Культавы Станкевіч, нобелеўская Алексіевіч, народны Быкаў. Топ-10 найлепшых кніг часоў беларускай незалежнасці

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны
10 925
05 февраля 2019 в 15:06
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Якія кнігі варта прачытаць, каб зразумець, хто кім ёсць у беларускай літаратуры часоў незалежнасці? Напярэдадні XXVI Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша мы склалі суб’ектыўны топ з дзесяці кніг, якія лічым найлепшымі. Прачытаеце іх і ўбачыце, што айчынная літаратура — гэта не абавязкова творы пра вёску і вайну. Гэта кнігі, напісаныя не горш за сучасную прозу з іншых краін. Гэта еўрапейская літаратурная традыцыя.

Читать на Onlíner

Святлана Алексіевіч. Чарнобыльская малітва (выдавецтва «Остожье», 1997)

Святлане Алексіевіч было 49, калі яна напісала сваю галоўную кнігу. І ўжо больш за 20 гадоў менавіта «Чарнобыльская малітва» застаецца візітнай карткай пісьменніцы. Нават пасля атрымання Нобелеўскай прэміі ў 2015-м гэту кнігу перакладаюць і перавыдаюць значна часцей за «Час second-hand» (пакуль апошні твор аўтара).

У «Чарнобыльскай малітве» Святлана Алексіевіч расказала пра агульначалавечую праблему — небяспеку, якую нясе атамная энергія. Карысць, калі да яе ставіцца без належнай асцярожнасці, заўсёды можа ператварыцца ў зло. Кніга загаварыла галасамі пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў красавіку 1986 года, а таксама галасамі тых, хто змагаўся з наступствамі аварыі. Ліквідатары, дактары, фізікі... Святлана дзесяць гадоў ездзіла і размаўляла з людзьмі.

У выніку атрымаліся шчымлівыя гісторыі, якія здольныя выклікаць слёзы ў любога чытача. Кніга пра чалавечы боль, ад якога ніхто не здольны схавацца. Бяда можа падсцерагчы кожнага. Там, дзе чалавек, — не можа не быць памылак.

Паводле «Чарнобыльскай малітвы» паставілі дзясяткі спектакляў па ўсім свеце, знялі дакументальныя фільмы. Але маштаб творчасці Алексіевіч, на жаль, высока ацанілі адразу не ў Беларусі ці Расіі — на атрыманне Нобелеўскай прэміі пісьменніцу вылучыў Шведскі ПЭН-цэнтр. Сама ж яна лічыць сябе беларускай і застаецца жыць у Мінску.

Купіць кнігу

Васіль Быкаў. Сцяна (выдавецтва «Наша Ніва», 1997)

«Сцяна» стала першай беларускай кнігай, выдадзенай праз краўдфандынг. Праўда, у той час гэтым словам не карысталіся. Праект па выданні назвалі «народным» — грошы збіралі талакой. Кнігу склалі аповесць «Пакахай мяне, салдацік», 14 апавяданняў і адно эсэ.

«Пакахай мяне, салдацік» пераносіць чытача ў Альпы, у апошнія дні вайны. Так, гэта зноў вайна, толькі ў цэнтры ўвагі Быкава зусім не зброя і забойствы, а пачуцці лейтэнанта Змітра да дзяўчыны Франі. Малады савецкі афіцэр выпадкова сустрэў зусім юную беларусачку ў Аўстрыі за які дзень да капітуляцыі Германіі (лейтэнант — таксама беларус). І яны закахаліся адзін у аднаго. Далёка ад дому спаткаліся дзве блізкія душы. Вось-вось яны прыдумаюць, як застацца разам. Але вайна абарвалася, а разам з ёй — і надзея на шчасце ў галоўных герояў. Парадокс. Вайна заканчваецца, але гэта і становіцца перашкодай для маладых.

Чым гэтая кніга адметная сярод іншых кніг Быкава? У змешчаных тут апавяданнях Быкаў давёў да віртуознасці сваё майстэрства пісьменніка-экзістэнцыяналіста. Недарма яго творы параўноўваюць па ўзроўні з прозай Альбера Камю.

