Напярэдадні свята 8 Сакавіка прапануем вашай увазе падборку беларускай прозы ад нашых таленавітых суайчынніц. Дзеянне ў творах адбываецца ў розныя часы і пры розных абставінах, аднак тэмы кахання, пошуку сябе і жыццёвых арыенціраў застаюцца нязменнымі.
Мінчанка, апантаная аматарка беларускай літаратуры і культуры. Натхняецца прыгажосцю, прыродай і мастацтвам. Збірае ўласную бібліятэку, але часам забываецца, што чытаць кнігі і купляць іх — гэта розныя хобі.
Валянціна Коўтун, беларуская пісьменніца, паэтка, літаратуразнаўца, прысвяціла раман-дылогію «Крыж міласэрнасці» паэтцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы). Падчас Першай сусветнай вайны Алаіза Пашкевіч як сястра міласэрнасці даглядала хворых на тыф у Віленскім ваенным шпіталі. На фоне вострасюжэтных падзей складанай эпохі ўзыходзяць паэзія і каханне. Па матывах кнігі ў свой час выйшла радыёпастаноўка, а таксама серыял.
Беларуская пісьменніца назвала сваю працу «астрапсіхалагічным раманам». Паводле зместу Ліліт, першая жонка Адама, якая мусіць бясконца ўвасабляцца ў зямных жанчын і жыць сярод людзей, раптам трапляе ў сталіцу Беларусі. У кнізе ёсць усё, што мы так любім апошнім часам, — карты Таро, блогеры, тэмы абуджэння ўнутранай Багіні, булгакаўшчына і ўтульны, крыху рэтраспектыўны, Мінск.
Тая самая актрыса, якой прысвяціў сваю п’есу «Паўлінка» Янка Купала, пакінула нам займальныя мемуары. На старонках кнігі Паўліна Вінцэнтаўна дзеліцца ўспамінамі пра ўласныя жыццёвыя выпрабаванні і дае магчымасць падгледзець за гістарычнымі асобамі і падзеямі ў Беларусі ХХ ст.
Пра што думаюць сучасныя жанчыны? Гэтым пытаннем задаецца аўтар зборніка навел пра жыццё жанчын у Беларусі. Кожная гісторыя пазначана пэўным насякомым, у кнізе ёсць Авадзень, Труцень, Аса, Пчолка. Засталося толькі дазнацца, хто ёсць хто сярод плыні невытлумачальнай і часам непрадказальнай жаночай энергіі.
Саламея Рэгіна Русецкая лічыцца першай жанчынай-лекаркай у гісторыі Рэчы Паспалітай. Спадарыня Саламея шмат падарожнічала, умела зарабіць грошы на майстэрстве лячыць людзей, выцягвала з рознай калатнечы сваіх бесталковых мужчын і проста дапамагала людзям.
Аўтарка сабрала дванаццаць гісторый кахання рэальных людзей, кожная з каторых мае свой каларыт і вынікі. Героі намагаюцца сумясціць каханне і побыт, пакутуюць, памыляюцца, страчваюць і знаходзяць сваё. Падзеі адбываюцца ў самых розных абставінах і даюць чытачам магчымасць паназіраць за беларускім рэаліці-шоу пра каханне.
Людміла Рублеўская вядомая чытачам сваімі гісторыка-прыгодніцкімі раманамі. Дзеянне рамана «Дагератып» пачынаецца ў наш час: малады біёлаг рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік, які пераносіць чытачоў у таямніцы правінцыйнага беларускага гарадка XIX ст.
Шчырая, смелая і правакуючая кніга пад грыфам «18+» апавядае гісторыю тэлекаментатаркі з правінцыйнага канала, якая падавала надзеі ў маладосці, але занядбала ўласны талент праз няўдалае асабістае жыццё. Цяпер гераіні за сорак, і нібыта пара падводзіць вынікі ды вырашаць, што рабіць са сваімі марамі і амбіцыямі далей.
Таццяна Барысік сабрала ў сваёй кнізе непрыдуманыя гісторыі з паўсядзённага жыцця беларускай правінцыі. Апавяданні прасякнутыя ўсёй гамай чалавечых пачуццяў і колерамі вясковага неба, блізкага, але часам нібыта бязлітаснага. Цікава, што сама пісьменніца паходзіць з горада, але ў свой час па накіраванні адпрацавала вясковай настаўніцай, калі і змагла «падгледзець» сюжэты для кнігі.
Наша «жаночая» падборка кніг была б няпоўнай без дэтэктыва. Асабліва такога, напісанага на трасянцы. Месцам дзеяння быў абраны Мінск, дзе кантралёрка грамадскага транспарту, звычайная жанчына, правярае талончыкі, а знаходзіць труп мужчыны. Некаторыя сцэны і дыялогі быццам былі спісаныя з нашага паўсядзённага жыцця, што вельмі падкупляе.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове