Улетку тут весяліліся бледна-ружовыя купальшчыкі, цяпер іх ужо няма. Слабакі... А мы ўпарта працягваем праект «Поры года» — абралі цудоўнае, даволі дзікае месца і фатаграфуем яго ў розныя сезоны. Глядзіце прагнымі вачыма, запасайцеся прыгажосцю на будучыню.
На Блакітных азёрах у Нацпарку «Нарачанскі» мы ўжо былі вясной і летам. Праводзілі рэвізію асвоеных фарбаў, складалі вопіс карчоў і вусеняў. Сёння ж замест усяго гэтага прыйшлі іншыя колеры і формы жыцця. Восень умее праявіць кідкасць — калі ў яе ёсць настрой і жаданне.
Вось акурат тое месца з купальшчыкамі.
Як склаўся іх лёс?..
Людзі тут — чужы від, іх прысутнасць дапускаецца як выключэнне. Дзядзечка ад Нацпарку на ўваходзе гандлюе білецікамі па два рублі — а гэта сур'ёзны фільтр для неадэкватных. Таму тут так спакойна і мірна.
Усе вітаюцца, за гэтым строгі нагляд.
След пумы на дарожцы нагадвае двухногім: не яны тут галоўныя.
На восеньскае афармленне скарыстаны асобны таз фарбаў.
Яшчэ не патрачаны зялёны колер, але ўжо трэба брацца за чырвоны з жоўтым.
Аднагадовая і шматгадовая трава назапасілі насення і спор на будучы сезон (таксама вераць, што ён наступіць) і рыхтуюцца паміраць (або спаць) максімальна пафасна.
Затое карчы круглы год дэманструюць свой патэнцыял. Нават калі іх не просяць.
Дарэчы, левітацыя з мінулай серыі ўсё яшчэ працуе, падпіска на яе акуратна абнаўляецца.
Лясныя дарожкі — самастойны від мастацтва. Пакуль не здагадаліся забрукаваць пліткай, карыстаюць лісце і іголкі.
Грыбы сёлета не надта спяшаюцца выхваляцца сваімі магутнымі пладовымі целамі. Купка падбярозавікаў, польскі-сірата ды шалёная свінуха спрабуюць выдаваць масавасць. Атрымліваецца кепска. Але ў іх яшчэ ёсць пара тыдняў, каб сабрацца.
Уначы наведваецца бабёр — яму тэрмінова трэба чыніць цёмныя справы.
Амфібіі рыхтуюцца да сну.
Лес, вада, неба, павучок не імкнуцца здавацца прыгажэйшымі, чым яны ёсць, у іх іншыя інтарэсы.
Напрыканцы — якая-небудзь мудрая фраза пра тое, як цячэ час. Прыдумайце самі, мы не майстры да фраз.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by