Напрыклад, у «Жоўтым пясочку», найбольш вядомым апавяданні, пісьменнік звярнуўся да тэмы рэпрэсій 1930-х. На расстрэл вязуць шacцяpыx знявoлeныx. Селянін, паэт, чэкіст, былы бeлaгвapдзeeц, мacкoўcкi грабежнік, пapтыeц-бaльшaвiк. Машына пачынае буксаваць, і расстрэльных выводзяць, каб яны дапамаглі выцягнуць яе з ямы. Машыну, у якой іх вязуць на смерць. Абсурд, здавалася б! Аўтар па-майстэрску выпісаў характары і да дробязей перадаў паводзіны сваіх персанажаў.

Акурат у 1990-х — пачатку 2000-х Васіль Быкаў мог атрымаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Шансы былі высокія. Але ў 2002 годзе прэмію аддалі венгру Імрэ Кертэсу. Проза Кертэса блізкая да Быкаўскай. Даць высокую ўзнагароду абодвум падобным аўтарам не маглі, а ў 2003-м Васіль Быкаў памёр.

Юры Станкевіч. Любіць ноч — права пацукоў (выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2000)

За раман «Любіць ноч — права пацукоў» Станкевіча не толькі хвалілі, але і ганілі. І працягваюць гэта рабіць. Прэтэнзіі, як бы сказалі сёння, — у непаліткарэктнасці. Тады ж, як кніга выйшла, гэта быў свежы павеў у айчыннай літаратуры. Раман вокамгненна стаў культавым. Пабачыў некалькі перавыданняў. Мінула два дзесяцігоддзі, а аўтар так і не напісаў ніводнага твора ўзроўню «Пацукоў...».

Што да сюжэта. У горад Янаўск прыязджаюць «прыхадні». Іх становіцца ўсё болей. Гандлююць наркотыкамі, займаюцца цёмнымі справамі. Побач з домам, у які засяліліся прыезджыя, жыве жанчына з сынам-інвалідам — у яго псіхічнае захворванне. І вось новыя суседзі не даюць ёй жыцця. Робяць усё, каб яе выжыць. Жанчына скардзіцца ўчастковаму, а той толькі разводзіць рукамі. Тады яна расказвае пра ўсё брату, і той абяцае прыехаць з іншага горада. Але пакуль ён збіраўся, сястра загінула, і брат пачынае барацьбу.

За што пасыпаліся абвінавачванні на адрас Станкевіча? Пад «прыхаднямі» ён апісаў цыганоў. Да таго ж галоўны герой вырашае праблему сілай — так тыпова для рэчаіснасці 1990-х. Свой Янаўск, дарэчы, Юры Станкевіч спісаў з Барысава. Пасля «Пацукоў...» за пісьменнікам замацавалася слава аўтара з праварадыкальнымі поглядамі.

Гэта раман, паводле якога лёгка маглі б зняць фільм хоць у Францыі, хоць у ЗША. Што шмат разоў і рабілі ў выпадку з падобнымі сюжэтамі. Але ў Беларусі баевікоў пакуль не здымаюць.

Купіць кнігу

Алена Брава. Каменданцкі час для ластавак (выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2004)

Аповесць «Каменданцкі час для ластавак» — аўтабіяграфічны твор. У яго аснову пакладзена жыццё савецкіх жанчын, якія выйшлі замуж за кубінцаў і пераехалі на Востраў Свабоды.

Алена Брава была адной з такіх жанчын. Яна выйшла замуж за кубінца, з якім пазнаёмілася ў Мінску. І ў 1989 годзе яны адправіліся на радзіму мужа. Меркавала, з’язджае назаўсёды. Але даволі хутка з маленькай дачкой на руках ёй давялося вяртацца ў Беларусь.

Беднасць, нізкі ўзровень жыцця, пастаянныя чэргі (для жанчын і мужчын яны былі асобныя, маўляў, мужчыны працуюць — іх трэба хутчэй абслужыць і адпусціць, а жанчыны могуць і дзень стаяць), падазронае стаўленне да прыезджых з СССР. Брава на Кубе вяла дзённік, з якога пазней і паўстала мастацкая кніга.

«Каменданцкі час для ластавак» — гэта той рэдкі выпадак для беларускай літаратуры, калі дэбютная кніга становіцца галоўнай у аўтара, вызначаючы далейшую творчасць. З гэтай кнігі (а ўсяго Брава напісала іх толькі тры) і пачалася слава пісьменніцы як даследчыцы жаночай душы.

