15 337
25 апреля 2023 в 8:00
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

«Ігралі, каб усталяваць кантакт з памерлымі». Як раней адзначалі Радаўніцу і як гэта адбываецца сёння

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

Памятаць і шанаваць памерлых, бадай, адна з самых трывалых і моцных нашых традыцый. Позняй восенню мы згадваем іх на Дзяды, а вясной — у другі аўторак пасля Вялікадня — выбіраемся на могілкі на Радаўніцу. Адкуль пайшоў звычай асаблівым чынам вясной памінаць нашых спачылых, як гэта адбывалася раней — аб гэтым і не толькі мы пагутарылі з этнографам, доктарам філалагічных навук Таццянай Валодзінай, а таксама пабачылі, як памерлых шануюць у вёсцы.

Калі з'явілася традыцыя?

Складана адказаць дакладна. Гісторыя гэтага звычаю, характэрнага ўсходнім славянам, мае даўнія карані. Напачатку гэта была народная традыцыя, але пасля яна асаблівым чынам знітавалася з праваслаўем.

— Ва ўяўленні нашых продкаў, недзе падчас вясновага раўнадзенства нібыта адкрываўся вырай  паралельны свет. Прыблізна ў гэты час вярталіся птушкі, прачыналіся мядзведзі, выпаўзалі змеі... Таксама, на думку продкаў, у гэты час на зямлю на некаторы тэрмін вярталіся душы продкаў,  кажа Таццяна Валодзіна— Да вясновага раўнадзенства было прымеркавана свята адраджэння сонца як новага дня, а затым пачалі адзначаць Пасху як уваскрэсенне Хрыста. І яшчэ здавён, з першых хрысціянскіх часоў, гэтыя дзве плыні зліліся ў адну. Гэта час, калі мы мусім прыгадваць, ушаноўваць памерлых і разам з імі радавацца ўваскрэсенню Хрыста.

Як вядома, Радаўніца асаблівым чынам адзначана ў нашым календары  у 1992-м другі аўторак пасля Вялікадня афіцыйна прызналі выхадным на дзяржаўным узроўні. Пры гэтым у некаторых раёнах на поўдні Беларусі людзі ідуць на могілкі ў іншыя дні. Напрыкладу чацвер на велікодным тыдні. Гэты звычай атрымаў назву «Наўскі Вялікдзень», альбо «Вялікдзень мёртвых».

Як шанавалі памерлых?

Калі на Дзяды спачылых паміналі дома, на Радаўніцу ўсе ішлі на могілкі. Перад гэтым у асобных раёнах для спачылых тапілі лазню, абавязковай часткай была служба ў царкве і памінальны стол. Яго пераважна ладзілі наўпрост на магілах, рассцілаючы белы абрус. Сярод страў былі велікодныя яйкі, хлеб, мяса, алкагольныя напоі. Пры гэтым, па словах Таццяны Валодзінай, напаўненне дня было вельмі стракатае, і нават суседнія раёны маглі ў гэтым складніку істотна адрознівацца адно ад аднаго.

— Ёсць нават прыказка: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць». У гэтых словах закладзены распарадак гэтага дня,  працягвае эксперт У першай палове дня працавалі, у абед ішлі на могілкі. Але калі ў адных раёнах прынята было проста прыйсці, ужо памаліўшыся ў царкве, запаліць свечачку і затым ісці дадому і там накрываць на стол, на ўсходзе Беларусі прынята дагэтуль пайсці ўсёй вёскай на клады, заслаць магілку белым абрусікам і менавіта на могілках справіць багатую пачостку — з абавязковым алкаголем, разнастайным наборам страў і спевамі.

У асобных мясцовасцях вадзілі карагоды, але ж гэта не танцы, а своеасаблівы рух, які стваралі людзі, узяўшыся за рукі.

А ў Касцюковіцкім раёне нават ігралі на свішчыках — самаробных інструментах, якія нагадваюць трубачкі. І гук, які выдавалі свішчыкі, быў скіраваны на тое, каб усталяваць кантакт з памерлым. Гэта не сумны дзень, не аплакванне памерлых. У пэўнай ступені  гэта радасць ад уваскрэсення Хрыста, якой дзеляцца з памерлымі.

На Радаўніцу прынята прыбіраць магілы, пасыпаць іх і прылеглую тэрыторыю свежым пясочкам, а ў некаторых раёнах яшчэ, так бы мовіць, «апранаюць» крыжы. На Палессі можна заўважыць, як на помнікі ці агароджу павязваюць новыя стужкі, фартушкі і ручнікі. Лічылася, што такім чынам памерлым нібы даюць новае адзенне.

З часам некаторыя традыцыі Радаўніцы мяняюцца. На могілкі нясуць штучныя кветкі, што архаічнаму звычаю не ўласціва, памерлых усё часцей памінаюць дома, а не каля магілы, святары настойліва просяць не спажываць на некропалі алкаголь.

— У некаторых раёнах усходняй Беларусі алкаголь сапраўды меў і мае важную функцыю замацавання кантакту паміж жывымі і памерлымі. Размова зараз не ідзе пра ганебнае п'янства, а пра сімвалічны сродак. Раней нават чарак не было, людзі пілі грамульку, капалі на магілу, і на гэтым усё,  расказвае Таццяна Валодзіна— І на мой погляд, канкрэтна ў гэтым звычаі, а не ў п'янках каля крыжоў, нічога вартага забароны няма, і ў рамках традыцыі ён можа заставацца.

Але як бы дэталі ні мяняліся, Радаўніца працягвае праяўляць адну з асноўных рыс беларусаў  памяць аб продках. Таццяна Валодзіна прыгадвае даволі кранальны момант, звязаны з вёскамі ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС.

— Мне даводзілася бачыць у чарнобыльскіх вёсках закапаныя, зарослыя хаты і на кантрасце — неверагодна дагледжаныя могілкі, помнікі, крыжы. Бачна, што людзі туды ездзяць і з душой, сумленна за імі даглядаюць.

Як адзначаюць Радаўніцу у сталічным рэгіёне?

Гэтым разам мы вырашылі не абмяжоўваць сябе Мінскам і накіраваліся ў раёны, каб убачыць, як там праходзіць Радаўніца.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка