У красавіку мы пісалі пра тое, што з друку неўзабаве выйдзе навукова-папулярная кніга «Як гавораць беларусы», прысвечаная беларускай мове. Напісаў яе філолаг Вадзім Шклярык, які вядомы чытачам Onlíner дзякуючы праекту «Мова: як гаворыць краіна» і дакументальнаму фільму «Гаворкі Беларусі». Ужо ў маі кніга з'явілася ў продажы: набыць яе можна ў выдавецтве «Тэхналогія», у крамах сеткі «Белкніга», у кнігарні «Кніжная шафа» ды іншых. Мы пагутарылі з аўтарам і даведаліся, пра што гэтае выданне, на якога чытача разлічана і навошта амаль на кожнай старонцы надрукаваны QR-коды.
Вадзім Шклярык — навукоўца, кандыдат філалагічных навук. Добрую частку свайго жыцця ён прысвяціў вывучэнню адметнасцей нашых гаворак — мясцовых разнавіднасцей беларускай мовы. Колькі гадоў таму даследчык напісаў навуковую манаграфію пра мікратапонімы Усходняга Палесся, а цяпер стаў аўтарам невялікай навукова-папулярнай кнігі.
Мэтавая аўдыторыя выдання — 20—30-гадовыя маладыя людзі, якія хацелі б аднавіць базавыя звесткі пра беларускую мову, а таксама мець пад рукой доказы яе старажытнасці і ўнікальнасці.
— У 2021 годзе я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы каляровага развароту пра беларускія гаворкі для часопіса «Качели». І калі мы размаўлялі з намесніцай галоўнага рэдактара гэтага выдання, то прыйшлі да думкі, што было б добра падрыхтаваць не толькі вось такі разварот для падлеткаў, але і прыгожа аформленую навукова-папулярную кнігу пра беларускія гаворкі. Кнігу, якая б у даступнай форме, са шматлікімі прыкладамі, ілюстрацыямі расказвала б пра моўнае багацце, якое мы маем, — дзеліцца Вадзім. — Якая мэта выдання «Як гавораць беларусы»? Коратка распавесці пра асаблівасці беларускай мовы, паказаць яе адрозненні ад рускай і ўкраінскай, прывесці моўныя факты з мінуўшчыны. Хацелася таксама расказаць пра найбольш адметныя дыялектныя рысы, паказаць, што людзі ў рэгіёнах размаўляюць па-рознаму.
Я ўжо не першы год праз свае праекты імкнуся падвысіць статус нашых гаворак, засведчыць іх багацце і разнастайнасць. Хочацца, каб людзі ўспрымалі гаворкі як натуральную частку беларускай мовы, не саромеліся іх, шанавалі. І я бачу, што стаўленне да дыялектнай мовы сапраўды мяняецца.
Вадзім кажа, што першапачаткова хацеў падрыхтаваць навукова-папулярны атлас, у якім было б паказана, дзе і як у нас гавораць. Але такое выданне запатрабавала б вялікіх выдаткаў на мастацкае афармленне. Таму ў якасці кампраміснага варыянта аўтар абраў фармат звычайнай кнігі, але з QR-кодамі, якія ўтрымліваюць спасылкі на карты «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і 5-томнага «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак». Пры дапамозе смартфонаў чытачы могуць адкрываць гэтыя карты і глядзець, як тыя або іншыя моўныя асаблівасці распаўсюджаны ў межах краіны.
На працягу ўсёй кнігі чытача суправаджаюць яскравыя ілюстрацыі з маляўнічымі выявамі беларускіх архітэктурных помнікаў. Тут убачыш і ратушу ў Чачэрску, і Слуцкую браму ў Нясвіжы, і Пакроўскі сабор у Віцебску. Стварыла ілюстрацыі для кнігі мастачка Надзея Леановіч.
