Днямі выйшаў з друку дадатковы наклад навукова-папулярнай кнігі «Як гавораць беларусы», пра якую Onlíner пісаў у чэрвені. Дый не проста пісаў, а нават зняў пра яе дакументальны фільм, у якім аўтар Вадзім Шклярык і мастачка Надзея Леановіч расказваюць пра асаблівасці працы над выданнем. У стужку ўключаны таксама ўнікальныя кадры з тыпаграфіі, на якіх паказаны працэс друкавання кнігі.
Прыгожа аформленае выданне пра беларускую мову аказалася даволі запатрабаваным, таму мінскае выдавецтва «Тэхналогія» прыняло рашэнне дадрукаваць наклад, каб кніга трапіла да яшчэ большай колькасці чытачоў. З нядаўняга часу выданне зноў можна набыць у інтэрнэт-краме Onlíner Prime:
Нагадаем, што ў кнізе даступна расказваецца пра тое, чым беларуская мова адрозніваецца ад рускай і ўкраінскай, якая ў яе дыялектная аснова і што адметнага ёсць у гаворках Беларусі. Да прыкладу, у выданні вы знойдзеце адказы на пытанні, што такое ганавíцы і мя́тлушка, дзе ў нас гавораць мухá і куры́ца і якіх беларусаў раней называлі сакунамі.
У дадатак да паказальных прыкладаў на старонках кнігі змешчаны QR-коды са спасылкамі на адпаведныя карты з «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак». У якасці ж ілюстрацый выкарыстаны выявы архітэктурных славутасцей Беларусі.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка