Нам патрэбна прырода, мы ёй — не надта. Фотапраект аб порах года

851
13 апреля 2022 в 16:55
Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Аляксандр Ружачка

Нам патрэбна прырода, мы ёй — не надта. Фотапраект аб порах года

Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Аляксандр Ружачка

Працягваем спробы не забыцца, што бывае яшчэ паралельнае жыццё. Там добра і прыгожа, няма дрэнных людзей і закрытых меж, усё адбываецца па простых і зразумелых правілах. І квітнее сон-трава. Гэтай публікацыяй мы пачынаем няспешны цыкл фотарэпартажаў пра змену пор года. Будзем фіксаваць адно і тое ж месца ў розныя сезоны. Стартуем з вясны, спадзяемся, будуць і іншыя часы.

Імглістыя ласі і казулі на падыходах сочаць, каб да гэтага месца не прабраліся лішнія.

Выхад альтэрнатыўнай рэальнасці на паверхню, як вядома, размяшчаецца ў Нацпарку «Нарачанскі». Фармальна гэта называецца экасцежка «Блакітныя азёры».

Чалавек, як умее, імкнецца, каб пра яго прысутнасць усё ж не забывалі. Не расслабляліся.

Чым далей — тым радзей сустракаюцца паганскія ідалы. Пагоркі, вадаёмы, хвоі — ідэальнае месца, каб забыцца.

Сон-трава для таго і прызначана, каб глядзець на яе і ўсё забываць.

За гукавы рад адказваюць вада, хвоі і сініца. Усё астатняе глушыцца.

Прырода ўжо прачнулася, энтрапія расце, усё распускаецца, дзёрзка набухае і шукае пару.

Самка зябліка разглядае варыянты.

Лёд дажывае апошнія дні, але яшчэ на нешта спадзяецца. Пацешна глядзець, як ён чапляецца за жыццё.

Лес нічога не хоча ведаць пра чалавека.

Абы толькі мы ўсё не сапсавалі.

Прыязджайце сюды самі, калі прарвяцеся праз ласёў і казуль.

А мы працягнем фіксаваць змены пор года ў гэтым месцы — пакуль яны не скончацца.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by