Топ-10 фактаў пра вывучэнне беларускай мовы, якія вы маглі не ведаць

Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Аляксандр Ружачка, Вадзім Шклярык
7425
21 февраля 2019 в 9:00

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, тэма якога сёлета гучыць так: «Мовы карэнных народаў важныя для ўстойлівага развіцця, будавання свету і прымірэння». Арганізацыя Аб’яднаных Нацый пастанавіла, мы выканалі — падрыхтавалі артыкул пра мову карэннага народа Беларусі, дакладней пра яе вывучэнне на працягу апошняга стагоддзя. За кожным з дзесяці адабраных фактаў стаіць адна або шэраг навуковых прац, якія ўжо выдадзены або яшчэ чакаюць свайго выхаду ў свет. Уласна ж фактаў пра вывучэнне беларускай мовы ў тэксце значна больш. Адзначым таксама, што ў наш топ увайшлі работы пераважна акадэмічных даследчыкаў. У прадстаўнікоў універсітэцкай навукі рэйтынг, напэўна, атрымаўся б іншым.

Читать на Onlíner

Пра што пойдзе гаворка:

«Гістарычны слоўнік беларускай мовы»

У 2017 годзе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі было завершана шматгадовае выданне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Агулам выйшла 37 выпускаў, якія змяшчаюць лексіку беларускай літаратурнай мовы XIV—XVIII стагоддзяў. Спіс апрацаваных пры стварэнні слоўніка крыніц налічвае 230 пазіцый, усяго выданне ўтрымлівае больш за 75 000 слоў.


Цяжка ўявіць, але непасрэдная работа па падрыхтоўцы слоўніка распачалася ў далёкім ужо 1973 годзе, а першы выпуск на літары А—Б выйшаў у 1982-м. Яшчэ больш неверагодна тое, што А. М. Булыка (сёння — член-карэспандэнт НАН Беларусі), які рэдагаваў той самы першы выпуск, указаны і ў якасці рэдактара апошняга, 37-га выпуску. Іншымі словамі, ёсць сярод беларускіх мовазнаўцаў чалавек, які ўдзельнічаў у гэтым праекце ад самага яго пачатку і да завяршэння. Жывая легенда.

Аляксандр Мікалаевіч Булыка

Застаецца толькі выказаць шкадаванне, што слоўнік не мае электроннай версіі. Так, большасць выпускаў аматарамі ўжо адсканавана і выкладзена ў інтэрнэт, аднак бракуе менавіта паўнавартаснага рэсурсу з адпаведным функцыяналам. Тым не менш нават у папяровым фармаце гэтае выданне (дакладней, яго ўкладальнікі) заслугоўвае як мінімум знятага капелюша, не кажучы ўжо пра розныя прэміі з граматамі.

«Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя»

А з гэтым праектам, які пабачыў свет у 2015 годзе, сітуацыя адваротная — ён існуе толькі ў электронным выглядзе (на кампакт-дыску). І гэта добра, бо пры пераносе на паперу выданне падрыхтаваных матэрыялаў расцягнулася б на дзесяцігоддзі. Рэч у тым, што ў працы ўлічаны і адлюстраваны ўсе творы мастацкай літаратуры, напісаныя ў ХІХ стагоддзі на беларускай мове, якія захаваліся да нашага часу (фігуруе лічба ў 497 адзінак).


За прыгожым словам «канкарданс» хаваецца даведнік, у якім кожнае словаўжыванне (а такіх налічваецца 257 000) суправаджаецца тэкставай ілюстрацыяй і звесткамі пра яго частату і месцазнаходжанне. Акрамя таго, карыстальнікам даступны паказальнік слоў, шэсць частотных слоўнікаў, адваротны слоўнік і некалькі аўтарскіх канкардансаў (В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Ельскага, К. Каганца і К. Каліноўскага).
Аўтарам-складальнікам гэтай аб’ёмнай працы з’яўляецца Н. М. Сянкевіч, якая і сёння працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Усё правільна, гаворка пра аднаго чалавека, не пра калектыў, і ў гэта, пагадзіцеся, цяжка паверыць. Своеасаблівым дадаткам да апісанага праекта (зыходзячы з аб’ёму) можна назваць яшчэ адну ўнікальную работу — слоўнік брытанца Арнольда МакМіліна «The Vocabulary of the Byelorussian Literary Language in the Nineteenth Century» (Лондан, 1973).

«Слоўнік мовы „Нашай Нівы“»

Бадай, кожны беларус ведае, што такое «Наша Ніва». Цяпер гэта інтэрнэт-выданне, але яшчэ зусім нядаўна адноўленую ў 1991 годзе «першую беларускую газэту з рысункамі» можна было патрымаць і ў руках. У пачатку XX стагоддзя «Наша Ніва», зразумела, выходзіла толькі на паперы, і сёння дзякуючы высілкам выдавецтва «Тэхналогія» мы маем годнае факсіміле абсалютна ўсіх тагачасных нумароў (нават 1920 года, пра якія вядома толькі спецыялістам).

Аднак не ўсе, напэўна, ведаюць, што ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа створаны «Слоўнік мовы „Нашай Нівы“», тры тамы якога (літары А—Р) ужо выдадзены. Вось-вось выйдзе чацвёрты том, а за ім, будзем спадзявацца, і пяты, у які ўвойдуць прадстаўленыя на старонках газеты імёны і прозвішчы людзей, псеўданімы, назвы паселішчаў і г. д. У тыя часы яшчэ не было грунтоўных граматык (пра іх ніжэй) і аб’ёмных перакладных слоўнікаў, таму беларуская мова ў выданні менавіта такая, якой яна была на пачатку XX стагоддзя, — неўнармаваная, сакавітая, свая.

Беларуская граматыка Антона Луцкевіча

Як і ў выпадку з «Нашай Нівай», цяжка ўявіць беларуса, які б нічога не чуў пра «Беларускую граматыку для школ» Браніслава Тарашкевіча. Упершыню дапаможнік быў надрукаваны ў 1918 годзе ў Вільні, пасля чаго было некалькі перавыданняў, а таксама факсіміле 1991 года.

Тым не менш спробы стварыць граматыку беларускай мовы былі і раней. У прыватнасці, у 1991 годзе быў знойдзены невялікі рукапіс, на тытульным лісце якога меўся наступны надпіс: «Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка паводле лекцый, чытаных на беларускіх вучыцельскіх курсах. Вільня, 1915—1916 год. Частка 1. Фанетыка і этымалогія. Вільня, 1916 год». Працай зацікавіўся спачатку нямецкі даследчык Карл Гутшміт, а пасля — яго вучань і калега Герман Бідэр, які ў 2017 годзе выдаў два тамы адпаведнага даследавання.

Давайце яшчэ раз. Нямецкі прафесар (!) падрыхтаваў у Германіі двухтомную (!) працу (агулам больш за 900 старонак), прысвечаную 70-старонкаваму рукапісу граматыкі беларускай мовы. Неверагодна, але факт. Прычым вельмі прыемны.

Навукова-тэрміналагічная камісія пры Наркамасветы БССР

Як адзначана ў адной разумнай кнізе, стварэнне ў лютым 1921 года Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР «стала першым крокам у справе арганізацыі навукова-даследчага інстытута па вывучэнню пытанняў беларускай культуры». Іншымі словамі, так пачынаўся Інстытут беларускай культуры, які ў 1928 годзе быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук. Утрыруючы і спрашчаючы, можна сказаць, што з мовазнаўчай па сваёй сутнасці камісіі «есть пошла» сённяшняя Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Чым не падстава для гонару за беларускую лінгвістыку?

Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры, 1922 год (прынамсі Янку Купалу з Якубам Коласам вы павінны тут пазнаць)

У 1920—1930-я гады беларускімі мовазнаўцамі было зроблена нямала (найбольш, зразумела, у 1920-я). Некаторая частка напрацаванага захавалася (згадайма хаця б 23 выпускі перавыдадзенай у 2010 годзе «Беларускай навуковай тэрміналёгіі», якія даступны анлайн), аднак у часы Вялікай Айчыннай вайны і напярэдадні яе многае ўсё ж было страчана. Няма сумневу, што калі б навуковую пераемнасць удалося захаваць, гэты топ-10 быў бы зусім іншым.

«Дыялекталагічны атлас беларускай мовы»

Страчанае ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў давялося аднаўляць. Адным з вынікаў гэтага працэсу стаў выдадзены ў 1963 годзе «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1027 абследаваных населеных пунктаў, 345 карт), аўтарскі калектыў якога ў 1971 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Дарэчы, першы том «Диалектологического атласа русского языка» выйшаў толькі ў 1982 годзе, а першы том «Атласа украïнськоï мови» — у 1984-м. Нехта з чытачоў справядліва заўважыць, што па тэрыторыі і Расія, і Украіна значна пераўзыходзяць Беларусь, таму такое параўнанне тут не зусім да месца. Усё правільна, але ж па логіцы і спецыялістаў у гэтых краінах мусіць быць больш.

