць сабе чалавека, які б любіў Беларусь мацней, чым Уладзімір Караткевіч. Утрапёна, аддана, з вялікай цікавасцю да яе гісторыі і павагай да свайго народа. Караткевіч даследаваў амаль кожны куток сваёй радзімы: калі не ў падарожжы, дык у фальклорнай экспедыцыі разам з жонкай Валянцінай. Найбольш трапятліва беларускі пісьменнік ставіўся не толькі да сваёй малой радзімы, але і да месцаў, дзе нарадзіліся яго продкі. У «дыяментавым горадзе» Мсціславе, як яго называў сам Караткевіч, з’явілася на свет яго маці. У Рагачове і вёсцы Азярышча, што блізка ад райцэнтра, мясціліся дзедавы хаты. Натхненне для сваіх твораў Уладзімір Сямёнавіч часта чэрпаў з гэтых краёў. Напрыклад, «Груша цвіла апошні год...» — першыя радкі «Каласоў пад сярпом тваім» — узніклі ля Дняпра ў Азярышчы. Дзякуючы новаму праекту Onliner і A1, прысвечанаму лёсу і творчасці выбітнага пісьменніка, мы адправіліся па мясцінах Уладзіміра Караткевіча і прывезлі для вас некалькі адкрыццяў.
Читать на OnlínerНевялічкая вёска ў Рагачоўскім раёне становіцца ўсё меншай з кожнай хваляй магутнага Дняпра, які не спяшаючыся, але карпатліва знішчае яе, падмываючы берагі. Яго воды з кожным імгненнем набліжаюцца да вясковых могілак, каб сцерці са свету нават тое, што нагадвае мінакам аб колішніх жыццях і лёсах гэтага маленькага кавалачка зямлі.
Само Азярышча амаль пустое, на кароткай вуліцы бавяць час гутаркай дзве мясцовыя кабеты.
— Добры дзень! А дзе знаходзіцца хата Караткевіча? — пытаемся ў іх.
— Дык вось жа, дзе белая машына стаіць! — аднагалосна і захоплена адказваюць жанчыны.
— А нас пусцяць, не адмовяць у гутарцы? — асцярожна прашчупваем глебу.
— Вядома! У нас тут усе вельмі добрыя і адкрытыя людзі! — запэўніваюць яны.
Не схлусілі. Гаспадары хаты, куды пры жыцці нярэдка завітваў Уладзімір Караткевіч, гасцінна прымаюць нас у сваёй хаце. Яны жывуць у Мінску, але сярод тыдня вырашылі наведаць родныя маляўнічыя мясціны: пахадзіць па лесе, паглядзець на шырокі Дняпро і згадаць пра былое.
— Вось тут яны спалі з Валяй Караткевіч звычайна, на гэтай канапе — такая звычайная вясковая хатка, — праводзіць экскурсію па доме гаспадыня Надзея.
Мікалай Кірэйшын, рагачоўскі сябра Караткевіча, пазнаёміўся з будучым пісьменнікам яшчэ падчас пачатковай школы. Дзядзька Уладзіміра Караткевіча Ігар Грынкевіч выкладаў у Мікалая чарчэнне ў рагачоўскай школе і часта наведваўся ў дзедаву хату ў Азярышча.
— Гэта так даўно было, — пачынае ён. — Мы ездзілі ў школу ў суседнюю ў Рагачоў — на веласіпедзе. Аднойчы бацька купіў мне матацыкл, правоў у мяне шчэ не было: надта малы. Свой новы транспарт я ставіў у Грынкевіча ў двары, а Валодзька часта сюды прыязджаў у госці. Дзядзька сябраваў з маім бацькам, яны разам ездзілі на паляванне. Тады на Дняпры людзей было мала: толькі ў Грынкевіча і ў нас былі самапальныя маторныя лодкі (мой бацька працаваў бакеншчыкам), часта сплаўляліся па рацэ. Так і пазнаёміліся з Валодзем.
Мікалай згадвае, што ў той час — яшчэ вучнямі — хлопцы не думалі, якім вялікім чалавекам будзе Караткевіч.