Купіць кнігу

Адам Глобус. Дом (выдавецтва «Логвінаў», 2004)

«Дом» — вяршыня Глобуса-празаіка (ён яшчэ і цудоўны паэт, між іншым). Гэта своеасаблівы пантэон сям’і аўтара. Кампазіцыйна раман складаецца з пяці частак: «Унук», «Дачка і жонка», «Брат», «Баба з дзедам», «Мама+тата». Кожная частка падзяляецца на невялікія раздзелы-мініяцюры. Многае нам гаворыць аўтарская падназва гэтага твора: «Аўтапартрэт у сямейным інтэр’еры». Але ў кнізе няма раздзела «я». Так званы «аўтапартрэт» Адам Глобус вымалёўвае на падставе астатніх частак, праз іншых сямейнікаў.

Раман «Дом» адрозніваецца ад іншых твораў Глобуса. Пра родных людзей гаворка ідзе ў вельмі цёплай і пяшчотнай танальнасці, не ўласцівай аўтару ў іншых кнігах (прыгадайма, напрыклад, вельмі з’едлівы і жорсткі тон у «сУчасніках»). Пісьменнік вельмі шчыры са сваімі чытачамі — ён дзеліцца даволі інтымнымі падрабязнасцямі з жыцця, але робіць гэта па-мастацку. Цікавая кніга яшчэ і тым, што дазваляе больш даведацца пра жыццё іншага беларускага пісьменніка — Вячаслава Адамчыка, бацькі Адама (сын, дарэчы, узяў псеўданім, каб не быць у ценю бацькавай славы: сапраўднае імя Глобуса — Уладзімір Адамчык).

«Дом» не падобны да класічнай аўтабіяграфіі, тут не знайсці пераасэнсавання пражытых гадоў ці разваг, а ёсць толькі канстатацыя таго, што сям’я ў жыцці кожнага чалавека можа стаць трывалым падмуркам для будучых прафесійных і творчых здзяйсненняў.

Уладзімір Арлоў. Сланы Ганібала (выдавецтва «Логвінаў», 2005)

Уладзімір Арлоў у 1980—1990-х прэтэндаваў на месца неверагодна папулярнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які памёр у 1984 годзе. Пісаў Арлоў аповесці і апавяданні на гістарычныя сюжэты. Але ў 1990-х усё часцей з-пад яго пяра пачалі выходзіць эсэ. І якія!

Эсэ Арлова — своеасаблівая хроніка змен, што адбываліся ў нашай краіне і навакольным свеце. Вандруючы ў прасторы і часе, аўтар паўсюль — у Лондане і Лепелі, у полацкіх лабірынтах і на руінах Карфагена — нязменна шукае Беларусь і беларусаў.

Назіральны, іранічны, Арлоў пісаў нетрывіяльныя тэксты пад такімі ж нетыповымі для беларускай савецкай літаратуры назвамі — «Божая кароўка з Пятай авеню», «Ці бываюць чарвівыя мандарыны?», «Тунэль з Серабранкі ў Берлін», «Канцэрт для міланскіх катоў»... Арлоў, зрэшты, не мае ніякага дачынення да савецкіх аўтараў. Ён — найярчэйшы прадстаўнік беларускай літаратуры часоў незалежнасці. Ні адну яго кнігу нельга назваць прахадной. Кожны твор — варты прачытання.

Праўда, пасля «Сланоў Ганібала» пісьменнік пераключыўся на кнігі гістарычных эсэ («Краіна Беларусь», «Краіна Беларусь. ВКЛ», «Айчына. Маляўнічая гісторыя»). А ў 2017-м зноў выдаў зборнік новых аповесцей (папярэдняй мастацкай кнігай быў «Ордэн Белай мышы», які выйшаў у 2003 годзе) — «Танцы над горадам», за які атрымаў прэмію Гедройца.

Купіць кнігу

Андрэй Федарэнка. Нічые (выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2009)

Андрэй Федарэнка, як ураджэнец вёскі, шмат увагі ў кнігах надае менавіта сельскаму жыццю. Аднак не столькі дэталізуе побыт вяскоўцаў, колькі піша пра іх унутраны свет — нават шэры: пра ўнутраны стан чалавека ў пэўных дэкарацыях (у вёсцы, падчас пераезду вяскоўца ў горад і інш.).

Кніга «Нічые» складаецца з рамана «Рэвізія» і аповесцей «Вёска» і «Нічые». Для самога аўтара ў кнізе больш важны раман. Відаць, таму, што ён аўтабіяграфічны. Федарэнка апісаў, як ён прыехаў у Мінск і пазнаёміўся з літаратурнай тусоўкай.

Вясковы нерашучы хлопец трапляе ў кола больш разняволенай моладзі. І тут пачынаецца... Гэта значна спрошчаны пераказ для тых, хто не знаёмы з рэаліямі канца 1980-х — пачатку 1990-х у беларускай літаратуры. Бо твор мае прататыпаў — пісьменнікаў з літаб’яднання «Тутэйшыя» (той жа незабыўны Анатоль Сыс...). Прычым ён нашмат глыбейшы, чым проста моладзевыя вечарынкі.

«Вёска» — пра маладога і сарамлівага хлопца, які працуе вясковым бібліятэкарам. Не паступіў вучыцца пасля школы, таму трэба чымсьці заняць год. У бібліятэцы ён знаёміцца са школьніцай. Паміж імі ўзнікае каханне. Але не быў бы гэта Федарэнка, каб усё ў аповесці было так проста. Па-першае, ніякай пошласці. Па-другое, бясконцае самаедства галоўнага героя — калупанне ў сабе.

«Нічые» — гістарычная аповесць, прысвечаная паўстанню заможных сялян у 1920-м на Случчыне. Падобныя паўстанні былі не адзінкавымі, але менавіта на Случчыне выступленне было самым масавым і мела нацыянальна-вызваленчы характар. Пра гэтую падзею Васіль Быкаў напісаў апавяданне «На Чорных лядах». Але ў Быкава яно вельмі цяжкае для прачытання. Федарэнка ж напісаў пра трагічны эпізод у гісторыі даходліва і займальна.

Між іншым, «Нічые» выйшлі пасля 16-гадовай паўзы Андрэя з «дарослымі» кнігамі. За гэты час ён напісаў кнігі для дзяцей і падлеткаў — «Шчарбаты талер» (па ёй знялі чатырохсерыйны мастацкі фільм «Тры талеры») і «Афганская шкатулка».

Купіць кнігу

Барыс Пятровіч. Спакушэнне (выдавецтва «Кнігазбор», 2013)

Барыс Пятровіч — аўтар, які піша цудоўныя апавяданні. Застаючыся верным класічным традыцыям па форме, але не па змесце. І «Спакушэнне» — кніга крутой прозы. Пятровіч піша пра нас і наша жыццё. Але ў яго няма ніякай гісторыі, ніякага маралізатарства. Сваёй прозай пісьменнік паказаў, што беларуская літаратура — гэта не занудна, не прадказальна і не толькі пра сялян і іх бясконцую барацьбу за зямлю.

Многія празаікі час ад часу бяруцца за кароткую форму. Толькі рэдка ў каго атрымліваецца напісаць цудоўнае апавяданне. Аўтару «Спакушэння» гэта ўдаецца. І калі, напрыклад, прызнаны майстар Вінцэсь Мудроў апісвае ў сваіх творах нашу рэчаіснасць, то Пятровіч у свой рэалізм дадае магію. Ён стварае нерэальныя развязкі.

Ніякай прадказальнасці. Чытач застаецца ў напружанні да канца. А калі паспявае ўсё-ткі расслабіцца ад апісання шараговай гісторыі, то фінал аўтар робіць такім, што скаланае.

Дарэчы, пісьменнік — пляменнік іншага празаіка, Барыса Сачанкі. І ён поўны цёзка дзядзькі. Каб не ўзнікала блытаніны, узяў псеўданім — Барыс Пятровіч.

Альгерд Бахарэвіч. Дзеці Аліндаркі (выдавецтва «Галіяфы», 2014)

Пісаць раманы не толькі па-беларуску, але і пра беларускую мову ўсё больш папулярна і актуальна. Адразу ўзгадваюцца «Мова» Віктара Марціновіча і «Дзень Святога Патрыка» Ганны Севярынец. Альгерд Бахарэвіч — у гэтым жа шэрагу. Ён напісаў сваю версію гісторыі пра беларускі акцэнт і яго выкараненне ў цалкам зрусіфікаваным грамадстве.

Галоўныя героі кнігі — Лёся і Лёччык, а таксама Бацька Лёсі, які выхоўвае дзяўчынку выключна па-беларуску. А каб пра яе беларускую мову не даведаліся ў школе, дзяўчынка там увесь час маўчыць. Урэшце гэта прыводзіць да таго, што Лёсю ў Бацькі забіраюць і накіроўваюць у «Лагер», каб навучыць гаварыць «правільна». Бо беларускі акцэнт — гэта тое, ад чаго трэба неадкладна пазбавіцца, і ў гэтым дапаможа Доктар. «Беларускі акцэнт можна вылечыць — дастаткова проста выплюнуць костачку... Пакуль ты малы — гэта не балюча. Так кажа Доктар, а яму трэба верыць...»

З так званага моўнага лагера Лёся збягае ў кампаніі з хлопчыкам Лёччыкам, і тут пачынаецца іх небяспечнае падарожжа па лесе.

Сам аўтар назваў гэты раман «страшнаватай казкай пра дэманаў беларушчыны і нашае заўтра». Першапачаткова кніга мела назву «Канцлагер „Сонейка“», але пазней Бахарэвіч вярнуўся да Аліндаркі, героя паэмы Францішка Багушэвіча «Кепска будзе».

«Дзеці Аліндаркі» важныя не тым, што яны на мове і пра мову. Гэта кніга высокага стылю. Не белетрыстыка, якую чытаюць, каб заняць вольны час. Гэта кніга, з якой пачаўся новы пісьменнік Бахарэвіч. Аўтар агульнаеўрапейскага ўзроўню.

Раман «Дзеці Аліндаркі» летась выдалі па-французску. Рыхтуецца выданне па-англійску.

Купіць кнігу

Людміла Рублеўская. Пяцікніжжа пра прыгоды Пранціша Вырвіча (выдавецкі дом «Звязда», 2012—2019)

Калі ва Уладзіміра Арлова не атрымалася (а мо ён і не намагаўся гэта зрабіць?) стаць прадаўжальнікам Уладзіміра Караткевіча на ніве гістарычнай прозы, то Людміла Рублеўская гэта паспяхова зрабіла. Праўда, гэта ніякае не перайманне стылю вядомага пісьменніка. Рублеўская — самадастатковы аўтар. Проста так сталася, што ўсе, хто піша гістарычныя раманы, выйшлі з кніг Уладзіміра Сямёнавіча.

Рублеўская напісала некалькі кніг прозы з рознымі героямі і пра розныя перыяды. Яна паспяхова «змешвае» сучаснасць з гісторыяй, дадае дэтэктыўныя ці прыгодніцкія лініі. А ў 2012 годзе яна выдала «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Падзеі рамана разгортваюцца ў XVIII стагоддзі, галоўныя героі — былы вучань Менскага езуіцкага калегіума шляхціц Пранціш Вырвіч і доктар-алхімік Баўтрамей Лёднік. Іх выпадковая сустрэча кардынальна змяніла жыццё абодвух, хоць і была не самай прыемнай: Вырвіч купіў Лёдніка за медны шэлег. Але разам іх чакае шмат прыгод, інтрыг, таямніц і пошукаў разгадак.

Персанажы кнігі настолькі захапілі пісьменніцу і чытачоў, што з’явіліся яшчэ чатыры раманы. Прыгоды беларускіх герояў у пяцікніжжы пра Пранціша Вырвіча не менш захапляльныя за подзвігі французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.

Раманы адрозніваюцца высокай дынамікай дзеянняў, няспыннай зменай лакацый і нечаканымі паваротамі сюжэта. На працягу ўсіх пяці твораў чытачы наўрад ці паспеюць засумаваць, а вось перажываць за лёс герояў будуць няспынна. Дзякуючы гэтай серыі кніг мы з гонарам можам сказаць, што ў Беларусі ёсць сваё годнае гістарычнае фэнтэзі.

Пра Пранціша Вырвіча цяпер у Беларусі здымаюць мастацкі фільм.

Купіць кнігу

XXVI Міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрыецца ўжо заўтра. З яе праграмай можна пазнаёміцца тут.

Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!