— Я шукаў у інтэрнэце кідкія мастацкія працы, якія б прыцягвалі ўвагу. Доўга не мог знайсці тое, за што б чаплялася маё вока. І вось аднойчы на адным сайце я натрапіў на карціны Надзеі Леановіч. Напісаў ёй у Instagram, мы сустрэліся, і Надзея пагадзілася заняцца афармленнем. Дарэчы, для яе праца над гэтай кнігай стала першым падобным праектам, — апавядае Вадзім. — Мы доўга абмяркоўвалі, якімі могуць быць ілюстрацыі. Быў варыянт проста праілюстраваць розныя словы, напрыклад «ровар», «валошка» і г. д. Але потым я зразумеў, што калі пойдзем падобным шляхам, то цэласнага афармлення не атрымаецца. Тады прыйшла ідэя паказаць на старонках кнігі помнікі архітэктуры з розных рэгіёнаў Беларусі. Па-першае, мы імкнуліся падабраць не самыя вядомыя будынкі, а па-другое, тыя, што функцыянуюць і не ў заняпадзе.
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа:
— На сёння вось такі фармат навукова-папулярных выданняў вельмі запатрабаваны. І я ўпэўнены: чым больш будзе з'яўляцца такіх выданняў, тым больш мы будзем папулярызаваць наша ўнікальнае, самабытнае, старажытнае беларускае слова. Тым больш будзем прывіваць любоў да беларускай мовы, тым больш яна будзе зразумелай, тым больш у яе будзе прыхільнікаў. Гэта адзін з дзейсных спосабаў захавання нашай мовы.
У інстытуце падрыхтавана серыя навукова-папулярных выданняў. Па-першае, гэта выданні, у якіх змешчаны ўнікальныя легенды і паданні беларусаў. Па-другое, выданні, прысвечаныя гісторыі беларускай мовы. І вось гэтае па-свойму цікавае выданне, прысвечанае дыялектнай мове. Яно змяшчае інфармацыю адносна таго, чым жа беларуская мова адрозніваецца ад суседніх усходнеславянскіх — украінскай і рускай — моў. Мы ведаем, што аснова сучаснай беларускай літаратурнай мовы — гэта народныя гаворкі. І вось аўтарам аналізуецца, якія ж словы з народных гаворак трапілі ў сучасную беларускую літаратурную мову і замацаваліся ў ёй. Таксама паказваюцца асаблівасці беларускіх гаворак розных рэгіёнаў краіны.
Вельмі важная асаблівасць кнігі заключаецца ў тым, што той матэрыял, які ў ёй падаецца, забяспечаны ілюстрацыямі, якія ў пэўнай ступені дапаўняюць выданне, робяць яго больш цікавым і прывабным.
Зміцер Санько, мовазнавец, галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія»:
— У часы маладосці, калі мне даводзілася ездзіць па Беларусі, я любіў гаварыць з мясцовымі людзьмі. Стваралася ўражанне, што яны, неяк выбачаючыся, казалі, што «ў нас гаворка мяшаная, не чыстая». Мабыць, параўноўваючы яе з літаратурнай моваю. А я думаю: «Ну чаму? Такая прыгожая гаворка. Чаму не чыстая, чаму мяшаная?»
І вось недзе ў другой палове 1970-х гадоў, я памятаю, мы з [паэтам] Алесем Разанавым абмяркоўвалі, наколькі важная жывая народная мова, наколькі яна важная для літаратурнай мовы, для яе ўзбагачэння. І я выказаў думку, што як добра было б, калі б у школах увялі факультатыў для вывучэння сваёй гаворкі, каб людзі больш паважліва ставіліся да яе...
Калі б такая кніга выйшла ў 1970-х гадах, калі яшчэ вясковая супольнасць не была разбураная, калі вёска яшчэ была жывая, тады яна была б надзвычай важнай. Тады б, бясспрэчна, яе можна было б выдаць велізарным накладам. Шкада, што так мы запазніліся з гэтым. Але няма сумневу ў тым, што кніга дужа патрэбная.
У канцы застаецца дадаць, што кніга сапраўды невялікая — складаецца ўсяго з 35 старонак. Чытаецца лёгка, хутка і можа стаць прыемным падарункам для тых, хто цікавіцца беларускай мовай і хоча палепшыць свае веды.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка