Пад канец восені выйшаў апошні матэрыял у рамках сумеснага з A1 праекта «Мова», прысвечанага гаворкам Беларусі. Усяго ж са жніўня па лістапад мы апублікавалі шэсць такіх артыкулаў. З нядаўняга часу гэтыя матэрыялы даступны ў Бібліятэцы Onliner, а непасрэдна відэаролікі сабраны ў раздзеле «Мова» на YouTube-канале Onliner Belarus. Разумеючы, што без падсумавання праект не можа лічыцца завершаным, ніжэй коратка падвядзём вынікі.
Читать на OnlínerЗ мэтай збору моўных фактаў мы праехалі па краіне каля 3300 кіламетраў, наведаўшы ў розных рэгіёнах 15 населеных пунктаў. Нашымі інфармантамі сталі 19 старажылаў ад 1926 да 1949 гадоў нараджэння. Як падкрэслівалася ў першым артыкуле цыкла, людзей для размоў мы выбіралі мясцовых, не прыезджых. Звярталася ўвага таксама на адукацыю — амаль усе нашы інфарманты па той або іншай прычыне былі вымушаны абмежавацца толькі навучаннем у школе.
Як паказана на карце, паездкамі мы ахапілі ўсе шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Але прывязка да іх была абрана толькі для зручнасці, бо дыялектны падзел у межах краіны даволі спецыфічны. Тым не менш сваю ўвагу мы канцэнтравалі менавіта на гаворках, дакладней на іх лексічным складзе. У выніку ў нашых артыкулах знайшлі адлюстраванне каля 100 дыялектных слоў (гэта без уліку тых, якія сталі паўнавартаснымі адзінкамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы).
У першай публікацыі цыкла мы адзначалі, што абмяжоўваць свае пазнанні ў сферы беларускіх гаворак адно трасянкай — значыць вельмі спрошчана глядзець на сітуацыю. Насамрэч усё куды больш складана і адначасова цікава, і паказаць гэта, спадзяёмся, у нас атрымалася. Прынамсі, падрыхтаваць шэсць разнастайных матэрыялаў толькі пра трасянку мы наўрад ці змаглі б.
A1 імкнецца дапамагчы беларусам нанава адкрыць для сябе ўласную спадчыну: традыцыі, гісторыю, культуру і іншыя элементы нацыянальнага багацця. Кампанія звяртае асаблівую ўвагу на найважнейшыя беларускія артэфакты, такія як беларуская мова, нацыянальнае мастацтва і куткі некранутай прыроды.
Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by