— Ён быў чалавекам з гумарам, без закідонаў, любіў паспяваць і заўсёды прывозіў мне нейкі падарунак з-за мяжы. Калі чарку мог узяць, такі гумар быў: «Ой, цяжка мне, цяжка. Ногі мае, ногі, нясіце маю дупу!» — смяецца Кірэйшын. — Ходзяць чуткі, што напіваўся, тое-сёе... Колькі я яго ведаў, ніколі не бачыў такім, каб напіўся. Шклянку, туды-сюды, вясёлы — так, але п’яным яго не бачыў.
Што б сказаў Уладзімір Караткевіч, гледзячы на сённяшнюю Беларусь? Яго сябра лічыць, што ўжо сказаў, і прыводзіць цытату з «Каласоў...».
— Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: «Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцях мільёнамі. А тра́вы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя. На дойлідства — таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як...» Тут яго Мікола ў бок штурхае: «Пане Божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам з вамі». Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. «Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі».
Перш за ўсё спадар Мікалай прачытаў дэбютны зборнік «Матчына душа» Караткевіча, а потым... «Потым усё чытаў». Уладзімір Сямёнавіч падпісваў сябру шмат сваіх кніг, але знаёмыя бралі іх пачытаць ды так і не вярнулі. Тым не менш некалькі за яго подпісам засталося. Напрыклад, яго казкі, якія ўжо «зачытаныя да дзірак і не раз клеіліся». «Дзеткам сябра майго», — падпісаў ён падарунак да дня народзінаў сына Кірэйшына.
Але ў гэтым мястэчку былі задуманыя і створаныя галоўныя радкі ў творчасці Караткевіча. Так, падчас падарожжа па Дняпры пісьменнік заўважыў грушу, якая стала героем першых радкоў яго галоўнага рамана «Каласы пад сярпом тваім».
— Яны з Валяй і дзядзькам якраз ехалі па Дняпры да нас на начоўку, на рацэ быў вясенні разліў. Я іх сустракаў на лодцы. Груша была высокай, метраў шэсць, а мо і болей. Дзічка — мы ўсё збіралі гнілкі. Якраз у гэты час яна нахілілася над Дняпром. Бераг высокі, але вада дабралася да яго. Груша цвіла над Дняпром, нібы свечка, — яго гэта так уразіла! — згадвае спадар Мікалай. — Ён запамінаў усё, часта ж з намі быў у экспедыцыях, калі я працаваў у Акадэміі навук. У «Дзікім паляванні караля Стаха» коні лятуць. Непадалёк тут ёсць вёска Збароў, там ёсць заліўны луг, дзе пасвіліся коні. А ад Дняпра часта падымаецца туман. Калі мы ездзілі туды на паляванне, Валодзя ўпершыню ўбачыў, як гэтыя коні нібы ляцяць: туман сцелецца па зямлі, а яны бягуць. Гэта яго так уразіла, што гэтая думка ўвасобілася ў аповесці.
Рыгор Барадулін згадваў, што Караткевіч ва ўсіх вандроўках не выпускаў з роту цыгарэты і заўсёды трымаў у руках нейкую кнігу. Мікалай Кірэйшын з усмешкай згадвае, што цыгарэта была «для понту» — пра кнігі не памятае, толькі бачыў, што Уладзімір Сямёнавіч увесь час нешта пазначаў у нататніку — кожны крок. Назіраў Уладзімір Караткевіч у Азярышчы, а пісаў ужо ў Рагачове, у дзядзькавай хаце.
Груша, якая цвіла ў Азярышчы апошні год, цяпер ужо на метраў пятнаццаць у Дняпры, лічыць спадар Кірэйшын. Вёска раней была на іншым беразе ракі, але рака не пашкадавала яе.
— Яна чаму цвіла? Днепр падмыў бераг, зямля пайшла, палова карэнняў чаплялася за яе, а палова павісла над вадой, — адзначае ён.
Гэты райцэнтр на першы погляд мала адрозніваецца ад астатніх больш-менш буйных у Беларусі. Гандлёвыя кропкі, кавярні, заводы — звычайны горад для нетаропкага жыцця і клопату. Рамантыкі, бясспрэчна, Рагачову надае Дняпро — шырокі, уладны і цёмны, бы яго дно густа пакрыта імхом і таямніцамі. Каля ракі, як і ў Азярышчы, месцяцца могілкі. Толькі буйнейшыя і з капліцамі. Побач са старымі могілкамі ўсталяваны крыж шляхцічу Томашу Грыневічу. У 1863 годзе гэты чалавек кіраваў паўстанцкім атрадам у Рагачоўскім павеце. Менавіта на гэтым месцы Грыневіч быў расстраляны.
Ён стаў прататыпам героя рамана «Леаніды не вернуцца да зямлі» (або — пасля цэнзуры — «Нельга забыць») і ўвайшоў у апавяданне «Паром на бурнай рацэ». Уладзімір Караткевіч лічыў Томаша Грыневіча сваім продкам. Подпіс на крыжы — цытата з «Каласоў...»:
«Я не магу саступаць у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, — я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі і будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі».
Таксама Рагачоў — адзін з нямногіх гарадоў, дзе ёсць вуліца імя Уладзіміра Караткевіча. У беларускай сталіцы для такога ўшанавання памяці не знайшлося ці то месца, ці то часу, ці то жадання. На рагачоўскай вуліцы Караткевіча месціцца хата яго нябожчыка-дзядзькі, дзе цяпер жывуць яго нявестка і ўнук.
Хата — звычайная вясковая. Праўда, сваякі Уладзіміра Сямёнавіча скардзяцца, што цячэ столь. Гэты дом час ад часу збіраліся выкупіць мясцовыя ўлады пад музей, але пакуль — цішыня. Частку мэблі, рэчы і большасць фотаальбомаў родзічы пісьменніка аддалі ў тутэйшы музей, таму асаблівых артэфактаў у хаце не засталося. Але засталіся ўспаміны. Менавіта тут пісаліся «Каласы пад сярпом тваім», гэты раман Караткевіч пачаў у Рагачове ў красавіку 1962 года. Таксама на Рагачоўшчыне беларускі літаратурны геній ствараў «Сівую легенду» і «Ладдзю роспачы», «Чазенію» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Пры бліжэйшым знаёмстве з Рагачовам разумееш, што гэта не проста горад, дзе робяць згушчонку. Замкавая гара, пабудова на якой з’явілася дзякуючы Боне Сфорцы ў пачатку шаснаццатага стагоддзя, неагатычны касцёл з канца васямнаццатага, што перажыў шмат горкіх з’яў, старая царква — нездарма Уладзімір Караткевіч любіў тут бываць. На адным з дамоў горада некалькі гадоў таму з’явіўся мурал пісьменніка.
У Рагачове — месцы творчасці Уладзіміра Караткевіча — здавалася: нельга было не стварыць музей памяці пісьменніка. Але пакуль не стварылі. Цяпер, да 90-годдзя з дня народзінаў беларускага творцы, тэматычная экспазіцыя — з архіўнымі здымкамі, рэчамі і лістамі Уладзіміра Сямёнавіча — праходзіць у мясцовым Музеі народнай славы.
Супрацоўнікі расказваюць, што ўсе прадметы былі перададзеныя музею ў дар сваякамі пісьменніка. Напрыклад, тут ёсць фотаапарат дзядзькі, на які Караткевіч любіў здымаць мясцовую прыроду. Шмат сямейных здымкаў, ліставанні з дзядзькам — усе гэтыя рэчы ў арыгінале сабраныя ва ўстанове.
— Навошта ён увогуле прыязджаў у Рагачоў? Тут ён любіў пісаць, адпачываць і натхняцца. Хадзіў на паляванне і рыбалку, шмат фатаграфаваў — усё гэта заснята тут. Мы плануем стварыць у хаце яго сваякоў музей, але пакуль ёсць пытанні фінансавання. Пакой, дзе ён пісаў, амаль не змяніўся, нават шпалеры засталіся тымі ж, — распавяла дырэктар музея.
«Мсціслаў — горад маёй маці, кропля, асколак люстэрка, у якім адбіваецца ўся няпростая гісторыя Беларусі», — апісваў Караткевіч у сваім эсэ «Дыяментавы горад». Чаму дыяментавы? Бо пісьменнік патрапіў туды ў пачатку студзеня 1982 года, калі пасля страшэзнай буры на небе з'явіліся сонца і вясёлка, пад якімі блішчалі дахі забудоў. А да гэтага вылі завірухі, кусаўся мароз — горад накрыла нешта падобнае да Хаўера, які мы перажылі ў 2013-м.
«Вар’яцкі буран мінулай ночы паваліў слупы, абарваў і некуды занёс драты, адключыў ад электрычнасці па вобласці дзевяноста ферм і вёсак (у раёне, здаецца, дзевяць), перакрыў снегавымі хрыбтамі дарогі, нарабіў мноства іншых бед», — пісаў уражаны першым днём у Мсціславе Уладзімір Караткевіч.
Мы патрапілі ў гэты раённы гарадок падчас надта спакойнай, нават ласкавай позняй восені. Ён сустрэў асеннім сухім холадам, паўпустатой, карцінным узгорыстым рэльефам і старой архітэктурай. Мсціслаў — горад з больш чым тысячагадовай гісторыяй. Летапісы нагадваюць, што ў Сярэднявеччы тут было больш жыхароў, чым у Кіеве! Але ж цяпер у параўнанні з украінскай сталіцай беларускі райцэнтр — безнадзейна выміраючая вёска.
Дык што прывабіла Караткевіча ў Мсціславе? Яго назва і — прадказальна — шыкоўная гісторыя.
«І, вядома, самыя галоўныя гарадзішчы гэтай зямлі — гарадзішчы мсціслаўскія. А сярод іх гарадзішча Замкавая гара. Высокі мыс на правым беразе Віхры. Абкружаны шырокімі, метраў 60–100 і глыбокімі, метраў на 25 ярамі. Плошча 108 на 48 метраў, каля двух гектараў. Па краю Замкавая гара была абкружана яшчэ насыпным валам вышынёю на два з паловаю метры, але ён збярогся не паўсюль», — згадваў пісьменнік.
На Замкавай гары горада былі ўскрытыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, аж цэлых сем ярусаў вулічных мастоў з бервяна. Цяпер жа гэта ўзвышша — турыстычны аб’ект, які амаль штодзень застаецца сам-насам са сваёй гісторыяй і ўспамінамі пра былыя часы, калі жыццё ў Мсціславе бурліла, гаманіла і грукатала.
У Мсціславе стаяць два старыя і неверагодна прыгожыя касцёлы: кармеліцкі і езуіцкі. Першы рэстаўрыравалі падчас візіту сюды Караткевіча, цяпер рэстаўрыруюць другі. Дарэчы, Уладзімір Караткевіч упершыню наведаў родны горад сваёй маці, калі з яе дня народзінаў прайшло амаль 90 гадоў. І мы наведалі Мсціслаў напярэдадні 90-годдзя з даты з'яўлення на свет беларускага пісьменніка.
«Будынкі ззялі на сонцы, як вясёлка. І ззяюць зараз», — гэтыя словы пісьменніка застаюцца актуальнымі і сёння.
Людзі ў Мсціславе дужа працавітыя, але ж заспець іх у родным горадзе няпроста: працоўных месцаў бракуе, таму шмат хто ездзіць зарабляць у Расію, Магілёў ці Мінск. У беларускай мове ёсць выраз «мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы» — што сказаць, не дурань выдумаў. Уладзімір Караткевіч часта згадваў гэтую прымаўку і нават прыязна кпіў з мясцовых жыхароў.
«Ходзячы аднойчы па вуліцах горада з двума паважанымі мсціслаўцамі, я ўздумаў паддражніць іх. Успомніў пару выпадкаў, калі мсціслаўцы каралю жменю блох прадалі, успомніў, што „мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы“, прыпомніў, між іншым, як „недасекі“ на працягу ста пяцідзесяці год аблапошвалі ўсю імперыю кубрачаствам.
— Гэта што?
— А хадзілі па імперыі з просьбітнымі кніжкамі (заверанымі ў начальства і ў свяшчэнніка). Збіралі грошы на пабудову пагарэльных і ўзвядзенне новых цэркваў.
— Ну і што?
— Ну, каб усе тыя грошы, што яны сабралі, пусціць у справу, то ў Мсціславе не сем цэркваў было б і не „сорак саракоў“ (тысяча шэсцьсот), як у старажытнай Маскве, а мінімум шаснаццаць тысяч.
— Быць не можа.
— А вы зірніце ў „Расію“, т. ІХ, ст. 397.
Крыху абзадачаныя, яны раздумвалі надзьмуцца ім на мяне ці пусціць усю справу так, аж тут адзін з іх успомніў пра маю маці:
— Э, дык і вы ж таксама недасек.
— Ну так. Калі меркаваць па тым, што маці нарадзілася тут, і я таксама напалову недасек.
— Тады няхай, — прымірыліся яны».
Бадай, у 1980-х у Мсціславе было весялей і жывей.
Для нашых часоў гэты райцэнтр унікальны тым, што ў ім няма і ніколі не было помніка Леніну. На галоўнай плошчы горада, акурат перад райвыканкамам, мястэчка акідвае вокам Пётр Мсціславец, адзін з першадрукароў. Успаміны гараджан і архівы сведчаць, што пазіцыя наконт галоўнага гарадскога помніка тут была прынцыповай.
Сёння Мсціслаўскі раён лічыцца адным з самых дэпрэсіўных не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і ва ўсёй краіне. З года ў год, згодна з данымі Белстата, ён уваходзіць у лік аўтсайдараў па сярэдняй зарплаце. Калі бачыш, як людзі бягуць з гэтага месца ці мараць хутчэй пакінуць яго, хочацца заплюшчыць вочы. Горад такі маляўнічы і адрозны ад іншых! Часам не верыцца, што гэта ў Беларусі.
«...Аддаляецца горад, меншаюць сады і званіцы. Але не меншае над ім ліловая хмара і на гэтай хмары вялізная і празрыстая, прамытая вясёлка. Можа, не ўсім пашанцуе ўбачыць гэты горад такім дыяментавым, якім убачыў яго я, і сказаць яму „бывай“ пад такой яскравай вясёлкай», — так завяршыў Уладзімір Караткевіч сваё доўгае падарожжа на Мсціслаўшчыну, матчыну малую радзіму.
«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 i Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Гэты сезон прысвечаны 90-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча. Беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Праект з’яўляецца часткай інфармацыйнай кампаніі #Караткевіч90, якую ладзіць А1.
Другую казку прачытала Крысціна Дробыш. Яна распавяла, што раней не чытала «Старую казку». Калі актрысе прапанавалі агучыць твор, ён стаў для яе маленькім адкрыццём.
— Гэта маленькая казачка — апісанне жаночых пачуццяў словамі мужчыны. Калі б я не ведала, што аўтарам з’яўляецца Караткевіч, то падумала б, што гэта напісана жанчынай. Я прызвычаілася, што Караткевіч для мяне іншы: трошкі міфічны, а тут — нешта проста чалавечае, але, канешне, з яго почыркам. Але ж я адназначна назвала б Уладзіміра Сямёнавіча рамантыкам, хаця пры жыцці ён гэта абвяргаў. Яго творы прасякнуты рамантычнай ноткай, яны вельмі кранальныя. Можа, чым часцей чалавек адмаўляе нейкую здольнасць, тым больш яна ў яго праяўляецца? — задаецца пытаннем Крысціна Дробыш. — Для мяне гэтая казачка выглядала нібыта запіс у дзённіку чалавека: прыходзіць пэўная пара і разуменне абставін.
Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner. by