Беларус 13 гадоў жыве з чужым сэрцам: «Хацеў пісаць дзецям завяшчанне, але не паспеў»

2962
16 февраля 2023 в 14:54
Источник: Святлана Белавус. Пераклад: Вiкторыя Голубева. Фота: Аляксандр Ружачка

Беларус 13 гадоў жыве з чужым сэрцам: «Хацеў пісаць дзецям завяшчанне, але не паспеў»

Источник: Святлана Белавус. Пераклад: Вiкторыя Голубева. Фота: Аляксандр Ружачка

У Вячаслава Дзяругі тры бізнесы ў Маладзечне: магазіны крокавай даступнасці, вытворчасць шампіньёнаў і сялянска-фермерская гаспадарка. Колькі сябе памятае, беларус заўсёды быў у справах: бясконцыя сустрэчы і камандзіроўкі, прастуду даводзілася пераносіць на нагах. І ўсё было добра, пакуль аднойчы сэрца не вытрымала ў прамым сэнсе — мусіў тэрмінова шукаць яму замену. Улетку 2009 года мужчына стаў адным з першых пацыентаў у краіне, якому перасадзілі донарскае сэрца. Мы даведаліся, як ён пачувае сябе праз 13 гадоў.

«Я заўсёды займаўся бізнесам, пачынаў яшчэ ў дзевяностых», — заводзіць расповед Вячаслаў Вячаслававіч, сустракаючы нас на грыбной вытворчасці. Ён рады, што да нашага прыезду шампіньёны паспелі падрасці — мноства белых капялюшыкаў выцягнуліся з торфу вонкі, каб спачатку папазіраваць для фота, а потым апынуцца ў крамах пад брэндам «Імперыя шампіньёнаў».

Грыбамі Вячаслаў Дзяруга пачаў займацца ўжо пасля аперацыі, а да гэтага шмат гадоў гандляваў беларускімі таварамі ў Маскве. Жыў фактычна на два гарады, рытм быў шалёны. Аднойчы ўвосень захварэў, але не надаў гэтаму значэння, перанёс прастуду на нагах — з кім не бывае? Але самаадчуванне ўсё горшала — здымак паказаў левабаковы гаймарыт.

— Доктар прызначыў курс антыбіётыкаў — я іх пракалоў і паехаў далей займацца бізнесам. Ніколі ў жыцці асабліва не хварэў, але тут мінае тры месяцы пасля гаймарыту, а мне ўсё цяжэй і цяжэй становіцца. Уначы спаць не мог, задыхацца пачаў. Першы сур’ёзны прыступ здарыўся ў Маскве. Выклікалі хуткую, кардыяграма дрэнная, забралі ў рэанімацыю. Вярнуўся ў Маладзечна, паляжаў яшчэ тут у бальніцы, але мне ніхто нічога не казаў і не тлумачыў. Проста таблеткі выпісвалі, і ўсё.

«Лекары сказалі, што засталося месяцы тры»

Праз паўгода пасля пачатку хваробы мужчыну стала зусім кепска: важыў 42 кілаграмы, спаў седзячы, звычайны пад’ём па лесвіцы ператварыўся для яго ў сапраўднае выпрабаванне. У камандзіроўкі прадпрымальнік усё роўна ездзіў, але ўжо не за рулём — у Маскву яго вазілі.

У нейкі момант стала відавочна, што сітуацыя сур’ёзная і патрабуе ўважлівага абследавання. Так беларус апынуўся ў Мінску, у РНПЦ «Кардыялогія». Там ён упершыню даведаўся пра свой дыягназ.

— Як мне растлумачылі, сэрца «пайшло ў разнос». Доктар шчыра сказаў, што жыць мне засталося месяцы тры, не болей...

— Няўжо гаймарыт дае такія сур’ёзныя ўскладненні?

— Так, з іх слоў, інфекцыя пашкодзіла левы жалудачак. Не ведаю, наколькі гэта частая гісторыя. Калі б звярнуўся да лекараў раней, мусіць, пайшло б па-іншаму. Але ў маім выпадку ўсё было ўжо запушчана. Пашэнціла, што літаральна на наступны дзень мне прапанавалі аперацыю. Я нават абдумаць гэтую сітуацыю не паспеў, бо толькі лёг на абследаванне. І тут падыходзіць доктар і пытаецца: «Аперыравацца будзеце?»

«Чалавек пайшоў з жыцця, але даў жыццё іншаму»

Першую аперацыю па перасадцы сэрца ў Беларусі зрабілі ў лютым 2009 года — пад кіраўніцтвам вядомага кардыяхірурга, прафесара Юрыя Пятровіча Астроўскага. Прадпрымальнік з Маладзечна трапіў у кардыялагічны цэнтр праз паўгода і стаў восьмым па ліку пацыентам з перасаджаным сэрцам. Цяпер, як бы пафасна гэта ні гучала, кожны год беларус адзначае два свае дні народзінаў.

6 траўня 2023 года яму споўніцца 54 гады, а 6 жніўня будзе 14 гадоў з дня аперацыі. Гэта час, якога пры неспрыяльным раскладзе ў Вячаслава Вячаслававіча магло і не быць.

Як і належыць чалавеку дзелавому, перад аперацыяй ён удакладніў у медыкаў: «А якія гарантыі?»

— Усе тады крыху сумеліся ад такіх пытанняў, — усміхаецца суразмоўца. — Каб вы разумелі: звычайна ёсць ліст чакання на донарскія органы. Нехта чакае некалькі месяцаў, нехта год, два, тры. А мяне проста паставілі перад фактам, што ёсць донар. І ўсё роўна былі сумневы, вядома. Як гэта мне чужы орган паставяць? Жонка тады знаходзілася ў Маскве, я ёй па тэлефоне ўсё расказаў. Яна, калі прыехала, усё ніяк не магла паверыць, што мне ўжо сэрца перасадзілі.

— А вы ведаеце, хто стаў донарам?

— Ведаю, што хлопцу было 32 гады, ён разбіўся на матацыкле, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, несумяшчальную з жыццём. Мне нават тэлевізіёншчыкі з Масквы прапаноўвалі зняцца ў фільме з бацькамі донара... Але я тады адмовіўся — па маральных матывах. Не хацелася варушыць мінулае, бо для іх гэта вялікае гора. Магу сказаць, што я адчуваю падзяку: чалавек пайшоў з жыцця, але даў жыццё іншаму. Калі ў царкве бываю, заўсёды стаўлю свечку...

У Беларусі дзейнічае закон «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», паводле якога донарам пасля раптоўнай смерці па змаўчанні можа стаць любы чалавек. Згода сваякоў па законе не патрабуецца.

У большасці выпадкаў донарамі становяцца пацярпелыя ў аварыях, людзі, якія атрымалі цяжкія чэрапна-мазгавыя траўмы ці агнястрэльныя раненні. Тыя, хто катэгарычна не хоча станавіцца донарам, могуць выказаць сваю нязгоду — трэба загадзя паведаміць пра гэта ў Адзіны рэгістр трансплантацыі. Гэта гарантуе чалавеку «недатыкальнасць цела».

«Сэрца — гэта проста орган, а не душа, як любяць казаць»

Яшчэ да аперацыі, калі Вячаслаў Вячаслававіч цяжка хварэў, ён хацеў напісаць завяшчанне дзецям. А вось на аперацыйным стале пра смерць ужо не думаў — верыў, што ўсё будзе добра. Яго аперыраваў той самы вядомы прафесар Астроўскі, а асістэнтам быў сын доктара.

— З жыццём я сапраўды не развітваўся. Усё адбывалася імгненна: прама на стале мяне дагольвалі, здымалі пярсцёнкі, ланцужок. Калі прачнуўся, першае пытанне было: «Гэта раніца ці вечар?» І ўжо праз два дні я бегаў — мяне перавялі ў палату. Шакаладкі нават умінаў цішком, медсёстры ўсё не маглі даўмецца, чаму такі цукар высокі, — смяецца беларус.

— А вы адчулі, што цяпер жывяце з чужым сэрцам? Нешта мяняецца ў арганізме?

— Канешне не. Сэрца — гэта ж проста помпа, а не душа, як часта любяць казаць. Гэта орган, які пампуе кроў, і нарэшце ён у мяне пачаў працаваць нармальна. Адзінае, пасля аперацыі стала страшэнна аблазіць скура. Я проста шматкамі здымаў яе з сябе. А ў астатнім аднавіўся я вельмі хутка.

У бальніцы беларус правёў тры месяцы, выпісаўся і адразу паехаў на працу. Першыя паўгода, праўда, засцерагаўся, ахоўваў сябе ад прастуды. Задоўга да прыходу каранавіруса Вячаслаў Вячаслававіч стаў насіць маску ў грамадскіх месцах.

Што цікава, з моманту аперацыі мужчына сур’ёзна ні разу не хварэў на прастуду. Нават кавід абышоў яго бокам, хоць прышчапляцца ён баяўся і некалькі разоў кантактаваў з блізкімі людзьмі, якія падхапілі вірус. Вось так пашчасціла (як бачыце, ужо не ўпершыню).

Вячаслаў Вячаслававіч з сынам Барысам

«Пасля аперацыі трэба штодзень прымаць прэпараты»

Што да чужога сэрца, то пакуль яно збольшага працуе спраўна. Быў толькі адзін выпадак, калі праз зрыў рытму вымушаны быў выклікаць хуткую.

— Гэта здарылася ў Маскве, праз тры гады пасля аперацыі. Перада мной на вачах адбылася страшная аварыя. Я пазбегнуў сутыкнення, але не на жарт разнерваваўся. Памятаю, што стэлефанаваўся тады са сваім лекарам-кардыёлагам і яна па тэлефоне кансультавала брыгаду. Потым мяне пасадзілі на цягнік, і я прыехаў у Мінск. Тут на працягу шасці гадзін мне аднаўлялі рытм. Наогул, уся праблема ў донарскім сэрцы — што не адразу адчуеш праблему, бо нервы выдаленыя. Я нават з інфарктам магу хадзіць, ні аб чым не падазраючы, пакуль не зробяць УГД.

Пасля перасадкі органаў медыкі рэкамендуюць пацыентам рэгулярна праходзіць абследаванні. І Вячаслаў Вячаслававіч цяпер пільна сочыць за здароўем: кожныя тры месяцы здае аналізы і раз на некалькі гадоў кладзецца на тыдзень у бальніцу. Там яму, напрыклад, робяць каранаграфію — глядзяць, ці ўсё ў парадку з сасудамі сэрца.

І рэгулярна, ужо шмат гадоў запар беларус прымае спецыяльныя прэпараты — так званыя імунадэпрэсанты. Яны патрэбныя для таго, каб трансплантаваныя органы не адрыналіся арганізмам.

— Я тут адну дзяўчынку спансіраваў, якой таксама перасадзілі сэрца. Мой малодшы сын нават неяк ездзіў з ёй у дэльфінарый. Як потым высветлілася, мама з рэлігійных меркаванняў не дазваляла дачцэ прымаць прэпараты. Дактары позна пра гэта даведаліся, і яна памерла. Гадоў 14 ёй было, дзіця яшчэ зусім, — смуткуе Вячаслаў Вячаслававіч. — Але наогул, калі піць прэпараты, то гісторыі звычайна пазітыўныя. У нас ёсць сваё кола зносін — чалавек дзесяць, мы тэлефануем адзін аднаму, сустракаемся. У асноўным ва ўсіх усё добра.

«Стараюся пра чужое сэрца не думаць, інакш з глуздоў з’едзеш»

Да Вячаслава Дзяругі часам звяртаюцца па параду тыя, хто сумняваецца, згаджацца на перасадку сэрца ці не. Не ўсім такое рашэнне даецца лёгка.

— Адзін хлопец з Полацка вельмі доўга думаў. Жонка яго кінула. Ён хадзіў з так званым абводам — гэта штучнае сэрца, якое, па сутнасці, пампуе кроў. І вось ён цягаў за сабой гэтую скрыню і не адважваўся на аперацыю. Але потым са мной паразмаўляў і праз паўгода ўсё ж выспеў — цяпер у яго новая сям’я і новае жыццё, — з усмешкай успамінае беларус.

Усяго з 2009 года медыкі ў Беларусі перасадзілі сэрца ўжо больш як 500 пацыентам. Для беларусаў аперацыя цалкам бясплатная, а замежнікі за дапамогу нашых дактароў плацяць (не ва ўсіх краінах заканадаўства лаяльнае да трансплантацыі органаў). У апошнія гады ажыццяўляліся нават комплексныя перасадкі «сэрца і лёгкія» ці «сэрца і нырка».

— Часам, наколькі я ведаю, робяць рэтрансплантацыю: перасаджваюць сэрца другі раз, калі орган дрэнна прыжываецца. Наогул, медыцына на месцы не стаіць, гэта супакойвае.

— А ў вас бывае асцярога за сваё сэрца? Прыслухоўваецеся да адчуванняў?

— Не, стараюся не думаць пра гэта. Інакш з глуздоў можна з’ехаць, — жартуе мужчына. — Проста п’ю прэпараты, ціск кантралюю, узровень цукру... А так жыву актыўным жыццём, усё як ва ўсіх.

Беларус, які рыхтаваўся пісаць завяшчанне, ужо паспеў выгадаваць дваіх дзяцей, аб’ездзіць з імі паўсвету і паставіць на горныя лыжы. Старэйшаму сыну цяпер 27 гадоў, ён працуе ў бацькі на грыбной вытворчасці тэхнолагам, але ў дзень нашага візіту быў у адпачынку ў Італіі (якраз катаўся на лыжах). Малодшаму сыну, Барысу, 18, ён навучэнец каледжа і праходзіць на прадпрыемстве практыку, таксама вучыцца вырошчваць шампіньёны.

— Як са здароўем у бацькі? Не скардзіцца? — пытаемся.

— На нешта скардзіцца, але на сэрца — дакладна не, — бянтэжачыся, адказвае Барыс.

— А працуе па-ранейшаму шмат?

— Адназначна... Ён проста жыве гэтым!

— Калі б сышоў з бізнесу, напэўна, было б цяжэй, — дапаўняе сына бацька. — Я ведаю некаторых, хто пасля трансплантацыі ў вёсцы жыве, увесь час хварэе... А ў маім жыцці ёсць цікавасць, гэта падтрымлівае. Так, у мяне група інваліднасці, але я стараюся не звяртаць на гэта ўвагі. Дабрачыннасцю займаюся, дзецям-інвалідам дапамагаю. А яшчэ ў мяне багата зносін з медыкамі, магу нават ноччу ім патэлефанаваць, калі раптам нейкая праблема. Мне неяк адзін прафесар сказала: пасля трансплантацыі трэба быць сябрам лекара, каб жыць далей. І гэта сапраўды так.

— Вы, як чалавек, у якога шмат стасункаў з лекарамі, дазнаваліся, колькі служыць донарскае сэрца?

— Не дазнаваўся. І лепей пра гэта не ведаць. Да 100 гадоў, спадзяюся, дажыву, — жартуе беларус.

15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, Intel Core i7 12650H, 16 ГБ DDR5, SSD 1024 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce RTX 3050 Ti 4 ГБ (TGP 75 Вт), без ОС, цвет крышки черный, аккумулятор 76 Вт·ч
Нет в наличии
15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, AMD Ryzen 5 5600H, 16 ГБ DDR4, SSD 512 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce GTX 1650 4 ГБ GDDR6, без ОС, цвет крышки темно-синий, аккумулятор 50 Вт·ч
Нет в наличии
Onlíner рекомендует
15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, AMD Ryzen 7 5800H, 16 ГБ DDR4, SSD 1024 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce RTX 3060 6 ГБ (TGP 130 Вт), Linux, цвет крышки серый, аккумулятор 46.7 Вт·ч
Снят с продажи

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by