4828
23 апреля 2025 в 11:06
Автор: Таня Машкович. Фото: Максім Маліноўскі

Адзенне, якое не выходзіць з моды. У Вялікім тэатры паказалі незвычайнае дэфіле

Автор: Таня Машкович. Фото: Максім Маліноўскі

Учора ў Вялікім тэатры прайшоў вечар беларускай культуры. На сцэне паказалі оперу «Сівая легенда», а да пачатку гледачам прапанавалі прыняць удзел у тэматычных майстар-класах. Віталі ўсіх артысты оперы і балета, якія выйшлі да публікі ў строях з нацыянальных спектакляў. Паказваем, якім быў тэматычны вечар на галоўнай тэатральнай пляцоўцы краіны. 

Традыцыйна Вялікі тэатр рыхтуе вечар беларускай культуры сумесна з Музеем старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

У гэтым годзе пачатак тэматычнага вечара прызначылі на 18:00. Першы майстар-клас, у якім прымалі ўдзел госці вечара, — традыцыя завязвання слуцкіх паясоў. Калі здаецца, што ўсё так проста (маўляў, закруціў — і ўсё), дык не. Тут патрэбна амаль навуковая падрыхтоўка!

 А што наконт жаночай моды? Дзяўчат запрасілі прыняць удзел у майстар-класе по завязванні ўнікальнага галаўнога ўбору — наміткі. Рабілі яго, дарэчы, з ільну — незакручаны ўбор нагадвае доўгае палатно. А як прыгожа выглядае! Сапраўды, гэта не проста імгненны трэнд, пра які назаўтра ўсе забудуць, а нешта значна большае.

Каб тэма моды была раскрыта поўнасцю, а нашы традыцыйныя ўзоры зайгралі на ўсю моц, зоркі Вялікага прынялі ўдзел у дэфіле. На кожным артысце — строі з нацыянальных спектакляў. Толькі паглядзіце на гэтыя ўзоры, колеры і дэталі!

А 19 гадзіне на сцэне Вялікага пачалася опера «Сівая легенда». Аўтар — кампазітар Дзмітрый Смольскі, а напісана опера па матывах гістарычнай аповесці Уладзіміра Караткевіча.

Дарэчы, сам твор Караткевіча ўпершыню апублікаваны ў 1961 годзе, ён лічыцца класікай беларускай літаратуры.

Крыху ўвядзём у кантэкст. Падзеі адбываюцца ў Магілёве ў 17 стагоддзі. У цэнтры сюжэта — гісторыя сапраўднага кахання, якому давядзецца прайсці праз забароны, пакаранні і нават войны. Пазнаёміцца з кароткім зместам можна вось тут. І, канешне, рэкамендуем прачытаць арыгінал.

Опера была створана ў 1978 годзе, а лібрэта да яе Караткевіч напісаў сам. У верасні 2012 года адбылася прэм'ера новай рэдакцыі «Сівой легенды». Тады менавіта ёй Вялікі тэатр адкрыў юбілейны 80-ы сезон.

«Дакрананне да нацыянальнага мінулага — гэта не толькі знаёмства з легендарнымі шэдэўрамі, але і ўдзячная павага нашым продкам, напамін нашчадкам аб адвечных традыцыях айчыннага мастацтва», — адзначылі ў Вялікім тэатры.

Чытайце таксама:

 

Есть о чем рассказать? Пишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро

Перепечатка текста и фотографий Onlíner без разрешения редакции запрещена. ga@onliner.by