14 108
02 ноября 2022 в 8:30
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

«Свечкі раней гарэлі так, што ў другім канцы пасёлка было бачна». Як у Беларусі шануюць продкаў

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

Першыя лістападаўскія дні для беларусаў вызначаюцца прыгожым і старадаўнім звычаем памяці і павагі да продкаў. У рэлігійных канфесіях гэтыя дні называюць па-рознаму, але ёсць старая і, бадай, усім знаёмая назва, якая аб'ядноўвае ўсіх, — Дзяды. Мы пагутарылі з экспертамі і даведаліся, адкуль у беларусаў з'явілася падобная традыцыя і чым яна характарызавалася, а таксама паглядзелі, як шануюць продкаў на захадзе Віцебскай вобласці.

Сказаць, калі нашы продкі пачалі асаблівым чынам шанаваць памерлых, складана. Гэта старадаўні звычай, які сягае ў глыбіню стагоддзяў. Напачатку гэта была народная традыцыя, якая пасля трапіла і ў хрысціянства. Этнограф, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна сцвярджае, што Дзяды маюць два значэнні.

— Па-першае, гэта абагуленае найменне ўсіх памерлых, — кажа спадарыня Таццяна. — Маленькімі яны памерлі ці дарослымі, значэння не мае. Яны перайшлі мяжу жыцця і смерці і аўтаматычна сталі дзядамі. А па-другое, гэта дзень ці вечар ушанавання памяці памерлых. У нашых продкаў падобная традыцыя ішла праз увесь год, папярэднічала кожнаму значнаму святу ці каляндарнаму пералому. На тэрыторыі Беларусі вядома як мінімум сем Дзядоў, але тыя, што зараз, — Вялікія Асяніны — лічыліся ледзь не самымі галоўнымі, выніковымі.

Па словах Таццяны Валодзінай, Дзяды насілі хатні характар. На могілкі ў даўнейшыя часы ў гэтыя асеннія дні не хадзілі і ўшаноўвалі продкаў дома.

— Адведваць магілы ў гэты час — больш заходняя традыцыя, якая паступова (на маю думку, пад уплывам каталіцтва) распаўсюдзілася і ў нас. Як вядома, 2 лістапада ў Касцёле адзначаюць успамін усіх памерлых і шануюць іх выправай на могілкі. У такіх момантах мы бачым узаемаўплыў. Праваслаўныя вёскі, што суседнічаюць з каталіцкімі, з часам перанялі ў каталікоў прыгожы звычай ставіць знічы на магілках, а некаторыя каталікі пачалі хадзіць на могілкі ў тым ліку на Радуніцу, хаця такой традыцыі ў Касцёле няма, — адзначае спецыяліст.

Асабліва ярка Дзяды вызначыліся ў застольным абрадзе ў праваслаўных у так званую памінальную суботу. Напачатку прыбіралі лазню, тапілі хату. Прычым венікі пасля не забіралі, а пакідалі ў вадзе і казалі нешта накшталт «Дзяды-дзядочкі, прыходзьце папарыцца». Пасля гатавалася вячэра. Таццяна Валодзіна падкрэслівае, што ва ўсіх кутках Беларусі свой набор страў, але заўжды былі тры асноўныя складнікі: куцця (каша), кіслая страва (капуста, поліўка) і салодкая (канун, клёцкі). Перад вячэрай (зразумела, умоўна) запрашалі дзядоў і пакідалі ім асобнае месца за сталом. Пасля вячэры са стала не прыбіралі, а пакідалі ежу на ўсю ноч.

Як кажа суразмоўніца, падобная традыцыя ў аўтэнтычным выглядзе захоўваецца асобнымі бабулькамі ў некаторых вёсках і шырока не запатрабаваная. Звярнуць увагу на яе спрабуюць у тым ліку праз разнастайныя мерапрыемствы. Напрыклад, проста зараз у Барысаве ладзяць рэгіянальны анлайн-конкурс, якія прысвечаны традыцыям і асаблівасцям Дзядоў.


У каталікоў успамін усіх памерлых называюць таксама Задушкамі. Вядомы ён вельмі прыгожай і чулай традыцыяй. Людзі прыходзяць на могілкі, прыбіраюць магілы, моляцца і ставяць каля крыжоў і помнікаў лампадкі. У выніку ўся прастора пераўтвараецца ў суцэльнае мора з агеньчыкаў. Гэты звычай з самага дзяцінства цудоўна памятае ксёндз Кірыл Бардонаў.

— У гэтыя дні разам з бацькамі і сваякамі мы наведвалі могілкі і чыталі малітву «Анёл панскі». Яна хоць і не заўсёды ахвяруецца за памерлых, але ў нашым краі была прынятай, — прыгадвае ксёндз Кірыл. — Мы заўсёды наведвалі імшу, удзельнічалі ў працэсіі ад нашага касцёла ў Вілейцы на могілкі. А калі я стаў міністрантам, пачаў прыслужваць у храме, мне падабалася разам са святарамі ездзіць у навакольныя вёскі, каб памаліцца з людзьмі на могілках. Мяне здзіўляла, калі бачыў людзей, якія спажываюць ежу каля магілы. Не разумеў, чаму так робіцца, бо ў нас падобнае было не прынята. Народныя традыцыі я не заспеў і даведаўся пра іх ужо ў школе.

Быў другі звычай. На магілы прыносілі знічы, і калі іх станавілася шмат, могілкі нібыта свяціліся ўначы. Ад гэтага застаўся прыемны ўспамін.

Што азначаюць гэтыя дні для каталікоў? Першага лістапада прадстаўнікі гэтай канфесіі адзначаюць урачыстасць Усіх Святых, а на наступны дзень узгадваюць памерлых, чые душы знаходзяцца на шляху да вечнага жыцця.

— У Касцёле прынята, што людзі пасля фізічнай смерці трапляюць у пекла ці на неба, але некаторыя патрабуюць дадатковага ачышчэння і апынаюцца ў чыстцы. Вось менавіта іх мы і прыгадваем сёння ў малітвах, каб яны як мага хутчэй апынуліся на небе, — працягвае ксёндз Кірыл. — Акрамя таго, на гэтым тыдні святары наведваюць могілкі, дзе адбываюцца працэсіі з пяццю прыпынкамі, падчас якіх прыгадваюць спачылых. Людзі прыносяць знічы і жывыя кветкі. У апошнія часы з гэтым ёсць праблема. Па-першае, штучныя кветкі не выглядаюць эстэтычна, а па-другое, забруджваюць асяроддзе. А мы ўсё ж такі хочам выхоўваць у верніках адказнасць за навакольны свет.

Знічы ствараюць атмасферу і, як я заўсёды кажу, сымбалізуюць нашу жывую веру, малітву, каб спачылыя праз гэтае святло нібыта ўбачылі яе. Тым больш калі молімся, мы кажам: «Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць».

Першага лістапада на могілкі людзі прыходзяць цягам усяго дня. У каго ёсць час, тыя прыносяць кветкі і знічы пасля абеду, хтосьці пад'язджае вечарам, калі вызваліўся з працы.

На могілках каля вёскі Лужкі, што ў Глыбоцкім раёне, завіхаецца некалькі чалавек. Невялічкі некропаль акуратны і прыбраны. Што цікава, на ім цалкам адсутнічаюць агароджы. Раней яны былі, але знакаміты ксёндз Юзаф Булька, які служыў у бліжэйшай вёсцы Мосар і змагаўся з алкагалізмам, загадаў іх прыбраць — каб не заміналі падыходзіць да магіл. У выніку з гэтых агародак зрабілі вялікі плот, які акаляе могілкі.

На могілках мы сустрэлі некалькі чалавек. Сярод іх  мясцовы жыхар Валянцін Гуменнік, які ўвечары прыехаў на магілы сваякоў.

— Тут пахаваны мой бацька, дзядзі, цёці, хросны бацька, — пазіраючы на старыя помнікі, кажа суразмовец. — Традыцыя шанаваць памерлых у нас здаўна. Была яна распаўсюджана і пры Савецкім Саюзе. Тады сюды прыходзіў мой бацька, бо тут ляжаць ягоныя тата і мама.

— Ці збіраецеся пасля дома на памінальную вячэру? — пытаюся ў мужчыны.

— У каталікоў так не практыкуецца. Але калі на могілкі ў такі дзень здалёк прыязджаюць родныя, чаму б і не сабрацца разам. Нехта ж прыязджае з другіх раёнаў, абласцей. Тут пахавана шмат людзей, чые сваякі пражываюць у Латвіі ці Літве. Напрыклад, сын майго хроснага жыве ў Латвіі, і я таксама даглядаю магілу ягонага бацькі.

Мы адпраўляемся далей і бачым, як з надыходам вечара яскрава і незвычайна пачынаюць выглядаць могілкі. Вось такая атмасфера панавала ў Луцку-Мосарскім.

А гэта ўжо могілкі ў Паставах.

Па-сапраўднаму велічны краявід у святле ліхтарыкаў і свечак з могілак адкрываецца ў Камаях на старадаўні касцёл, які збудавалі яшчэ ў XVII стагоддзі.

Увечары на могілках пануе цішыня. Чуваць толькі трэск лампадак і далёкі брэх сабак, але час ад часу можна сустрэць і наведніка, які прыехаў на могілкі пасля працы. Летась мы расказвалі, як познім вечарам у вёсцы Солы каля могілак убачылі прыпаркаваны аўтобус: кіроўца вяртаўся з працы і вырашыў адведаць магілы сваякоў. А гэтым разам у Лынтупах мы сустрэлі наведнікаў каля дзесяці гадзін вечара. Уладзімір Яновіч, які прыйшоў на могілкі разам з сынам, здзівіўся, але ў размове не адмовіў.

— Ведаеце, лампадкі — гэта прыгожа, спрачацца не будзем, — разважае мужчына. — Раней былі звычайныя свечкі. Іх здзімаў вецер, людзі прыдумвалі розныя прылады, каб гэтага не адбывалася, але гарэлі яны так, што іх бачна было здалёк — ледзь не з пачатку Лынтупаў. Словамі не апісаць. Гэта трэба было проста ўбачыць.

На могілках не трэба было ліхтарыкам сабе дапамагаць — ад зарава тых свечак можна было прозвішчы на помніках прачытаць.

І, дарэчы, у мінулыя часы ў нас людзі часцяком прыходзілі ўвечары, калі ўжо цямнела. Добра гэта памятаю, бо я яшчэ малым сюды хадзіў — у мяне тут і бабуля, і дзядуля пахаваныя. Усе сваякі тут. Цяпер ужо з сынам прыходжу і даглядаю магілкі, каб не зарасталі. Прыйшлі і сёння, каб, як кажуць, аддаць даніну павагі памерлым. Каб ведалі, што мы на іх не забываемся, помнім.

Прыгадваць памерлых — малітвамі і падчас набажэнстваў у касцёлах — каталікі будуць на працягу ўсяго тыдня. А 5 лістапада, у так званую Дзмітрыеўскую памінальную бацькоўскую суботу, спачылых ушануюць праваслаўныя.


Onlíner рекомендует
классический аромат, 100 шт
машинная стирка, универсальное, свежесть, 66 шт, на 66 моек/стирок
универсальные, концентрат/не требует смывания, 5 кг

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by