Як бы там ні было, адны добрыя людзі сабралі матэрыял і зрабілі атлас, другія добрыя людзі адсканавалі яго, выклалі ў інтэрнэт і для зручнасці нават разбілі на асобныя карты. Карыстайцеся на здароўе!

«Лексічны атлас беларускіх народных гаворак»

Гэты праект стаў лагічным працягам папярэдняга. Рэч у тым, што «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» змяшчае пераважна карты па фанетыцы, марфалогіі і сінтаксісе і толькі часткова рэпрэзентуе лексіку. Апошняя ж, як вынікае з назвы выдання, якраз і прадстаўлена на старонках «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак».

216 абследаваных населеных пунктаў, 5 тамоў вялікага фармату (1993—1998), у якіх змешчана 1791 карта, — і ў выніку Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, якую аўтарскі калектыў атрымаў у 2000 годзе. Так, усе карты «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» таксама ёсць у інтэрнэце.

«Вялікі слоўнік беларускай мовы» Ф. А. Піскунова

Аб’ём гэтага арфаграфічна-граматычнага слоўніка, які выйшаў з друку ў 2012 годзе, складае 1212 старонак. Яго аўтар — Ф. А. Піскуноў (1950—2013), хімік па адукацыі і вялікі аматар беларускай мовы. Работа створана з выкарыстаннем праграмных тэхналогій, што дазволіла ўключыць у рэестр рэкордную для беларускіх слоўнікаў колькасць слоў — каля 223 000. Прычым зроблена ўсё гэта, падкрэслім, адным чалавекам.

Вучонымі мужамі выданне было ўспрынята неадназначна — і таму, што аўтар не мовазнавец, і таму, што, маўляў, нельга так проста ўзяць і стварыць слоўнік. Тым не менш праект Ф. А. Піскунова, хто б што пра гэта ні думаў, з’яўляецца важкім (ва ўсіх сэнсах) унёскам у вывучэнне беларускай мовы.

«Вялікі слоўнік сінонімаў беларускай мовы» М. Н. Крыўко

Нявыдадзены пакуль «Вялікі слоўнік сінонімаў беларускай мовы» ствараўся М. Н. Крыўко (1949—2016), вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, ці не ўсё свядомае жыццё. Адсюль і такі аб’ём: 54 500 апрацаваных лексічных і фразеалагічных адзінак, 16 200 сінанімічных радоў. Для параўнання, папулярны ў Беларусі «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М. К. Клышкі ўключае ўсяго каля 1900 сінанімічных радоў.

Мікалай Нілавіч Крыўко

Нягледзячы на заўчасны сыход аўтара з жыцця, свой праект ён дарабіць усё ж паспеў — рукапіс (дакладней, камп’ютарны набор) з мінулага года знаходзіцца ў выдавецтве. Выхаду працы чакаюць многія, некаторыя нават паспелі ўжо страціць надзею і махнуць рукой. Але давайце спадзявацца на лепшае. Паралельна з выданнем слоўніка варта будзе думаць і пра стварэнне яго паўнавартаснай электроннай версіі, бо інакш сёння нельга.

Новы шматтомны тлумачальны слоўнік і Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак

Пра гэтыя два слоўнікі распавёў у сваім нядаўнім інтэрв’ю дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў. Дададзім толькі, што гаворка ідзе пра фундаментальныя, этапныя выданні, якія дазволяць абагуліць зробленае раней, ацаніць сучасную моўную сітуацыю, ну і падумаць пра перспектывы вось гэтага ўсяго.

Разам з тым многія пагодзяцца, што абедзве працы абавязкова мусяць быць прадстаўлены ў інтэрнэце, а ў ідэале адразу стварацца як інтэрнэт-праекты. І калі Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак якраз і рыхтуецца ў дзвюх версіях, то ў выпадку з новым тлумачальным слоўнікам сітуацыя пакуль іншая. Будзьма рэалістамі: выдаваць на працягу 10—20—30 гадоў папяровы шматтомнік, звесткі ў якім будуць паступова траціць актуальнасць, — значыць, у немалой ступені абмяжоўваць кола магчымых карыстальнікаў. Натуральна, слоўнік паступіць у бібліятэкі, але хто сёння пойдзе туды, каб удакладніць інфармацыю наконт некалькіх слоў? Вы б пайшлі?

Асобныя фотаздымкі ўзяты з інтэрнэт-крыніц.

10-го поколения, экран 6" E-Ink Carta, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
Нет в наличии
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти
Нет в наличии

Цікава пачытаць:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by