19 447
05 ноября 2023 в 8:00
Источник: Вадзім Шклярык. Фота і відэа: Раман Пастэрнак, Мікалай Чубенка. Калаж і карта: Максім Тарналіцкі

«Самоваров в доме не держать яко кипящую и дымящую змею». Хто такія стараверы і ці шмат іх сёння ў Беларусі?

Источник: Вадзім Шклярык. Фота і відэа: Раман Пастэрнак, Мікалай Чубенка. Калаж і карта: Максім Тарналіцкі

Задума зрабіць публікацыю пра старавераў (або стараабраднікаў) у Беларусі ўзнікла натуральным чынам. Падавалася, што гэта нейкі рэлікт, даведацца пра які можна толькі з кніжак ці наведаўшы Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Аднак пачаўшы разбірацца ў нюансах, мы са здзіўленнем зразумелі, наколькі шырокая гэтая тэма. Прычым шырокая не толькі ў плане даўнасці з’яўлення старавераў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і з гледзішча сённяшняй сітуацыі са стараверскімі супольнасцямі ў краіне.

Стараверства — рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й палове XVII стагоддзя ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царкоўныя рэформы патрыярха Нікана. Па рэлігійнай дагматыцы стараверы не адрозніваліся ад рэфармаванай праваслаўнай царквы, але захоўвалі старую абраднасць: 8-канцовы крыж, 2-пальцавае хрышчэнне, двайная (сугубая) алілуя і інш., а таксама стары побыт. Падзяляліся на 2 буйныя галіны — папоўцаў і беспапоўцаў. <...> На Беларусь стараверы сталі перасяляцца ў 1650-я гады з Памор’я і Ноўгарада. Беспапоўцы аселі пераважна на паўночных землях (Лепель, Полацк, Віцебск, Сянно і інш.), папоўцы пасяліліся на паўднёвым усходзе Беларусі (Магілёў, Чэрыкаў, Гомель, Ветка).

З «Беларускай энцыклапедыі» (2002)

Стараверы ў Беларусі

Нягледзячы на факты выгнання старавераў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай (напрыклад, з Веткі іх спрабавалі вярнуць у Расійскую імперыю ў 1735 і 1764 гадах з удзелам ваенных), на пачатку XIX стагоддзя яны пражывалі ва ўсіх беларускіх губернях. Ёсць стараверы ў краіне і сёння, прычым, па звестках беларускай даследчыцы Таццяны Хурсан, іх лік вымяраецца дзясяткамі тысяч. Мы нават нанеслі вядомыя ў сучаснай Беларусі стараверскія рэгіёны на карту:

Заўважым, аднак, што гэтая карта няпоўная, бо створана на падставе інфармацыі пераважна з адной крыніцы. Над больш-менш поўнай картай цяпер працуе Радзівон Попель, старшы спецыяліст у галіне міжэтнічных і міжканфесіянальных стасункаў Цэнтра сацыяльных і інтэграцыйных даследаванняў, даследчык гісторыі стараабрадніцтва.

Радзівон Попель

Па словах Радзівона, у сённяшняй Беларусі налічваецца пяць стараверскіх кірункаў (або согласаў), прадстаўнікі якіх традыцыйна падзяляюцца на беспапоўцаў і папоўцаў.

Беспапоўцы (не маюць святароў, абшчынамі і набажэнствамі кіруюць настаўнікі):

  1. Паморскі соглас / Дрэўлеправаслаўная паморская царква ў Беларусі (самая вялікая колькасць прыхаджан у краіне). Большасць абшчын знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, ёсць буйныя цэнтры ў Бабруйску і Бабруйскім раёне, у Барысаве, Мінску і іншых месцах.
  2. Федасееўскі соглас (зусім невялікая колькасць прыхаджан). Прадстаўнікі ёсць у Гомельскай вобласці і ў Барысаве.

Папоўцы (маюць святароў):

  1. Белакрыніцкі соглас / Руская праваслаўная стараабрадніцкая царква. Прыходы ёсць у Гомелі і Гомельскай вобласці, у Мінску.
  2. Новазыбкаўскі соглас / Руская дрэўлеправаслаўная царква. Прыходы ёсць у Гомелі, Мінску і Віцебску.
  3. Праваслаўныя стараабрадцы (стараабраднікі ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы).

Як і ў прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх супольнасцей, ёсць у беларускіх старавераў свае храмы, малельні, могілкі, свая рэлігійная абраднасць. Тым не менш, як мяркуе Радзівон, стараверства важна ўспрымаць у больш шырокім кантэксце:

— Тое, што мы разумеем сёння пад старым абрадам, гэта пэўная традыцыя праваслаўнай царквы, якая існавала ва ўсім праваслаўным свеце, умоўна кажучы, да XVI—XVII стагоддзяў. Потым паступова адбываўся пераход на так званы новы абрад. І ў гэтым сэнсе тэрыторыя Беларусі таксама была па сутнасці сваёй стараабрадніцкай да другой паловы XVI — першай паловы XVII стагоддзя. То-бок стары абрад — гэта ні ў якім выпадку не нешта такое, што з’явілася ў Расіі ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Адпаведна, да гэтага часу мы ўсе, нашыя продкі былі стараабраднікамі. Канешне, тады гэта так не называлася, зараз мы рэтраспектыўна так называем, але па сутнасці сваёй гэта так. Вядомыя ўсім у нас святы Кірыл Тураўскі, ці святая Ефрасіння Полацкая, ці святы Елісей Лаўрышаўскі — яны па сутнасці былі стараабраднікамі.

Цяпер Радзівон працуе над кнігай, у якой будзе разглядацца сённяшні стан стараабрадніцтва ў Беларусі, яго гістарычныя і сучасныя сэнсы. Акрамя таго, у выданне плануецца ўключыць інтэрв'ю з прадстаўнікамі ўсіх стараверскіх согласаў, якія сёння існуюць у краіне, а таксама з беларускімі і расійскімі даследчыкамі стараабрадніцтва.

Побыт і звычаі старавераў

У літаратуры, прысвечанай стараверам, падаюцца пералікі дзіўных на першы погляд побытавых звычаяў і абрадавых дзеянняў, якіх прытрымліваліся прадстаўнікі гэтай рэлігійнай супольнасці. Ніжэй пададзім некаторыя з іх, але трэба адзначыць, што на сённяшні дзень не ўсё з пералічанага актуальна:

  • «нельга было ўжываць бульбу, цукар, чай, каву, спіртныя напоі ды інш.»;
  • «з жывёл не ядуць зайцоў, якіх называюць ляснымі катамі, з птушак не ядуць галубоў»;
  • «стараверы самі пяклі хлеб, а калі набывалі, то толькі ў сваіх аднаверцаў»;
  • «нельга было пакідаць ежу і посуд адкрытымі, забаранялася есці з адной міскі, піць з аднаго кубка, кожны член сям’і мусіў мець свой посуд, для старонніх быў асобны посуд, часам пасля выкарыстання посуду іншаверцамі яго ўвогуле выкідалі»;
  • «у доме нельга было мець самавар, гадзіннік ды іншыя прадметы, які выдаюць гукі, шыпенне і да т. п.»;
  • «забаранялася курэнне, брыдкаслоўе»;
  • «нельга было насіць сукенкі моднага крою і яркіх колераў, упрыгажэнні, галіць твар мужчынам і самім стрыгчы бароды па модзе і сваім гусце»;
  • «у храме жанчыны стаяць асобна ад мужчын, каб „не было спакусы“»;
  • «нельга нямытымі рукамі браць ікону, царкоўныя кнігі, крыж і іншыя прадметы».

Мае свае асаблівасці і пахавальны абрад: памерлага абавязкова накрываюць саванам, крыж на магіле ставяць у нагах (прыхаджане Беларускай праваслаўнай царквы робяць, як правіла, наадварот) і інш. А яшчэ стараверы гатуюць адметныя стравы.

Фёкла Агапееўна Лапухіна

Расказаць пра побыт і традыцыі старавераў пагадзілася Фёкла Агапееўна Лапухіна 1938 г. н., прыхаджанка стараверскай абшчыны ў вёсцы Капусціна Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У падрыхтаваным намі відэароліку яе расповеды пачынаюцца адсюль і адсюль.

Стараверы і беларуская культура

Натуральна, у некаторых чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, ці вартая тэма старавераў асобнай публікацыі на сайце Onlíner і нават відэарэпартажу. Наш суразмоўца Радзівон Попель дае адназначны адказ:

— Дзякуючы беларускаму стараабрадніцтву мы маем у сучаснай беларускай культуры такі вялікі, яркі і важны кампанент, як стараабрадніцкая культура, стараабрадніцкае мастацтва, стараабрадніцкая мастацкая спадчына. Усё гэта ўжо даўно стала неад’емнай часткай беларускай культуры: веткаўскі іканапіс, веткаўскія і паморскія кнігі, веткаўскае разьбярства… Гэта ўсё тое, без чаго сучасную беларускую культуру немагчыма сабе ўявіць. Ну і адпаведна, што б мы страцілі, калі б гэтага ўсяго не было? Вось гэта б усё і страцілі. Нашая культура была б значна менш разнастайнай. І я б сказаў, што нават традыцыя праваслаўя ў Беларусі таксама была б значна менш разнастайнай.

Падобнай думкі прытрымліваюцца і іншыя даследчыкі. У кнізе «Стараабраднікі Беларусі: мінулае і сучаснасць» (2020) аўтарства Таццяны Хурсан ёсць такое сцвярджэнне: «Трэба ўсвядоміць, што стараабрадніцтва не архаічная з’ява, гэта частка ўсходнеславянскай гісторыі і культуры. Гэта ўнікальны гістарычны вопыт існавання этнаканфесійнай групы ў іншым этнічным і канфесійным асяроддзі з захаваннем сваёй ідэнтычнасці. Стараабраднікі змаглі адаптавацца да розных умоў жыцця і пры гэтым збераглі асновы сваёй духоўнасці».

Як было адзначана на пачатку артыкула, больш даведацца пра гісторыю старавераў у Беларусі можна ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Гэтая ўнікальная ўстанова мае адну з найбуйнейшых у свеце калекцый стараверскага мастацтва, тут сфарміравалася сур’ёзная навуковая школа па вывучэнні стараабрадніцтва ў Беларусі (супрацоўнікі рэгулярна праводзяць экспедыцыі, ладзяць канферэнцыі). І хоць ехаць у Ветку далёка (з усіх абласных цэнтраў, акрамя Гомеля), мы ўсё ж раім гэта зрабіць, прычым нават не маючы вялікай цікавасці да старавераў — экспазіцыя мясцовых неглюбскіх ручнікоў у музеі проста неверагодная. Дарэчы, з нядаўняга часу наведнікам прапануюць яшчэ размову за зёлкавай гарбатай з самавара, майстар-клас па драўлянай разьбе і экскурсію па стараабрадніцкай Ветцы. Павінна быць цікава!

Чытайце таксама:

 


Onlíner рекомендует
ирригатор, мягкая чистка/глубокая чистка, питание от аккумулятора, регулировка струи, в комплекте: чехол, USB-кабель
Onlíner рекомендует
ирригатор, мягкая чистка/массаж, питание от аккумулятора, регулировка струи, в комплекте: гель для полости рта

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by