Памёр беларускі драматург Аляксей Дудараў. Вы дакладна ведаеце ягоныя творы

 
8423
28 февраля 2023 в 14:00
Источник: Якаў Журбін. Фото: bobrlife.by
Источник: Якаў Журбін. Фото: bobrlife.by

Сумнай навінай сёння падзяліўся Беларускі саюз кінематаграфістаў: памёр вядомы беларускі драматург і сцэнарыст Аляксей Дудараў. Яму было 72 гады. Прычына смерці не ўдакладняецца.

Аляксей Дудараў нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў Віцебскай вобласці, скончыў у Наваполацку прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў і пэўны час нават адпрацаваў на нафтаперапрацоўчым заводзе. Але ягонае жыццё неўзабаве змянілася. Ён паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў акцёрам у Тэатры юнага гледача, узначальваў часопіс «Мастацтва», але больш паспяховым стаў як драматург і сцэнарыст. Раскажам пра творы аўтара, якія вы дакладна ведаеце.

«Вечар»

Аляксей Дудараў узнімаў у сваёй творчасці зусім розныя тэмы. Звяртаў увагу на беларускую мінуўшчыну («Князь Вітаўт», «Палачанка», «Чорная панна Нясвіжа»), а таксама на жыццё ў звычайнай беларускай вёсцы, адкуль народ пачаў паступова пераязджаць у буйныя гарады. Так нарадзілася вядомая п'еса «Вечар», якая ўвайшла ў школьную праграму і ў рэпертуар Купалаўскага тэатра. Сюжэт такі: Ганна, Мікіта Гастрыт і Васіль Мульцік самотна жывуць у закінутай вёсачцы. Пра іх не памятаюць сваякі, ім засталося няшмат, але яны ўсё роўна прагнуць жыць.

Рэжысёр Валерый Раеўскі разам з акцёрамі Генадзем Аўсяннікавым, Тамарай Міронавай і Генадзем Гарбуком

Паколькі Дудараў сам нарадзіўся ў вёсцы, журналісты пыталіся ў яго, ці не з аднавяскоўцаў ён пісаў партрэты сваіх герояў. Адказ быў наступны«Будзе няпраўдай, калі скажу так ці скажу не. Гэта не партрэты. Нешта ад бацькі Ануфрыя Іосіфавіча, нешта ад маці Настассі Яфімаўны, нешта ад матухны Агаф'і Ксенафонтаўны. Я не спісваў, а паінтанацыйна адчуваў... Калі Валерый Раеўскі на сцэне Купалаўскага тэатра ставіў спектакль „Вечар“, то назваў яго рэквіемам па народзе. Цікава, што час ідзе, а п'еса не старэе. Яе ставілі ў тэатрах краін Балтыі, Расіі».

«Радавыя»

Яшчэ адзін вядомы твор Дударава. Гэтым разам прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны, але ў цэнтры не вайсковыя падзеі, батальныя сцэны, а жыццёвыя перажыванні людзей. Напісаць п'есу Дудараву замовіла Міністэрства культуры да 40-годдзя Перамогі, аднак з пэўнымі ўмовамі: без лозунгаў і захопнікаў. У выніку «Радавыя» масава з'явіліся ў тэатрах па ўсім Савецкім Саюзе, а за пастаноўку у адным з маскоўскіх тэатраў заплацілі такі ганарар, што адразу можна было набыць аўтамабіль.

«Па сваёй наіўнасці ў 1980-я думаў, што пройдзе гадоў 20—30 — і „Радавыя“ састарэюць, тэатры перастануць да яе звяртацца. Але, відаць, гэта п'еса без узросту», — казаў Дудараў.

«Белыя Росы»

Бадай, самы вядомы твор аўтара  сцэнарый да фільма «Белыя Росы»  таксама прысвечаны праблеме вёскі. Яе ў фільме збіраюцца знесці і тэрыторыю аб'яднаць з горадам, і на фоне гэтага адбываецца шэраг разнастайных падзей. Фільм быў зняты ў 1983 годзе кінастудыяй «Беларусьфільм» і сабраў каманду з вядомых савецкіх акцёраў (Усевалад Санаеў, Генадзь Гарбук, Мікалай Карачанцаў, Станіслаў Садальскі). У пракаце стужка сабрала 36,1 млн гледачоў і да 1989-га з'яўлялася самым касавым беларускім фільмам.

Як і было прапісана ў сцэнарыі, здымалі кіно ў Гродне. Белымі Росамі стала бліжэйшая вёска Дзевятоўка. Яна цалкам паўтарыла лёс Белых Росаў і ў 2008-м ператварылася ў буйны мікрараён. У гонар герояў фільма ў Гродне ўстанавілі драўляныя скульптуры. У 2014-м быў зняты працяг стужкі, над сцэнарыем якога таксама працаваў Дудараў.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове