Адхланне, неруш, пляга — так гавораць беларусы. Выходзіць з друку новая кніга пра беларускую мову

 
12 619
11 апреля 2024 в 11:20
Источник: Onlíner
Источник: Onlíner

Мінскае выдавецтва «Тэхналогія» падрыхтавала да друку невялікую навукова-папулярную кнігу «Як гавораць беларусы», прысвечаную беларускай мове. Аўтарам выступіў кандыдат філалагічных навук Вадзім Шклярык, вядомы чытачам Onlíner па серыі публікацый у рамках праекта «Мова: як гаворыць краіна» і па дакументальным фільме «Гаворкі Беларусі».

У кнізе даступна расказваецца пра тое, чым беларуская мова адрозніваецца ад рускай і ўкраінскай, якая ў яе дыялектная аснова, што адметнага ёсць у гаворках Беларусі. Да прыкладу, у выданні вы знойдзеце адказы на пытанні, што такое ганавíцы і мя́тлушка, дзе ў нас гавораць мухá і куры́ца і якіх беларусаў раней называлі сакунамі.

У дадатак да паказальных прыкладаў амаль на кожнай старонцы кнігі змешчаны QR-коды са спасылкамі на адпаведныя карты з «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак». У якасці ілюстрацый выкарыстаны выявы архітэктурных славутасцей Беларусі, выкананыя мастачкай Надзеяй Леановіч у арыгінальным і кідкім стылі.

Акрамя таго, зараз відэарэдакцыя Onlíner працуе над мантажом дакументальнага фільма, у якім будуць паказаны ўсе этапы працы над кнігай «Як гавораць беларусы» (ад узнікнення задумы да стварэння макета і непасрэднага выдання), з каментарыямі ўдзельнікаў працэсу. Пакуль жа прапануем паглядзець відэаанонс:

Выхад кнігі з друку запланаваны на другую палову красавіка 2024 года, але заказаць яе па выдавецкім кошце можна ўжо цяпер.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка