Як мы памятаем, 21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы і рэспубліканская дыктоўка. Але ж не толькі. У гэты дзень Мінскі гадзіннікавы завод распачне продаж лімітаванай калекцыі механічных гадзіннікаў «Мова». Глядзіце, якая прыгажосць.
Вытворцы кажуць, што на гэта іх натхнілі Янка Брыль, Максім Танк ды Пятрусь Броўка: «Кожны з іх на ўласным прыкладзе паказаў, наколькі велічна можа гучаць беларуская мова і як прыгожа яна можа выглядаць на паперы».
Сімвалам беларускасці ў дадзеным выпадку абралі літару «ў», якую кожны з пералічаных пісьменнікаў пісаў своеасабліва. Яна і адлюстравана на цыферблатах.
У калекцыі тры мадэлі ўнісекс-гадзіннікаў, кожная па 70 экзэмпляраў. Выкарыстаны фірмовы механізм «Луча» 1801.1, корпус — сталёвы нержавеючы, шкло — мінеральнае. Скураны раменьчык — асаблівая дэталь, на кожным размешчаны ціснёны аўтограф пісьменніка.
Пятрусь Броўка
(Выявы можна гартаць.)
Максім Танк
Янка Брыль
Продаж пачнецца 21 лютага. Кошт — 359 рублёў.
Дапоўнена
Усе гадзiннікi прададзены па перадзамове. Сёння ж завод паведамiў: «24 гадзіны — столькі спатрэбілася, каб прадаць усю калекцыю».
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка